Ваўкавыск: у суд за тое, што заклікаў на народны сход

Віталь Гуляк

Ваўкавыскі актывіст Віталь Гуляк атрымаў сёньня позву ў раённы суд. У пятніцу адбудзецца разгляд яго адміністрацыйнай справы, як напісана ў пратаколе: за «пікетаваньне з мэтай закліку на народны сход 8 кастрычніка 2011 году».

Канкрэтна «віна» Віталя Гуляка, як вырашылі міліцыянты, у тым, што ён «раздаваў грамадзянам інфармацыйныя ўлёткі».

Актывіст зазначае, што затрымалі яго яшчэ 19 жніўня. Тады ўзялі толькі тлумачэньне, пратакол зьявіўся пазьней. Міліцыянты пазначылі ў ім, што Віталь Гуляк «зьдзейсьніў адміністрацыйнае правапарушэньне паводле часткі 3 артыкула 23.34 паўторна цягам году пасьля адміністрацыйнага спагнаньня за такое ж парушэньне».

Віталь Гуляк кажа, што разам з позвай атрымаў па пошце адказ са сталіцы з Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў, куды ён дасылаў хадайніцтва, каб праваабаронцу Алесю Бяляцкаму зьмянілі меру стрыманьня, выпусьцілі з-за кратаў. Актывісту адмовілі без тлумачэньня, кажа ён. Некалькі ягоных знаёмых з Ваўкавыску таксама дасылалі хадайніцтвы адносна Алеся Бяляцкага, дадаў Віталь Гуляк.