Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску не спадзяюцца на лёгкія перамовы з МВФ


Афіцыйны Менск пакуль ня вызначыўся з сумай новага крэдыту МВФ. Прадстаўнікі дзяржорганаў чакаюць вельмі складаных перамоваў з МВФ.

"Пакуль ёсьць толькі палітычнае рашэньне, сэнс якога ў пазытыўным сыгнале зьнешнім контрагентам Беларусі, пазыцыя якіх у справе далейшага супрацоўніцтва становіцца ўсё больш жорсткай", — заявіў Інтэрфаксу прадстаўнік зацікаўленага ведамства.

Ва ўрадавых колах таксама мяркуюць, што прыкладная сума запазычаньняў сфармуецца зыходзячы з патрэбаў Беларусі ў зьнешнім фінансаваньні, з аднаго боку, і ацэнкі рэалізацыі структурных рэформаў, якія былі заплянаваныя ў пэрыяд дзеяньня папярэдняй праграмы, у 2009—2010 гадах.

Прадстаўнікі дзяржорганаў чакаюць вельмі складаных перамоваў з МВФ. "З улікам вядомай пазыцыі МВФ адносна мэханізмаў рэгуляваньня на фінансавых рынках можна з упэўненасьцю выказаць здагадку, што ад нас патрабуюць гнуткасьці абменнага курсу. Гэта значыць — фактычна адпусьціць яго і праводзіць рынкавыя біржавыя таргі для вызначэньня рэальнага абменнага курсу. МВФ таксама будзе рэкамэндаваць зьняць нядаўна ўведзеныя абмежаваньні па цэнаўтварэньні, чарговым разам рэзка павысіць базавыя стаўкі і, натуральна, актывізаваць прыватызацыю, замарозіць ці нават зьнізіць зарплату бюджэтнікам, рэзка скараціць рэсурсную падтрымку дзяржбанкаў. У цэлым усё гэта накіравана на мінімізацыю ўнутранага попыту, што дазволіць стабілізаваць зьнешні плацёжны балянс. Прычым яны чакаюць ад уладаў ініцыятыўных рашэньняў", — заявіў адзін з чыноўнікаў.

Урад і Нацыянальны банк Беларусі 31 траўня зьвярнуліся ў Міжнародны валютны фонд па стабілізацыйны крэдыт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG