Пытаньне крэдыту МВФ пакуль адкрытае

МВФ толькі што атрымаў запыт ад уладаў Беларусі аб фінансавай падтрымцы. Пытаньні аб тым, ці дасьць крэдыт МВФ і якія могуць быць яго ўмовы, маюць вырашацца на пазьнейшай стадыі падрыхтоўкі праграмы.

Пра гэта карэспандэнту "Свабоды" заявіла сталая прадстаўніца МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна.


"З 1-га па 13-га чэрвеня ў Беларусі працуе місія МВФ. Яе візыт быў заплянаваны раней для правядзеньня постпраграмнага маніторынгу. Місія абмяркуе меры эканамічнай палітыкі, якія могуць дазволіць аднавіць эканамічную стабільнасьць і забясьпечыць пераход эканомікі да высокага і ўстойлівага росту. І місія скарыстае гэтую магчымасьць, каб абмяняцца з уладамі думкамі пра магчымыя наступныя крокі ў адказ на іх просьбу аб праграме падтрымкі".

Радыё Свабода. Ці прыедзе яшчэ дадатковая місія МВФ альбо ўсе пытаньні адносна крэдыту будуць вырашаныя ўжо падчас гэтай місіі?

"Я не магу камэнтаваць гэта, бо наша місія пачалася толькі з 1 чэрвеня. Таму яшчэ зарана казаць пра тое, што будзе".

Натальля Калядзіна адмовілася камэнтаваць заяву прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча пра тое, што Беларусь разьлічвае на крэдыт у памеры ад 3,5 да 8 мільярдаў даляраў на працягу 3—5 гадоў.

Радыё Свабода: З пункту гледжаньня МВФ наколькі цяжкі крызіс ў Беларусі ў параўнаньні зь іншымі краінамі, скажам з Грэцыяй ці з пасьлярэвалюцыйнымі краінамі Магрыбу?

Гэта азначае, што прыватызацыя павінна быць празрыстай, каб усе разумелі, як яна робіцца, і не ўзьнікала ніякіх ніякіх пытаньняў, што тыя ці іншыя актывы прададзеныя занадта дорага ці занадта танна

Натальля Калядзіна: Мне здаецца, што крызіс у Грэцыі -- іншага характару. Гэта ў пэўнай ступені крызіс фінансавай сыстэмы. Што тычыцца Беларусі, то я не назву гэта крызісам, але сытуацыя на валютным рынку вельмі ўскладнілася, падвышаецца інфляцыя, і гэта выклікае занепакоенасьць. Што тычыцца глыбіні гэтых праблемаў, то я пакуль не магу гэта камэнтаваць, бо менавіта іх ацэнкай і будзе займацца місія.

Радыё Свабода: Падставай для выдзяленьня крэдыту стане праграма, ўзгодненая паміж урадам Беларусі і Фондам. Беларускі прэзыдэнт рэзка крытычна выказаўся наконт умоваў шырокамаштабнай прыватызацыі, якой Расея абумоўлівала сваю крэдытную падтрымку Беларусі. Якое месца можа заняць прыватызацыя ў гіпатэтычнай праграме, якая стане ўмовай крэдыту МВФ?

Калядзіна: Яшчэ рана казаць пра праграму Фонду, прайшло толькі два дні з таго моманту, як улады зьвярнуліся ў Фонд з такой просьбай. У межах папярэдняй праграмы мы падтрымлівалі меры па прыватызацыі, ў прыватнасьці, стварэньне агенцтва па інвэстыцыях і прыватызацыі. Нам бы хацелася, каб прыватызацыя рабілася ў інтарэсах эканомікі Беларусі, ў інтарэсах народу. Гэта азначае, што прыватызацыя павінна быць празрыстай, каб усе разумелі, як яна робіцца, і не ўзьнікала ніякіх ніякіх пытаньняў, што тыя ці іншыя актывы прададзеныя занадта дорага ці занадта танна.

Пажадана, каб прыватызацыя рабілася на прафэсійна аснове. Гэта надасьць упэўненасьці ўсім, што нацыянальныя актывы, якія будуць прапанаваныя на прыватызацыю, будуць прыватызаваныя на найбольш спрыяльных умовах. А яны будуць дасягнутыя, калі прыватызацыя робіцца на канкурэнтнай аснове, калі не адзін інвэстар спрабуе дамовіцца наконт цаны і тых актываў, якія ён хоча набыць, а існуе канкурэнцыя паміж інвэстарамі. Мы падтрымліваем прыватызацыю і мяркуем, што працэс пайшоў. Але на тых умовах, якія я апісала.

***

Місія МВФ працягвае сустрэчы ў Менску.

У прэс-службе Нацбанку паведамілі, што старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч на бальнічным і сустрэчы яго зь місіяй МВФ могуць адбыцца толькі на наступным тыдні.

Урад і Нацбанк Беларусі 31 траўня накіравалі ў Міжнародны валютны фонд зварот аб выдзяленьні новага стабілізацыйнага крэдыту.