Ці адновіцца партнэрства высокага ўзроўню?

Удзельнікі: аналітык зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў зь Менску і галоўны рэдактар часопісу «Россия в глобальной политике» Фёдар Лук’янаў з Масквы.

Дзяніс Мельянцоў
Фёдар Лук’янаў
Валер Карбалевіч

Ці можна гаварыць пра пацяпленьне ў дачыненьнях?


Валер Карбалевіч: «Апошні раз Лукашэнка і Мядзьведзеў вялі перамовы сам-насам у сьнежні мінулага году, перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Для кіраўнікоў краін, якія лічацца найбліжэйшымі саюзьнікамі, гэта шмат. Падаецца, Мядзьведзеў пазьбягаў такой сустрэчы. У лютым Лукашэнка два тыдні сядзеў у Сочы ў засадзе, чакаючы сустрэчы зь Мядзьведзевым ці Пуціным, але не дачакаўся.

А вось цяпер бакі загаварылі пра ўзнаўленьне партнэрства высокага ўзроўню, дамовіліся правесьці паседжаньне вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы ў лістападзе. Падобная інтэграцыйная рыторыка апошнім часам гучыць і з вуснаў Пуціна. Што гэта ўсё азначае? Ці не складаецца ўражаньне, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі Пуцін і Мядзьведзеў пачалі спаборнічаць, хто зь іх большы інтэгратар зь Беларусьсю?».

Дзяніс Мельянцоў: «Мы назіраем новы цыкл пацяпленьня ў беларуска-расейскіх адносінах. Галоўнае цяпер пытаньне парадку дня — праблема продажу Расеі „Белтрансгазу“ і цэны на газ. А такое пытаньне павінна абмяркоўвацца на вышэйшым узроўні.
Галоўнае цяпер пытаньне парадку дня — праблема продажу Расеі „Белтрансгазу“ і цэны на газ. А такое пытаньне павінна абмяркоўвацца на вышэйшым узроўні.

Па-другое, постсавецкія краіны скаланула хваля рэвалюцый на Блізкім Усходзе. І актуальнае пытаньне, як ім супрацьдзейнічаць. Таму што большасьць краінаў постсавецкай прасторы — мякка кажучы, не дэмакратычныя.

А Пуцін і Мядзьведзеў не спаборнічаюць у пытаньні інтэграцыі зь Беларусьсю, а гуляюць у добрага і злога паліцэйскага. Таму што беларускае пытаньне ня будзе ў цэнтры расейскай перадвыбарчай кампаніі».

Фёдар Лук’янаў: «Да прэзыдэнцкай кампаніі гэта ніякага дачыненьня ня мае. У Пуціна і Мядзьведзева скаардынаваная лінія на палітыку адносна Беларусі, на ўцягненьне яе ў такія інтэграцыйныя праекты, як Мытны саюз, Адзіная эканамічная прастора, прыватызацыя дзеля стварэньня адзіных тэхналягічных ланцужкоў.

Пасьля эканамічнага крызісу ў Беларусі, замарожваньня дачыненьняў Менску з Захадам — Расея чакала. Масква без асаблівай сымпатыі глядзела на тое, што адбывалася ў саюзнай краіне. У Маскве ўбачылі, што рэжым Лукашэнкі ўтрымаўся ва ўладзе.

У Расеі не было жаданьня моцна падтрымліваць Беларусь. Аднак і патануць ёй не далі. Залежнасьць Беларусі ад Расеі ўзрасла за апошнія паўгода. Цяпер можна зьмяніць гнеў на міласьць і прапанаваць новыя ініцыятывы ў разьліку на тое, што Менск будзе больш падатлівы».

Пра што дамовіліся Лукашэнка і Мядзьведзеў?


Карбалевіч: «Якія практычныя вынікі сустрэчы двух прэзыдэнтаў? Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што Беларусь мела сур’ёзныя страты ў выніку ўтварэньня Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) Беларусь — Расея — Казахстан, а таму гэты праект павінен атрымаць паўнавартаснае функцыянаваньне. Што гэта азначае ў перакладзе на зразумелую мову? Беларусь хоча атрымліваць газ і нафту па ільготных цэнах?

Ці зрушыцца пытаньне з будаўніцтвам беларускай АЭС за расейскія грошы? Вось прэзыдэнты прызначылі чарговыя тэрміны падпісаньня кантракту».

Мельянцоў: «Кіраўніцтва Беларусі цешыць сябе спадзяваньнем, што нейкую зьніжку коштаў на энэргарэсурсы можна будзе ў Расеі выбіць, таргуючыся „Белтрансгазам“, згодай на больш шчыльную эканамічную інтэграцыю. Няма інфармацыі, пра якія канкрэтныя пытаньні яны дамовіліся».
На прыкладзе Беларусі Маскве трэба паказаць, што ўступленьне ў АЭП азначае зьніжэньне цэнаў на энэрганосьбіты ў разы.

Лук’янаў: «Для „Росатома“ беларуская АЭС — важны праект. Не ў апошнюю чаргу з прычыны таго, што вакол ядзернай энэргетыкі цяпер сытуацыя ўскладнілася. Пасьля японскай Фукусімы ядзерны рэнэсанс у сьвеце спыніўся. Таму для „Росатома“ важна рэалізоўваць кантракты, калі нават цяпер гэта менш выгадна. Бо прысутнасьць на ўсясьветным рынку павінна ўмацоўвацца.

Што тычыцца АЭП, то я б зноў зьвярнуў увагу на шырэйшы кантэкст. Цяпер разьвіваецца складаная інтрыга, зьвязаная з Украінай. У ёй завязаныя і суд над Цімашэнкай, і праблема газавых кантрактаў, і пахаладаньне між Масквой і Кіевам, пэрсанальна між Мядзьведзевым і Януковічам. У гэтай сувязі Расеі важна прадэманстраваць перавагі АЭП. На прыкладзе Беларусі Маскве трэба паказаць, што ўступленьне ў АЭП азначае зьніжэньне цэнаў на энэрганосьбіты ў разы. Ня ўпэўнены, што гэта пераломіць сытуацыю ва Ўкраіне, але прынамсі гэта будзе сур’ёзным аргумэнтам. І ўвогуле, мы наблізіліся да моманту, калі Расеі давядзецца вырашаць, на якія саступкі яна гатовая пайсьці, каб захаваць партнэрства з найважнейшымі суседзямі».

Ці будзе Расея бараніць беларускі рэжым ад рэвалюцыі?


Карбалевіч: «Апошні саміт АДКБ быў прысьвечаны пытаньню, як бараніцца ад рэвалюцыйнай заразы з Блізкага Ўсходу. Вось Лукашэнка і Мядзьведзеў зноў абмеркавалі пытаньне пра сытуацыю ў гэтым рэгіёне. Мусіць, пытаньне пра пагрозу рэвалюцыі актуалізавалася ў зьвязку з апошнімі падзеямі ў Лібіі. У панядзелак па БТ паказалі фільм пра жахі, якія нясе з сабой рэвалюцыя. Можа, Лукашэнка прасіў Расею бараніць беларускі рэжым ад рэвалюцыі?».

Мельянцоў: «Думаю, наўрад ці. Размаўлялі яны цягам 2,5 гадзін, і цэнтральным было эканамічнае пытаньне. А пытаньне рэвалюцыйнай пагрозы было цэнтральным на нядаўнім саміце АДКБ.

Я ня веру ў тое, што беларускае кіраўніцтва зацікаўленае, каб Расея бараніла рэжым Лукашэнкі ваеннымі мэтадамі. Думаю, Менск будзе ўпірацца, абы не падпісваць пагадненьня, якое б давала аўтаматычнае права расейскім войскам уваходзіць на тэрыторыю Беларусі падчас рэвалюцыйных падзеяў. Да таго ж фармаваньне Калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня юрыдычна не аформленае, гэта будзе зроблена на саміце АДКБ у сьнежні».

Лук’янаў: «Думаю, гэтая тэма моцна перабольшана — і што тычыцца АДКБ, і што тычыцца адносін Расеі і Беларусі. Справа ў тым, што якраз Расея выклікае найбольшыя асьцярогі ў суседзяў у пляне ўмяшаньня ўва ўнутраныя справы іншых краін. Таму любая просьба абараніць ад рэвалюцый — гэта такі меч, які востры з двух бакоў. Бо калі такое ўмяшаньне будзе юрыдычна замацавана, то Масква можа спачатку рэвалюцыю распаліць у суседняй краіне, а затым, пад маркай абароны ад яе, умяшацца.

Іншая справа, што Расею трывожыць пагроза нестабільнасьці, Бо яна ня любіць зьмены статус-кво. Максымум, на што можа пайсьці Масква, — гэта не салідарызавацца зь сіламі, якія імкнуцца штосьці мяняць у суседніх краінах».