"Калі прадукты стануць таньнейшымі, то яны зьнікнуць"

Распараджэньнем ураду краіны да 1 ліпеня зьніжаныя гандлёвыя надбаўкі на шэраг харчовых тавараў. Цягам 90 дзён цэны на іх будуць замарожаныя. Ці адчулі клопат дзяржавы пакупнікі ўнівэрсамаў і як адміністрацыйнае рэгуляваньне паўплывае на эканамічнае становішча?

У вітрынах харчовых крамаў гэтымі днямі можна пабачыць абвесткі, што на асобныя віды тавараў "зьніжаныя гандлёвыя надбаўкі". Як гэта адбілася на коштах, цікаўлюся ў прадавачак прадуктовай крамы, якая належыць Беларускай чыгунцы:

Прадавачка: "Я б сказала, што ненашмат: кава — ненашмат, на 300 рублёў, цукеркі "падушачкі" — на 500 рублёў. Трубачкі вафэльныя, кандытарскія вырабы — гэта яшчэ больш-менш заўважна. Вырабы "Камунаркі" — адсотак зьніжаны, але я б не сказала, што нашмат. Але ж перад гэтым падвысілі істотна, а зьнізілі крыху".
На плоце бывае сёе-тое іншае напісана, а за плотам насамрэч — дровы. Папраўдзе, дык цэны вырасьлі, і вырасьлі істотна


Паводле распараджэньня ўраду краіны, часова рэгуляванымі застануцца цэны на 13 найменьняў прадуктаў, у тым ліку — на каўбасы, рыбу, гародніну, бакалейныя тавары. Ці адчулі гэта спажыўцы, цікаўлюся ў наведнікаў крамаў:

Спадарыня: "Не, я нічога не адчула. Цэны паднялі ўтрая. А апусьціць не апусьцілі. Як падвысілі — так і засталіся".

Карэспандэнтка: "У крамах зараз напісаныя абвесткі, што зьніжаныя гандлёвыя надбаўкі на групы тавараў…".

Спадар: "Ведаеце, на плоце бывае сёе-тое іншае напісана, а за плотам насамрэч — дровы. Папраўдзе, дык цэны вырасьлі, і вырасьлі істотна".

Карэспандэнтка: "А зьніжэньне?"

Спадар: "Толькі словы".

Карэспандэнтка: "Ці адчулі вы зьніжэньне цэнаў?"

Спадарыня: "Не, абсалютна. А падвышэньне — так".

Карэспандэнтка: "Ці сапраўды захады ўладаў дазволяць стрымаць рост цэнаў?"

Спадарыня: "Я думаю, што нерэальна стрымліваць рост цэнаў. Яны як расьлі, так і будуць расьці, бо вытворцы таксама адштурхоўваюцца ад цэнаў, у тым ліку на сыравіну, якая набываецца ў замежжы, і гэтак далей. Таму я лічу, што на гэты момант спыніць гэтую сытуацыю нерэальна".

Становішча на спажывецкім рынку харчовых тавараў камэнтуе палітык і эканаміст Леў Марголін:

"Гандлёвыя надбаўкі і так зьніжаныя да самага мінімуму, і калі будуць зьніжаныя яшчэ, то крамы ня змогуць працаваць, бо будуць стратнымі. Таму рэальна цэны зьнізіліся на 100—200 рублёў. Гэта па-першае, а па-другое — калі цэны на нейкія тавары будуць рэгулявацца адміністрацыйнымі сродкамі, то мы прыйдзем да таго, што зазналі яшчэ ў Савецкім Саюзе — яны зьнікнуць з паліцаў, бо ніхто не захоча гандляваць стратнымі таварамі. І тут усё залежыць ад працы прадпрыемстваў: яны мусяць добра працаваць і выплачваць сваім працаўнікам добрыя заробкі. Іншага выйсьця з гэтага становішча няма".