Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радзіна: «Улады Беларусі далей гандлююць закладнікамі»


Натальля Радзіна
Натальля Радзіна
Рэдактар сайту «Хартыя’97» Натальля Радзіна не наважваецца вяртацца ў Беларусь і пасьля прыпыненьня крымінальнай справы адносна яе за ўдзел у Плошчы. Вочную стаўку з удзелам актывістаў партыі БНФ Каліты, Семянюка і Губарэвіча адклалі на будучы тыдзень. Зьміцер Дашкевіч зусім не атрымлівае лістоў з волі, хоць ад яго лісты да адрасатаў даходзяць.

26 жніўня стала вядома пра спыненьне крымінальнага перасьледу беларускай журналісткі, рэдактара сайту «Хартыя’97» Натальлі Радзінай адносна падзеяў 19 сьнежня ў Менску.

Маці журналісткі Надзея Радзіна зачытала «Свабодзе» ліст зь міліцыі, атрыманы напярэдадні:

«Паведамляем вам, што па крымінальнай справе, пачатай 20 сьнежня 2010 году па частцы 1-й і 2-й артыкула 293-га Крымінальнага кодэксу па факце ўчыненьня масавых беспарадкаў, крымінальны перасьлед адносна Натальлі Радзінай пастановай ад 23 жніўня 2011 году спынены ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства».

Журналістка Натальля Радзіна жыве цяпер у Літве, дзе папрасіла палітычнага прытулку пасьля таго, як у красавіку ўцякла зь Беларусі. Яна кажа, што зьвесткі пра спыненьне крымінальнай справы не паўплывалі на яе рашэньне заставацца ў Вільні. Па-першае, ня спыненыя іншая справы адносна журналісткі, заведзеныя яшчэ да выбараў. Ёсьць і іншыя падставы для неспакою:

«У абмен на наша вызваленьне Лукашэнка чакае ад Эўропы і, адпаведна, ад МВФ крэдытаў для выратаваньня свайго рэжыму і ўтрыманьня рэпрэсіўнага апарату, а мы застаемся пад трывалым прэсінгам і трывалай пагрозай зноў быць арыштаванымі і кінутымі ў турмы для новага торгу з Захадам».

Алег Корбан
Алесь Каліта
Зьміцер Дашкевіч
26 жніўня лідэр «Маладых дэмакратаў» Алег Корбан таксама атрымаў з міліцыі ліст аб прыпыненьні супроць яго крымінальнага перасьледу ў справе адносна 19 сьнежня.

Рашэньне аб меры стрыманьня для актывістаў партыі БНФ Алеся Каліты, Сяргея Семянюка і Максіма Губарэвіча дагэтуль не прынятае. Сьледчыя дзеяньні з удзелам актывістаў, якіх падазраюць у хуліганстве, перанесеныя на будучы тыдзень, паведаміў «Свабодзе» адзін з падазраваных — Алесь Каліта:

+«Пазваніў адвакат і сказаў, што вочная стаўка перанесеная на будучы тыдзень, таму ёсьць шанец застацца на гэтыя выходныя яшчэ на волі. А там будзе бачна, якую меру стрыманьня абяруць».

25 жніўня стала вядома, што пачалося папярэдняе расьсьледаваньне інцыдэнту, які адбыўся ў будынку новага офісу партыі БНФ 13 жніўня. У міліцыі ёсьць заява ахоўніка будынка Алега Гордыса, які сьцьвярджае, што актывісты партыі БНФ Каліта, Семянюк і Губарэвіч яго зьбілі і зламалі яму рабро. Алесь Каліта, Сяргей Семянюк і Максім Губарэвіч адмаўляюць абвінавачаньні і кажуць пра палітычна матываваную правакацыю накшталт тае, у выніку якое былі асуджаныя актывісты «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў.

+Дарэчы, калега Дашкевіча па «Маладым фронце» і ягоная нявеста Наста Палажанка атрымала ад яго ліст, зь якога вынікае, што ніякія лісты да Зьмітра не даходзяць. Палітвязень цяпер знаходзіцца ў ПКТ — памяшканьні камэрнага тыпу, куды зьмяшчаюць тых, хто некалькі разоў запар парушыў турэмную дысцыпліну. У чым менавіта віна Дашкевіча, невядома. У лісьце з-за кратаў старшыня «Маладога фронту» напісаў: «Сам я тут — як у казцы! :) Калі-небудзь распавяду :) Хвалявацца за мяне не выпадае — усё пад кантролем! :) Жыўцом нас ніхто ня возьме :)». Адметна, што пасьля кожнага сказу ў лісьце намаляваны смайлік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG