— Месца вельмі добрае. Машыны, аўтобус, цягнік. Месца вельмі добрае. Я памятаю, некалі ў маладосьці я тут хадзіла, дык я думала, як тут добра людзям жыць. А тады толькі тры домікі былі. А цяпер во які пасёлак.
— А з-за чаго ён тут паўстаў?
— Цагельны быў завод. І я рабіла на гэтай цагельні. Во пайшла на пэнсію. Завод ужо ня робіць. Такі завод! Усе людзі рабілі. А цяпер…
— Што, цэгла нікому не патрэбная?
— Не было адкуль браць. Гліны не было. Выбралі ўсё каля лесу. А здалёку вазіць нявыгадна. І во, разьляцеўся гэты завод.
— А куды людзі пайшлі працаваць?
— На Маладэчна, на горад. У калгасы.
Больш за ўсё ў маіх паездках люблю вось такія выпадковыя сустрэчы на дарозе. Часам чалавек гатовы адкрыць усё самае набалелае. І не таму, што я падобны да сьвятара. Проста няма каму выгаварыцца.
— Сын нідзе ня робіць, водку п’е, і ўсё. Дачушка памерла, іду вось з могілак. Сорак сем гадочкаў было. Прыйшла з хаты, павалілася, і ўсё. Сэрца. Маё жыцьцё прайшло за нішто.
— Але ж павінна нешта ўспомніцца добрае?
Ня ведаю, як гэта праляцела так. У благім жыцьці і так хутка праляцела. Здаецца, каб яшчэ пажыць трохі. Сына, наркота гэтага, трохі патрымаць.
— У маім жыцьці нічога добрага няма. Ня ведаю, як гэта праляцела так. У благім жыцьці і так хутка праляцела. Здаецца, каб яшчэ пажыць трохі. Сына, наркота гэтага, трохі патрымаць.
— А колькі яму?
— Пяцьдзясят чатыры. Не жанаты. Вось так. Дык хіба гэта жыцьцё ў маткі? Як гэта перажыць усё?
Я далёка не ўпершыню бачу такую карціну. Старая маці, якая перажыла пакутны век вайны і калгасаў, дажывае жыцьцё ў клопатах пра алькаголіка-сына. І ня выключана, што яго перажыве. Бо для жыцьцёвай сялянскай сілы, загартаванай жахамі мінулага стагодзьдзя, усе сёньняшнія беды — нішто.
Галоўныя выхавацелі беларускага патрыятызму на сёньняшні дзень — настаўнікі беларускай мовы і краязнаўцы. Турэц-баярскім дзецям вельмі пашанцавала з настаўніцай Раісай Гарбачэўскай. Якая ня толькі захапляе дзяцей дэтэктывамі Федарэнкі і Рублеўскай, ня толькі стварыла музэй, але і кіруе краязнаўчым клюбам. У якім дзеці вывучаюць свой край па ўспамінах старажылаў. Як чалавек захоплены, спадарыня Раіса гатовая распавядаць пра свой край бясконца.
— Турэц і Баяры былі розныя вёскі. Зрасьліся яны толькі пасьля вайны. Тут фальварак быў. Пані Мажыеўская, маці і дачка, яны тут жылі да 39-га году. Гэты маёнтак стаяў падчас вайны. Тут немцы разьмяшчаліся. А разабралі гэты маёнтак пасьля вайны ўжо. Казалі, што цэгла патрэбная была. А тут і прысады былі, і тры сажалкі былі. Вельмі прыгожыя мясьціны. Ну, там ужо дачы пабудаваныя. Там, дзе маёнтак, я дзяцей вадзіла, там ужо лес вырас, я ў дзяцінстве золата шукала. І, помню, нейкую каструлю знайшлі.
— А што за гурток у вас?
— «Спадчына».
— Чым вы займаецеся?
— Зьбіраем па краязнаўстве мікратапонімы нашай мясцовасьці. Зьбіраем пра вядомых людзей нашай мясцовасьці. Мы будзем зборнічкі выдаваць.
— Вы робіце самую важную справу ў Беларусі.
— Каб ведала ў дзяцінстве, што я зьвяжу сваё жыцьцё з прафэсіяй настаўніка беларускай мовы і літаратуры, я б столькі запісала! Мы зараз ходзім з гурткоўцамі да бабуль. Яны вельмі любяць, як ім расказваюць пра гэтыя мясьціны. Дзе наша школа стаіць, мясьціна называецца Крушыньнік. Тут было вечнае балота. А дзецям цікава гэта. А чаму там «за хлевушкамі», а чаму называецца «Есянова». Вельмі шмат мы зь імі зрабілі. Пра тапонімы, пра прозьвішчы вёскі Турэц-Баяры.
— А даваенную гісторыю дасьледуеце?
— Так. Тут недалёка называецца поле Бутарэвіча. Там жыў пан Бутарэвіч. Там быў млын. Яшчэ, памятаю, мы з бацькам вазілі малоць. У нас тут многа цікавага. Зараз ужо няма млына. Але засталіся прысады, абсаджаныя ліпкамі. Адразу бачна, дзе быў гэты панскі маёнтак. А пасьля вайны людзі разрабавалі ўсё, разбурылі.
Раіса Гарбачэўская абавязаная жыцьцём бацьку іншай Раісы. Раісы Сільвестраўны Рак. Старой мудрай старажылкі Турца. Яе бацька — адзін з тых шматлікіх нашых удзельнікаў вайны, якія, не зрабіўшы ніводнага стрэлу, вартыя таго, каб іх помнілі вечна.
— Бацька майго бацькі лесьніком рабіў у пані. Зарабляў. А бацька ў першую вайну быў на фронце. Чатыры гады ў немцаў быў у палоне. Вывучыў нямецкую мову добра. Дык немцы, як былі прыйшоўшы…
— Ён зь імі быў гутарыўшы.
— Высвабаджаў людзей. Абараняў, зь немцамі гаворачы. Немцы яму верылі. Наша хата была апошняя ад Турца. А Турэц спалілі нашы.
— За што?
Дык немцы былі добрыя людзі, а сярод сваіх былі горшыя за гэтых немцаў.
— Бо немцы стаялі. Вось на гэтым выгане нямецкая частка стаяла. Тут сталовая была. Дык немцы былі добрыя людзі, а сярод сваіх былі горшыя за гэтых немцаў. Немцы не чапалі людзей. Нават папярэджвалі — глядзіце, выводзьце скаціну, каб не стаяла ў хлявах. Каб захаваць, калі запаліцца. Неблагія былі немцы. А Турэц запаліў наш самалёт. Мы нават бачылі, дзеці, вочы вылупіўшы. Іскры ляцелі, гэта гаручыя патроны. І пайшоў Турэц гарэць.
— А бацька людзей ратаваў?
— Ратаваў. Умеў гаварыць. «У нас партызанаў няма». Абараняў людзей. Немцы ж маглі расстраляць, а бацька ратаваў.
— Сільвестар…
— Рак.
— Сільвестар Рак. А пасьля вайны?
— Цягалі бацьку. Палонны ў нас быў. Гэта разьмяркоўвалі немцы палонных па хатах.У нас быў чуваш. Харошы. Аверкін зваўся. Такі харошы хлапец быў.
— За што цягалі?
— Што палоннага меў.
— Яны яго абвінавачвалі ў тым, што ён яго ў парабкі ўзяў?
— Ну так.
— А тое, што чалавеку жыцьцё ўратаваў…
— Гэта ня лічыцца. Пасьля ён пісаў лісты з Чувашыі. Так ужо дзячыў, што вярнуўся на радзіму.
— Але пасьля ад бацькі адчапіліся?
— Адчапіліся.
Калі ў беларускай вёсцы няма свайго паэта, тады вёска ў нечым абкрадзеная. Але Турэц-Баяры ёсьць каму апяваць ямбам і харэем. Былая выкладчыца біялёгіі Ала Якуновіч нястомна піша цэлыя паэмы…
Атуленая лесам у цішы,
Раскінулася вёска ля шашы.
І рэчачка Турчанка тут спрадвек цякла
І свае воды да Ушы нясла.
З горыччу ўспамінае Ала тыя змрочныя для мястэчка часіны, калі закрылі цагельню.
— Дзе кар’ер у Мароськах, тут была гліна. А аказалася — гліны замала. І вось яны ўсё вычарпалі. І ўсё спынілася.
— Гэта было для турэц-баярцаў драмай?
— Вядома! Яшчэ якой.
— У чым яна выяўлялася? Людзі сыходзілі ў бутэльку?
— У бутэльку ў першую чаргу. Гарэлку гналі бясконца. Бо трэба ж аднекуль грошы браць. Дэградацыя такая ішла, што Божа мой. Але перажылі гэтую бяду.
— Дзякуючы гораду Маладэчна?
— Так. Хто паехаў у Маладэчна, хто ў Смаргонь на працу.
Тым часам мэльярацыя прысьпела.
Турчанка раптам абмялела.
І журавін на купінах ня стала.
Зямля іх пад сабою пахавала.