Ініцыятар Народнага сходу ў Гомелі аспрэчвае буйны штраф

Валер Сьляпухін (справа).

Гомельскі грамадзкі актывіст Валер Сляпухін, аштрафаваны судом Чыгуначнага раёну на мільён 400 тысяч рублёў за Народны сход на вуліцы Юбілейнай, аспрэчыў сёньня пастанову на пакараньне ў абласны суд.

Паводле актывіста, судзьдзя Ільля Сьвірыдаў, які аштрафаваў яго 11 кастрычніка на падставе міліцэйскага пратаколу пра парушэньне парадку арганізацыі й правядзеньня масавага мерапрыемства, сам парушыў прынцып законнасьці, ведучы адміністрацыйны працэс. 8 кастрычніка спадар Сьляпухін як ініцыятар Народнага сходу на вуліцы Юбілейнай прапанаваў прыняць рэзалюцыю з шасьцю патрабаваньнямі да Савету Міністраў, і каля двухсот чалавек прагаласавалі за яе.

Артыкул 3 закону «Аб масавых мерапрыемствах» рэглямэнтуе, што парадак арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў не распаўсюджваецца на сходы, якія праводзяцца ў адпаведнасьці з законам «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах». Адпаведна, судзьдзя Сьвірыдаў ня меў законнага права кваліфікаваць дзеяньні актывіста паводле закону пра масавыя мерапрыемствы. Пра гэта й сказана ў скарзе спадара Сьляпухіна, пададзенай у абласны суд.

Дарэчы, 8 кастрычніка мінакі, што прыйшлі на сход, не далі міліцыі затрымаць Валера Сьляпухіна: згуртаваліся вакол яго й праводзілі ад ДК «Віпра» да пад’езду дома на вуліцы Юбілейнай. Міліцыянты затрымалі Валера ўжо 10 кастрычніка — нібыта дзеля высьвятленьня асобы й вырашэньня іншых пытаньняў.

У Чыгуначным райаддзеле міліцыі начальнік аддзелу ахова грамадзкага парадку маёр Аляксандар Кошман склаў на Сьляпухіна адміністрацыйны пратакол на падставе артыкула 23.34 і яшчэ да суду адправіў актывіста ў ізалятар, дзе той правёў амаль суткі.