Сэнатар Маккейн патрабуе вызваліць Бяляцкага

Уплывовы амэрыканскі сэнатар, былы кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад рэспубліканцаў Джон Маккейн запатрабаваў вызваліць праваабаронцу Алеся Бяляцкага ды іншых вязьняў сумленьня. Ён таксама заклікаў павялічыць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

"Апошняя выхадка рэжыму Лукашэнкі — арышт праваабаронцы Алеся Бяляцкага — яшчэ адна прычына, чаму гэты рэжым заслугоўвае статусу міжнароднага ізгоя", — заявіў Джон Маккейн. Ён назваў непрымальным перасьлед беларускімі ўладамі прыхільнікаў дэмакратыі ў гэтай краіне. Амэрыканскі сэнатар зьвярнуў увагу на тое, што такі перасьлед адбываецца ў Беларусі ўвесь час.

Джон Маккейн падкрэсьліў, што ЗША і Эўропа "павінны захоўваць адзінства ў падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі, павялічваючы ціск на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку і праз адмову ад прадстаўленьня міжнароднай фінансавай дапамогі".