«Бэнзін, якім тушаць полымя».

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка правёў сёньня нараду па пытаньнях эканомікі. Ён загадаў ад заўтрашняй раніцы адкруціць назад цэны на аўтамабільнае паліва.

Аляксандар Лукашэнка распарадзіўся зьнізіць ад раніцы 9 чэрвеня цэны на паліва. Ён сказаў: «Давайце дамовімся: паліва ад заўтрашняй раніцы будзе не 5200–5100, а максымум 4500 рублёў. Таму можаце ісьці і абвясьціць усім: 4500 — гэта максымум, гэта я бяру самы дарагі бэнзін. Ад гэтага будзем лічыць і дызэльнае паліва. І больш танны бэнзін — нізкаактанавы».

Паводле Лукашэнкі, у далейшым кошт бэнзіну ня будзе рэзка расьці і будзе прывязаны да курсу даляра, калі той усталюецца. Ён мяркуе, што да 1 студзеня будзе курс даляра 4500–5000 рублёў. Калі будзе 4500 рублёў, то кошт паліва не памяняецца. Калі будзе 5000 рублёў, то трэба працаваць па цэнаўтварэньні, дадаючы ў квартал па 2–3%.

Аляксандар Лукашэнка таксама дадаў, што, магчыма, давядзецца «адкручваць цэны» і па іншых групах тавараў.

Камэнтуючы паліўнае рашэньне кіраўніка краіны, эканаміст Дзьмітрый Крук сказаў, што яно цалкам палітычнае і ня мае ніякага дачыненьня да эканомікі.

«Як гэта можна зрабіць? Адзінае, што цэны на паліва можна зьменшыць, зьмяншаючы акцызы, якія маюць вельмі вялікую вагу ў кошце бэнзіну. Але ў гэтым выпадку зьяўляецца пытаньне, за кошт чаго будуць кампэнсаваныя страты для бюджэту, калі гэтыя паступленьні ад акцызаў зьменшацца. А што тычыцца таго, ці сьведчыць гэта пра паляпшэньне сытуацыі ў эканоміцы? Не, ніяк ня сьведчыць. Гэта выключна палітычнае рашэньне».

Эканаміст Леанід Злотнікаў адзначае, што падвышэньне цэнаў на паліва на 30% выклікала незадавальненьне ў значнай колькасьці людзей, бо ледзьве ня кожная сям’я мае аўтамабіль.

«Такія пратэсты аўтамабілістаў у Менску, напэўна, паўплывалі. Але ж гэта часовая мера, такое адступленьне. Бо потым цана да аднаго даляра наблізіцца так ці інакш. Гэта такое часовае адступленьне. Але не назаўсёды».
Цана да аднаго даляра наблізіцца так ці інакш. Гэта такое часовае адступленьне.

Пра што сьведчаць такія кіданьні з цэнамі: то павышаюць, то на наступны дзень, па загадзе Лукашэнкі, зьніжаюць?

Злотнікаў: «Ён цяпер у сваёй талерцы. Як у савецкія часы. І цяпер такое кіраваньне цэнамі, плянамі, іншымі паказчыкамі ў эканоміцы. То бок старая намэнклятура зьвяртаецца да таго, што яна ведае. І іншага яны ня ведаюць і ня хочуць».

Былы кандыдат у прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка сказаў, што гэта чарговая казка, у якую ён ня верыць, як і бальшыня народу.

«Падзеньне курсу беларускага рубля, іншымі словамі, дэвальвацыя будзе працягвацца. Рэзэрваў і магчымасьцяў, каб спыніць каляпс у эканоміцы, ва ўраду проста няма. Любыя словы павінны пацьвярджацца доказамі і абгрунтаваньнямі. А яны проста адсутнічаюць. Гэта чарговая казка. У эканоміцы два плюс два — пяць ня будзе. Гэта ўсё чарговыя папулісцкія меры, якія вядуць да падзеньня эканомікі».

Камэнтуючы прапанаванае кіраўніком краіны адкручваньне цэнаў, спадар Цярэшчанка сказаў:

«Усё, што цяпер адбываецца ў эканоміцы Беларусі, розумам эканаміста не зразумець. Усё робіцца наадварот, каб давесьці да банкруцтва шэраг прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу, шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў, абмежаваць экспарт. Натуральна, ёсьць абмежаваньне па імпарце, але на шкоду таваравытворцам».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што Лукашэнка працягвае гульню ў добрага цара. Ён лічыць, што гэта рэакцыя на ўчорашнія пратэсты аўтааматараў.

«У любым выпадку гэта будзе абвастраць сытуацыю і набліжаць сацыяльны выбух. Тут ёсьць пэўная пагроза для ўлады, бо можа ўзьнікнуць спакуса для іншых груп насельніцтва: калі ты арганізаваны, калі ты выходзіш, то можаш адстойваць свае інтарэсы. І гэта можа справакаваць шэраг такіх выступаў у эканамічных і сацыяльных пытаньнях. І гэта можа выканаць функцыю бэнзіну, якім тушаць полымя».