Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэфолт як вынік "беларускага цуду"


Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва "Moody's" ацэньвае патрэбы Беларусі ў экстраным зьнешнім фінансаваньні на другое паўгодзьдзе ў дыяпазоне ад 3 да 6 мільярдаў даляраў. Прыблізна гэтулькі ж трэба дзяржаве і ў 2012 годзе — найперш каб пакрыць дэфіцыт плацёжнага балянсу. Калі ж фінансаваньня ня будзе і захаваецца цяперашні адміністрацыйны рэжым курсаўтварэньня, агенцтва папярэджвае, што краінавы рэйтынг Беларусі можа зьнізіцца яшчэ больш.

Экспэрты "Moody's" разглядаюць два сцэнары разьвіцьця падзеяў у Беларусі. Першы прадугледжвае паступленьне да канца 2011 году зьнешніх пазыкаў ці сродкаў ад прыватызацыі, а таксама лібэралізацыю мэханізму курсаўтварэньня, што дазволіць удзельнікам рынку бесьперашкодна набываць замежную валюту. Пры такім варыянце чакаецца пагаршэньне паказьнікаў дзейнасьці беларускіх банкаў, але іх рэйтынгі прынамсі захаваюцца на ўзроўні "нэгатыўнага прагнозу", да якога яны былі паніжаны сёлета ў ліпені. Гэты сцэнар экспэрты лічаць "аптымістычным".

Аднак ці бачаць падставы для аптымізму ў банкаўскіх ды дзелавых колах Беларусі? Экспэрт-кансультант Вера Красоўская кажа, што гаварыць пра стабілізацыю нацыянальнай фінансавай сыстэмы ніякіх прычын няма. Адсутнасьць захадаў дзеля выхаду на раўнаважныя паказьнікі беларускага рубля толькі пашырае бездань паміж афіцыйным і ценявым курсамі:

Цяпер мы маем практычна тое ж самае, што адбывалася ўвесну, калі цалкам адсутнічала абгрунтаваная афіцыйная пазыцыя адносна падзеяў у фінансавай сфэры
"Натуральна, для пачатку патрэбныя нейкія зрухі. Прынамсі ў банкаўскіх кулюарах усё гэта абмяркоўваецца ня першы месяц. На жаль, цяпер мы маем практычна тое ж самае, што адбывалася ўвесну, калі цалкам адсутнічала абгрунтаваная афіцыйная пазыцыя адносна падзеяў у фінансавай сфэры і на гэтым фоне разьвівалася гістэрыя. То бок столькі часу мінула, а сытуацыя вельмі падобная. І ёсьць такая стойкая думка, што вельмі шмат у гэтых рэчах псыхалёгіі. Але пры адсутнасьці рэальных захадаў з боку ўладаў нічога ня толькі ня зьменіцца, а ўсё будзе нарастаць як сьнежны ком".

Беларускія ўлады даюць зразумець, што самастойна вырашыць праблемную сытуацыю ня здольныя — пра гэта сьведчаць і крэдытныя заяўкі Менску ў розныя фінансавыя інстытуцыі. Сапсаваныя адносіны з Эўразьвязам і ЗША не даюць падставаў спадзявацца на дапамогу ад Брусэлю ды Вашынгтону, ня надта сьпяшаецца падтрымаць саюзьніка і суседняя Расея. Пакуль што ў актыў можна занесьці 800 мільёнаў даляраў з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, якіх для стабілізацыі на валютным рынку недастаткова.

29 жніўня на паседжаньні Рады дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду сярод іншых будзе разглядацца і беларуская заяўка на крэдыт у памеры да 8 мільярдаў даляраў. Дагэтуль прадстаўнікі фонду выказвалі жаль, што ў справе нармалізацыі становішча ў эканоміцы Беларусі няма прагрэсу, таму вынік абмеркаваньня прадказваць не выпадае. Між тым, як кажа эканаміст Леанід Злотнікаў, актуальнасьць тэрміновага крэдытаваньня для Беларусі ня толькі застаецца, а шматкроць павялічваецца:

"Відавочна, што такая залежнасьць застаецца. Нават МВФ у сваіх прагнозах канстатуе: Беларусь трапляе ў залежнасьць ад зьнешняга крэдытаваньня. Калі яшчэ некалькі гадоў таму Беларусь спажывала больш, чым вырабляла сама, чым давала наша вытворчасьць, прыкладна на 13%, то цяпер фінансавыя структуры прагназуюць, што наша спажываньне звыш таго, што мы самі ствараем, неістотна скароціцца да 10%. Што збольшага можна патлумачыць агульнай тэндэнцыяй на зьніжэньне спажываньня. Але ў любым выпадку настолькі Беларусь спажывае больш, чым вырабляе, чым стварае".

Экспэрты "Moody's" прадугледжваюць для Беларусі і пэсымістычны сцэнар. Найперш — захаваньне дэфіцыту валюты з-за адміністратыўнага ўмяшаньня, недастатковая жорсткасьць манэтарнай палітыкі дзеля захаваньня ўнутранага попыту, немагчымасьць прыцягненьня крэдытаў МВФ з палітычных прычынаў, затрымка працэсаў прыватызацыі і г.д. У гэтым выпадку ня выключанае замарожваньне валютных дэпазытаў у банках ці іх прымусовы перавод у рублі. Апроч таго, паскорацца крызісныя зьявы з давядзеньнем долі праблемных актываў да 20%. Лягічны вынік — зьніжэньне рэйтынгаў банкаў да ўзроўню "Саа", а затым — дэфолт беларускай эканомікі.

Наколькі рэальны пэсымістычны сцэнар для Беларусі? Эканаміст Уладзімер Карагін лічыць: калі беларускія ўлады своечасова асэнсуюць такую пагрозу, яе можна будзе пазьбегнуць:

"Цяпер і "вярхам", і "нізам" неабходная сур'ёзная эмацыйная "ўстраска". Проста трэба скіраваць усё нашае эканамічнае жыцьцё ў іншае рэчышча; пачаць жыць крыху па-новаму, крыху па іншай схеме. Зь іншым настроем, зь іншай матывацыяй. Не з-пад палкі, не з-за страху, не з-пад вокрыку. А павінны ўключыцца, я б сказаў, пазытыўна-матывацыйныя структуры. У тым ліку, напэўна, — упершыню ўжыву гэты выраз публічна, — патрыятычныя структуры".

Выйсьці на раўнаважны курс абяцалі грамадзкасьці ў другой палове жніўня. Аднак замест гэтага Аляксандар Лукашэнка ўзяў адпачынак і адляцеў у Сочы. Ва ўмовах бязьдзеяньня абвал працягваецца: на чорным рынку за даляр даюць ужо ад 8500 да 9000 рублёў. Падставай да панікі стала рашэньне Нацбанку забіраць на "сацыяльныя патрэбы" ўсю валюту з абменьнікаў. То бок зьнікае апошняя магчымасьць набыць СКВ, здадзеную ў банкі па афіцыйным курсе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG