Amnesty International: беспрэцэдэнтнае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International у сваёй заяве канстатуе, што праз 6 месяцаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ціск на іншадумства ў гэтай краіне не слабее.

Amnesty International працягвае заклікаць да вызваленьня ўсіх вязьняў сумленьня, якія былі затрыманыя і асуджаныя за мірнае ажыцьцяўленьне свайго права на свабоду сходаў і выказваньне меркаваньняў.

Арганізацыя зноў заклікае беларускія ўлады паважаць правы ўсіх зьняволеных і правесьці неадкладнае і бесстароннае расьсьледаваньне абвінавачаньняў у парушэньнях правоў чалавека, якія мелі месца, уключаючы катаваньні і жорсткае абыходжаньне ў месцах пазбаўленьня волі.

Апошнія шэсьць месяцаў назіраецца беспрэцэдэнтнае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, адзначае Amnesty International. Ключавыя фігуры апазыцыі былі затрыманыя, сталі ахвярамі жорсткага абыходжаньня і былі асуджаныя па выніках несправядлівых судовых працэсаў. Недзяржаўныя арганізацыі, актывісты грамадзянскай супольнасьці і журналісты зазналі перасьлед.

На сёньняшні дзень Amnesty International выявіла 12 вязьняў сумленьня ў Беларусі, якія былі асуджаныя ў сувязі з пасьлявыбарнымі пратэстамі. Арганізацыя мяркуе, што сьпіс вязьняў сумленьня можа быць пашыраны, дасьледаваньне кожнага выпадку працягваецца.

Amnesty International нагадвае беларускім уладам, што права на справядлівы судовы разбор зьяўляецца асноўным правам чалавека і выступае ў якасьці фундамэнтальнай гарантыі таго, каб людзі не былі несправядліва пакараныя.

Сьпіс асобаў, прызнаных Amnesty International вязьнямі сумленьня:

Андрэй Саньнікаў

Мікола Статкевіч

Дзьмітры Вус

Аляксандар Атрошчанкаў

Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Дашкевіч

Эдуард Лобаў

Алесь Кіркевіч

Павал Севярынец

Дзьмітры Буланаў

Мікіта Ліхавід

Фёдар Мірзаянаў