Ладуцька патлумачыў, чаму падаражэлі цыгарэты

Мікалай Ладуцька

Старшыня Менскага гарыывыканкаму Мікалай Ладуцька пракамэнтаваў сёньня падвышэньне коштаў на цыгарэты.

«Тытунь у нас на 100% імпартны. Гарадзенская тытунёвая фабрыка толькі за травень атрымала 15 мільярдаў стратаў. 15 мільярдаў! Можна было б згарнуць гэтую вытворчасьць і цыгарэты больш не выпускаць, Але ж таньнейшымі ад гэтага яны ня стануць. І таму застаецца купляць за валюту тытунь, прывозіць яго да нас і тут вырабляць цыгарэты. Гэта — адназначна таньней».

З 8 чэрвеня, як ужо паведамляла «Свабода», падаражэлі цыгарэты сярэдняга і вышэйшага цэнавага сэгмэнту як айчыннай, так і імпартнай вытворчасьці — у сярэднім на 30–60%.

Мікалай Ладуцька сказаў, што ў Менску ў звычайны дзень прадаюць 8 мільёнаў штук цыгарэтаў. А ў так званыя дні павышанага попыту — да 20 мільёнаў.

Ён дадаў, што актыўных курцоў у Беларусі два мільёны, а цыгарэтаў, якія цяпер назапашаныя ў краіне, хопіць на 37 дзён гандлю.