Ці выдаваў WikiLeaks Лукашэнку зьвесткі пра апазыцыю?

s

Брытанская Guardian апублікавала ліст Джэймса Бола, былога супрацоўніка парталу WikiLeaks, які распавядае, чаму ён сышоў з арганізацыі.

Бол далучыўся да WikiLeaks у лістападзе мінулага года ў якасьці штатнага супрацоўніка для трохмесячнага знаходжаньня. Адной з галоўных прычынаў разрыву Болла з парталам сталі паводзіны расейскага супрацоўніка WikiLeaks, Ізраіля Шаміра – асобы з выразнымі антысеміцкімі поглядамі. Паводле Бола, ён спыніў супрацу з парталам, завалодаўшы вялікай колькасьцю нерэдагаваных амэрыканскіх дыпляматычных дэпэшаў. Бол настойваў, каб партал асудзіў Шаміра, аднак на загад Асанджа WikiLeaks проста адмежаваўся ад былога супрацоўніка.

Пасьля гэтага Ізраіль Шамір сустракаўся з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. На наступны дзень пасьля сустрэчы з Шамірам беларускіх урадоўцаў Аляксандр Лукашэнка пахваліўся, што ён пачне дэманстраваць дакумэнты WikiLeaks, як ЗША фінансавалі яго палітычных супернікаў.

Праваабаронцы патрабавалі адказаць, ці сапраўды афіцыйны Менск атрымаў адпаведныя матэрыялы. Адказаў ад Асанджа на гэтыя пытаньні не было.

Джэймс Бол піша, што апошняй кропляй у яго рашэньні разарваць адносіны з парталам стала нядаўняя публікацыя вялікай колькасьці нерэдагаваных дыпляматычных тэлеграмаў. У першай публікацыі былі прыбраныя імёны суразмоўцаў амэрыканскіх дыпляматаў – праваабаронцаў, прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый, апазыцыйных палітыкаў, блогераў, якія працуюць ва ўмовах рэпрэсіўных рэжымаў. У апошняй публікацыі былі названыя імёны ўсіх гэтых людзей, што ставіць іх лёсы пад пагрозу.