Ці падтрымае МВФ палітыку «ваеннага камунізму» ў Беларусі?

Сёньня ў Вашынгтоне Рада дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду зьбіраецца ацаніць эканамічную палітыку ўраду Беларусі. На паседжаньні, якое пройдзе позна ўвечары па беларускім часе, будуць абмяркоўваць справаздачу, складзеную па выніках апошняй місіі МВФ у Беларусі, і вывучаць магчымасьць далейшай супрацы зь Менскам, у тым ліку — працягу крэдытаваньня.

Абмеркаваньне Радай дырэктараў МВФ першага пасьляпраграмнага маніторынгу Беларусі стаіць другім на парадку дня — пасьля праблемы мадэрнізацыі манэтарнай палітыкі Туркмэністану. У Нацбанку Беларусі паведамілі, што ніхто зь Менску на гэтае пасяджэньне не паехаў.

У менскім прадстаўніцтве МВФ адмаўляюцца ад якіх-колечы камэнтароў перад пасяджэньнем Рады дырэктараў.

Супрацоўніца МВФ Юлія Лыскова: «Да таго, як апублікуюць заяву для грамадзкасьці па выніках пасяджэньня, мы нічога не камэнтуем. Само пасяджэньне па нашым часе будзе позна, бо ў нас вялікая розьніца ў часе з Вашынгтонам. Спадзяемся, што яго ўжо заўтра афіцыйна апублікуюць на сайце фонду, і тады Натальля Калядзіна, калі застануцца якія-небудзь пытаньні, будзе гатовая на іх адказаць».

Раней прадстаўніца МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна ўдакладняла, што МВФ будзе разглядаць вынікі сваёй місіі на чале з Крысам Джарвісам, якая прайшла ў Менску з 1 па 13 чэрвеня. Місія ацэньвала захады эканамічнай палітыкі, якую ажыцьцяўляюць беларускія ўлады пасьля праграмы stand-by, у рамках якой Беларусь атрымала цягам 2009–2010 гадоў 3,46 млрд даляраў ЗША як крэдыт МВФ.

Вынікі дыскусіі будуць мець значнасьць і для магчымага руху па новай заяўцы ўраду і Нацбанку Беларусі, якія ў траўні гэтага году зьвярнуліся ў МВФ па новы крэдыт памерам 3,5–8 мільярдаў даляраў.

Сяргей Чалы
Незалежны эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што нейкага рашэньня наконт новага крэдыту Беларусі на гэтым паседжаньні МВФ ня будзе. У лепшым для афіцыйнага Менску выпадку фонд можа ўхваліць накіраваньне новай місіі, каб абмеркаваць новую праграму супрацоўніцтва. Але, мяркуючы па ўсім, і гэта малаверагодна, кажа спадар Чалы:

«Папярэднія заявы палягалі ў тым, што МВФ ня бачыць жаданьня беларускіх уладаў рухацца ў рынкавым кірунку, таму ў прынцыпе пакуль пра гэта гаворкі быць ня можа».

Сярод відавочных мінусаў беларускага боку пры разглядзе заяўкі на новы крэдыт МВФ — адсутнасьць адзінага курсу нацыянальнай валюты, імкненьне ўраду далей кіраваць адміністратыўнымі сродкамі, а таксама невыкананьне Менскам сваіх абяцаньняў у рамках мінулай праграмы МВФ, зазначыў спадар Чалы:

«Скажам так, фармальна шмат што выконвалася па мінулай праграме, але ключавыя моманты нашымі ўладамі былі тарпэдаваныя. Мы бачым усё больш руху ў супрацьлеглым кірунку, да нейкага „ваеннага камунізму“, а не да рынкавых рэформаў».

Сяргей Чалы мяркуе, што МВФ ухваліць нейкае прамежкавае рашэньне, каб працягнуць супрацоўніцтва, калі ў беларускага боку хопіць палітычнай волі праводзіць адказную эканамічную палітыку.

Яшчэ адзін важны аспэкт — палітычны. Хоць МВФ — арганізацыя і не палітычная, але ён ня можа праігнараваць агульны рэпрэсіўны фон у Беларусі і санкцыі ЗША ды Эўразьвязу ў дачыненьні да афіцыйнага Менску. У любым выпадку МВФ прыслухоўваецца да пазыцыі ЗША, якія маюць у фондзе амаль 17 працэнтаў галасоў. Мінулы крэдыт быў выдзелены Беларусі толькі таму, што ЗША ў часе галасаваньня па гэтым пытаньні ўстрымаліся. Але тады, у канцы 2008 году, у Беларусі былі вызваленыя ўсе палітвязьні.

Андрэй Фёдараў
Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў лічыць малаверагодным, што ЗША, галасуючы ў МВФ, заплюшчаць вочы на парушэньні правоў чалавека і дзясяткі палітвязьняў у Беларусі:

«Пра тое, што ЗША па-ранейшаму настроеныя дастаткова жорстка, сьведчыць нядаўняе пашырэньне эканамічных санкцыяў саміх ЗША супраць Беларусі, распаўсюд іх яшчэ на шэраг беларускіх прадпрыемстваў. Таму я ня бачу прыкметаў нейкага зьмякчэньня іх пазыцыі. І адпаведна гэта, на мой погляд, будзе нейкім чынам адлюстравана і на іх паводзінах у МВФ».

Андрэй Фёдараў мяркуе, што аналягічнай жорсткай пазыцыі будуць прытрымлівацца і краіны Эўразьвязу, якія таксама не гатовыя пайсьці насустрач беларускаму рэжыму. Таму ў цэлым беларуская заяўка на новы крэдыт можа «павіснуць» у неспрыяльнай эканамічнай і палітычнай атмасфэры, якая пануе ў Беларусі, робіць выснову Андрэй Фёдараў.