Маўклівыя акцыі вяртаюцца

Вячаслаў Дзіянаў

Маўклівыя акцыі пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» пасьля перапынку вяртаюцца на цэнтральныя вуліцы і плошчы гарадоў Беларусі. 21 верасьня акцыя пройдзе пад лёзунгам: «Хопіць цярпець! — рост цэнаў, дэвальвацыю, „бязьмежжа“ міліцыі, дзяржаўную прапаганду і абяцаньні ўлады!».

Каардынатары акцыі прапаноўваюць адмовіцца ад лякальных сустрэч у мікрараёнах і вярнуцца на цэнтральныя вуліцы і плошчы гарадоў. У Менску месца збору вызначана на ўчастку праспэкту Незалежнасьці ад гатэлю «Менск» да Кастрычніцкай плошчы. Даўгія часткі праспэктаў вызначаныя для збору і ў абласных цэнтрах. У 60 менш буйных гарадах людзям прапаноўваюць выйсьці на галоўныя плошчы, кажа адзін з каардынатараў Вячаслаў Дзіянаў:

«Гэтым разам мы бяром кавалкі праспэкту даволі працяглыя — і гэтым акцыя адрозьніваецца ад мінулых. Мы таксама не заклікаем пляскаць у далоні, а кажам, што калі вы гатовыя пляскаць ці выкрыкваць лёзунгі, то вы павінны быць гатовыя абараняць сваіх паплечнікаў ад бандытаў у цывільным і будзьце гатовыя да затрыманьня. Ня стаўлю ніякіх колькасных прагнозаў, але ўпэўнены, што людзі выйдуць. Прынамсі, зараз ідзе дастаткова сур’ёзны ціск на актывістаў, якія дапамагаюць кампаніі інфармацыйна, якія распаўсюджваюць улёткі. І ў нас ёсьць інфармацыя — невядома, наколькі праўдзівая — што 21 верасьня для моладзі будзе бясплатны ўваход у кінатэатры».

За распаўсюд улётак пра маўклівую акцыю пратэсту 21 верасьня ў Горадні затрымалі былога палітвязьня Алеся Кіркевіча і маладафронтаўку Вераніку Велігор. Таксама за інфармацыйныя матэрыялы пра акцыю 21 верасьня адміністрацыйнае зьняволеньне на 15 і трое сутак атрымалі гомельскія актывісты Зьміцер Шаўчэнка і Зьміцер Карашкоў. Многіх актывістаў у рэгіёнах Беларусі выклікаюць у міліцыю на прафіляктычныя гутаркі. Пад міліцэйскі перасьлед за інфармацыйную кампанію пра маўклівую акцыю пратэсту, праведзеную ў Наваполацку і іншых гарадах, патрапілі таксама актывісты «Эўрапейскай Беларусі», кажа адзін з актывістаў Максім Вінярскі:

«Мы дакладна нават ня ведаем, за што быў затрыманы наш актывіст Молчан. Магчыма, што яго затрымалі прэвэнтыўна, бо ён атрымаў адміністрацыйны арышт і падчас акцыі 21 верасьня будзе знаходзіцца на Акрэсьціна. Але я і мае паплечнікі падтрымліваем правядзеньне гэтай акцыі, бо яна спрыяе, каб Беларусь вярнулася ў прававое поле».

Казаць, што зараз ужо сасьпелі нейкія гронкі „народнага гневу“, пакуль заўчасна.
Каардынатары кампаніі заклікаюць удзельнікаў прыходзіць на вызначанае месца а 19:00 і сыходзіць а 20:00 арганізаванымі групамі. Калі падыходы будуць блякаваныя супрацоўнікамі міліцыі і спэцслужбаў, то падыходзіць да месца збору праз прылеглыя вуліцы. Ці варта чакаць вялікай колькасьці ўдзельнікаў, цікаўлюся ў палітоляга Аляксандра Класкоўскага:

«Нейкая колькасьць людзей, безумоўна, выйдзе. Іншая рэч, што ў нас, здаецца, зараз такая фаза, што людзі клапоцяцца, як перафарматаваць бюджэт і як перазімаваць. Таму казаць, што зараз ужо сасьпелі нейкія гронкі „народнага гневу“, пакуль заўчасна».

Каардынатары акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» таксама выставілі шэраг патрабаваньняў да ўладаў, у тым ліку — вызваленьне палітвязьняў, спыненьне рэпрэсіяў супраць палітыкаў, праваабаронцаў і журналістаў, выратаваньне беларускай мовы і шэраг эканамічных патрабаваньняў.