Суды пасьля акцыі маўчаньня

Сёньня ў беларускіх судах праходзілі працэсы над затрыманымі падчас акцыі маўчаньня 3 ліпеня. Паводле праваабаронцаў, па ўсёй краіне былі затрыманыя каля 400 чалавек. Ня менш за 140 чалавек трымаюць у турме на Акрэсьціна ў Менску.

20:30 Горадня. Увечары прысудзілі арышт Андрэю Фралову, тэлеапэратару, які супрацоўнічае зь «Белсатам». Пра гэта паведамілі ягоныя калегі. Андрэя затрымалі 3 ліпеня ўвечары падчас масавай маўклівай акцыі ў цэнтры Горадні.

Магілёў. «Дзяўчатам за маўклівую акцыю — арышт». Незалежная журналістка Ганна Ільіна прабудзе пад арыштам у ізалятары часовага ўтрыманьня 6 сутак. Удзельніцы акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня Аліне Скрыбуновай прысудзілі 15 сутак арышту. Андрэю Шалабодаву і Івану Панцялееву далі па пяць сутак. Яраслава Ялавога пакаралі штрафам у памеры пяцідзесяці базавых велічыняў.

20:00 Гомель. «Вірус лаянкі абрынуўся на культурную сталіцу СНД»

Суд Цэнтральнага раёну.

Праваабаронца Анатоль Паплаўны — 15 сутак, зьвінавачаны ў нецэнзурнай лаянцы.

Васіль Такарэнка, Руслан Усьціменка — 15 сутак.

Па двое-трое сутак адміністрацыйнага арышту атрымалі яшчэ тры ўдзельнікі акцыі 3 ліпеня.

Галіна Стараселец і Ірына Працэнка пакараныя штрафамі.

Яўген Сувораў і Андрэй Цянюта, затрыманы яшчэ 1 ліпеня, атрымалі па пяць сутак арышту.

Як паведамляе БелаПАН, актывісты Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» са Жлобіна Валерый Рыбчанка і Алег Кастусёў 3 ліпеня былі дастаўлены ў міліцыю за раздачу інфармацыйных матэрыялаў. Сёньня іх асудзілі на 15 сутак арышту.

«У рэгіёнах судзяць удзельнікаў акцыяў маўклівага пратэсту»

19:00 У Судзе Савецкага раёну Ткачоў Андрэй атрымаў 10 сутак (арт. 17.1 КаАП РБ)

У судзе Маскоўскага раёну за дробнае хліганства (арт. 17.1 КаАП РБ) Алена Дробава атрымала 10 сутак

У судзе Партызанскага раёну

Саліковіч С.В. — 5 сутак
Кашпар Вольга — 20 б.в. (700 тысяч рублёў)
Татаранка Дзьмітры — 10 сутак
Салодкін Юрый — 13 сутак

У Cудзе Фрунзенскага раёну:

Германенка Алег — 10 сутак
Ігнатчык Яўген — 10 сутак
Патапчык Аляксей — 15 сутак
Шаханаў Дзьмітры — 10 сутак
Яўменчыкаў — 10 сутак
Дземскі Дзяніс — 25 б.в. (875 тысяч рублёў)

У судзе Заводзкага раёну:

Казлоўскі Аляксей — 10 сутак
Раманькоў Аляксандр — 10 сутак

«Прызнаеш віну — 5 сутак, не прызнаеш — 10»

18:20 Магілёў. Журналістка Ганна Ільіна асуджаная на 6 сутак зьняволеньня.

18:00 Марыне Лобавай, маці палітвязьня Эдуарда Лобава, у Ленінскім судзе далі штраф 20 базавых велічынь. Сваёй віны жанчына не прызнала.

17:50 Горадня. 12 сутак арышту далі Юрыю Гуменюку, які працуе для беларускай слжубы Польскага радыё, 10 сутак — Алесю Дзянісаву, які супрацоўнічае зь «Белсатам». Іх затрымалі ўчора на Савецкай вуліцы ў цэнтры Горадні, ноч яны прабылі ў ізалятары. Суд быў выязным — у Кастрычніцкім РАУСе.

Былі затрыманыя ўчора таксама Андрэй Фралоў і Мікола Дзятчэня, якія супрацоўнічаюць зь «Белсатам», але пра іхні лёс у іх калегаў зьвестак пакуль няма.

У Кастрычніцкім РАУСе судзілі сёньня і журналіста Ігара Банцара, якога затрымалі 3 ліпеня задоўга да пачатку маўклівай акцыі. Яго зьняволілі на 10 сутак.
17:00 Берасьце. Іван Стасюк — 10 сутак. Аляксандар Чаркашын і Артур Анісімаў — 6 сутак.

15.30 У Маскоўскім судзе Андрэй Галоўкін атрымаў 5 сутак, Вікторыя Банадарэнка 10 сутак, Віталь Абарамаў – 8 сутак. Паводле Андрэя Галоўкіна, ужо каля сямі прысудаў вынесена, а суды пачаліся адразу пасьля 14 гадзінаў, калі яшчэ не былі вывешаныя сьпісы.

15.10 У Маскоўскім судзе Менску Антон Гліністы арыштаваны на 10 сутак. Андрэй Галоўкін прызнаў сябе вінаватым спадзеючыся, што меней дадуць. Яго вывелі з залі, таксама сыйшоў судзьдзя. Журналісты чакаюць.

15.05 У судзе Маскоўскага раёна Менску пачаліся суды над затрыманымі. Прывезьлі 15 чалавек. Тых, каго чакалі ў судзе сваякі, не прывезьлі. За дробнае хуліганства будуць судзіць Аляксея Афанасьева, Віталя Варчэню, Вікторыю Бандарэнку, Ягора Бабая, Дзьмітрыя Гарэцкага, Уладзімера Дудора, Арцёма Гроднікава, Віктара Абрамава, Мікалая Астапчыка, Антона Гліністага, Андрэя Галоўкіна, Алену Дробаву, Сяргея Гаўрылюка, Аляксея Двараніковіча, Ганну Бязрукаву. Судзьдзі – Бандарэнка, Казак, Кострыкаў, Матыль, Краўчанка, Сезін, Шылько. Абяцаюць прывесьці яшчэ адну партыю затрыманых.

15.00 Паводле праваабаронцы Рамана Кісьляка, сёньня адбываюцца суды над грамадзкімі актывістамі Іванам Стасюком, Аляксандрам Чаркашыным і Артурам Анісімавым. Усе абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве. Артур Анісамаў ужо асуджаны на 6 сутак арышту.

14.40 Пасьля абедзенага перапынку ў Ленінскім раённым судзе Горадні пачаўся разгляд адміністрацыйных справаў людзей, якія былі затрыманыя ўвечары 3 ліпеня і да ночы знаходзіліся ў пастарунках. На ганку суду чакалі дзясяткі чалавек.

Ёсьць зьвесткі, што ў першай палове дня судзілі тых затрыманых, каго пакінулі нанач у ізалятары часовага ўтрыманьня і, прынамсі, некаторых зь іх пакаралі арыштам. А некаторым з тых, хто прыйшоў у Ленінскі суд пасьля абеду даюць новую позву на 6 ліпеня.






14.20 Чатырох жыхароў Віцебску, затрыманых учора за тое, што фатаграфавалі акцыю маўклівага пратэсту, аштрафавалі на 70 тысяч кожнага.

Максім Дымаў, Віталь Грыгор’еў, Аляксандар Фадзееў і Васіль Коласаў былі затрыманыя праз дарогу ад плошчы Перамогі, на якой праходзіла акцыя "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" — бліжэй яны нават не падыходзілі. Міліцыянты склалі на кожнага пратакол за лаянку матам у грамадзкім месцы. Ноч хлопцы правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня. 4 ліпеня судзьдзя Першамайскага райсуду Валянціна Кісьмярошкіна прызнала ўсіх чатырох вінаватымі ў дробным хуліганстве.




14.10 Гомель: прысуды ўдзельнікам "маўклівай" акцыі

Судзьдзя Цэнтральнага суда Гомеля Алена Цалкова на падставе адміністрацыйных пратаколаў, складзеных у Цэнтральным РАУСе за лаянку й парушэньне грамадзкага парадку, пакарала арыштамі: на 15 сутак — праваабаронцу Анатоля Паплаўнага, на 2 сутак — Валера Хамутоўскага і Зьмітра Сьцепанца.

Галіна Стараселец аштрафавана на 105 тысячаў рублёў.

Суд над Васілём Такарэнкам не адбыўся з прычыны яго адмовы размаўляць у судзе "на незразумелай яму расейскай мове".

3 ліпеня ў горадзе затрымалі звыш 10 чалавек. Адміністрацыйныя справы ў дачыненьні да іх мае разглядаць і суд Чыгуначнага раёну.

14.05 У Жлобінскім раённым судзе за раздачу 3 ліпеня ўлётак пра "маўклівую" акцыю салідарнасьці пакараны сёньня адміністрацыйнымі арыштамі на 15 сутак грамадзкія актывісты "Справядлівага сьвету" Валер Рыбчанка і Алег Кастусёў.

14.00 У суд Фрунзенскага раёна Менску прывезьлі 21 затрыманага. Імёны ўдакладняюцца. У суд Заводзкага раёна прывезьлі 14 чалавек, паведамляе "Вясна".

13.15 Суд Савецкага раёна Менску арыштаваў на 10 сутак Андрэя Ткачова, паведамляе Праваабарончы цэнтар "Вясна". У судзе Маскоўскага раёна Менску за дробнае хуліганства будуць судзіць Шаламіцкага, Касьпяровіч, Трушнікава, Лівенкава, Жымайдзіка, Віталя Абрамава, Аляксея Двараніновіча. Чакаецца, што суды пачнуцца а 14-й гадзіне. У судзе Кастрычніцкага раёна будуць судзіць Анатоля Сакалоўскага.

13.00 У Маскоўскі суд Менску прывезьлі затрыманых падчас маўклівай акцыі.

12.15 У Смалявічах будуць судзіць затрыманых 3 ліпеня ўдзельнікаў акцыі пратэсту, паведамляе Праваабарончы цэнтар "Вясна".
На цэнтральнай плошчы гораду былі затрыманыя Уладзімер Чайчыц і ягоны паўтарагадовы ўнук Ян. Іх адвезьлі ў РАУС. Затым Яна перадалі маці, а дзеда пакінулі пад вартаю. У цэнтры горада таксама безпадстаўна затрымалі Яўгена Кутузава, Яўгена Саблева, Віктара Баўмана, Павала Трухановіча і Ягора Драгуна. На іх былі складзеныя пратаколы.

12.10 Затрыманых пачалі вывозіць з турмы на Акрэсьціна.

12.00 У Менску бацькі затрыманых, праваабаронцы і журналісты чакаюць у судах, калі прывязуць затрыманых. У канцылярыях судоў ня маюць інфармацыі каго і калі будуць судзіць.

11.40 Горадня: суды над затрыманымі — а 14-й гадзіне

У Горадні а 14-й пачнуцца суды над затрыманымі 3 ліпеня. Тыя, каму выдалі позвы, павінны зьявіцца ў Ленінскі раённы суд гораду.

Учора ўвечары было вядома, што ў Гарадзенскім раённым РАУС утрымлівалі недзе 23 чалавек, у Кастрычніцкім раённым — прыблізна 30 затрыманых. Сярод іх быў і карэспандэнт нашага радыё Міхал Карневіч, якога выпусьцілі пасьля 23 гадзіны, таксама выдаўшы позву ў суд.

Падлікі вёў таксама кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін. Паводле яго, затрыманых магло быць прыблізна 80 чалавек. Але ён ня ведае, ці ўсім далі позвы ў суд — некаторых маглі адпусьціць, узяўшы адбіткі пальцаў і зьняўшы на відэа, мяркуе ён. Тры сябры АГП таксама павінны зьявіцца сёньня ў Ленінскі раённы суд на вул. Даватара.


10.10 Горадня. Як паведаміў журналіст Белсату Павал Мажэйка, падчас учорашняй акцыі было затрымана каля 120 чалавек. На большасьць былі складзеныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Сёньня ад 14.00 у суды выкліканы дзясяткі чалавек. З РАУС Гарадзенскага раёна людзей пачалі выпускаць толькі недзе праз 4 гадзіны пасьля затрыманьня. Не менш за 7 чалавек пакінулі ў ІЧУ на ноч да суду, сярод іх 3 журналісты Белсата, а таксама журналіст і паэт Юрка Гумянюк. У затрыманых бралі адбіткі пальцаў, фатаграфавалі, здымалі на відэа.

9.43 Праваабаронцы: затрымана каля 300 чалавек

Чакаецца. што затрыманых падчас маўклівай акцыі ў Менску будуць судзіць у Кастрычніцкім, Маскоўскім, Фрунзенскім і Завадзкім судах.