Чэргі ёсьць. Валюты — няма

Нацбанк увёў чарговыя абмежаваньні на продаж замежнай валюты ў банкаўскіх абменьніках: у найбольш людных месцах (гандлёвых цэнтрах і на рынках) яе рэкамэндавана толькі купляць і не прадаваць насельніцтву. Якая цяпер сітуацыя з абменам валюты ў рэгіёнах? Пра што гавораць людзі ў «валютных» чэргах.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Рэкамэндацыя — не загад

У Гомелі абменьнікі валюты пакуль ніяк не адрэагавалі на рэкамэндацыю Нацбанку не прадаваць валюту, якую здае насельніцтва. Прынамсі, у супэрмаркеце «Алмі» апэратар абменьніка «Белгазпрамбанку» так адказала на пытаньне: «Ці прадаяце грамадзянам валюту?»:

Апэратарка: «Прадаем. Магчыма, штосьці зьменіцца. Але на сёньняшні дзень банк усё купляе і ўсё прадае».

Купляе й прадае валюту й абменьнік «Белінвэстбанку», які месьціцца ў гіпэрмаркеце «Лінія» ў мікрараёне «Мельнікаў луг».

Ля абодвух абменьнікаў дзяжураць людзі, якім патрэбная валюта. Спадар Пётар кажа, што пэнсіі яму не хапае, каб купіць сабе цэрэбралізін на курс лячэньня. Хоча ў абменьніку купіць расейскія рублі, каб разьлічыцца са сваякамі з Браншчыны, якія таньней купілі яму патрэбныя лекі ў Расеі:

«Ужо з панядзелка ніяк не магу ўзяць — мне на лекі трэба. Сто рублёў прынясуць „расеі“, сто пяцьдзясят. Вось і стаім, пакуль не набярэм 3 тысячы. І тады наступны падыходзіць па чарзе».

І спадар Пётар, і спадарыня Ларыса, якая таксама чакае, пакуль хто-кольвечы здасьць замежную валюту, нэгатыўна ставяцца да рэкамэндацыі Нацбанку:

«Толькі ў Беларусі такое становішча — у ніводнай іншай краіне такога няма. У мяне сын у Расеі — я хачу яму неяк матэрыяльна дапамагчы. І ня будзе валюты? Дзіцятка ў яго, жонка зараз нарадзіла. Хто яму дапаможа? Маці з бацькам! А каму патрэбныя там беларускія грошы? У Расеі на абмен беларускія рублі не прымаюць».

Людзі абураюцца паводзінамі ўладаў, якія раз-пораз абяцаюць выправіць сытуацыю на валютным рынку, а на практыцы ставяць перашкоду за перашкодай.

Гаворыць гомельскі прадпрымальнік, які не схацеў афішаваць сваё імя:

«Кепска ацэньваю. Я ня ведаю, хто гэта прыдумаў, якія галовы гэта прыдумалі. А дзе валюту браць? Беларусь жа — не замкнёнае кола, людзям некуды трэба выяжджаць — у Расею, ва Ўкраіну, ды мала куды. Беларускія ж грошы нікому не патрэбныя, апроч Беларусі. А на валютным рынку ўсё горш і горш».

Суразмоўца кажа, што забароны на продаж валюты толькі павялічваюць крымінагенны асяродак. Так званыя «чорныя валютчыкі» скупляюць у тых жа расейцаў іхнія рублі проста на мяжы:

«Чорны рынак усё перахоплівае. Едуць расейцы і на мяжы здаюць валютчыкам».
Чорны рынак усё перахоплівае. Едуць расейцы і на мяжы здаюць валютчыкам.

Вялікія чэргі ў сотні чалавек па-ранейшаму гуртуюцца ля абменьнікаў на чыгуначным вакзале й на Прывакзальнай плошчы. Людзі, сярод якіх найбольш індывідуальных прадпрымальнікаў, па паўтара-два месяцы чакаюць, пакуль падыдзе чарга і яны купяць 7 тысяч расейскіх рублёў альбо 200 даляраў.

Кожны тыдзень ахвочыя купіць валюту мусіць праходзіць рэгістрацыю — ля Белпрамбудбанку, Тэхнабанку, Франсабанку.

Першы дзясятак чалавек зь велічэзных сьпісаў дзяжурыць непасрэдна ля абменьнікаў.

Спадар Карэн, армянін па нацыянальнасьці, які стала жыве ў Беларусі, кажа, што й тут «чорныя валютчыкі» спрабуюць дыктаваць свае парадкі:

«Паўтара месяца, каб дайшла чарга. Валютчыкі спэцыяльна тут сядзяць, каб людзі здалі таньней, а яны купілі й прадалі камусьці даражэй. Прыходзяць, людзей абражаюць нізавошта, лаюцца».


ВІЦЕБШЧЫНА


Найбольш запатрабаваная валюта ў рэгіёне — расейскі рубель

Прадпрымальніца зь віцебскага гандлёвага цэнтру «Эўропа» спадарыня Ларыса ў тутэйшым валютным абменьніку «Белінвэстбанку» набыла 100 расейскіх рублёў. Гэта адзіная купюра, якая была ў продажы. Ніякай чаргі з ахвотных набыць валюту тут ужо даўно няма, кажа спадарыня:

«Там няма чаргі, бо няма валюты. Ніхто ня йдзе ў банк яе здаваць, усе мяняюць па чорным курсе: 240–280 беларускіх рублёў за расейскі. Гандаль наш пагоршыўся, бо праз такія ўмовы мы мусім падвышаць кошты, а пакупніцкая здольнасьць зьнізілася ў разы!».

Прадпрымальнікі таксама вымушаныя набываць валюту ў «мянялаў» — у іх безвыходнае становішча, бо інакш ня будзе на што набыць новы тавар. І гэта заўсёды рызыка, бо гэткай сытуацыяй карыстаюцца так званыя «кампэтэнтныя органы», — распавядае прадпрымальніца:
А потым паказваюць пасьведчаньне, і ўсё па поўнай праграме: канфіскацыя валюты, штрафы і гэтак далей.

«Яны самі правакуюць, бо разумеюць, што валюта нам неабходная любым коштам, каб выжыць! Выдумляюць нагоду — ці абменьнік зачынены, ці яшчэ нешта — і прапануюць. А потым паказваюць пасьведчаньне, і ўсё па поўнай праграме: канфіскацыя валюты, штрафы і гэтак далей».

На Віцебшчыне самая запатрабаваная валюта — гэта расейскія грошы. Бо ў суседняй Расеі віцебскія прадпрымальнікі закупляюць тавары, і туды ж — у Смаленск, Санкт-Пецярбург ці Маскву — часта едуць вучыцца выпускнікі віцебскіх школ.

Бацькі студэнтаў-«замежнікаў» чулі, што ў банках нібыта дазваляюць набыць валюту дзеля такой патрэбы — на атрыманьне вышэйшай адукацыі ў Расеі. Спадарыня Тацяна паспрабавала зьвярнуцца ў банк, каб набыць расейскія рублі: яе сын навучаецца ў Санкт-Пецярбургу. Там паглядзелі даведку з ВНУ і адкрылі ёй валютны рахунак:

«Але грошы я атрымала толькі адзін раз — у ліпені мне далі 20 тысяч расейскіх рублёў. Я запытала, як я атрымаю грошы на новы навучальны год? Мне сказалі: „Калі паедзе вучыцца, няхай зноў бярэ даведку“. Безь яе са мной ніхто ня хоча размаўляць».

Між тым ад’яжджаць студэнту трэба ўжо празь некалькі дзён, і маці таксама вымушана шукаць валюту ў мянялаў.

Дзяржава падштурхоўвае грамадзянаў да незаконных валютных апэрацыяў

А спадар Генадзь з Воршы на дапамогу банкаў і дзяржавы не спадзяецца. У яго ў Санкт-Пецярбургу вучыцца малодшая дачка:

«Яна скончыла там каледж, скончыла на „выдатна“, ніводнай чацьвёркі, усе пяцёркі. І цяпер пасьля каледжу палітэх бярэ такіх выпускнікоў адразу на трэці курс і дае вышэйшую адукацыю. Але гэта платна. І за год трэба заплаціць 68 тысяч расейскіх рублёў. А мне ж трэба і яшчэ — яна ж кватэру будзе наймаць. Добра, у мяне сваяк ёсьць, які працуе ў Расеі. Ён сюды прыяжджае, і я бяру валюту ў яго. Бо ў банку няма, а як дзіцёнка вучыць?».

Паводле апытаных суразмоўцаў, такі варыянт найлепшы. І цяпер шмат хто імкнецца, каб хоць які блізкі сваяк перабраўся працаваць у Расею — тады ёсьць магчымасьць атрымаць легальны доступ да валюты. Ва ўсіх іншых выпадках абставіны падштурхоўваюць беларускіх грамадзянаў да незаконных валютных апэрацый.

БЕРАСЬЦЕ


Пакаралі 89 валютчыкаў

Валютчыкі, якія стаяць ля берасьцейскіх абменьнікаў, зьмянілі сваю тактыку. Раней яны чакалі, пакуль людзі здадуць валюту ў касу, а потым адразу ж яе перакуплялі. Цяпер жа гандляры валютай імкнуцца перахапіць людзей на падыходах да абменьніка, бо ведаюць, што банкі больш валюту не прадаюць.

У міліцэйскіх зводках усё часьцей зьяўляюцца паведамленьні пра незаконныя валютныя апэрацыі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, з пачатку гэтага году да 20 жніўня на Берасьцейшчыне было складзена 89 адміністратыўных пратаколаў за незаконны гандаль валютай.

Аднак валютчыкаў у Берасьці ад гэтага не паменела. Берасьцеец Уладзімер лічыць, што для валютчыкаў цяпер вельмі спрыяльны час. Ён кажа, што прадстаўнікам улады таксама выгадна існаваньне прадаўцоў валюты.
Вось усё прадам за беларускія, пакіну на жыцьцё сабе, і ўсё.

Уладзімер: «Я думаю, што з валютчыкамі сытуацыя бліжэйшым часам ня зьменіцца, як яны былі, так і застануцца. Бо бязь іх набыць даляры ці эўра няма дзе. Ды нават, прабачце, тыя ж міліцыянты ды ўлады — дзе яны яшчэ возьмуць валюту, як не ў валютчыкаў?».

Берасьцейскія прадпрымальнікі — першыя, хто адчувае на сабе падзеньне беларускага рубля. Як расказала прадпрымальніца Алена, якая гандлюе адзеньнем на рынку каля ЦУМа ў Берасьці, апошні раз яна набывала даляры ў валютчыка па курсе 8 тысяч рублёў тры дні таму.

Спадарыня кажа, што гандляваць робіцца ўсё цяжэй:

Алена: «Я ня ведаю, хутка давядзецца зачыняцца. Вось усё прадам за беларускія, пакіну на жыцьцё сабе, і ўсё. Я пэнсіянэрка, атрымліваю яшчэ 750 тысяч пэнсіі».

Спадарыня кажа — ходзяць чуткі, што даляр будзе яшчэ расьці.

Алена: «Ужо мне нават тэлефанавалі ўчора зь Менску, казалі, што там ужо па дзесяць тысяч».

Прадпрымальнік Віктар, які таксама гандлюе на берасьцейскім рынку, кажа, што ўмовы працы надзвычай складаныя, але, на яго думку, з гэтым нічога ня зробіш.

Віктар: «Будзем выжываць, меней зарабляць…».