«Пэнсіянэры цяпер выжываюць і дажываюць»

Your browser doesn’t support HTML5

Урад Беларусі абяцае падвысіць працоўныя пэнсіі цягам бліжэйшых двух-трох месяцаў. Тым часам рэзкая дэвальвацыя беларускага рубля і падвышэньне коштаў на тавары і паслугі ўжо зараз моцна ўдарылі па найменш забясьпечаных катэгорыях жыхароў краіны. Сярод іх найперш — пэнсіянэры.

Іван Ігнатавіч Антанюк — пэнсіянэр са стажам: на пэнсію пайшоў яшчэ за савецкім часам, а таму на ўласным прыкладзе ацэньвае, як зьмяніўся ўзровень жыцьця старэйшых людзей за апошнія 20 гадоў. Гутарым у двары ягонага дома — Іван Ігнатавіч сабраўся ў краму:

«На той час я атрымаў вельмі добрую пэнсію — 183 рублі 30 капеек. Для мяне гэта быў, можна сказаць, „залаты век“. Калі ўлічваць, што на той час бульба 7–9 капеек каштавала, бохан хлеба — 20 капеек, дзясятак яек — 1 рубель 10 капеек ці колькі там — словам, мне хапала, яшчэ і заставалася».

Карэспандэнтка: «Што мянялася з часам?».

Антанюк: «А што мянялася? Пачалася перабудова — падзелім яе на некалькі пэрыядаў. Скажам, пэрыяд Станіслава Шушкевіча. Ён быў невялікі, гэты пэрыяд, але адметны: дробны і сярэдні бізнэс у той час атрымаў падтрымку і разьвіцьцё. Усюды зьявіліся шапікі, дзе мы маглі набыць і муку, і цукар, і алей, і піва — і ўсё таньней, чым у дзяржаўных крамах. Але камусьці гэта не спадабалася — усё гэта пазачынялі і нас ізноў вярнулі ў камуністычнае стойла. І пачалося: пачаўся маратон, ці дакладней сказаць, спаборніцтва паміж прыбаўкамі да пэнсій і прыбаўкамі ў коштах. Як толькі пачыналіся чуткі, што вось-вось падвысяцца пэнсіі, дык адразу пачыналі расьці кошты. І тое, што ўлады прыбавілі, тое ж праз кошты забіралі назад. І больш за тое — яшчэ і лішняга прыхоплівалі. І так доўжылася заўсёды, аж да гэтага часу. А зараз — дык гэта ня проста абвал, я лічу, што гэта катастрофа сыстэмы. Паглядзіце, што робіцца з коштамі — гэта катастрофа. А паслухаеш дзяржаўнае радыё і дзяржаўнае тэлебачаньне — дык там усё добра. Як быццам гэтага абвалу, які насамрэч існуе, нібыта яго і няма. Зараз я іду ў краму — пойдзем, паглядзім, якія там кошты. Як жыць, ня ведаю».

Ідзем у краму, дзе нам забараняюць фатаграфавацца, а тым больш здымаць вітрыны і цэньнікі. Аднак пасьля тлумачэньняў з аховай і адміністрацыяй усё ж працягваем напаўняць штодзённы спажывецкі кошык пэнсіянэра. А потым падрахоўваем, што купілі і колькі патрацілі:

Карэспандэнтка: «Іван Ігнатавіч, вось зараз мы выйшлі з крамы — што ў вашым прадуктовым кошыку?».

Антанюк: «Зараз паглядзім. Самае неабходнае — будзем перакладаць і лічыць: мука, шматкі, тварог, цукар, сыр, кефір і малако. Хлеба, бульбы, гародніны — гэтага нічога я ня браў. І зараз паглядзім, колькі я заплаціў — 31 тысяча 330 рублёў».

Карэспандэнтка: «А чаму ў вашым кошыку няма мяса і каўбасаў?».

Антанюк: «Мяса, каўбасы, рыбу мы вельмі рэдка ямо — вельмі дорага. Да прыкладу, каўбаса кшталту кракаўскай ці адэскай — яны вельмі дарагія і чамусьці салёныя, вельмі салёныя — ня ведаю, чаму. Гэтак на самае неабходнае ў сярэднім я мушу выдаткоўваць 30 тысяч рублёў штодня. У сярэднім».

Іван Ігнатавіч Антанюк — пэнсіянэр вайсковы. А таму ягоная пэнсія вышэйшая, чым у жонкі — былой настаўніцы геаграфіі. У адрозьненьне ад мужа-беларуса, яна мае расейскае паходжаньне. Гаспадар запрашае ў дом, дзе працягваем гаворку разам з гаспадыняй, Сьвятланай Віктараўнай Антанюк.

Гаспадар: «Я вайсковы пэнсіянэр, і мая пэнсія на 300 тысяч рублёў большая, чым у жонкі».

Карэспандэнтка: «І ваша пэнсія разам на дваіх чалавек складае колькі?».

Гаспадар «Каля паўтара мільёна рублёў».

Карэспандэнтка: «І на якія патрэбы вы выдаткоўваеце гэтыя грошы?».

Гаспадар: «Толькі на харчаваньне, галоўным чынам на харчаваньне і на лекі. Нам набыць неабходныя лекі — гэта праблема. Вось мая жонка — бачыце, якая прыгажуня — дык вось яна перанесла тры вельмі складаныя апэрацыі. Пасьля гэтага ёй трэба былі лекі — 413 тысяч рублёў — вось такі пакуначак гэтых лекаў. Набылі, а яна атрымала пэнсіі 600 тысяч — і што б у яе засталося, каб не мая пэнсія? Як бы ёй пражыць было? За кватэру ж трэба плаціць таксама, а лекі ёй патрэбныя. І ўсё, што вы тут зараз бачыце — канапа, буфэт, стол, тэлевізар, кажух вунь вісіць — усё гэта набытае за савецкім часам. Пазьней — крыху чаго з адзеньня, і ўсё».


Гаспадыня: «Паехалі ў краму, набылі для яго шкарпэткі, майку, кашулю — усё, гэта ўжо адарваць ад рота, ад харчаваньня. Ківі там, апэльсіны ці бананы гэтулькі і гэтулькі каштуюць — мы гэта толькі і ведаем, што яны каштуюць, а набыць іх ужо ня можам, няма за што. Таму звычайная макарона, кавалачак мяса якога, і ўсё».

Гаспадар: «Карацей, выжываем і дажываем. Хацелі зьезьдзіць на радзіму жонкі ў Тамбоў, яна ў мяне з Тамбова, — там пахаваньні яе маці, бацькі, брата — ну, усіх сваякоў, — каб пакланіцца і ўшанаваць іх памяць. Мы ня можам, дзе ж ты грошай возьмеш?».

Карэспандэнтка: «А калі і куды вы езьдзіце ў адпачынак?».

Гаспадар: «Які адпачынак? Я ў сваім пакоі адпачываю, а яна ў сваім адпачывае, і перагукваемся: ты жывая? Жывая, я таксама жывы. Пра які адпачынак можа ісьці гаворка з нашымі грашыма, вой, Божа! Тым больш што ў нас ніякага пабочнага даходу няма — ні лецішча, нічога, і жывем толькі на пэнсію, выключна на пэнсію».

Карэспандэнтка: «А хацелі б паехаць у адпачынак ці да сваякоў?».

Гаспадар: «Вой, безумоўна, безумоўна! А хто б гэтага не хацеў? Тым больш што здароўе яшчэ дазваляе, мы б з задавальненьнем паехалі, але ж магчымасьцяў няма».

Карэспандэнтка: «А вашы дзеці — вы для іх апора ці яны для вас у гэты час?».

Гаспадар: «Дачка і сын маюць вышэйшую адукацыю, працуюць. У іх свае сем’і і клопаты, але ад нас нічога ня просяць. Хіба толькі ўнучка „падсуседзіцца“ — я яе вельмі люблю і ні ў чым стараюся не адмаўляць — як толькі чым магу, так і дапамагаю. А хто ёй дапаможа, як ня дзед? Таму вось бачыце — так і жывем. Не жывем, а выжываем і дажываем — жыцьця ў нас, па сутнасьці, няма».

Карэспандэнтка: «А калі вы ішлі на пэнсію, то як уяўлялі вашае жыцьцё пэнсіянэра?».

Гаспадар: «Нават у самым горшым сьне ня бачыў, што будзе ўсё так. А на гэты момант, дык гэта проста катастрофа сыстэмы, і гэта кожны адчувае».

Карэспандэнтка: «Што вы пра гэта ўсё мяркуеце, што вы думаеце пра бліжэйшую будучыню краіны? Якія ў вас чаканьні?».

Гаспадар: «Пры такой уладзе ніякай будучыні ў нас няма. Яе трэба мяняць: у нас жа ёсьць і добрыя палітыкі, і добрыя эканамісты, а мы іх нікога ня ведаем — іх нікуды не дапускаюць. Неабходна наладзіць шырокую дыскусію, каб мы маглі абраць сапраўды кіраўнікоў-прафэсіяналаў. Я не прафэсійны палітык і аналітык, але я гэтак бачу сытуацыю».