Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герой ці забойца?


Колькі ні праяжджаў празь Бягомль, заўжды дзівіўся ягонай ідэальнай вылізанасьці і амаль поўнай адсутнасьці людзей на вуліцы. Адчуваньне заўжды такое, быццам едзеш паўз адрамантаваныя дамкі, куды яшчэ не пасьпелі засяліць людзей. Зрэшты, сакрэт бягомльскай акуратнасьці разгадаць ня цяжка. Мястэчка ж стаіць на скрыжаваньні дзьвюх ажыўленых трасаў. Менск — Віцебск і Браслаў — Лагойск. Таму тут заўжды будуць сьвежапафарбаваныя фасады і падстрыжаныя газоны.



Колькі ні праяжджаў празь Бягомль, заўжды дзівіўся ягонай ідэальнай вылізанасьці і амаль поўнай адсутнасьці людзей на вуліцы. Адчуваньне заўжды такое, быццам едзеш паўз адрамантаваныя дамкі, куды яшчэ не пасьпелі засяліць людзей. Зрэшты, сакрэт бягомльскай акуратнасьці разгадаць ня цяжка. Мястэчка ж стаіць на скрыжаваньні дзьвюх ажыўленых трасаў. Менск — Віцебск і Браслаў — Лагойск. Таму тут заўжды будуць сьвежапафарбаваныя фасады і падстрыжаныя газоны.



Дзякуючы скрыжаваньню тут ёсьць ажно тры месцы, дзе можна нядорага і смачна падсілкавацца. Але ня толькі гэтым слаўны Бягомль. Тут, напэўна, самая вялікая канцэнтрацыя помнікаў, прысьвечаных вайне, на квадратны кілямэтар. Самалёт «ІЛ-18», прататып амэрыканскага «Дугласа», помнік на месцы партызанскага аэрадрома, брацкая магіла партызан, стэля на партызанскую тэму. І гэта невыпадкова. Бягомль ад канца 1942-га году быў сталіцай велізарнай партызанскай зоны.


Але людзі ў Бягомлі, вядома ж, ёсьць. Трэба толькі зазірнуць за любы яркі двухпавярховік, каб пабачыць заўсёдную купку пэнсіянэрак са сваімі заўсёднымі бедамі і палітычнымі дэклямацыямі.


— Трохпавярховая бальніца пустая. Мы езьдзім за 25 кілямэтраў вунь у Докшыцы. Старыя, сьляпыя. А там дужа нас ня любяць.


— І акуліста няма, і жаночага ўрача няма. Хоць нам ён і не патрэбны. Няма хірурга. А столькі вучым. Напішыце ад нашага імя Лукашэнку ліст.


А чаму вы самі не напішаце?


— Ай. Мы ўмеем пісаць, але... Столькі ўрачоў вучыць. А куды яны дзяваюцца? Хіба за мяжу сплываюць. У нас жа партызанскі быў раён. Самы хворы. Людзі загінулі ўсе. І раён ліквідавалі. Нас зусім ужо запусьцілі.


А на гэтых выбарах вы слухалі астатніх, акрамя Лукашэнкі?


— Яны б нас ліквідавалі ўжо даўно. Мы б памёрлі, можа. Здраднікі Беларусі, во хто яны. Але Бягомль наш пакрыўдзілі. У нашым доме ні вады няма. А кватэры даражэюць з кожным днём. Ні вады, ні туалета, ні дроў.


— Партызанскі наш край, гаротны. А цяпер мы Лукашэнкам давольны. Мы ж дажываем.


Вуснамі гэтай старой бягомльскай старой нарэшце прамовіла ісьціна. «Лукашэнкам давольны, бо дажываем». Афарыстычней і ня скажаш. Гэтая фраза — вельмі трапны адказ на Лукашэнкава «Беларускі народ будзе жыць кепска, але нядоўга».


«Гаротны партызанскі край». Немцы сапраўды не цырымоніліся з тутэйшымі людзьмі. Але гінулі сяляне ня толькі ад нямецкіх куль. Праўдзівую карціну мінулай вайны спрабуе аднавіць 80-гадовы бягомлец Канстанцін Гайдук. Па лёсе ягонай сям’і вайна і сталіншчына пракаціліся жахліва. Бацька быў зьнішчаны «органамі» ў трыццатыя. Вёску спалілі немцы. Дзядзьку і стрыечнага брата расстралялі партызаны. Падлеткам Канстанцін дапамагаў у лясным партызанскім шпіталі, у партызанах быў яго родны брат. Таму ня верыць ягоным сьведчаньням няма ніякіх падставаў.



— У мяне былі браты ў партызанах, родныя. Але вярхушка — гэта былі самыя зладзеі і прайдзісьветы. Манковіч Сьцяпан Сьцяпанавіч.


А чаму ён быў зладзей?


— Таму што ён будаваў такую палітыку. Яны ў сьнежні 42-га выгналі немцаў. А ў сакавіку ўжо прыляцеў першы самалёт сюды. Ужо тут была партызанская зона. Вось тады і пачалася гэтая бойня. «А чаму ты не пайшоў у партызаны? А чаму ты да немцаў пайшоў дворнікам?» Калі прыйшлі ў Бягомль партызаны, 8 студзеня была наладжана масавая разьня людзей цывільных. «Чаму яны ў лес не сыходзілі?» «Чаму яны немцаў у хату пускалі?» Ну, разумееце, былі дзяўчаткі. Калі немцы ладзілі якую гулянку, яны заяўлялі старасту — прывядзі, каб на кухні папрацавалі. У гэты дзень, 8 студзеня, тут пад Верасьнёўкай ельнік ёсьць, вазілі туды і зьнішчалі. Расстрэльвалі. І дзяўчатак. Прывозілі нават зь іншых вёсак. Пачалі езьдзіць па вёсках і зьнішчаць. Вось вёска Гульбаравічы. Паехаў Вашкевіч, Жбыр Аляксандар, начальнік асобага аддзелу. І, вы ведаеце, забівалі нават дзяцей.


8 студзеня, на другі дзень Каляд, яны ўсіх па сьпісе. Коні былі зацугляныя. Там каменная царква, каля яе быў драўляны дом, дзе месьціўся штаб партызанскі. Там Манковіч сядзеў, партызанскія старасты. Бралі людзей, і туды ў лес. І майго дзядзьку завязьлі самага першага.


Дык гэта была карная акцыя?


— Так і ёсьць.


А колькі людзей было забіта?


— Каля 60-ці чалавек.



На ўскраіне Бягомля, на пагорку, стаіць паўразбураная мураўёўка. Руіна бачная шмат зь якіх вуліц. Менавіта каля яе сьценаў 8 студзеня 1943-га году і разыгралася крывавая драма. Сярод забітых партызанскім камандзірам Сьцяпанам Манковічам быў і стрыечны брат Канстанціна з жонкай. Сын дзядзькі.


— І тут сын яго Віктар. Ужо яго саджаюць. А жанчыны як наляцелі, не даюць партызанам. Я гэтага Віктара і сёстраў яго — да штабу. І даклалі Манковічу, што прывезьлі. «А чаму не расстралялі?» І пры гэтых жанчынах, дзьверы ж адчыненыя, «Прывядзіце яго сюды». І ён яго ў хаце застрэліў. А тут жа і жонка. Усё ж навідавоку. Жонка, як пачула стрэл, у гэту хату. А ён і яе застрэліў.


— Ці многа было мясцовых людзей, якія займаліся забойствам мірных жыхароў?


— Былі такія. Батура Пётар. Расстрэльваў майго дзядзьку.


— А пасьля вайны як яны жылі?


— Я расьсьледаваў. Прыйшоў да аднаго ў Будзілаўку, стаў распытваць. «Паслухайце, Вы заслужаны чалавек, у партызанах былі. А можа, партызаны каго расстрэльвалі?» Ён аж перамяніўся. «А хто вы? Што вам трэба? Я быў у партызанах». Хавалі людзі. І тонкасьцяў я не магу прывесьці. Але Батура Пеця дакладна расстрэльваў людзей.


— І ён жывы-здаровы?


— Не. Кроў людзкая губіць. У аварыю папаўся, гадоў дзесяць пажыў пасьля вайны. Жаніўся, дзьве дзяўчынкі ў яго. І пасьля патрапіў у аварыю, і яго забіла.


Камісар партызанскай брыгады «Жалязьняк», герой Савецкага Саюзу Сьцяпан Манковіч памёр у 1978-м годзе ва ўзросьце 72-х гадоў, авеяны славай і пашанай. Жыў у Віцебску, быў на партыйнай працы. Ягоныя сямейныя здымкі можна знайсьці ў сеціве. Сумную жанчыну абдымае каржакаваты насуплены вайсковец.



На другім здымку на нас пазірае зух-маладзён у фуражцы крыху набакір і з зоркай героя на грудзях.



Цяжка ўявіць, што гэта забойца, які расстрэльваў жанчын проста ў штабе сваёй брыгады. Узгадвае Канстанцін Гайдук яшчэ адно імя. Баявога таварышча Манковіча, разам зь якім яны ўсталёўвалі калгасны лад на Бягомльшчыне.


— Два рабаўнікі. Два злодзеі. Яны ж рабавалі, пасьля раздавалі. Басата. Вашкевіч Іван Майсеевіч.


А ён таксама героем стаў пасьля вайны?


— Бог усё-ткі бачыць забойцаў і зладзеяў. Тут сабралі нейкі дакумант на ўзнагароды. І адправілі за фронт. Немцы падбілі самалёт, і яны ўсе рухнулі.


Яны не дажылі да перамогі?


— Так. Вашкевіч не дажыў, і ніхто ня ведае. Толькі вядома, што самалёт вылецеў адсюль.


Усё ж ёсьць праўда на зямлі, калі жывуць такія дасьледчыкі-энтузіясты, як Гайдук. Якія не даюць забыцца людзям на ўсе «подзьвігі» чырвоных камандзіраў. І лішні раз даказваюць, што вайна ў Беларусі пачалася задоўга да нападу немцаў. Але вернемся ў нашае шчасьлівае сёньня. Куды гэта ідзе кампанія немаладых кабет?


— А куды вы так сабраліся ўсе?


На пахаваньне. Памёр малады чалавек. 46 гадоў.


— А чаго так?


Норму перабіраў.


— Куды часьцей ходзіце? На пахаваньне? Ці на радзіны?


На пахаваньні. Радзінаў — слаба раджаюць. Хто ж будзе нараджаць? Мы раджаць ужо ня будзем. А дзе моладзь? Няма.


У старых бягомльцаў ёсьць затоеная крыўда на ўладу за тое, што пазбавіла мястэчка статусу раённай сталіцы. Паслухаеш старых — дык быццам усе працавалі ў райкаме!


— Як быў райцэнтар, тут жа работы многа было. І райкам, і райвыканкам. І пракурор быў, і раддом быў. Усё ж раскідалася. І камсамол быў!


— Нічога ня зьменіцца. Усё наадварот, гіне ўсё. Куды раба пасылаюць, туды раб і ідзе.


— Затое мы жывем. У нас няма ніякіх войнаў, спакойна кладземся і спакойна ўстаем. Як Лукашэнка сказаў, у зямлянкі пойдзем, а на калені ня ўстанем.


А вы гатовыя ісьці за ім у зямлянку?


— Так! Так! Гатовая! Ня ведаю чаму. Але я гатовая!


Я ўважліва паглядзеў у вочы гэтай кабеце і зразумеў, што тая не жартуе. Аляксандр Рыгоравіч можа спаць спакойна. Такая пойдзе за сваім правадыром хоць у зямлянку, хоць у атаку. Але, можа, ужо такой патрэбы ня будзе?..


Падарожжы Свабоды
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG