Можа, Астана дапаможа?

У Астане адбыліся перамовы паміж кіраўнікамі Беларусі і Казахстану Аляксандрам Лукашэнкам і Нурсултанам Назарбаевым. Трохдзённы візыт беларускага лідэра ў Казахстан адбываецца на тле вострага эканамічнага крызісу, які паглыбляецца ў Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся да прэзыдэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, згадаў пра сьнежаньскія падзеі ў Менску:

«Я ня мог не прыехаць да чалавека, які ў цяжкія часы заўсёды падтрымліваў беларускі народ. І ў тыя сьнежаньскія дні вы першым з кіраўнікоў краін падтрымалі наш народ. Часы былі напружаныя».

Прысутны ў Астане старшыня канцэрну «Белнафтахім» Ігар Жылін пацьвердзіў цікавасьць Беларусі да паставак нафты і газу з Казахстану. Аднак аналітыкі сыходзяцца на тым, што дамовіцца пра пастаўкі энэрганосьбітаў у абыход Расеі пакуль не выпадае. Казахстанскі палітоляг Дасым Сатлаеў адзначае, што афіцыйнаму Менску ня ўдасца дамовіцца ні пра крэдыты, ні пра казахстанскую нафту.
Я ня думаю, што Казахстан мае фінансавыя магчымасьці, каб аказваць фінансавую падтрымку Беларусі..

«Наўрад ці можна чакаць ад Казахстану нейкай масіраванай падтрымкі Беларусі па розных кірунках. Бо сам Казахстан нядаўна выйшаў з крызісу і пасьпеў набраць вялікую колькасьць крэдытаў. Я ня думаю, што Казахстан мае фінансавыя магчымасьці, каб аказваць фінансавую падтрымку Беларусі.

Што да паставак нафты, то без Расеі гэта, вядома, цяжка зрабіць. Таму ў любым выпадку наўрад ці гэтыя пастаўкі былі б хуткімі і ў дастатковых аб’ёмах, каб задаволіць патрэбы беларускай эканомікі».

Спадар Сатлаеў не выключае, што, улічваючы цяперашнія напружаныя дачыненьні паміж Менскам і Масквой, беларускі бок разьлічвае на пасярэдніцтва Назарбаева. То бок Лукашэнка «спадзяецца на падтрымку Казахстану па некаторых пытаньнях у перамовах з Расеяй».

Беларускага кіраўніка сустрэлі па ўсіх правілах пратаколу, прадугледжанага для афіцыйных візытаў. У цырымоніях задзейнічаныя вайскоўцы ганаровай варты, аўтамабіль Лукашэнкі суправаджае ганаровы картэж матацыклістаў. А тым часам у Менску — працяг дэвальвацыі і росту цэнаў. Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначае, што візыт у Казахстан не вырашае надзённых эканамічных пытаньняў:

Такое ўражаньне складаецца, што беларускі афіцыйны лідэр, найхутчэй, скарыстаў нагоду, якая падвярнулася пад руку, каб проста фізычна адсутнічаць у краіне ў той час, калі афіцыйна абвешчана дэвальвацыя.
«Такое ўражаньне складаецца, што беларускі афіцыйны лідэр, найхутчэй, скарыстаў нагоду, якая падвярнулася пад руку, каб проста фізычна адсутнічаць у краіне ў той час, калі афіцыйна абвешчана дэвальвацыя. Так бы мовіць, нібыта дыстанцыявацца. Бо, натуральна, гэтая дэвальвацыя — гэта балючы ўдар па іміджы афіцыйнага кіраўніка зь яго сакральнымі 500 далярамі заробку, ад якіх цяпер толькі палова застаецца і хутка, мусіць, адзін пыл застанецца».

Спадар Класкоўскі адзначае, што ў рамках Мытнага саюзу Назарабаеў, хутчэй, падыгрывае Маскве, якой «зручней па прынцыпе два супраць аднаго даціскаць Менск у пэўных пытаньнях». Сёньня ж у Менску ад прадстаўніка беларускага Міністэрства замежных спраў прагучала заява, што Мытны саюз можа ўводзіць санкцыі ў адказ на гандлёвыя абмежаваньні да адной з удзельніц. Паводле палітоляга Дасыма Сатлаева, тут спадзяваньні афіцыйнага Менску таксама марныя:

«Я сумняюся, што гэтую ідэю падтрымаюць Масква і Астана. Бо ім нявыгадна з-за Беларусі псаваць дачыненьні з ЭЗ і ЗША. Потым, яны больш разглядаюць Мытны саюз як эканамічны праект, а не палітычны. Таму, хутчэй за ўсё, яны не захочуць браць удзел у палітычных трэньнях паміж Менскам і ЭЗ. У гэтым выпадку такая заява наўрад ці адпавядае сапраўднасьці, бо для Расеі і Казахстану такі праект быў бы нявыгадны ні ў палітычным, ні ў эканамічным пляне».