Сёньня падаражэла мяса, учора — бэнзін, а заўтра?

Ад серады ў крамах і на рынках падаражэла мяса: ялавічына ў сярэднім — на 10 працэнтаў, сьвініна — на 8. Таксама ад сёньня даражэйшымі сталі імпартныя лекі. Акрамя таго, з 25 траўня падвышаны кошт міжнароднага праезду чыгуначным транспартам. Пра плянаваны рост тарыфаў абвясьцілі мабільныя аператары. Як на гэта рэагуюць людзі?

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Прадукты і паслугі робяцца недаступнымі

На прадуктовым Цэнтральным рынку ў Берасьці пакупнікі скардзяцца, што цэны растуць няспынна. Гараджане не баяцца выказваць абурэньне.

Валянціна Васільеўна кажа, што часам нават за 10 хвілінаў можна пераканацца ў гэтых зьменах: увесь час мяняюцца цэньнікі.

«Я набывала воцат у прыватнага гандляра. Каштавала мне гэта 5000 рублёў. Але роўна праз 10 хвілін мая знаёмая падышла да прыватніка і пабачыла, што цана ўжо 6000 рублёў. Гэта проста жах. Разумею, што цяпер праводзіцца такая эканамічная палітыка. Кожны стаіць на мяжы выжываньня».

Берасьцейцы перакананыя, што сытуацыя ня выправіцца сама па сабе. Паляпшэньня пры цяперашняй сыстэме ня варта чакаць, кажа гандляр з рынку Іван:

«Калі і надалей ня будзем вырабляць якасныя тавары, калі і надалей ня будзе ўласнай вытворчасьці, то будзем есьці хлеб зь відэльца. Усё стане недаступным пры нашых заробках і коштах. Акрамя іншага, сыстэма пабудаваная такім чынам, што мы прывыклі атрымліваць, а не зарабляць. Вось тыя, хто працуе і мае ў месяц 600–700 тысяч рублёў — тыя зарабляюць. А хто мае па 10–20 мільёнаў, дый працуе на дзяржаўнай пасадзе, — тыя атрымоўваюць. Сыстэму трэба зьмяніць».
Цэны на лекі мне ўжо недаступныя.

Рост коштаў, адсутнасьць валюты — галоўныя тэмы размоваў гараджан. Цэны на мясныя прадукты вырасьлі да 13 000 рублёў за кіляграм. Імпартныя лекі ў аптэках падаражэлі амаль на 50%. Калі на прадуктах харчаваньня эканоміць практычна немагчыма, то пра мэдыцыну гараджане кажуць, што тут нават няма размовы пра эканомію. Яна робіцца проста недаступная, кажа Натальля Леанідаўна:

«Мне патрэбныя лекі, каб зрабіць пратэзіраваньне. Але калі казаць пра цэны на гэта, то яны для мяне проста завоблачныя. Гэта зусім мне не па кішэні. Ня ведаю проста, што рабіць, я ў роспачы. Мне падаецца, што хутка цярпеньне ў беларусаў проста лопне. Будзе падобная сытуацыя, як у іншых краінах, дзе было зрынута кіраўніцтва. Гэта ж немагчыма існаваць пры такіх вялізных цэнах і такіх мізэрных заробках».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Цэньнікі будуць зьмяняць і заўтра

Жыхароў Магілёва падаражэньне мясных харчоў не зьдзівіла. Да безупыннага росту цэнаў людзі ўжо прызвычаіліся, хоць і абураюцца.

Не ўва ўсіх магілёўскіх крамах цэны на мясныя харчы ад сёньня ўзрасьлі. Прынамсі, так заявіла загадчыца адной зь іх, спаслаўшыся на сваіх калегаў. Паводле гандляркі, у яе краме цэньнікі зьбіраюцца мяняць заўтра:

«Ну, як я чула, на 7–8 працэнтаў будзе закупка. Я ня думаю, што больш як на восем працэнтаў падаражэе. Народ ужо ўсяго набраўся. Цяпер, слава Богу, мо ўжо стабілізуецца ўсё. Будзем спадзявацца на гэта», — мяркуе загадчыца крамы ў адным са спальных раёнаў.

Тым часам наведнікі крамы кажуць пра іншае.

Карэспандэнт: «Кажуць, што ад сёньняшняга дня падаражэла мяса на 8–10 працэнтаў?».

Спадарыня сталага веку: «На дваццаць — ялавічына, вы памыліліся. А сьвініна — на дзесяць. Як усё падлічыць, то гэта дужа істотна. Цяпер падумаеш, як жыць».
Яны, відаць, лічаць, што старым людзям мяса есьці ўжо нельга.

Карэспандэнт: «Будзеце адмаўляць сабе ў нейкіх мясных прысмаках?».

Спадарыня: «Вядома. Гэта ж зразумела. Лічаць, відаць, што старым людзям і мяса ўжо есьці нельга».

Падаражэньне мясных харчоў істотна адбіваецца на сямейных бюджэтах маладзейшых сем’яў. Вось адно з характэрных меркаваньняў.

«Ну, гэта сур’ёзна паўплывае на нашае будучае жыцьцё. Сёньня падаражэла мяса. Учора — бэнзін. Заўтра яшчэ. Гэта ўсё сур’ёзна».

Дарма што падаражэла мяса, некаторых мясных харчоў на прылаўках усё адно няма.

«Курыцы зусім няма, а я іншага мяса ня ем. Я сёньня ад дачкі з Масквы прыехала. Гасьцявала там. Я ў шоку. Вось цяпер яны атрымалі гарошак і кукурузу. Дзесяць тысяч бляшанка. Яна ж была чатыры тысячы. Гэта ж маразм. Я мяркую, што гэта ўсё робіцца адмыслова, каб расхапалі ўсё. Склады ж наладаваныя прадукцыяй. Цяпер распрададуць усё. У дзяржавы зьявяцца грошы, а ў людзей — не», — абураецца спадарыня сталага веку.

Кураціна знайшлася ў суседняй краме. Маладая пакупніца паведаміла, што цана на яе вырасла на чатыры тысячы рублёў.

Што да ажыятажу вакол імпартных мэдычных прэпаратаў, то яго няма. Паводле аптэкарак, аднак, значна ўзрос попыт на імпартныя лекі для хранічна хворых людзей. Такія прэпараты дужа дарагія, але людзей гэта не спыняе. Набываюць такія лекі ўпакоўкамі. Выручка, кажуць аптэкаркі, узрасла ў разы.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Цэны сарваліся ў галёп

Меркаваньні наведнікаў гандлёвага дому «Нёман».

Спадарыня: «Купілі цукру, каб можна было варэньне зварыць летам. Будуць расьці цэны, пакуль не зраўнаюцца з цэнамі за мяжой. Пакуль не перастануць вывозіць за кошт таго, што цэны ў нас ніжэйшыя. Вывозяць цыгарэты, у Польшчу ўжо вывозяць цукар. Гэта мы самі вінаватыя. А заробак нам трэба падвышаць».
Мы, беларусы, — самы цярплівы народ!

Спадар: «Дык а што рабіць? На ўсё жыцьцё ўсё роўна не накупляеш, тым больш я пэнсіянэр. Няхай растуць цэны, а што рабіць? Ад мяне нічога не залежыць, у нас ёсьць „бацька“ наш, які аб нас мусіць клапаціцца».

Спадар: «Надоўга нічога не закупіш».

Спадар: «Я пакуль ня ведаю, закупляць нешта ці не. Ня так яны ўжо ў нас і растуць, ну трошку».

Спадар: «Я з Польшчы прыехаў. У вас напалову меншыя цэны. За адзін даляр тут можна больш купіць, чым у нас. У нас каб выпіць піва, трэба мець два даляры, два даляры трэба заплаціць за літар бэнзіну».

Спадарыня: «Я пляную так, каб нешта дзесьці не купіць. Таму што пражыць на пэнсію трэба нейкім чынам, а як? Значыцца, у чымсьці абмежаваць сябе. Вось вам: нацыя павінна выжыць, быць здаровай. А як яна будзе здаровай? Нерэальна. І потым, я кажу: якія мы цярплівыя, беларускі народ! Увесь час думаю: быў бы доступ да прэзыдэнта, я б напэўна выступіла і сказала б — пэнсія ж не расьце, а цэны растуць, няўжо кантролю ніякага няма? Я хаджу па крамах і гляджу — паўсюль цэны растуць. Гэта жах. Я цяпер ішла з жанчынай, яна кажа — як жа будзем жыць на пэнсію? Яна толькі пайшла, я ж на пэнсіі даўно. А чалавек, які працаваў толькі, не ўяўляе сабе — як будзе жыць і за кватэру плаціць. Я вось гляджу „Расею“, „Беларусь“ і думаю: не, мы самы цярплівы народ. Усё нам — Бог зь ім, вайны абы не было. А калісьці ж такі выбух будзе, што ня дай Бог».