Вучні Андропава

На рынку ў Горадні.

На тле вострага эканамічнага крызісу ў Беларусі працягваецца кампанія навядзеньня парадку і дысцыпліны. Месяц таму Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў пераймаць у гэтай справе савецкі досьвед пачатку 80-х гадоў, кароткага перыяду кіраваньня генсека КПСС Юрыя Андропава. Тады міліцыя і спэцслужбы ў разгар працоўнага дня наладжвалі аблавы ў крамах і кінатэатрах, каб выявіць прагульшчыкаў

Як андропаўскі досьвед выкарыстоўваюць у сучаснай Беларусі — даведваліся рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Умацаваньне дысцыпліны на шляху да банкруцтва

Рэйдавыя праверкі выкананьня працоўнай дысцыпліны, якія зь ініцыятывы кіраўніка дзяржавы набылі назву «андропаўскія», на Гомельшчыне ладзяць нават ноччу.

У Жлобіне супрацоўнікі міліцыі разам з прадстаўнікамі ўлады правяралі ноччу будаўнічыя падразьдзяленьні мясцовай управы «Мэталюргбуд».

У Мазыры кіраўнікі прадпрыемстваў пачалі выдаваць унутраныя загады, каб людзі не хадзілі нават з цэху ў цэх.

Апавядае адзін з працаўнікоў мазырскага прадпрыемства «Беларуськабель»:

«Загад дырэктар напісаў, і прачыталі яго нам начальнікі, каб дэкрэт прэзыдэнта № 1 выконваўся. Каб без патрэбы не хадзілі з цэху ў цэх, ня соваліся і былі на сваіх працоўных месцах. Калі раней мы выходзілі з цэху і на прахадной былі ў 16:30, то зараз у трыццаць хвілінаў мы павінны толькі выйсьці з цэху».

На заводзе створана група кантролю, якую ачоліў начальнік службы вытворчай бясьпекі. Яна ў любы час можа праверыць, чаму рабочы ідзе па тэрыторыі заводу. Людзі цяпер пабойваюцца хадзіць нават у кулінарыю, дзе, бывае, бяруць прадукты харчаваньня ў лік зарплаты. Вальней сябе адчуваюць толькі тыя, хто атрымлівае малако ці сок за шкодныя ўмовы працы. Пайшоў па малако — і купіў сабе дамоў курыцу ці кавалак каўбасы.

Тым часам на заводзе іншы раз шмат часу марнуецца з прычыны адсутнасьці матэрыялаў. Аднак з працоўнага месца чалавек ня мае права адлучыцца:

«На месцы сядзяць, вакол сваіх станкоў альбо ля майстра — і чакаюць, калі падвязуць матэрыялы».

У абласным цэнтры нядаўна супрацоўнікі аховы парадку й дзяржкантролю правялі рэйд ва ўнівэрмагу «Гомель». Перапісвалі ўсіх, хто апынуўся ў гэты час у гандлёвым прадпрыемстве, дзе працуюць і дзяржаўныя гандляры, і індывідуальныя прадпрымальнікі.
Не працуюць кандыцыянэры, эскалятар. Уладу не цікавіць, як выжываюць прадпрымальнікі.

Прадпрымальнік Уладзімер так ацэньвае намаганьні ўладаў навесьці працоўную дысцыпліну:

«Гэта мы ўжо праходзілі і на гэтыя граблі ўжо наступалі. Так, вецер ганяюць, каб даць справаздачу Колеваму тату, што ўсё пад кантролем. Ва ўнівэрмагу страшныя ўмовы працы — не працуюць кандыцыянэры, эскалятар. Уладу наагул не цікавіць, як выжываюць прадпрымальнікі».

Тым часам эканамічны крызіс штурхае і прадпрыемствы, і асабліва прадпрымальнікаў да банкруцтва. У новым паркінгу ля Цэнтральнага рынку ад 1 чэрвеня спынілі працу дзясяткі прадпрымальнікаў.

Апавядае прадпрымальніца, маці траіх дзяцей, якая сёньня вымушана згарнуць у паркінгу свой гандаль:

«Мы практычна сталі банкрутамі. Пакупніцкая здольнасьць людзей упала да абсалютнага мінімуму. Цэны на ўсё вырасьлі, і нам трэба іх, натуральна. пералічваць паводле новага курсу. А хто тады ў нас купіць гэты абутак? Людзі заробкі атрымліваюць ранейшыя, а шмат каму нават іх зьніжаюць. Купляць ім няма за што. Адпаведна, мы скаціліся на мяжу банкруцтва».

У новым паркінгу ля Цэнтральнага рынку.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Пад «андропаўскія» праверкі трапілі настаўнікі

На Магілёўшчыне аднымі зь першых пад удар «андропаўшчыны» трапілі настаўнікі. Кіраўніцтва навучальных устаноў на пэдагагічных радах рэгулярна зачытвае ім распараджэньні аб узмацненьні кантролю за дысцыплінай.

На такіх пасяджэньнях настаўнікам паведамляюць пра факты пакараньня іхніх калегаў за парушэньні дысцыпліны. Спасылаюцца на дакумэнты дзяржкантролю. Гаворыць адна з настаўніц:

«Была такая нарада. Нас папярэдзілі. Наш прафорг запытаўся: «А калі чалавеку трэба ці ў аптэку, ці дзіця захварэла — трэба адысьці?». Адказалі: «Калі такое здарыцца й гэтага чалавека зловяць, то яму мала не падасца. Мне патрэбны быў дзень, я пісала заяву, каб яго далі коштам адпачынку».

Пасьля праверкі дзяцей адпусьцілі, а настаўніцы — прыгразілі.
Яшчэ адна настаўніца расказала, што адпусьціла дзяцей у краму, каб тыя набылі прысмакаў для ранішніка. Заняткі на той момант скончыліся. У краме была праверка, якая затрымала школьнікаў. Сярод кантралёраў былі прадстаўнікі школьнай адміністрацыі. Пасьля разбораў дзяцей адпусьцілі, а настаўніцы прыгразілі сур’ёзнымі для яе наступствамі, калі такое паўторыцца яшчэ раз.

Тэма аблаў у крамах і буйных гандлёвых цэнтрах — адна з галоўных у людзей, калі гутарка заходзіць пра сёньняшнюю эканамічную сытуацыю. Ходзіць пагалоска пра праверкі ў Бабруйску й Магілёве. Маўляў, сярод дня там крамы зачыняюць, невядомыя асобы правяраюць у пакупнікоў дакумэнты й выпытваюць, чаму тыя не на працоўным месцы. Гандляры гэтых фактаў не пацьвярджаюць.

Дэпутатам таксама нагадалі пільнаваць дысцыпліну

Узмацняць дысцыпліну выканаўчая ўлада патрабуе і ад дэпутатаў мясцовых саветаў. Пра гэта кажа дэпутат Асіповіцкага райсавету Аляксей Цюлькоў. Паводле дэпутата, пытаньне дысцыпліны цяпер не настолькі важкае, як праблемы эканамічнага характару.

«У нас была апошняя сэсія райсавету, і толькі нам нагадалі, што ёсьць такое пытаньне й што мы павінны пільнаваць дысцыпліну. Апошняя ў нас была падзея — пазачарговая сэсія райсавету. На ёй было пытаньне пра пераразьмеркаваньне бюджэтных сродкаў. Гаворка была пра зьмяншэньне бюджэту й скарачэньні. Вось гэта ўжо да нас дайшло».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Нам трэба давяраць, а не правяраць»

Сёньня карэспандэнт «Свабод»ы высьвятляў ля Цэнтральнага рынку ў Горадні — што думаюць жыхары наконт так званых «андропаўскіх» праверак, якімі ўлады змагаюцца з крызісам?

Спадарыня: «Чула, што будуць правяраць „іпэшнікаў“. А так — крызіс, змагаюцца — чым?.. Што думаць: вялікія людзі зь вялікімі грашыма яшчэ больш разбагацелі, а астатняе насельніцтва яшчэ больш упала — вось і ўсё».

Спадар: «Усё ў псыхалёгію ўпіраецца: у кожнага ў галаве свой крызіс, я лічу. Хто як думае — так і жыве».

Спадарыня: «Асабіста мне гэта прыкра: мы дарослыя людзі, і намі павінна кіраваць сумленьне, а не Лукашэнка і ўся ягоная каманда. Нас не правяраць трэба, а нам трэба давяраць. Тады будзе парадак у нас у краіне. Калі мы дэмакратычная краіна, як нам гавораць, то гэта праўленьне народу, воля народу, а ў нас адзін чалавек правіць усім народам. І гэта нікуды ня варта, я так лічу».

Спадар: «Ніякія праверкі не патрэбныя, у людзей толькі адзін страх, больш нічога. Кожны чалавек у нас у краіне баіцца ўсяго, выказацца, толькі паміж сабой у падваротнях шушукаюцца, а выказаць сваю думку дзесьці баяцца ў грамадзкім месцы».

Будзе так, як павінна быць, а ня так, як хтосьці хоча там зьверху.
Спадарыня: «Чалавек будзе гаварыць пра тое, што яму не падабаецца, але ўголас будзе баяцца выказацца, таму што ведае, што нашае правасудзьдзе толькі знае — у турму, пакараць. Страх паралізуе чалавека, таму ўсе гэтыя праверкі андропаўскія — яны ні да чога добрага не прывядуць. На ўсякі яд ёсьць проціядзьдзе, і людзі будуць шукаць выйсьця са становішча, і ўсё роўна будзе так, як павінна быць, а ня так, як хтосьці хоча там зьверху».

Спадар: «Ды наўрад ці яны дапамогуць. Гэта ўсё вяртаецца да мінулага — андропаўшчына: зноў па кінатэатрах беганьне».

Спадарыня: «Няма чаго рабіць праверкі гэтыя, колькі беспрацоўных ходзіць людзей! Вось я працую прыбіральшчыцай, мне заплацілі „сто рублёў“ — і да пабачэньня. А я за сто рублёў не зьбіраюся працаваць».

Спадар: «Пра андропаўскія праверкі я ўжо ведаю, казаў не адзін чалавек наконт унівэрмагу, што спынялі людзей. Падыходзілі да маладой пары, пыталіся ў яе: вы працуеце? Яна кажа: так. Мужчына: не працую. А чаму вы не працуеце? Кажа: таму што пакуль не знайшоў працы. — «Прайдзёмце з намі!» Жонка кажа — мы ня хочам ісьці. Ёй: «Жанчына, не перашкаджайце! Ён вернецца, не хвалюйцеся». Ён упіраўся, яго ўзялі пад рукі і пацягнулі… За гэта іх трэба судзіць, па нармальным заканадаўстве. Яны не прад’явілі чалавеку нічога, і бралі яго, і цягнулі прымусам. Тут ня з працы трэба выганяць, тут трэба ў турму саджаць. Вось як кажа наш прэзыдэнт — „саджаць у турму“. Але хай ён сам сябе і саджае, і такіх як ён, вось і ўсе пытаньні».


Фотаконкурс «ДЗЕ МАЕ $500?»

Lie Lie: «Часнык за паўсотні», Менск.
Сяргей Аржанцаў: «У сярэдзіне траўня міністар працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна паведаміла, што ў параўнаньні зь мінулым годам „колькасьць зарэгістраваных беспрацоўных скарацілася“. Зусім натуральна, што ў зьвязку з гэтымі абнадзейлівымі тэндэнцыямі Клімавіцкі райвыканкам увесь травень не абнаўляў сьпіс вольных вакансіяў на сваім сайце. На 1 чэрвеня прапануюцца вакансіі ад 20 красавіка. Ну а пра стан справаў у раённым сэктары занятасьці насельніцтва можна меркаваць па ягонай шыльдзе».

Што адбываецца там, дзе вы цяпер, як выглядае крызіс і выхад зь яго, што мяняецца і што застаецца бязь зьменаў?

Летні фотаконкурс, сур’ёзныя прызы.