Тацяна Барысік — пра кніжныя прагулянкі па малой бацькаўшчыне

Тацяна Барысік

Што ні хата — то толк, што ні вёска — то звычай. У слушнасьці гэтай прымаўкі я цалкам пераканалася, калі адшукала кніжкі, прысьвечаныя самабытнасьці маленькіх куточкаў Беларусі. Гэта расповеды ці то пра малую радзіму аўтараў, ці то пра адметныя мясьціны, зь якімі зводзіў лёс. Вы — не вялікі аматар гісторыі і этнаграфіі? Апроч навукова-папулярных тэкстаў ёсьць сучасная публіцыстыка, мастацкае чытаньне, нават зборнік фальклёру. Азнаёмцеся, мо раптам — гэта твор пра вашу бацькаўшчыну таксама.

Уладзімер Ліпскі. Адпяваньне жывых: аповесьць пра адну вёску.

Менск, «Мастацкая літаратура», 1993

А завецца тая вёска Шоўкавічы. Знаходзіцца яна на Гомельшчыне.За сваю гісторыю пасьпела пабыць і лясным хутарам, і шляхецкім засьценкам, і занядбаным калгасам. Напачатку перабудовы, калі людзі часта пачалі бачыць розныя НЛА ды паранармальныя з’явы, аўтар атрымаў ліст з Шоўкавічаў ад земляка. Той прасіў дапамогі ў пісьменьніка і скардзіўся, нібы поначы да іх прыходзіць белы дзядок з могілак, распытвае пра жыцьцё, пасьля адпяваць пачынае.З мэтай разабрацца ва ўсім пісьменьнік шукае архіўныя зьвесткі аб гісторыі Шоўкавічаў, едзе на бацькаўшчыну, ходзіць па хатах, распытвае людзей. Хаця людзі тыя мне незнаёмыя, расповеды іх аднастайныя: «Жыцьцё пражыў — расказаць няма пра што, а ўсё яно зьмяшчаецца ў чатырох словах: валы, коні, зямля, беды», чытаць іх цікава.Усе рэспандэнты — рэальныя асобы, нават здымкі ёсьць. Вядома, ніякага дзядка з могілак не было, проста ў ягоным абліччы ўвасобіліся жахі мінуўшчыны шоўкаўцаў — у некага той дзядок быў падобны да паліцая, у некага — да фінагента. Дый адпяваў людзей пры жыцьці зусім ня ён, а родная дзяржава сваімі зьдзекамі зь селяніна і няўвагаю пад час калектывізацыі, у пасьляваенны час, абвяшчаючы вёскі непэрспэктыўнымі, пасьля чарнобылю.

Асабіста мяне твор уразіў, бо ня толькі інфармуе, а і запрашае да роздуму, з’яўляючыся настолькі цесным спляценьнем дакумэнталістыкі, мастацкай аповесьці, гістарычнага нарысу, што вызначыць дакладна ягоны жанр амаль немагчыма.Ды й ці варта?

Мікола Ўлашчык. Была такая вёска.

Гісторыка-этнаграфічны нарыс. Менск, «Мастацкая літаратура», 1989


Мікола Ўлашчык распавядае пра гісторыю ўзьнікненьня і жыцьцё сваёй роднай вёскі Віцкаўшчына Дзяржынскага раёну ад канца 19 стагодзьдзя да дваццатых гадоў дваццатага. Абвяргае міт аб тагачаснай адсталасьці вясковага насельніцтва. Гаворка ідзе пра паселішча дробнай шляхты, створанае на купленых землях. Такіх паселішчаў было на Беларусі багата, мае продкі таксама з падобнай вёскі.

Аўтар сьцьвярджае, прыгадваючы Віцкаўшчыну: «Я ведаў там ня толькі ўсіх жыхароў, але й таксама ўсіх коней, кароў, сабак… Карацей кажучы, я ведаю вёску ня толькі па крыніцах, але і ў „твар“». Відавочна, не падманвае. Бо ўважлівы да кожнай дробнай дэталі побыту і культуры. Вы даведаецеся, як віцкаўцы будавалі хаты і сьвірны, чым частавалі гасьцей, як бавілі час, любілі, як вялі гаспадарку, апраналіся, вучылі дзяцей.

Натальля Ільініч. Талька і навакольлі.

Краязнаўчыя нататкі пра Тальку, Арэшкавічы, Блужу, Мацеевічы, Суцін. Менск, «Беларускі кнігазбор», 2004


Нарыс склаўся, як вынік краязнаўчых дасьледваньняў школьнага гуртка на чале з аўтаркай-настаўніцай гісторыі — ужо гэтая акалічнасьць заслугоўвае ўвагі і павагі.

Дасьледваньнямі ахоплены куточак на мяжы сучаснай Меншчыны і Магілёўшчыны па плошчы крыху большы за тэрыторыю сельскага савета ў працяглы гістарычны пэрыяд ад сівой даўніны да нашых дзён. Сабраныя поўныя зьвесткі пра археалягічныя і гістарычныя помнікі, прадпрыемствы, школы, культавыя збудаваньні, імёны славутых землякоў, удзел мясцовага насельніцтва ў паўстаньні 1863 году, Другой сьвятовай вайне. Чытачы маюць рэдкую магчымасьць пазнаёміцца з жыцьцём і побытам беларускіх габрэяў з мястэчка Талька. Мястэчка, фальваркі, засьценкі, вёскі, іхнія жыхары — магнаты, сяляне, дробная шляхта, каталікі, уніяты, праваслаўныя, іудэі. На невялічкім лапіку зямлі — Беларусь у мініятуры.

Мікалай Давідовіч. Слухаю і раздумваю.

Нарысы, публіцыстыка. КПУП «Калёр», Мазыр, 2001

На пятай старонцы — партрэт вядомага кіраўніка. Пачатак нарыса па тых часах — амаль ідэалягічна вытрыманы. Але не сьпяшайцеся адкінуць чытво ўбок, заканчэньне нарыса станецца нечаканасьцю, а праз колькі старонак гаворка наогул пойдзе пра зьніклых ды «лішніх людзей», іншыя прыкметы часу. Утварыць такое можа, мабыць, толькі бабруйчанін.

Колішні рэдактар бабруйскай раённай газэты «Трыбуна працы», уладальнік прэміі «Залатое пяро 99» Мікалай Давідовіч не зазірае ўглыб стагодзьдзяў, не кранае прозьвішчаў славутасьцяў. Ягоныя героі — тут побач, жывуць альбо на бацькаўшчыне аўтара ў вёсцы Бортнікі, альбо недзе на Бабруйшчыне, іхняя вядомасьць не сягае далей раёна. Зьніклы, прадпрымальнік, абаронца нацыянальнага, дырэктар рынку, які не спадабаўся новаму кіраўніцтву, пэдагогі-гандляры, бадзяжка, вясковая дзеўчына, што ня можа знайсьці працу, іх асобы і лёс вартыя ўзгадкі ды роздуму. Давідовіч наўмысна не шукае цікавостак ды сэнсацый — іх на Бабруйшчыне хапае. Так герой нарысу «Блізкае і зразумелае», ураджэнец Бірчы паехаў у далёкі край па лепшую долю, уладзіўся там да яўрэя — гандляваць піражкамі, у выніку аднаго продажу быў выпадкова жыўцом пахаваны ў склепе. Заканчваюцца ягоныя прыгоды наогул, як у казцы — вяртаньнем з таго сьвету і вясельлем.

Песьні сямі вёсак. Традыцыйная народная лірыка Меншчыны.

Укладаньне і рэдакцыя Ніла Гілевіча. «Вышэйшая школа», Менск, 1973

Зборнік складзены з народных песень, запісаных у сямі вёсках Менскай вобласьці: Альсевічы Мядзельскага раёну, Арэшніца Клецкага, Дзьмітравічы Бярэзінскага, Лебедзева Маладэчанскага, Налібокі Стаўбцоўскага, Паляны Барысаўскага і Слабада Лагойскага. Зборнік гэты будзе карысны ня толькі навукоўцам ды кіраўнікам фальклёрных калектываў, бо тыя вёскі знаходзяцца хаця і ў межах аднае вобласьці, але ў розных этнаграфічных рэгіёнах, у якіх захаваныя асаблівасьці мовы. Так што знайсьці рысы родных дыялектаў можа ледзьве ня кожны чытач. Дзівісься колішняму багацьцю сьпеўнай спадчыны. Тэксты не губляюць актуальнасьці, бо непасрэдна не зьвязаныя з земляробчай абраднасьцю. Яны не паўтараюцца, іх — 460, прычым, укладальнік сьцьвярджае — у зборнік увайшло ня ўсё з занатаванага. Мінулася крыху больш за трыццаць гадоў — колькі страчана. Няма ўжо ані тых людзей, ані песень. Але яны ёсьць у гэтай кнізе.