Каго судяць за Плошчу: абвінавачаныя і асуджаныя ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19.12.10 вачыма сяброў, калегаў, сваякоў.
Дзякую Богу, які даў мне такога сына.
30-га сьнежня 1976 году мне прынесьлі на першае кармленьне хлопчыка. Я з пяшчотаю нахілілася над ім, але з жахам убачыла – ня ён, ня мой сынок. Узьняла крык. Сястрычкі забегалі, забралі немаўля, прынесьлі другога. А гэты мой! Такі басавіты, крыклівы, родны.
З таго часу страх, каб нічога з маім сынком не здаралася, каб не згубіла. І малітва за яго.
І заўсёды адчуваньне, што зь ім.
Усё жыцьцё – настаўніца. Мара і праца, якім павінен быць мой вучань.
Дык Павал – увасабленьне гэтай мары. Разумны, таленавіты, вельмі арганізаваны, сумленны, адказны, далікатны, добры, мужны, самаадданы, з пачуцьцём чалавечай годнасьці.
Калі вучыўся, заўсёды на лета да бабулі набіраў шмат падручнікаў, вывучаў іх, а на працягу вучэбнага года – дадатковая літаратура. Камяні, кніжкі, вандроўкі, футбол, ровар – захапленьні дзяцінства. Пісаць пачаў як толькі навучыўся разьбіраць літары -- не было яшчэ пяці гадкоў. Вершыкі, апавяданьні, энцыкляпэдыя прыдуманай краіны.
Ён ствараў сябе сам. І праца гэта ніколі не спыняецца. Толькі аднойчы сказала яму:” Табе шмат дадзена, шмат і спытаецца”. Гэта запомніў. Адсюль і стаўленьне да жыцьця “Калі не я, то хто”.
Тацяна Севярынец, маці Паўла Севярынца
Бацькоўскі ліст
Пакуль улады трымаюць у вязьніцы майго сына Паўла Севярынца і яго паплечнікаў-аднадумцаў, рыхтуючы над імі расправу ў стылі 30-х гадоў; пакуль крыважэрныя гадаванцы амаральнага рэжыму прагнуць нявінных чалавечых ахвяр у менскай “падземцы”; пакуль з трывогай беларусы ўглядаюцца ў будучае, нарадзіўся верш.
Прызнаньне
Да бацькоўскага парога
Прывядзе дарога.
Тут — радзіна,
Тут — Радзіма,
Дадзеныя Богам.
Як сыноўняе прызнаньне
Ў радасьці і скрусе
Хай паўстане
Чыстым раньне
Па-над Беларусьсю!
Ваяры на ратным полі
Тут чужынцаў білі:
Баранілі шчасьце-долю,
Волю баранілі.
Я за іх сьвятыя душы
Ціха памалюся —
Не адужаць
Лютым сьцюжам
Любай Беларусі!
Мне не трэба тое неба,
Дзе чужое сонца.
Мне б агеньчык,
Мне б праменьчык
З роднага ваконца.
На сьвятло і на цяпельца
Паімкнуся-мкнуся,
Бо да сьмерці маё сэрца
Разам з Беларусьсю!
Ён, гэты верш, пагрукаўся з душы, каб умацаваць веру, любоў і надзею на лепшае.
Да драбніц памятаю, з якой цеплынёй, ласкай і любоўю сустракалі новае жыцьцё — майго сына — простыя беларусы з Аршаншчыны.
Павел запрасіўся на сьвет Божы пад раніцу перадапошняй ноччу 1976-га. За вокнамі нашай казённай хаты ў вёсцы Пагост лютавалі піліпаўскія маразы з мяцеліцай. Аднак калі мы з жонкай Тацянай выправіліся на чыгуначны прыпынак у амаль кілямэтровы шлях, вецер сьціх, мароз памякчэў. Ісьці па цаліку праз гурбы і сумёты было лацьвей у суцішаным навакольлі.
— З Богам! — перахрысьціла нас школьная прыбіральшчыца цётка Клава, застаўшыся галоўнай у доме.
Прыветна і спагадліва спрычыніліся да раньніх гасьцей чыгуначны электрык дзядзька Іван і яго жонка Ніна.
— Вось коўдрачка і пялюшкі на ўсялякі выпадак, — паклапацілася жанчына.
А галава сям’і, гарэзьліва кіўнуўшы на бутэльку ў кухонным буфэце, шапнуў на вуха:
— Вернешся з горада, заходзь, адзначым...
У ранішнім дызель-цягніку намі адразу заапекавалася правадніца-касірка, пакінуўшы у спакоі “зайцоў” і пасажыраў без білетаў.
Машыністы па рацыі выклікалі “хуткую”, якая чакала ў Оршы каля дзьвярэй вагона на пэроне.
Начная зьмена ў радзільні чыгуначнай бальніцы мусіла затрымацца з перазьменкай.
— Хто ў цябе дома ёсьць? — спытала недзе а восьмай раніцы стомленая мэдсястрычка сталага веку.
— Дачка, — адгукнуўся зніякавела.
— А цяпер яшчэ і сын! — быццам ведаючы, што абрадуе, узьнёсла выгукнула няйначай фэя ў белым халаце.
Такая спагада, прыўзьнятая да шчырай любові, не магла не адгукнуцца ў далейшым лёсе майго сына. І вельмі натуральна вымагала ад яго ўзаемнасьці.
Так яно потым і сталася.
“Люблю Беларусь!” Так, пасталеўшы, вызначыць сваю стрыжнёвую існасьць мой сын.
Гэта і ёсьць найважнейшы чыньнік, якім можна ахарактарызаваць яго яркую асобу — чалавека, палітыка, літаратара, а таксама абазначыць яго дзейнасьць і празрыстую жыцьцёвую пазыцыю. І толькі самы апошні нягоднік можа перакручваць гэтыя паняцьці і закідаць Паўлу ўяўную агрэсію ці нейкія іншыя думкі і дзеяньні.
“Люблю Беларусь”. Так называецца адна з яго кніжак.
Люблю Беларусь — не проста лёзунгавы вокліч. Гэта сэнс жыцьця і дзейнасьці мужнага хлопца, цьвёрдага ў сваёй хрысьціянскай веры і непахіснага ў сваіх гуманістычных перакананьнях. Гэта аснова яго існаваньня тут і цяпер, гэта яго малітва і яго праўда. І нікому не дадзена перарваць гэтую малітву альбо адабраць у яго гэтую праўду, абылгаць яе, зьдзекавацца зь яе: ні пракурорам, ні суддзям, ні ганарыстым чынушам самага высокага рангу. Чысьціня і высакароднасьць яго любові да Беларусі — неаспрэчныя. І нават тыя, хто нядобразычліва адносіцца да Паўла, прызнаюць гэта. Аўтарытэт і павага наробліваюцца гадамі. У Паўла хапіла моцы, сілы і характару стварыць такі наробак.
Пасьпяховы вучань 25-й віцебскай школы з мастацкім ухілам. Залаты мэдаль па заканчэньні. Удзел у шматлікіх алімпіядах па самых розных прадметах, сярод якіх, аднак, сам хлопец вылучаў геаграфію. У яго пакоі да гэтай пары захоўваецца калекцыя мінэралаў, якую ён ашчадна зьбіраў яшчэ школьнікам, аб’езьдзіўшы на ровары ці не ўсю Віцебшчыну. Такая вось апантанасьць, такі вось імпэт. І ўсё скіравана не на разбурэньне, а на стварэньне.
І не дзіва, што Павел з першага ж заходу паступіў у БДУ на геафак са спэцыялізацыяй па мінэралёгіі. Выкладчык, што прымаў іспыт, усё дзівіўся: “Ды табе, хлопча, адразу на пяты курс! Такія глыбокія і дасканалыя веды мала ў каго з самых нашых дасьведчаных студэнтаў!” І студэнтам ён быў адным з самых лепшых і актыўных: “пяцёркі” ў залікоўцы, выпускі сьценгазэт, дзіджэеўскія праекты...
Ён не дэкляраваў, ён сваім жыцьцём і нястомнай працай даказваў: люблю Беларусь!
У пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя ён быў адзіным з удзельнікаў рэспубліканскага дзіцячага парлямэнту (а быў тады і такі!) хто, прадстаўляючы Віцебшчыну, выступаў выключна на беларускай мове. І гэта пры ўсім тым, што рос і выхоўваўся ў рускамоўнай сям’і: бацькі — выпускнікі рускага аддзяленьня філфака БДУ, выкладчыкі рускай мовы і літаратуры. І выбар на карысьць роднай мове тады яшчэ дзесяціклясьнік зрабіў самастойна, без падказак збоку, прымусу і кан’юнктуры. Магчыма, прарвалася зацятая беларускасьць усіх пакаленьняў Севярынцаў, якія жывуць на гэтай зямлі стагоддзямі, ніколі ёй не здрадзіўшы, ніколі яе не прадаўшы: прадзед Паўла Пётра Рыгоравіч прайшоў дзьве кровапралітныя сусьветныя вайны, дзед Павел Пятровіч — Другую Сусьветную, у якой страціў нагу, аднак да скону імкнуўся быць карысным людзям і радні.
Актыўная жыцьцёвая пазыцыя прывяла маладога хлопца ў БНФ. Гэтага не маглі дараваць яму рэтраграды з унівэрсытэту. Спачатку спрабавалі прымусіць дыплёмніка Севярынца перапісаць “нармальнай” мовай дыплёмную працу, якую ён адмыслова напісаў па-беларуску. А як жа яшчэ пісаць аб радовішчах беларускага бурштыну ў Жабінкаўскім раёне на Брэстчыне? І толькі ўмяшальніцтва тагачаснага рэктара БДУ Аляксандра Казуліна дазволіла Паўлу на “выдатна” абараніць дыплёмную. Аднак зласьліўцы свайго дамагліся, не даўшы яму рэкамэндацыі для паступленьня ў асьпірантуру, а затым прынізіўшы пры разьмеркаваньні: адправілі ў Інстытут геалёгіі на пасаду, якую звычайна займаюць выпускнікі вучылішчаў і тэхнікумаў.
Безумоўна, амбітны ўнівэрсытэцкі выпускнік палічыў гэта абразай і гонару, і годнасьці, і прафэсіяналізму. Тым больш што ў гэты час яго настойліва і ўсеабдымна захоплівалі журналістыка, прыгожае пісьменства і палітычнае жыцьцё. Павел становіцца публічным чалавекам з актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй, на дух не прымаючы фарысейства, згодніцтва, хлусьні і маральнай разбэшчанасьці, з якога б боку яны ні напіралі і не падступалі.
Вядомыя ў палітыцы людзі добра ведаюць Паўла Севярынца і як маладафронтаўскага лідэра, і як аднаго з лідэраў сталага і яшчэ нерасшкамутанага БНФ, і як сустаршыню аргкамітэта па стварэньні партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя.
За свае перакананьні, за сваю прынцыповасьць і нязломнасьць у адстойваньні ідэалаў дэмакратыі, свабоды, нацыянальнай годнасьці беларусаў хлопца не аднойчы кідалі за краты, пачынаючы з Валадаркі і Акрэсьціна і заканчваючы двухгадовай “хіміяй” на лесапавале на поўначы Беларусі і сумнавядомай “амэрыканкай” ужо ў самым сэрцы беларускай сталіцы.
“Жыве Беларусь! Жыве з Богам!” — для яго ў гэтых выпрабаваньнях не пусты лёзунг, не гучная фраза, а духоўнае апірышча і сэнс надзённых клопатаў.
Тыя ж, хто пільна сочыць за журналістыкай і літаратурным жыцьцём, ведаюць і памятаюць актуальныя рэпартажы, камэнтарыі і артыкулы Паўла Севярынца ў газэтах “Знамя юности”, “Наша Ніва”, “Народная Воля” і іншых пэрыядычных выданьнях. Аб першых яго апавяданьнях прыхільна адгукаўся Васіль Уладзіміравіч Быкаў. Творы Паўла атрымалі высокую ацэнку і спэцыялістаў-філёлагаў, такіх, да прыкладу, як доктар філялягічных навук Ніна Барысаўна Мячкоўская. Як прызнаньне журналісцкага майстэрства і літаратурных здольнасьцяў — членства ў Беларускай асацыяцыі журналістаў, Саюзе беларускіх пісьменьнікаў і ПЭН-цэнтры, літаратурная прэмія імя Алеся Адамовіча за кнігу “Лісты з лесу”, прэмія імя Васіля Быкава “За свабоду думкі” і іншыя ганаровыя адзнакі.
Нават абачлівы “саўбелкавец” Павел Якубовіч, знаходзячыся па той бок “барыкадаў”, пры мімалётнай сустрэчы на “Славянскім базары” прызнаваўся мне: “Ведаеш, Кастусь, магчыма, твой сын мае рацыю...”
Быццам бы я ў гэтым калі-небудзь сумняваўся!
Шлях, пакутніцкі і цярністы, але асьветлены пяшчотай і любоўю да Радзімы, да любай Беларусі, абавязкова прывядзе да Храма. У гэтай веры ён і стаіць.
Мы з сынам, спракавечныя, карэнныя беларусы, аднадумцы.
Яму і яго паплечнікам прысьвяціў я свой верш “Роздум на Дзень волі-2011”.
О, Беларусь! Любімая. Праклятая.
Пакутніца на росхрысьце вятроў.
Краіна стукачоў і правакатараў.
Краіна ваяроў і змагароў.
Яны цябе хто ганілі, хто славілі.
А “трэці пуць” — спіхнуць у каламуць.
Так сталася, што поплеч Каін з Авелем
Спрадвеку тут адной сям’ёй жывуць.
Радзіма! Ну, няўжо гібець вякамі нам?
Мы ж — кожны! — дзеці родныя твае.
Хай грэх цяжкі даруе Авэль Каіну,
А той ніколі брата не заб’е.
.......................
Ды лепшыя сыны — ізноў за кратамі.
Няволя — воля?
Енк “правадыроў”...
О, Беларусь! Любімая. Праклятая.
Пакутніца на росхрысьце вятроў.
Я ўсьцешаны тым, што Павел — мой сын. І ўся наша вялікая радня, ад дзядоў-прадзедаў да малечы, ганарыцца сваім мужным і радзімаадданым родзічам. А нядобразычліўцам і згрызотнікам, фарысеям і прадажнікам, хакеістам і чэкістам, заангажаваным судзьдзям і пракурорам магу адказаць зьлёгку падпраўленымі крылатымі словамі Фідэля Кастра, якія знакаміты камандантэ адрасаваў бацістаўскім служкам Фэміды падчас суда пасьля штурму казармаў Манкада: “Вы можаце, панове, сёньня засудзіць майго сына, аднак гісторыя яго апраўдае!”
І — кропка!
Кастусь Севярынец, бацька Паўла Севярынца