Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Дзень пяты

Уладзімер Някляеў

12 траўня Фрунзенскі суд Менску працягвае разглядаць справу былых кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка ды даверанай асобы Рымашэўскага Насты Палажанкі.


Судзьдзя – Жукоўская;
Абвінаваўца — Кажэўнікаў;
Адвакаты: Атаманчук, Лабоха, Пятровіч, Савіч, Сідарэнка, Букштынаў.

17.30 Пракурор зачытвае характарыстыкі на Андрэя Дзьмітрыева. Дарэчы, яму сёньня споўнілася 30 гадоў. Далей ідзе пералік выпісак, пратаколаў, іншых дакумэнтаў. Зьмест іх пракурор не зачытвае. Аб'яўлены перапынак да 10 гадзінаў 13 траўня.

17.10
Пракурор зачытвае характарыстыку Вазьняка ад партыі "Справядлівы сьвет", падпісаную спадаром Елісеевым, характарыстыку БАЖ. Адвакаты перадаюць сьпіс сьведкаў, якіх яны прапануюць запрасіць у суд. Судзьдзя не зачытвае, хто ў сьпісе.

17.00
Пратакол відэазапісу сустрэчы з выбарцамі ў Жлобіне. Чытае фрагмэнт пра тое, што краіну чакаюць цяжкія часы. Пратакол прагляду відэазапісу ў Мазыры. З залі пытаньне пра плошчу. Вазьняк кажа, што людзі прыйдуць сьвяткаваць перамогу. Кажа пра тое, што чакаюцца фальсыфікацыі. Кажа пра каардынацыю са штабам Саньнікава, пра тое, што ёсьць сцэнар плошчы.

16.50
Адвакатка Вазьняка Ларыса Атаманчук кажа, што гэтыя размовы ня маюць адносінаў да справы. Вазьняк кажа, што ён ваенны чалавек, і не кажа лішняга па тэлефоне. Пракурор кажа, што потым будуць прэтэнзіі, што ня ўсё чытаў.

16.40
Наступная размова Вазьняка з Паўлам. Потым размова са Сьвятланай Андрэеўнай. Размова пра пляны на сёньня і заўтра, што рабіць з праграмай, радыёзваротам. І гэтак далей. Зачытваюць размовы Вазьняка з рознымі людзьмі. Размовы з Таняй, з Кацяй, Пашам, Андрэем Пятровічам, Уладзімерам Пятровічам.

16.20
Зноў фігуруюць расшыфроўкі праслухоўваньня тэлефонных размоваў Вазьняка ў лістападзе - сьнежні 2010 года. Адвакат просіць зачытаць статут аб'яднаньня " Воля і праўда". Адвакат хоча, каб прагучалі мэты і задачы. Але вяртаюцца да іншых дакумэнтаў. Адвакатка просіць зачытаць пратаколу агляду дакумэнтаў. Пракурор пярэчыць. Зноў ідзе пералік пратаколаў агляду кампакт-дыскаў, упамінаецца размова Вазьняка з нейкай жанчынай ў верасьні. Судзьдзя пытаецца, пра якія грошы ідзе гаворка. Вазьняк кажа, што ня памятае такой размовы, пытаецца, з чаго ўзялі, што гэта ён. Узоры голасу ня браліся, экспэртыза голасу не рабілася.

16.10
Пракурор пераходзіць да тому №9 з 29-ці. Пералік пратаколаў агляду офіса на Нямізе,42, ператрусу па месцы жыхарства Вазьняка. Пералік вынятага: дыскі, значкі, шапкі, фатаграфіі, пасьведчаньне сябра Менскай гарадзкой выбарчай камісіі і г.д.

15.45
Пракурор пералічвае пратаколы агляду сайтаў, праслухоўваньня аўдыёфайлаў. Пракурор пераходзіць да тома №8. Дакумэнты зноў тычацца Вазьняка. Але не чытае, а толькі гартае і пералічвае пратаколы, пастановы. Перапынак на 10 хвілін

15.35
Фядута просіць запрасіць Мілінкевіча ў якасьці сьведкі, паколькі чытаюць яго размовы. Мілінкевіч можа прыбыць праз гадзіну. Рэакцыі няма. Пракурор зноў чытае запісы размоваў Вазьняка.

15.25
Пратакол затрыманьня Вазьняка, пералік іншых дакумэнтаў, характарыстык. Пратакол праслухоўваньня размоваў з Калякіным і Мілінкевічам. У размове ўзгадваюцца амбасадары Нямеччыны і Нідэрляндаў. Развагі пра ролю Масквы.

15.10
Пракурор зноў вяртаецца да пісьмовых матэрыялаў справы. Пратаколы асабістага ператрусу Фядуты і перадачы асабістых рэчаў ад ягонай жонцы. Характарыстыка Фядуты з СІЗА КДБ. Заўвагаў да яго не было, дысцыпліну не парушаў. Чытаюць характарыстыку з Віленскага ўнівэрсытэту: Фядута -- таленавіты дасьледчык, адзначаюцца выдатныя якасьці навукоўца. Падпісалі яе 6 чалавек, прафэсары і дацэнты.

15.00
Флэшкі, фатаграфіі, лісты паперы, візітоўкі, ноўтбук, зараднае прыстасаваньне, зноў флэш-карты, даверанасьць ад Някляева. Фядута ўдакладняе, што гэта за даверанасьць і чаму яна была зроблена. Маўляў, ён давераная асоба Някляева, і весьці справы Някляева мог весьці ён, калі што здарыцца зь Някляевым. Гэта сьведчыць пра тое, што Фядута нікуды не зьбіраўся зьбягаць пасьля выбараў. І затрымліваць яго не было падставаў.

14.50
Пракурор скончыў чытаць тэлефонныя размовы Фядуты. Адвакатка ўдакладняе, што а 19-й гадзіне на тэлефон Фядуты паступіў званок з тэлефона, зарэгістраванага па Амбасаду Каралеўства Швэцыі ў Беларусі. І размову запісалі і далучылі да матэрыялаў справы. Адвакат таксама кажа, што чыталі размовы з Процькай і Бураўкіным, якіх мяркуюць яшчэ слухаць у якасьці сьведкаў па справе. Далей пракурор пералічвае, што яшчэ ў матэрыялах справы: пратакол ператрусу, што адбыўся ў кватэры Фядуты, што вынята.

14.40
Зноў пракурор вяртаецца да зачытваньня тэлефонных размоваў Фядуты ўвечары 19-га сьнежня. Наступная размова -- з жанчынай па імені Вольга. Фядута кажа жанчыне, каб перадавала фразу "Нашы ўвайшлі ў дом ураду".

14.30
Сьведкаў больш няма. Адвакат Букштынаў настойвае на задавальненьні яго хадайніцтва дапытаць у якасьці сьведкі супрацоўніка КДБ Міхайлава. Букштынаў вывучыў усе дакумэнты і не знайшоў нідзе пацьверджаньня таго, што ён ўваходзіў у сьледчую групу, кіраўнік там іншы. Згодна з законам, дапытаны ня могуць быць толькі сьледчы і дазнавацель. Таму Букштынаў настойвае на запрашэньні Міхайлава ў якасьці сьведкі. Пракурор зноў лічыць довады адваката неабгрунтаванымі. Лічыць, што гэта асоба ня можа быць дапытана. Адвакат пытаецца, адкуль у пракурора зьвесткі, што Міхайлаў не зьяўляецца відавочцам. Пракурор абвінавачвае адваката, што той пераходзіць на асобы і просіць занесьці ў пратакол заўвагу адвакату. Судзьдзя спыняе спрэчкі. На гэтым этапе хадайніцтва не дазволілі.

14.00
Пасьля перапынку зноў пачалі слухаць паказаньні сьведкаў. Сьведка Чарнабаеў, супрацоўнік ДАІ.19 сьнежня быў на службе на Кастрычніцкай плошчы. Кандыдаты ў прэзыдэнты спрабавалі дамовіцца з начальнікам ДАІ пра тое, каб дазволілі ісьці калёне па праезнай частцы. Не дамовіліся. Народ выйшаў на праезную частку. Рух транспарту на праспэкце быў спынены на некаторы час. Пазнаў Рымашэўскага. Называў прозьвішчы перамоўшчыкаў -- Саньнікава, Статкевіча, Вуса. Разважае пра псыхалёгію натоўпу -- ім павінны кіраваць. Прызнае, што ня ўсе маглі чуць паведамленьні пра несанкцыянаваны характар акцыі, бо на плошчы было шумна. Адвакатка пытаецца пра нараду -- якія мэты ставіліся начальствам, калі яны заступалі на службу. Сьведка кажа, што інструктавалі, каб фізычную сілу не выкарыстоўвалі, гумавыя палкі ды іншую зброю таксама. Кажа, што канкрэтных указаньняў не было, дзейнічалі па абстаноўцы.

13.00 У судзе абвешчаны перапынак да 14.00

12.55 Мужчына Павал. Пытаецца пра Ўладзімера Пракопавіча. Потым пра плян далейшых дзеяньняў. Фядута кажа, што Някляеў быў адзіным чалавекам, у якога быў плян, таму яго і выбілі. Наступны званок з Радыё Рацыя. Фядута перадае слухаўку прэс-сакратарцы Юліі Рымашэўскай. Яна распавядае пра інцыдэнт на Калектарнай.

12.45
Размова са Сьвятланай Андрэеўнай. Пытаецца, дзе Ўладзімер Пракопавіч. Фядута жартуе, што ў яго дзікае жаданьне пабіць каго-небудзь з нашых. Размаўляюць пра апаратуру, пра тое, што "пакладзеныя" некаторыя сайты. Размова з мужчынам М, размаўляюць пра інцыдэнт на Калектарнай. Зноў размова са Сьвятланай Андрэеўнай. У 19.51 званок з замежнага нумара. Карэспандэнт "Коммерсанта ФМ". Пытаецца, што адбылося. Фядута тлумачыць.

12.35
19 сьнежня размова зь Юрыем Уладзімеравічам. Зноў размова з жанчынай Тацянай. Дамаўляюцца, дзе і калі арганізаваць прэс-канфэрэнцыю з назіральнікамі ў 16 гадзін. Фядута кажа, што а 8-й ён будзе на плошчы. Жанчына кажа, што АМАП ужо рыхтуецца, трэба быць заўсёды з пашпартам. Размова з Генадзем Мікалаевічам. Фядута кажа, што нашых людзей пачалі затрымліваць. Зноў размова з Тацянай Сяргееўнай. Фядута кажа, што зьбіраецца на плошчу.З боку жанчыны гучыць некалькі ня вельмі прыемных рэплік на адрас Някляева.

12.25
Пракурор працягвае чытаць матэрыялы справы. Пратаколы праслухоўваньня тэлефонных размоваў Фядуты з 26 лістапада. Размова Фядуты зь Дзьмітрыевым, потым з Някляевым. Размова з жанчынай па імені Тацяна. Фядута дамаўляецца пра сустрэчу, абяцае выдаць сродкі сувязі і мадэм. Ідзе абмеркаваньне, як дабрацца, ці ходзяць маршруткі...

12.15
Судзьдзя вырашыла пакуль прапусьціць гэтыя матэрыялы да вывучэньня абставінаў і ўсіх акалічнасьцяў атрыманьня гэтых запісаў. У суд прыйшоў у якасьці сьведкі Аляксандар Мілінкевіч. Пракурор супраць заслухоўваньня яго паказаньняў. Адвакаты настойваюць на запрашэньні Мілінкевіча на судовае паседжаньне. Фядута абгрунтоўвае неабходнасьць заслухаць Мілінкевіча. Свае довады прыводзіць і Вазьняк. Судзьдзя вытрымала паўзу і адмовіла заслухаць Мілінкевіча.

11.45
Пракурор пераходзіць да тому №5. Там пастановы затрыманьня абвінавачаных. Фядута просіць прачытаць, як абгрунтоўваецца яго затрыманьне. У дакумэнце агульныя фразы. Пракурор хацеў агучыць пратакол гуказапісу размовы Фядуты з супрацоўнікам КДБ. Някляеў жорстка пярэчыць: гэта проста была прыватная размова, іх папярэджвалі, што гэта была амаль інтымная гутарка. Вазьняк таксама абурацца. Адвакаты падтрымліваюць, што недапушчальна уключаць такія дакумэнты ў матэрыялы справы.

Размова 24 сьнежня Фядуты зь супрацоўнікам КДБ Русланам Івановым у сьледчым ізалятары КДБ. Адвакат просіць выключыць з матэрыялаў справы ўсе гутаркі супрацоўнікаў КДБ з абвінавачванымі ў пэрыяд знаходжаньня ў ізалятары, бо гэтыя дадзеныя сьледзтва атрыманыя незаконным шляхам. Судзьдзя абвяшчае перапынак 10 хвілін.

11.30
Пракурор пераходзіць да тому №4 крымінальнай справы. Там агульная канцэпцыя выбарчай кампаніі, праект сумеснай заявы кандыдатаў у прэзыдэнты, патрабаваньні прадставіць доступ да СМІ. Пракурор агучвае дакумэнт "Як адказваць на пытаньні сьледзтва".

11.15
Далей ідзе праграма грамадзкага аб'яднаньня "Праўда і воля", што неабходна зрабіць цягам 5 гадоў, расейскі вэктар, эўрапейскі вэктар, доўгатэрміновыя мэты і г.д. Фядута робіць тлумачэньне, што ўчора на працэсе выступаў сьведка Пётар Марцаў, які пацьвердзіў, што гэтыя дакумэнты не былі прынятыя, гэта нешта кшталту чарнавікоў. Пракурор чытае копіі скаргі ў ЦВК аб прызнаньні выбараў несапраўднымі за подпісам Някляева. Някляеў ўдакладняе, што гэты дакумэнт з фактамі парушэньняў падчас выбарчай кампаніі. Пракурор пералічвае некаторыя тэзісы з праграмы Някляева, кшталту "Даступнае жытло". Больш падрабязна чытае дакумэнты, дзе гаворка ідзе пра фальсыфікацыі на выбарах.

11.00
Адвакатка Сідарэнка просіць чытаць пракурора больш гучна і больш разборліва -- у зале не было нічога чутно. Пракурор кажа, што ў яго такая дыкцыя, калі штосьці не задавальняе, ён прапануе абароне чытаць па чарзе. Атмасфэра ў судовай залі нэрвовая і напружаная. Пракурор працягвае бубніць пад нос дакумэнты кшталту "Наша бачаньне адносінаў з Расейскай Фэдэрацыяй", канцэпцыю пабудовы адзінай адукацыйнай прасторы, узаемавыгадных гандлёвых адносінаў з Расеяй.

10.50
Ідзе пералік кампакт-дыскаў рознага колеру, пакетаў. Пратаколы выняцьцяў. Пратакол ператрусу ў Сьвятланы Навумавай. Канфіскаваныя 2 кампутары, пісьмовы зварот да ўраду Расейскай Фэдэрацыі і Эўразьвязу. Судзьдзя робіць апошняе папярэджаньне Рымашэўскаму. Пракурор заяўляе, што паводзіны Рымашэўскага дэманструюць непавагу да суду. (Рымашэўскі быццам бы нешта еў). Рымашэўскі пратэстуе. Судзьдзя абвяшчае перапынак на 5 хвілін.

10.30
Пракурор працягвае зачытваць пісьмовыя матэрыялы справы. Доўга гартае старонкі справы, ня можа знайсьці. Адвакат Сідарэнка просіць агучыць яе скаргу на імя старшыні Вярхоўнага Суду Сукалы і іншых службовых асобаў на тое, што ёй не дазвалялі цягам сьнежня і студзеня сустракацца са сваім падабаронным, калі той знаходзіўся ў ізалятары КДБ. Яна падрабязна апісвае, колькі часу правяла ў чэргах у КДБ, спасылаецца на крымінальна-працэсуальны кодэкс, пералічвае, колькі скаргаў яна напісала ў пракуратуру ды іншыя органы. Някляеў дадае, што ў той час яго дапытвалі без адвакату. а гэта грубейшае парушэньне закону, ён тройчы пісаў пракурору, але ніводная скарга не далучаная да матэрыялаў справы. Пракурор зачытвае пратакол ператрусу ў Някляева ў кватэры.

10.05
Працэс адноўлены. Прысутнічаюць прадстаўнікі АБСЭ.
Някляеў заяўляе хадайніцтва. Дакумэнты і матэрыялы, якія зачытваліся ўчора, тычыліся кампаніі "Гавары праўду!", і да гэтай справы яны ня маюць адносінаў. Ніякай крымінальнай справы ў дачыненьні кампаніі не вядзецца, таму яны павінны быць вынятыя з матэрыялаў гэтай справы, ці, прынамсі, не павінны зачытвацца ў гэтым працэсе. Судзьдзя адказала, што гэта пытаньне яна будзе вырашаць ў дарадчым пакоі.

Фядута
таксама выступае з хадайніцтвам выклікаць ў якасьці сьведкі кіроўцу "Фальксвагену". Пракурор супраць. Адвакат Някляева Тамара Сідарэнка абгрунтоўвае неабходнасьць, але пракурор зноў пярэчыць. Адвакат настойвае.

Някляеў таксама настойвае, кажа, што пытаньне прынцыповае. Бо паказаньні кіроўцы пярэчаць паказаньням супрацоўнікаў ДАІ. Судзьдзя адмаўляе далучыць да матэрыялаў справы заяву адвакаткі Сідарэнкі. Што да запрашэньня сьведкі, пытаньне будзе вырашана пазьней.


Суды за Плошчу

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Першы дзень
Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Другі дзень
Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Трэці дзень
Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Чацьвёрты дзень

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі
Нарадзіўся ў Менску 3 сакавіка 1975 году. Жанаты, выхоўвае дачку. Інжынэр-будаўнік, у 1997 г. скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт.

У 2002—2004 гг. сябра прэзыдыюму Беларускай нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых грамадзкіх арганізацый "Рада". Адзін з кіраўнікоў кампаніі "Ў абарону свабоды сумленьня і веравызнаньня ў Беларусі". Кіраўнік менскай арганізацыі стваранай Партыі БХД, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні гэтай партыі.

Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 г. Падчас акцыі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці зьбіты спэцназам. Затрыманы падчас разгону акцыі, зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны па арт. 293 КК. З 31 сьнежня 2010 г. — пад падпіскай аб нявыезьдзе.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармуляванае на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Аляксандр Фядута

Аляксандр Фядута
Журналіст, кандыдат філялягічных навук, грамадзкі актывіст. У 1994 годзе быў сябрам перадвыбарнага штабу А. Лукашэнкі, пасьля перамогі якога стаў начальнікам упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта. З 1995 году перайшоў у апазыцыю.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявалі на ч.1 арт.342 КК РБ — "арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

8 красавіка адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.

Наста Палажанка

Наста Палажанка
Намесьніца старшыні "Маладога Фронту". Наста нарадзілася 2 жніўня 1990 году ў Менску. З 1997 па 2008 гг. вучылася ў 73-й менскай школе. З 2008 г. — студэнтка факультэту філязофіі і палітычных навук Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Пасьля акцыі на Плошчы Насту арыштавалі дома ў 3 гадзіны 20 хвілінаў ночы. Захоп 20-гадовай дзяўчыны ажыцьцяўляўся сіламі пятнаццаці супрацоўнікаў КДБ. Наста абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.

17 лютага вечарам адпушчана пад падпіску аб нявыезьдзе.

8 сакавіка стала першай беларускай, якая атрымала Міжнародную жаночую прэмію за мужнасьць. Узнагароду ўручала дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў
Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 г. Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 году ў Смаргоні.

У 2010 г. ініцыяваў стварэньне грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", якой улады пазьней адмовілі ў рэгістрацыі.

19 сьнежня быў зьбіты да непрытомнасьці ў цэнтры Менску па шляху на мірную акцыю пратэсту. З чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Празь некалькі гадзінаў быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спэцслужбаў.

Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле "Масавыя беспарадкі". З моманту зьбіцьця 19 сьнежня да пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанёс чатыры гіпэртанічныя крызы і ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам.

17 лютага агульны сход ПЭН-цэнтру прыняў рашэньне вылучыць яго на Нобэлеўскую прэмію.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў
Нарадзіўся 17 траўня 1981 года ў Менску. Вучыўся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце на факультэце філязофіі. У 2000-2001 гг. служыў у войску. З 2001 г. – сябра АГП.

Быў затрыманы сярод іншых актывістаў 18 траўня 2010 г., калі ўлады спрабавалі разагнаць грамадзянскую кампанію “Гавары праўду”, у якой Андрэй браў удзел.

У 2005-2009 гг. меў свой бізнэс, зьяўляўся дырэктарам кансалтынгавай кампаніі.

Кіраваў штабам кандыдата на прэзыдэнты Ўладзіміра Някляева. Затрыманы ў ноч на 20 сьнежня пасьля акцыі пратэсту ў цэнтры Менска, абвінавачаны паводле артыкулу – “масавыя беспарадкі”. 3 студзеня 2011 г. выпушчаны зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. 30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана – “арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх”.

Сяргей Вазьняк

Сяргей Вазьняк
Нарадзіўся 14 красавіка 1962 г. Галоўны рэдактар газэты "Товарищ", грамадзкі актывіст, сябра Праўленьня ГА "БАЖ". Быў адным з арганізатараў стварэньня Партыі камуністаў Беларусі, у 2009 годзе перайменаванай у Беларускую партыю аб’яднаных левых "Справядлівы сьвет".

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. працаваў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

Ад 29 сьнежня мера стрыманьня зьменена на падпіску аб нявыезьдзе.

30 сакавіка 2011 г. абвінавачаньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".