Гітлер, пажары і мёртвы сэзон у Юрцаве

Параўнальна нядаўна калега паказаў апошні нумар часопіса Міністэрства абароны «Армия» — маўляў, аказваецца, у Беларусі ў 1943-м у раёне вёскі Юрцава, на Аршаншчыне, будаваўся бункер Гітлера пад кодавай назвай «Ольга». Адкуль фюрэр нібыта меўся кіраваць апэрацыяй на Курскай дузе. Прыводзіліся нават лічбы — было ўжо заліта 400 кубамэтраў бэтону ды абсталявана 3599 квадратных мэтраў тэрыторыі комплексу. Спытаўся толькі — чаму такая інфармацыя ня стала сэнсацыяй і няма сьведчаньняў мясцовых людзей, якія не пакінулі б будоўлю па-за увагай? Вырашыў сам выправіцца ў вёску, што месьціцца паабапал найбуйнейшага аўтабана краіны — М-1, які зьвязвае, Брэст з Масквой.

…А шостай раніцы, у суботу, я спыніўся ля пабудаванага 2 гады таму паркінгу. Тут, лічыцца, самае прэстыжнае — а, зрэшты, і адзінае — месца адпачынку для тых юрцаўцаў, у якіх нешта водзіцца ў кішэнях. У ранішніх прыцемках у кафэ заўважыў адзінокую постаць над куфлем піва. Гэта пасьля вірлівай ночы «адмочваўся» 30-гадовы аўтасьлесар Аляксандар Куравец. Гутарым.

Карэспандэнт: «Паваленыя платы ля ўвахода — гэта пасьля ўчарашняга?».

Куравец: «Хутчэй за ўсё. Ну а што, калі ня можам разабрацца? Канфлікты бываюць — дэсэрты мо не падзялілі». (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «А цэны кусаюцца?».

Куравец: «Канечне, гэта ж М-1, а не забягалаўка…».

Карэспандэнт: «У цябе сярэдні заробак які?».

Куравец: «Мільён…».

Карэспандэнт: «Як часта можаш сабе дазволіць сюды зайсьці?».

Куравец: «Па пятніцах — да раніцы. Тысяч 200 за заход…».

Карэспандэнт: «Вядома, што такое аўтасьлесар!». (Сьмяюцца.)

Карэспандэнт: «Вы на трасе — гастарбайтэрамі езьдзіце працаваць?».

Сяргей: «Каб яны паехалі, іх там кінулі — дарэмна б адпрацавалі, навошта трэба?!».

Куравец: «Я, у прынцыпе, ня раз езьдзіў у тую Маскву — ужо ня ежджу, таму што 3 месяцы за „дзякуй“ адпрацаваў…».

Сяргей: «А пацікавіцца — адкуль вы і як радыё называецца?».

Гэта, падышоўшы, праявіў прафэсійную цікаўнасьць сябар маіх суразмоўцаў — міліцыянт Сяргей, які сказаў, што наскрозь ведае ўсё навакольле. У яго і спытаўся:

Карэспандэнт: «Ня чулі пра бункер Гітлера?».

Сяргей: «Магу паказаць кожнае дрэва, кожны куст у лесе за 5 кілямэтраў. Колькі жыву, нічога такога няма…».

Падобных адказаў я пасьля атрымаў які дзясятак, аж пакуль не спаткаўся з 67-гадовым барадачом, бамжавата апранутым былым качагарам Аляксандрам Кірэнем. У ягоных вачах у адказ на дзіўнаватае для іншых пытаньне мільганула разуменьне.

Кірэня: «Гітлер прыяжджаў, бункеры ёсьць у Гудаўскім лесе. Армія танкавая Гудэрыяна там стаяла. І там толькі гудэрыянаўскія бункеры ёсьць — гэта паводле расповедаў жыхароў…».

Рэтраспэктыва. Як вы чулі, адмыслова для Адольфа Гітлера бункера не будавалі — хапіла гасьцяваньня ў сховішчы падначаленага, Гудэрыяна. Так і не зразумелыя мэты часопіснай «качкі». Мне ж паказалі, дзе месьціцца адзін з гудэрыянаўскіх дзотаў. Я, можна сказаць, стаў яго пасьляваеннай ахвярай, запэцкаўшы джынсы сярод хвоі, гліны ды лістоты… Дзіўны ж выгляд спадара Кірэні прымусіў задаць наступныя пытаньні.

Карэспандэнт: «А бараду даўно адрасьціў?».

Кірэня: «Другі год — быў у кляштары, эканом мяне ўбачыў і запрасіў. Дайшоў да паслушніка, потым да інака, не захацеў болей».

Карэспандэнт: «А чаму сышоў усё-ткі?».

Кірэня: «Ай, таму што там не пагуляеш, у горад ня выйдзеш — у сьценах толькі і сядзі — няма свабоды…». (Сьмяецца.)

Са спадаром Кірэнем сустрэліся ля кінутага замкавага будынка — старога шпіталя для інвалідаў Другой усясьветнай. Чырвоная цэгла, зь якой ён пабудаваны, пайшла трэшчынамі. Няўстойлівы дах ды перакошаны падмурак давяршаюць сёньняшні выгляд палаца, які мае сваю гісторыю.


Пінчук: «Тыя, хто жыў тады, супрацоўнічалі з напалеонаўскім войскам, дапамагалі правіянтам. А пасьля, каб загладзіць віну, пабудавалі гэты будынак для шпіталя ў замкавым стылі. Калі пабудавалі новы 15 год таму, стары плянавалі рэстаўраваць і зрабіць закрыты праход паміж імі, у старым паказваць кіно, бібліятэку — зрабіць культурны цэнтар для хворых. Спынілася — сродкаў не было…».

Гэта ня проста тутэйшы старажыл, 76-гадовы спадар Пінчук. Генадзь Іванавіч з 1981 па 2003 гады ўзначальваў сельсавет. Пры гэтым быў і ёсьць кіраўніком суполкі ПКБ, цяпер партыі «Справядлівы сьвет». Прысадзісты, глядзіць спадылба — кажуць, на яго дзе залезеш, там і зьлезеш. На падворку падкладаў сена кароўцы.

Карэспандэнт: «Што ў гаспадарцы вашай яшчэ?».

Пінчук: «Куры, парася. Зараз жыве каля 700, я прыйшоў у 81-м годзе — было за тысячу. У школе 400 навучэнцаў, зараз 120, але дзяцей возяць за 30 кілямэтраў…».

Карэспандэнт: «Вы савецкія часы засьпелі, перабудовачныя, першыя гады незалежнасьці і лукашэнкаўскія. Калі лягчэй, калі цяжэй было працаваць?».

Пінчук: «У савецкі пэрыяд, безумоўна, было прасьцей і лягчэй — у людзей не было такіх праблем, як зараз. Усе былі занятыя, ва ўсіх гарантаваная зарплата, не было непакою пра заўтрашні дзень, у бацькоў — пра дзяцей. У вёсцы будавалі жыльлё, яно было запатрабаванае. Зараз палова дамоў пустыя, дзяцей няма. Моладзь не затрымліваецца — няма сталай працы. Нават у мэханізатараў, на пасяўной, уборцы занятых, як завяршаецца асеньняе ворыва, тэхніка становіцца на прыкол, майстэрня, кантора гаспадаркі адключаюцца ад сьвятла за неаплату электраэнэргіі і ўзімку працай не забясьпечаныя. Аб’ядналі ў адзін 4 калгасы. Юрцаўскі „Актывіст“ быў добры — меў каля 3000 галоў жывёлы, 780 дойных кароў. Цяпер усіх засталося 100 кароў. Тое самае і ў людзей — было больш за 80 кароў, засталося 14 — адна ў мяне…».

Карэспандэнт: «Што можа ўратаваць Юрцава?».

Пінчук: «Заняць насельніцтва трэба, даць заробак. Ня стала ж ня толькі жывёлы, але і фэрмаў, майстэрняў. Вунь комплекс на 400 галоў — пусты…».

* * *

Заходжу ў адзіную тут прыватную краму «Юрцаўскі». Наведвальнікаў не бракуе. Дачакаўшыся вольнай хвіліны, гутару зь мілавіднай прадавачкай Сьвятланай Яўневіч.

Карэспандэнт: «Дзяржаўны гандаль удалося пабіць?».

Яўневіч: «У народа выбар вялікі — 3 крамы. Ставім на мэце штотыдзень завозіць усё сьвежае, разнастаіць асартымэнт…».

Карэспандэнт: «Колькі ў сярэднім наведнікаў у дзень?».

Яўневіч: «Чалавек 100, як сьвята — дык болей…».

Карэспандэнт: «Не баіцеся новай эканамічнай крызы ў Беларусі — выжывеце?».

Яўневіч: «Страшнавата…».

Непадалёк ад памянёнага шпіталя, дзе, між іншым, ляжыць да 300 пацыентаў — фэрма на 26 дойных кароў, дзе знаходжу адзіную тут даярку Любоў Шыбеку. Належыць статак вучэбнаму ліцэю ў пасёлку Высокае.

Шыбека: «Ад надою малака 400–500 тысяч — ані сьвятаў, ані выходных. З 5 раніцы ўстаўшы, а 10-й вечара дадому — дойка 3 разы на дзень…».

Карэспандэнт: «Разьліковы лісток вам даюць?».

Шыбека: «Не…».

Карэспандэнт: «А вы ня думаеце, што я пайду зараз у ліцэй, а мне скажуць, што спадарыня Шыбека мільён атрымлівае?».

Шыбека: «Ня ведаю, столькі не атрымлівала. У дзень 300–320 літраў надойваю…».

Карэспандэнт: «За месяц 10 тонаў — гэта 10 мільёнаў. З 10, якія вы зарабляеце, маеце 400 тысяч, альбо 2,5%!».

Шыбека: «А дзе тут іншую знойдзеш?! Тут 2 вартаўнікі, кармач і ўпраўляючы Лепешаў…».

Карэспандэнт: «О-о, вы з каровамі працуеце, а ён каровамі кіруе. А ён колькі зарабляе?».

Шыбека: «700…».

Карэспандэнт: «А цялятак колькі ў вас?».

Шыбека: «Зараз 9…».

Карэспандэнт: «А за прыплод даюць дадатак?».

Шыбека: «Даюць… Колькі? Ня знаю…». (Сьмяецца.)

Фэрма стаіць літаральна на беразе штучнай сажалкі. Заўважаю рыбака — рамонтніка насоснай станцыі, спадара Юрыя Шыдлоўскага.

Карэспандэнт: «Які ўлоў?».

Шыдлоўскі: «Ды ніякі!».

Карэспандэнт: «А моцна засьмечаная сажалка ад фэрмы?».

Шыдлоўскі: «Ну вядома! Яна дробная. З дарогі цячэ з-за гэтага пясок — вядома, уплывае на рыбу. Якая дурата — пабудаваць фэрму на беразе сажалкі. Вайсковы шпіталь побач…».

Карэспандэнт: «І сажалка, якая б упрыгожвала пэйзаж, дзе людзі купаліся б…».

Шыдлоўскі: «Так, тут і ўдзельнікі аўганскай вайны. Але людзі ў ваду ня лезуць, бо ведаюць, што палачкі ці што…».

Іду па завулку Шпітальным, што паралельны бальніцы. Тут маўклівыя, нібы без жыхароў, аднапавярховыя хаціны. У адной зь іх, агароджанай плотам напалову, пачуў бразгат бутэлек. Іх на ганку ўкладаў гаспадар — 55-гадовы беспрацоўны Аляксандар Бушуеў. Ахвотна паказвае тазік пад дахам, які працякае ад ранішняга дажджу, закураныя ад чорнага дыму шпалеры.

Бушуеў: «Пячное ацяпленьне, газ у балёнах, хоць побач праходзіць газаправод. Мільёны каштуе, а дзе ўзяць, калі не працуеш? Суседзі побач жывуць — таксама печка. Водаправоду няма, хоць побач калёнкі стаяць, шпіталь…».

Карэспандэнт: «А колькі камунальных трэба плаціць?».

Бушуеў: «Я не плачу — у мяне прыватызавалі, а яны — 30 тысяч. Дах трэба рабіць — працякае. У сельсавеце кажуць — купляйце, мяняйце самі…».

Карэспандэнт: «А чаму не працуеш?».

Бушуеў: «Пашпарт стары, з СССР, яшчэ чырвоны. 20 год не прапісаны. Мяняць пашпарт — штрафу дадуць. Да прыватніка можна падыйсьці — езьдзіў за 20 тысяч, але цэлы дзень галодны ў лесе, а лес трэба пілаваць, во такенныя чуркі варочаць…».

Карэспандэнт: «Я зайшоў да цябе, бо пачуў грукат бутэлек…».

Бушуеў: «Пайду панясу — трэба штосьці паесьці купіць…».

Даходжу да двухпавярховага будынка на вуліцы Магістральнай, 12, дзе ня так даўно разыгралася драма — увечары палыхнула на першым паверсе. На другім у той час знаходзіліся бабулькі-суседкі, спадарыні Раіса Відус ды Ніна Голіс, якія ўзгадваюць:

Спадарыні: «Гаспадар выпіваў, адзін застаўся дома. Па п’янцы нешта запалілася. Забегла да суседкі — „пажар!“, а выскачыць у сваю кватэру ўжо не магла — чорны дым, дзьвярэй не маглі як адчыніць. Мы ўжо леглі на падлозе, нічога ня бачылі. Пажарныя паставілі лесьвіцу спускацца, а ў мяне нага баліць… А я кажу — не палезу, жывая буду… Кажуць — адчыняйце вокны і стойце ля вакна, не выходзьце на пляцоўку, пакуль ня скажам. Нам паведамлялі, што вынесьлі 2 трупы. У суседняй зь віноўнікам кватэры гаспадыня была дома, а муж дапамагаў гэтаму тушыць і дыму нахапаўся. Пабег да сябе, а там таксама ўжо дым. І там заваліўся, і разам іх вынесьлі — пульс быў, але ўратаваць не змаглі. Таго вынес, а сам згібеў — а той Хаменка ачуняў, як кропельніцу зрабілі…».

Беспасьпяховыя блуканьні па чыноўніцкіх кабінэтах цягнуцца з той пары аж дагэтуль.

Спадарыні: «Мы пісалі, каб зрабілі рамонт, бо чорна ў калідоры. Во ета адказы…».

Карэспандэнт: «Дырэктар райжылфонду Жалязноў паведамляе, што „выкананьне рамонтных працаў у пад’езьдзе павінна рабіцца за кошт вінаватых асоб“, інакш кажучы — ЖКГ самаўхілілася…».

Спадарыні: «Яны пішуць, што „падавайце ў суд“ на іх. Дзе ж мы, старыя, пойдзем па судах?! А другі раз прыехала жанчына, сказала — „бярыце яго за грудзі, можаце даць у морду“. А засталося ў нас 2 жыльцы, а той зьявіцца на гадзіну і не жыве. А ЖКГ сказалі — 850 тысяч заплаціць, тады яны будуць рамантаваць…».

Карэспандэнт: «А якія ў вас пэнсіі?».

Спадарыні: «480… 600… Дык мы плацім за тэхабслугоўваньне, хоць жывем без выгодаў. А ў тых няма грошай — яна працуе, ён — не…».

Карэспандэнт: «Ня верыце прадстаўнікам улады?»

Спадарыні: «Яны ж адмовіліся, і ўсё! Я ім кажу — мы ж вам грошы плацім, вы зь іх і патрабуйце! Вокны разьбітыя на пляцоўцы — холад, ня выйсьці…».

Я ізноў на аўтабане М-1. Па выцягнутай, як дзіда, шашы мэтанакіравана шыбуюць фуры, аўтобусы, аўто. Але гэтым разам дарога мне падалася цалкам адарванай ад юрцаўскага навакольля, дзе ніхто нікуды не сьпяшаецца і дзе… мёртвы сэзон. http://maps.google.com/maps/ms?ie=UTF8&hl=en&oe=UTF8&num=200&start=400&msa=0&msid=209683680851718841608.00046355b62ab3e327e28&ll=54.745235,30.322266&spn=0.554879,1.447449&z=9&iwloc=lyrftr:msid:209683680851718841608.00046355b62ab3e327e28,0004a43124f0f4d83e467,54.605483,30.368958,0,-32&output=embed
Падарожжы Свабоды