Беларускім заробкам зайздросьцяць толькі таджыкі

Дадзеныя статыстыкі сьведчаць, што сярод жыхароў былых савецкіх рэспублік менш за беларусаў зарабляюць цяпер толькі ў Таджыкістане, дзе сярэдні заробак — 90 даляраў. А ў Беларусі пасьля дэвальвацыі нацыянальнай валюты і ўсталяваньня новага рынкавага курсу заробкі ў даляравым вылічэньні зьнізіліся ў два з паловай разы. Калі ў сьнежні ў сярэднім беларусы зараблялі 527 даляраў, то сёньня — 218. І нават такія сумы апошнім часам на шэрагу прадпрыемстваў выплочваюцца з перабоямі.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Самы багаты горад Беларусі — Салігорск, дзе сярэдні заробак цяпер большы за 2 мільёны 300 тысяч беларускіх рублёў. Самы ж бедны ў Беларусі — Кармянскі раён на Гомельшчыне. Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у гэтай забруджанай ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС мясцовасьці — самыя нізкія ў краіне заробкі.

Нізкім заробкам у Кармянскім раёне мясцовыя жыхары даюць сваё тлумачэньне. Гаворыць спадарыня Зінаіда, яка выйшла сёлета на пэнсію і цяпер атрымлівае 670 тысяч рублёў на месяц:

«Дзе тут у раёне зарабіць? Адзін гэты ільнозавод у нас ды ПМК. Філіял ад Рэчыцы ткацкі — там таксама людзі нічога не зарабляюць, сядзяць на капейках. Сельгастэхніку разагналі, аграхімію разагналі, пааб’ядноўвалі. Усё дабітае, і няма тут куды пайсьці. Людзі не лянуюцца — няма дзе працаваць людзям. Такія тут арганізацыі, дзе сядзяць напаўгалодныя. Людзі ледзь канцы з канцамі сьцягваюць. Накіроўваюць у калгасы на падзаробкі. А так няма дзе працаваць людзям...».

Кабета кажа, што яе муж працуе кіроўцам у перасоўнай будаўнічай калёне. Заробкі ў яго ня толькі малыя, але й аддаюць іх у апошні дзень месяца, а камандзіровачных наагул на плацяць з жніўня 2010 году:

«У мяне муж працуе ў ПМК на вялікай аўтамашыне. Дык ня толькі заробкі малыя, а іх яшчэ своечасова не аддаюць. Могуць толькі 31-га аддаць гэты заробак, а камандзіровачныя яшчэ ў іх — то ўжо год і чатыры месяцы мінула, а камандзіроўка ня выплачана. Зараз людзей вазілі будаваць у Рагачоўскі раён, за Рагачовам будавалі — і гэтым таксама камандзіроўкі ня выплацілі.

У мужа вялікая машына Летам ён зарабляў яшчэ сяк-так: больш за мільён. А ўзімку можа атрымліваць і 700, і 600, і 500 тысяч. У зімні пэрыяд заробкі малыя — будаўніцтва спынілася ў Кармянскім раёне. Так што якія тут заробкі? Во мыкаюцца людзі. Многія пазвальняліся з ПМК і паехалі ў заработкі ў Маскву, Санкт-Пецярбург».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


На Магілёўшчыне рост заработнай платы істотна запаволіўся. Дзе-нідзе заробленае выплачваюць з затрымкай. Цяпер, паводле афіцыйнай інфармацыі, сярэдні месячны заробак крыху большы за паўтара мільёна рублёў.

Пэрспэктываў для росту заработнай платы ў будаўнічай галіне рэгіёну няма, так сьцьвярджаюць будаўнікі. Маўляў, заробкі мізэрныя, пра паўтара мільёна толькі мараць.

Спадар: «На дзень па пяцьдзясят тысяч закрылі — гэта мільён недзе за месяц. Дапамогу, якая на гародніну, нікому не даюць. Працы таксама няма».

Спадар: «Сямсот тысяч за месяц. Калі будоўля стаіць, то, зразумела, і прэміяў няма ніякіх. Нам вось далі папярэджаньне, што арганізацыя расфарміроўваецца. Няма капітальных укладаньняў, няма фінансаваньня. Людзі зрываюцца і едуць у Расею».

Тое, што рост заработнай платы на Магілёўшчыне прыкметна запаволіўся, прызнаў днямі й старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік.

«Магілёўская вобласьць па ўзроўні сярэдняй месячнай зарплаты з трэцяга месца скацілася на пятае. Тут яшчэ асобныя кіраўнікі ўмудраюцца ў апошнія гадзіны апошняга дня месяца выплачваць. Асабліва мяне насьцярожвае будаўнічы комплекс».

Пра заробкі ў паўтара мільёна мараць і працаўнікі сельскай гаспадаркі.
Магілёўская вобласьць па ўзроўні сярэдняй месячнай зарплаты з трэцяга месца скацілася на пятае.

«У шараговых работнікаў такога заробку няма. Вось даярка на фэрме атрымлівае 600–700 тысяч. І мэханізатары тое ж самае. Вартаўнік начны — 500. Начны! Штодня хадзіўшы, атрымае 500 тысяч. І большай зарплаты няма», — зазначае даярка аднаго з горацкіх сельгаспрадпрыемстваў.

На буйных прадпрыемствах рэгіёну знайшлі спосаб, як павялічваць заробкі — выплатамі прэміяў. Гаворыць работнік бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў Мікалай.

«То бок у любым выпадку заработная плата ўзрасла, але коштам прэміяльных і іншых выплат, якія можна ў любы час зьняць. Але ж гэта не падняцьце заработнай платы. Сёньня ёсьць прэміяльныя, а заўтра іх няма».

ВІЦЕБШЧЫНА


На блізкай да Расеі Віцебшчыне людзі ратуюцца ад беспрацоўя й безграшоўя выездамі на часовую працу за межы Беларусі. Не спыняюць гастарбайтэраў дрэнныя ўмовы пражываньня й нават бандыцкія напады.

Спадар Ігар, які працаваў на заводзе «Чырвоны барацьбіт», кажа, што знайшоў добрую працу ў Расеі, але з-за гэтага апынуўся сярод «прагульшчыкаў:»

«У цябе няма права звольніцца. Ты падпісаў кантракт на тры гады, і ўсё. І звольніцца ня можаш. Адзінае выйсьце — гэта прагулы, бо за прагулы ўсё-ткі мусяць звольніць па артыкуле. Урэшце, потым можна сказаць, што страціў працоўную кніжку, ды выпісаць новую».
У цябе няма права звольніцца. Ты падпісаў кантракт на тры гады, і ўсё.

З аршанскіх прадпрыемстваў штодня звальняюцца дзясяткі працаўнікоў, якія ня хочуць працаваць за мізэрныя заробкі, працягвае спадар Ігар:

«Паўсюль бракуе людзей — на „Легмашы“, на заводзе „Чырвоны барацьбіт“... Токараў няма, фрэзэроўшчыкаў, электрыкаў...

У нас у Воршы здымаюць аўтобусныя рэйсы, бо няма кіроўцаў. Бо заробак у кіроўцы — 600 тысяч, а яму цэлы дзень па горадзе на аўтобусе матацца трэба! Так што аўтобусы ёсьць, а кіроўцаў — няма!»

У Барані, горадзе-спадарожніку Воршы, на прадпрыемстве «Лёс» сярэдні заробак крыху вышэйшы за мільён рублёў, — кажа старшыня мясцовай суполкі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Васіль Леўчанкаў:

«Адзін мільён 113 тысяч — такі сярэдні заробак. І гэтаксама ня толькі ў Барані ці ў Воршы, а па ўсёй Віцебскай вобласьці, мне здаецца...Было ў нас раней 10 тысяч працаўнікоў, а засталося крыху больш за тысячу».

Былыя работнікі беларускага «Лёсу» цяпер едуць шукаць лепшага лёсу ў Расеі. Прынамсі, у Барані пэрыядычна распаўсюджваюцца аб’явы з запрашэньнямі за ўсходнюю мяжу і абяцаньнем заробкаў ад 800 умоўных адзінак, апавёў спадар Леўчанкаў:

«Бяруць на любыя пасады, нават на начальнікаў цэхаў! Абяцаюць інтэрнат, сацыяльны пакет, усе ўмовы. Амаль на кожным доме такая аб’ява была, запрашалі. І шмат хто паехаў. Бо тут, у Барані, каб ня праца ў Расеі, увогуле жах быў бы! І, мне здаецца, ня толькі ў Барані».
У Барані, каб ня праца ў Расеі, увогуле жах быў бы! І, мне здаецца, ня толькі ў Барані.

На сёньняшні дзень канкураваць з абяцанымі ў Расеі заробкамі можа хіба толькі наваполацкі «Нафтан», дзе працаўнікі атрымліваюць да 6 мільёнаў беларускіх рублёў, а прадукцыя самога нафтаперапрацоўчага прадпрыемства складае 70% удзельнай вагі ўсяе вытворчасьці Віцебшчыны.

Іншыя прадпрыемствы гібеюць. Яшчэ нядаўна, да вымушанага скарачэньня інвэстыцый у будаўніцтва, віцебскі домабудаўнічы камбінат быў у лідэрах, а цяпер працаўнікі адтуль уцякаюць. Вакансіяў шмат , але няма ахвотных працаваць мулярам за 800 тысяч рублёў або цесьляром за 700 тысяч, калі ў Расеі рабочыя будаўнічых спэцыяльнасьцяў нарасхват і заробкі непараўнальна большыя.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Сярод прадпрыемстваў Горадні найлепшыя заробкі — на «Азоце», які сваю прадукцыю экспартуе. На іншых заводах заробкі меншыя ў два, часам нават у тры разы.

Кіраўнік Незалежнага прафсаюзу «Азоту» Сяргей Антусевіч кажа, што ў рублях заробкі вырасьлі прыблізна на сорак адсоткаў, калі параўноўваць з траўнем. Рабочыя атрымліваюць каля трох мільёнаў рублёў, а хто працуе па зьменах — маюць болей:

«Калі браць у валюце, то, натуральна, заробак зьнізіўся. Калі браць цэны ў крамах, то некаторыя вырасьлі ў некалькі разоў, непараўнальна з заробкамі. Няма таго ўзроўню заробкаў, якія былі, напрыклад, у сьнежні 2010 году. Але прынамсі нейкая кампэнсацыя стратаў у гэты крызіс — яна ёсьць, яна можа быць большай, чым на іншых прадпрыемствах, гэта адназначна».

Дарэчы, днямі да «Азоту» далучылі другое хімічнае прадпрыемства — «Хімвалакно», і колькасьць працаўнікоў павялічылася зь сямі тысяч да адзінаццаці, паведаміў Сяргей Антусевіч.

Пра заробкі на іншых прадпрыемствах Горадні распавядае Анатоль Хацько, удзельнік незалежнага прафсаюзнага руху:

«Самыя нізкія — на прамысловых прадпрыемствах машына- і станкабудаваньня. У нас гэта „Карданныя валы“, „Гандальмаш“, „Аўтамагнітола“, „Такарныя патроны“. Прыклад: у брыгадзе зьдзельная аплата працы, тры наладчыкі, адзін на бальнічным, другі ў адпачынку, трэці працаваў па выходных, заробак атрымаў мільён дзьвесьце».

Каб працавалі ўсе, атрымалі б па сямсот-васямсот тысяч рублёў на чалавека, кажа Анатоль Хацько.

Хацько: «Завод аўтаагрэгатаў — інструмэнтальны цэх практычна стаіць. Людзі бяруць адпачынак за свой кошт, і зь вялікім задавальненьнем іх адпускаюць начальнікі, таму што ў іх даведзены фонд заробкаў на цэх. Пэўнай групе людзей плацяць, астатнія хочуць гуляць за свой кошт — гуляюць. Дысцыпліны ніякай, пэрспэктывы таксама.

Павелічэньне заробкаў у бюджэтнай сфэры прывяло да таго, што ў настаўнікаў цяпер забралі сацыяльныя выплаты... А заробкі паўсюль мізэрныя. А што да „Азоту“ — гэта, можна сказаць, казкі, там заробкі вышэйшыя за кошт вечаровых і начных зьменаў на шкоднай вытворчасьці».