Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Трэці дзень

Уладзімер Някляеў

10 траўня Фрунзенскі суд Менску працягваў разглядаць справу былых кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама сяброў штабу Някляева Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка ды даверанай асобы Рымашэўскага Насты Палажанкі.

18.32 У працэсе — перапынак да 10-й раніцы 11 траўня.

Your browser doesn’t support HTML5

Чаму Лукашэнку ня выклікалі ў суд над Някляевым?



18.03 — 18.30 Наступны сьведка — давераная асоба Рымашэўскага, Дзьмітры Шурхай.

На Кастрычніцкай плошчы быў. Там плянавалася мірная акцыя, былі выступы кандыдатаў. Потым людзі пачалі ісьці ў бок плошчы Незалежнасьці. Асабіста ён ішоў па праезнай частцы. Лічыць, што ў шэсьці ўдзельнічала 50 тысяч чалавек.

Грамадзкага транспарту на праспэкце не было, на ягоную думку. Ці крычаў лёзунгі, не памятае. Сьцяга ў руках у яго не было.

Абвінаваўца пытаецца пра агітацыйную літаратуру: ці былі там заклікі на плошчу? Сьведка ня памятае.

У ініцыятыўнай групе займаўся зборам подпісаў у Берасьці. Гэтая праца не аплачвалася. Ці заклікаў Рымашэўскі на сустрэчах з выбарцамі выйсьці на плошчу, не памятае.

Падчас папярэдняга сьледзтва паказаньні даваў. Судзьдзя кажа, што былі супярэчнасьці у паказаньнях. У паказаньнях раней ён казаў, што за подпісы плацілі 5 даляраў, што Рымашэўскі заклікаў прыйсьці на плошчу. Шурхай адмаўляе. Але подпіс прызнае сапраўдным.

Рымашэўскі пытаецца, пры якіх абставінах яго дапытвалі? Шурхай распавядае, што яго затрымалі 21 сьнежня ў Берасьці, маўляў, падробленае пасьведчаньне кіроўцы. Абвінавацілі, што быццам бы ён мацюкаўся.

Пасьля адбыцьця пакараньня даставілі ў Менск. У Менску на яго аказвалі псыхалягічны ціск — маўляў, ёсьць магчымасьць «затрымацца» на 4 гады.

Рымашэўскі пытаецца пра ўмовы ўтрыманьня. Шурхай кажа, што не далі паабедаць на Акрэсьціна, ціснулі. Дапытвалі двое. Адзін запалохваў. Маўляў, Рымашэўскі ўсё зваліў на Севярынца, Севярынец на Рымашэўскага.

Зь Берасьця, калі ён адбыў пакараньне 5 сутак, забралі ў Менск. Сказалі, што вязуць на допыт. У Менску аформілі ў Маскоўскім РУУСе затрыманьне. Ён абскарджвае дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі.

Рымашэўскі пытаецца, зь якімі адчуваньнямі сьведка даваў паказаньні ў Менску супрацоўнікам КДБ. Той кажа, што далі зразумець, што лепш даваць паказаньні. Пагражалі пасадзіць на 4 гады.

Адвакатка пытаецца, ці быў пратакол затрыманьня, калі забіралі зь Берасьця? Садоўскі: Толькі ў Маскоўскім РУУС Менску склалі пратакол а 10-й раніцы, хаця затрымалі напярэдадні а 10-й вечара. Ноч не была залічана. Не кармілі, калі везьлі. У камэры ўмовы былі жудасныя — не было коўдраў, на Акрэсьціна не далі ўзяць спальны мех. Было вельмі халодна. Не было прагулак.

17.57 Наступны сьведка — дэмакратычны актывіст, прадпрымальнік Вадзім Кабанчук. Ён ня бачыў, каб кандыдаты прарывалі кардоны. Яны размаўлялі з супрацоўнікамі ДАІ. Пра што гаварылі, ня чуў, было шумна. Людзі скандавалі лёзунгі «Жыве Беларусь!» Яму здаецца, што транспарту не было, на вуліцах стаялі супрацоўнікі ДАІ. Ад Кастрычніцкай да Незалежнасьці калёна ішла хвілін 30. У выбарчай кампаніі ўдзельнічаў. На сустрэчах з выбарцамі Рымашэўскі казаў пра Плошчу. 19 сьнежня быў на Кастрычніцкай. Там былі выступы кандыдатаў. Статкевіч сказаў, што былі парушэньні падчас выбараў, і спачатку хацелі рушыць да Адміністрацыі. Потым пайшлі на Незалежнасьці. Народ скандаваў лёзунгі. Транспарт быў спынены. Ня памятае, каб Рымашэўскі заклікаў выйсці на праезную частку.

17.47 Наступны сьведка — Дзяніс Садоўскі. Судзьдзя робіць папярэджаньне за вольны тон. Абвінаваўца пытаецца, ці мае ён дачыненьне да БХД? Такой партыі няма, кажа Садоўскі. Але прызнае, што ў выбарчай кампаніі Рымашэўскага ўдзел браў.

Падзеі 19 сьнежня памятае. А 19 гадзіне зьбіраліся каля Чыгуначнага вакзалу. Потым пайшлі на Кастрычніцкую. Стварылі кола вакол кандыдатаў. Пачаўся агульны рух у бок адміністрацыі. Натоўп вынес на праспэкт кола кандыдатаў разам з аховай. Натоўп пайшоў у бок плошчы Незалежнасьці. Кандыдаты размаўлялі з супрацоўнікамі ДАІ, каб тыя забясьпечылі рух калёны.

17.40 Наступны сьведка — Юры Кіслоў.

Нёс службу 19 сьнежня. Задача — інфармаваньне грамадзянаў пра тое, што несанкцыянаванае мерапрыемства. Чуў па рацыі, што калёна рушыць на плошчу Незалежнасьці. Атрымаў каманду рушыць туды.

Ехаў у хвасьце калёны і папярэджваў, пакуль людзі ішлі на плошчу Незалежнасьці. Саміх падзеяў на плошчы амаль ня бачыў. Вельмі шмат людзей. Бачыў два ланцужкі АМАПу. Чуў па рацыі, што б’юць шкло ў Доме ўраду. Тэкст прачытаў агулам 20 разоў.

17.34 Наступны сьведка — Юры Каралькоў — супрацоўнік ДАІ.

Нёс службу ў машыне з гукаўзмацняльнай апаратурай. Спачатку быў на Савецкай, 2. Паступіла каманда прыбыць на плошчу Незалежнасьці, у яго быў тэкст.

А 20.30 пачаў чытаць тэкст на расейскай і беларускай мовах. Пра тое, што трэба разысьціся, інакш будзеце прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці.

Ня бярэцца дакладна сьцьвярджаць, што гэта было ў 20.30. Пачаў чытаць, калі галава калёны знаходзілася ля будынку Менгарвыканкаму.

Тэкст чытаў разоў 10 на кожнай мове.



17.22 Наступная сьведка — Вольга Каліноўская.

Яна гаспадыня кватэры, дала абвестку ў інтэрнэце. Прыйшоў чалавек 14 сьнежня. Яроменак Уладзімер зь Віцебскай вобласьці, сказаў, што новае прадпрыемства, кшталту кампутарных тэхналёгій. Хацеў зьняць кватэру на доўгі тэрмін.

17-га яна дала ключы, потым зарэгістравала, як мае быць. Прыехала ў кватэру пасьля 20-га. Паводле яе, у кватэры людзі не жылі. Тым былі візыткі, нейкая прадукцыя пра Рымашэўскага. У кватэры нікога не было.

Пазьней у інтэрнэце паглядзела, хто такі Рымашэўскі. Тэлефон чалавека, які зьняў, не адказваў спачатку. Я даведалася, што яго пасадзілі на 15 сутак. Пазьней ён прынёс ключы.

У кватэры тры пакоі. Пражываць там можа чалавекі 3-4. Быў адзін спальны мяшок.

Потым знайшла дзьве касмэтычкі: у адной парфума дарагая, у другой — танная.

Калі чалавек здымаў кватэру, сказаў, што там будзе жыць некалькі чалавек. Аформіў кватэру на сябе. Калі я прыйшла і там нікога не было, забрала ноўтбук, потым аддала.





17.17 Наступны сьведка — міліцыянт Стаўроўскі.

Нёс службу на Кастрычніцкай. Туды прыйшло шмат народу. Сьведка знаходзіўся на праезнай частцы праспэкту Незалежнасьці. Перасоўваўся ў бок плошчы Незалежнасьці. Частка калёны ішла па ходніках. Насупраць Палаца прафсаюзаў частка выйшла на праезную частку. Сьведка знаходзіўся з краю, усіх бачыць ня мог.

Частка дэманстрантаў на яго заклікі сысьці на ходнікі рэагавала, частка — не. Ён ішоў да плошчы Незалежнасьці пешшу. Кажа, што была затрымка руху транспарту.

Вазьняк пытаецца: ці былі іншыя правапарушэньні, акрамя выхаду на праезную частку? Сьведка кажа, што ня бачыў.

17.05 Наступны сьведка. Прозьвішча вымаўляе неразборліва.

Распавядае, што нёс службу 19 сьнежня на Кастрычніцкай. Задача — бясьпека руху. Натоўп людзей пачаў выходзіць на праезную частку. Ён разварочваў транспарт, таму што напоўт рушыў у бок вуліцы Энгельса. Траспарт накіроўваў у бок вуліцы Янкі Купалы. Рух на праспэкце быў немагчымы. Калёна хвілінаў 15 ішла. Каля Палаца прафсаюзаў ён знаходзіўся хвілінаў 20.

Адвакатка пытаецца, ці было мэтазгодна перакрыць рух раней, калі столькі людзей прыйшло на плошчу?

Сьведка: Такое рашэньне самастойна ён ня мог прыняць.

Някляеў пытаецца: ці было адчуваньне, што ў людзей былі агрэсіўныя намеры? Ці былі яны ўзброеныя?

Сьведка: Палак ня бачыў.

17.00 Сідарэнка паўтарае сваю просьбу прачытаць у судзе паказаньні сьведкі адносна Някляева і ўсяго, што ён бачыў пра інцыдэнт. Судзьдзя пытаецца ў абвінаваўцы ягонага меркаваньня. Пракурор лічыць, што няма падставы і просіць хадайніцтва адхіліць.

Судзьдзя просіць назваць пэўнае разыходжаньне. Сідарэнка кажа пра месца дзеяньня, пра пашкоджаньні.

Судзьдзя задаволіла толькі у адным моманце. Пачала зачытваць.

"Быў сіняк пад вокам, але гэта дзеля карцінкі. Калі набліжаліся тэлевізіёншчыкі, Някляеў закрываў вока наўмысна", -- зачытала судзьдзя.

Судзьдзя: Вы пацьвярджаеце гэта?

Сьведка: Так, калі сказаў тады.

Судзьдзя: А чаму вы меркавалі, што ён рабіў для карцінкі выгляд, што яго зьбілі?

Сьведка: Сказаў, такое маё меркаваньне.

Адвакат: А на чым грунтавалася ваша меркаваньне, калі вы кажаце, што ня бачылі самі інцыдэнту і раптам вырашылі, што ён прыкідваецца?

Сьведка: Такое маё суб'ектыўнае меркаванье.

15.45 — 16.55 Наступны сьведка – Вячаслаў Паўлюковіч.

19 сьнежня быў на службе. Ня памятае зь якой гадзіны. Ён патруляваў удвох з Ігнацьевым. Абвінаваўца пытаецца, што было на Калектарнай?

Кажа, што паступіла інфармацыя, што ў мікрааўтобусе знаходзяцца забароненыя рэчывы. Заблякавалі рух. Ігнацьеў выйшаў першым. Потым выбеглі з аўтобусу супрацоўнікі міліцыі.

Нехта спрабаваў адштурхнуць супрацоўнікаў міліцыі.

Кажа, што прысутнічаў пры даглядзе мікрааўтобуса, бачыў там апаратуру. Калёна людзей накіравалася ў бок цэнтру. Яны спусьціліся на Нямігу.

Абвінаваўца просіць удакладніць, што было на Калектарнай. Сьведка кажа, што натоўп пачаў рушыць ад дому, крычалі "Жыве Беларусь!" Людзі рушылі па праезнай частцы.

Ігнацьеў зьаяртаўся непасрэдна да Някляева,..7 але Някляеў паказаў пасьведчаньне і сказаў: "Не стварайце прэцэдэнт!”

Адвакатка
ўдакладняе, дзе знаходзіліся, калі спынілі аўтамабіль. Пытаецца, ці ведаў ён, што былі супрацоўнікі міліцыі. Сьведка адказвае, што так, яны былі ў чорнай форме. Яны крычалі, што яны -- міліцыя. Адвакатка пытаецца, дзе былі надпісы на форме. На пытаньне, колькі іх было, кажа, што не лічыў.

Як яны наводзілі парадак, пытаецца адвакат.

Сьведка:
загад быў "Класьціся на зямлю!”. Вось так і дзейнічалі".

Адкават: А як яны укладывалі на зямлю людзей? Ці ужывалі адмысловыя сродкі?

Сьведка:
паклалі на зялю з ужываньнем фізычнай сілы.

Гэта прызнаньне сьведка зрабіў пасьля двух заўвагаў адвакатаў і заўвагі судзьдзі.

Што вам казалі адносна прыналежнасьці Фольксвагена, у якім ёсьць нібыта забароненыя рэчы?

Адказаў, што прыналежнась не была пазначаная.

А чаму вы вырашылі, што гэта менавіта той аўтамабіль?

Вырашыў і ўсё.

Нумар глядзелі?

Не.

А ў які момант зьявіліся міліцыянты?

Адразу, калі людзі побач паспрабавалі адштурнуць маю руку. Раптам зьявіліся міліцыянты, крык "Міліцыя!", "Усе на зямлю!" Потым раздаліся "лёгкія хлапкі".

Сілу ужывалі да тых, хто аказваў супраціўленьне і рабіў працівазаконныя дзеяньняі.

Адвакат Сідарэнка спрабуе высьветліць: людзей ўкладвалі на сьнег?

Сьведка: На зямлю… ўсё…

Адкават: Як?

Сьведка: Рукамі.

Адвакат: Наносілі ўдары?

Сьведка: Не бачыў, не памятаю.

Адвакат: Ці бачылі вы, як Някляеву наносілі ўдары?

Сьведка: Не бачыў.

Адвакат: А куды падзеліся супрацоўнікі міліцыі пазьней?

Сьведка: Не заўважыў, бо заняўся сваім аўтамабілем.

Адвакат пытаецца, а што забралі з Фольксвагена, калі вы яго аглядалі?

Сьведка адказвае, што не бачыў гэтага, бо заняўся сваёй працай. "Якая розьніца, хто аглядзеў аўтамабіль".

Сьведку зрабілі заўвагу, каб ён адказваў на пытаньні, а не ўхіляўся.

Не памятае, колькі было міліцыянтаў у чорным.

Абвакат: Ці бачалі цялесныя пашкоджаньні ў Някляева?

Сьведка:
Па-мойму бачыў, але не памятаю дакладна, магчыма, я гэта бачыў у інтэрнэце.

Адвакат Сідарэнка просіць агалосіць паказаньні сьведкі з матэрыялаў справы "у сувязі з разыходжаньнямі".

Адвакат: Ці парушалі парадак іншыя людзі, акрамятых, хто раскачваў ваш аўтамабіль?

Сьведка:
Так.

Адвакат: Ці склалі вы на іх пратакол, неяк зрэагавалі?

Сьведка:
Не.

Някляеў задае пытаньне сьведку:
вы 4 разы сказалі, што ў ліку тых, хто штурхаў службовы аўтамабіль быў Някляеў. Пацьвярджаеце гэта?

Сведка:
Мне гэтак падалося. Вы ж там былі…

Някляеў зноў пытаецца: А вы бачылі. як мяне пакладі на зямлю?

Сьведка: Не.

Някляеў падае рэпліку:
Атрымліваецца, усё што было раней вы памятаеце, а як адразу пасьля гэтага мяне кладуць на зямлю і бьюць не памятаеце.

Фядута задае пытаньне:
Ці быў у вашым службовым аўтамабілі нехта падчас таго здарэньня?

Сьведка:
Два ці тры, не памятаю.

Кажа, што быў экіпаж у складзе супрацоўнікаў ДАІ.

Судзьдзя удакладняе:
ці бачыў ён Някляева пасьля інцыдэнту?

Сьведка:
"Яго панесьлі кудысьці, дамоў."

Судзьдзя:
Ці бачылі сінякі на ягоным твары?

Сьведка:
Так, нейкая драпіна была.

На пытаньне Дзьмітрыева
пра дакладны час інцыдэнту, сказаў, што ня ведае, бо "дрэнна запамінае час".

Адвакат Лабоха:
Вы казалі, што не можаце патлумачыць, як у вашым службовым аўтамабілі пашкодзілі люстэрка і шкло.

Сьведка
адказаў, што не памятае дакладна, убачылі гэтыя пашкоджаньні пазьней, калі ад'язжалі з месца здарэньня.

Адвакат:
А ці праводзілася службовая відэаздымка гэтага здарэньня?

Кажа, што ня ведае, але прызнае, што бачыў па тэлевізары.

Адвакат: А ці падыходзіў ваш напарнік Ігнацьеў да Някляева пасьля зьяўленьня міліцыянтаў?

Сьведка:
Не памятаю.

Адвакат: А як аказалася, што ані вы, ані ваш напарнік ня бачылі, як зьбілі Някляева?

Сьведка:
Я глядзеў у другі бок.

Палажанка пытаецца:
Вы не баіцеся крымінальнай адказнасьці за халатнасьць, бо не выклікалі да пацярпелых хуткую дапамогу і не аказалі дапамогу?

Сьведка: Калі б я ведаў, што ёсьць пашкоджаньні, я б выклікаў.

Палажанка:
А чаму вы не праверылі, ці не атрымалі яны пакоджаньні?

Сьведка: Я не мусіў аказваць дапамогу людзям, якія парушылі парадак.

Палажанка:
А вы абавязаны выконваць усе загады, нават незаконыя?

Сьведка:
Я перакананы, што незаконых загадаў не атрымліваю.

14.11 — 15.48 Пачалі задаваць пытаньні сьведку адвакаты. Ці перакрылі вы сваім службовым аўтамабілем рух транспарту на Калектарнай?


Сьведка кажа, што не перакрывалі рух, а толькі хацелі праверыць.

Адкават: чаму вы зьявярнуліся непасрэдна да Некляева?

Адказ: бо той ішоў першым.

Адвакат: калі прыбылі на месца супрацоўнікі міліцыі ў чорным?

Сьведка кажа, што адразу за гэтым.

Адвакат: а што гэта быў за выбух?

Сьведка: магчыма, узрыўпакет, магчыма, міліцыіі.

Але, кажа, падрабязнасьцяў не бачыў і мікрааўтобус Фольксваген гэтак і не аглядзеў. Бо пачаўся перапалох, адны пабеглі, іншыя ляжалі... Кажа, што не пасьпеў.

Адвакат Сідарэнка ўдакладнае: калі атрымалі інфармацыю пра Фольксваген?

Інацьеў: У17. -17.20. Ад аператыўнай службы. Сказалі, што непасрэдна на вуліцы Калектарнай гэты Фольксваген. А мы ведалі, што там штаб Некляева. Але мы да офісу не пад'язжалі.

Адкават: Чаму болей за гадзіну вы шукалі і не бачылі гэты аўтамабіль, між тым ён стаяў каля офісу Някляева шмат часу?


Сведка кажа, што, магчыма яны "празявалі". Пасьля ўбачылі аўтамабіль з гары і па даху пазналі. Яшчэ "інтуітыўна" зразумелі, што гэта той аўтамабіль.

"Сярод дарогі спыняць было нелягічна", таму спыілі на Калектарнай.

Адвакат: а загад быў агледзіць ці затрымаць?

Сьведка: аспачатку агледзіць і калі будуць падставы, затрымаць.

Паўтарае, што калі выйшаў са свайго аўто і падыйшоў да Фольксвагена, яго абкружылі журналісты і доступу да машыны не было, таму я вярнуўся.

Сьведка зьвярнуўся да Некляева, але, кажа, яго ня ведаў да таго. Той назваўся.

Яшчэ сьведка кажа, што ў аўтамабілі быў трэці чалавек акрамя яго, ягонага начальніка -- нейкі Аляксей. Сьведка ня ведае ягонага званія і пасады. Ён сеў у іх аўтамабіль на базе, "для узмацненьня".

Адвакат пытаецца: чаму вы пра гэтага трэцяга раней не казалі?

Сьведка: вы не пыталіся.

Адкават нагадала, што яму прапаноўвалася усё распавесьці самому і тады ён нічога пра Аляксея не казаў.

Сідарэнка пытаецца: Як адбывалася зьбіцьцё? Як людзей клалі ў сьнег тварам? Бралі за руку і клалі?

Сьведка кажа, што непасрэдна гэтага ня бачыў, ня бачыў, ці білі іх. Кажа, што ляжалі чалавек 5, астатнія разбегліся.

Сьведка: Два чалавекі ляжалі кала Фольксвагена, астатнія бліжэй да службовага аўтамабіля.

Як зьбілі Някляева, ён ня бачыў. Кажа, што ў той момант ён адышоў у бок, да свайго службовага аўтамабіля.

Сьведка згадвае, што з Фольксвагена нешта выносілі, але што, ён ня бачыў.

Адвакат: а што адбылося далей з кіроўцам Фольксвагена?

Сьведка: спачатку ён быў у мікрааўтобусе, а потым я не памятаю.

Згадаў, што да яго зьвяртаўся адзін чалавек, але ён не адказаў, бо ня ведаў, хто гэта. А ужо пазьней убачыў, як той чалавек сядаў у Фольксваген і зразумеў, што гэта быў кіроўца.

Адвакат пытаецца: чаму вы не пайшлі аглядаць аўтамабіль, калі супрацоўнікі міліцыі зь яго нешта выносілі? Вам адмянілі загад на агляд?

Сьведка: Я прыняў рашэньне самастоўна, што раз супрацоўнікі міліцыі яе аглядзелі, то мне ўжо ня трэба.

Адкават: А з якога падразьдзяленьня былі гэтыя супрацоўнікі?

Сьведка: Ня ведаю, адказаў сьведка.

Адкават: А як думаеце?

Сьведка: Без уяўленьне.

Згадаў, што падыходзіў да Някляева пасьля ягонага зьбіцьця, замерыў у яго пульс і павярнуў яго на бок.

Крыві на твары Някляева ён не бачыў: "Твар быў чысты".

Адвакат: а ці складаўся пратакол агляду “Фольксвагена”?

Сьведка
ня ведае, кажа, што яго не запрашалі і з тымі, хто аглядаў ён не кантактаваў. Яму толькі сказаў адзін зь іх "адыйдзіце убок".

Адкават: А чаму вы не дакладі, што вы гэтак і не аглядзелі аўтамабіль?

Сьведка:
начальства ведала, таму ён палічыў гэта непатрэбным.

Адвакат: Ці бачылі вы, што вашаму службоваму аўтамабілю пашкоджаньні нанесьлі?

Кажа, што адчуваў, як пхалі, але непасрэдна ён не бачыў. "Мяркую, падчас суматохі гэта здарылася", калі людзі пачалі разбягацца.

Адвакат: А ці вас праінфармавалі, што аглядаць “Фольксваген” будуць іншыя супрацоўнікі?

Сьведка:
Не.

Сьведка згадаў, што падыходзіў на два мэтры да “Фольксвагена”, калі пачаўся "сумбур". Баяўся, што мікрааўтобус наедзе на людзей, якія ляжалі на сьнезе.

"Фольксваген" пачаў марудна рухацца", – згадаў сьведка.

Судзьдзя зачытвае пратакол допыту сьведкі. Судзьдзя заяўляе, што сьведчаньні супярэчаць.

Кажа, што не бачыў сьлядоў крыві на твары кіроўцы, калі той да яго падыходзіў.

Адвакат: што выносілі з “Фальксвагену” міліцыянты ў чорным?

Сьведка кажа, што не бачыў.

Адкават: А якія дзеяньні паводле інструкцыі вы мусілі зрабіць для агляду?

Сьведка пералічае: падыйсьць, прадставіцца, загадаць...

Адкаватка: А калі той адмовіцца?


Сьведка: Тады я адхіляю кіроўцу і выклікаю дапамогу для прымусовых дзеяньняў.

Адвакатка распытвае пра невядомага Аляксея: Ці разьмяркоўваліся абавязкі зь ім?

Ігнацьеў: не.

Адвакатка пытаецца, ці чуў ён, што пад'яжджае хуткая, ці не задумваўся, што могуць быць выбухі пры мэдыках. Адказ няўцямны.

Адвакатка пытаецца, якім чынам ён атрымаў загад агледзець другі аўтамабіль зялёнага колеру.

Ігнацьеў адказвае, што па рацыі.

Адвакатка пытаецца, ці каардынуе ДАІ свае дзеяньні зь іншымі падразьдзяленьнямі аховы правапарадку?

Ігнацьеў адказвае, што не.

Адвакатка пытаецца, у чым супрацоўнік ДАІ бачыў пагрозу ад групы на вуліцы Калектарнай?

Ігнацьеў кажа, што калі б яны выйшлі на Нямігу на праезную частку, то пагроза была б.

Адвакат пытаецца, калі прыбылі людзі ў чорным, чаму Ігнацьеў і яго саратнікі пакінулі месца службы, не дачакаўшыся хуткай дапамогі. Ён быў перакананы, што людзі ў чорным былі супрацоўнікамі міліцыі.

Адвакатка пытаецца, ці ўжывалі людзі фізычную сілу супраць міліцыі?

Ігнацьеў кажа, што яны адзін раз штурхнулі яго.

Ён паўтараецца, што бачыў толькі, як клалі людзей ў сьнег. А ці наносіліся ўдары, ён не сьцярджае.

Адвакат пытаецца, ці гучала каманда: "Усім ляжаць!" Ігнацьеў адказвае, што чуў. Перад ім ляжала чалавек 5 - 6. Што было вакол -- не бачыў.

Была мітусьня, і колькі ляжала, ён ня можа сказаць дакладна.

Вазьняк пытаецца ў Ігнацьева як у афіцэра, ці была абгрунтаваная неабходнасьць выкарыстаньня шумавых гранатаў?

Ігнацьеў кажа, што была неабходнасьць -- некаторыя разьбегліся.

Вазьняк распытвае: кідалі гранаты супрацоўнікі ДАІ гранаты?

Ігнацьеў кажа, што гранаты ўзрывалі ў баку, не побач з натоўпам.

Адвакат пытаецца, ці затрымалі тых, хто паклаў рукі на капот машыны?

Ігнацьеў кажа, што супрацоўнікі міліцыі і ДАІ іх не затрымлівалі.

Адвакатка высьвятляе, чаму парушальнікаў не затрымалі.

Якая задача стаяла перад людзьмі ў чорным, ён ня ведае.

Фядута пытаецца, што зьяўляецца прыкметамі супрацоўнікаў міліцыі? Як акрамя пасьведчаньня можна іх вызначыць?

Ігнацьеў кажа, што па чорнай вопратцы можна вызначыць.

Фядута
запытвае, што рабіў трэці. Да якой гадзіны зь імі знаходзіўся трэці -- Аляксей?

Ігнацьеў
адказаў, што да 5 раніцы.

Някляеў
пытаецца, ці ўпершыню Ігнацьеў быў на такім мерапрыемстве.

Судзьдя спрабуе спыніць Някляева, каб ён задаваў канкрэтнае пытаньне.

Някляеў перайшоў на расейскую мову.

Пытаецца, на якой падставе затрымлівалі яго. Някляеў пытаецца, ці дамагаўся б расьсьледаваньня Ігнацьеў, калі б на яго напалі, як на Някляева. Той адказвае, што калі грамадзянскія – то так, калі б міліцыя – то не.

Някляеў пытаецца, калі Ігнацьеў мацаў пульс на шыі, ці бачыў ён пашкоджаньні на твары.

Ігнацьеў адказвае, што на твары пашкоджаньняў ён ня бачыў.

14.03
Наступны сьведка – супрацоўнікі ДАІ Ігнацьеў. Сьведка нёс службу і быў на Калектарнай падчас інцыдэнту з калёнай Някляева. Кажа, атрымалі інфармацыю, што на Калектарнай у Фольксвагене будзе выбухоўка і яго трэба затрымаць. Прыбылі на месца. Убачылі калёну 50-60 чалавек, бел-чырвона-белыя сьцягі.

Аўтамабіль Фольксваген рухаўся у цэнтры калёны. Ігнацьеў кажа, што выйшаў з аўтамабіля, назваўся і сказаў, каб далі магчымасьць агледзець яго. Чалавек 10-12 яго акружылі і пачаўся дыялёг з Някляевым.

“Каля аўтамабіля быў непасрэдна Някляеў ды іншыя. Я патрабаваў дазволіць аглядзець, на гэта не адрэагавалі. Паспрабавалі спіхнуць службовы аўтамабіль ДАІ з праезжай часткі. Раптам раздаліся выбухі, ў аўтамабілі Фольксваген пабілі шкло. Што крычалі людзі навокал, я не памятаю”.

Сьведка Ігнацьеў кажа, што калёна з Някляевым рухалася па праезнай частцы. Ня бачыў, каб супрацоўнікі міліцыі кагосьці там затрымлівалі.

Яшчэ кажа, што праз 30 хвілінаў яшчэ затрымлівалі аўтамабіль, бо прыйшла новая інфармацыя пра выбуховыя рэчывы ў аўтамабілі. Бачыў, што ў тым аўтамабілі былі нейкія каністры, але адкладна не бачыў, лепш бачыў мой напарнік.

14.00 Працэс аднавіўся.

12.55 Перапынак да 14 гадзіны.

12.50 Наступны сьведка Тусоўскі.
Кажа, што 19 сьнежня быў на службе на Кастрычніцкай плошчы гадзіны з 18-й. На плошчы сабралася вялікая колькасьць людзей. Людзі выходзілі на праезную частку. Рух транспарту быў спынены. Кажа, што на плошчы было шумна. Але ён быў засяроджаны на выкананьні сваёй задачы.

Фядута ўдакладняе, дзе канкрэтна стаяў ланцуг. Адвакат пытаецца, ці інфармавалі супрацоўнікаў ДАІ, што будзе вялікі натоўп людзей.

Сьведка кажа, што так. Канкрэтная задача была не дапусьціць выхаду людзей на плошчу.

12.08—12.45 Запрашаюць сьведку абвінавачаньня – Валерыя Данількова, супрацоўніка ДАІ.

19 сьнежня заступіў на службу ў 18 гадзін на Кастрычніцкай плошчы. Стаялі спачатку ўздоўж праезнай часткі. Сабраліся грамадзяне са сьцягамі і транспарантамі. Нешта выкрыквалі, але не зразумеў, што. Супрацоўнікі ДАІ знаходзіліся на плошчы, каб не дапусьціць людзей на праезную частку.

У раёне Палаца прафсаюзаў людзі спрабавалі выйсьці на праезную частку. ДАІшнікі выстраіліся ў ланцуг, каб не дапусьціць гэтага.

Знаходзіўся ў ланцужку, што перакрыў праспэкт. Калёна спынілася, завязалася размова з кандыдатамі ў прэзыдэнты. Называе прозьвішчы Статкевіча, Вуса, Халіп, Саньнікава.

Размаўлялі з начальнікам, каб міліцыянты вызвалілі праезную частку і дазволілі выйсьці на дарогу. Начальнік папрасіў не парушаць руху. Людзі не паслухаліся. Начальнік ДАІ быў у форме.

Людзі не рэагавалі на яго просьбу, працягвалі парушаць правілы руху. Рух грамадзкага транспарту быў спынены.

Кажа, што колькасьць грамадзянаў была вялікая, калі б яны паступова заходзілі на ходнік, маглі б там прайсьці. Не пазнае прысутных – кажа, была зіма, і людзі былі ў зімовай вопратцы.

Кажа, што была пара спробаў з боку натоўпу адштурхнуць супрацоўнікаў ДАІ.

Адвакат удакладняе: чаму ён ня чуў лёзунгаў?

Данількоў кажа, што на плошчы гучала музыка.

На процілеглым баку праспэкту ДАІшнікі таксама знаходзіліся.

Адвакат Сідарэнка пытаецца: калі ён атрымаў загад выйсьці на службу на плошчу?

Кажа, што ў раёне 19-й гадзіны.

12.05 Фядута
падтрымаў хадайніцтва, каб выклікалі Куляшова.

Хадайніцтвы не задаволілі. Маўляў, Лукашэнка і Куляшоў – ня сьведкі.

Дзьмітрыеў
пытаецца: ці нёс сьведка службу па ахове правапарадку падчас масавых гуляньняў? Ці ўдаецца перанакіраваць транспарт па іншых кірунках?

Данількоў кажа, што магчыма. Але загадзя распрацоўваюцца маршруты. 19 сьнежня транспарт ніхто нікуды не перанакіроўваў. Таму ўзьніклі праблемы.

Дзьмітрыеў задае ўдакладняльныя пытаньні: ці маглі людзі зайсьці з праезнай часткі на плошчу, дзе быў каток? Колькі было супрацоўнікаў ДАІ?

Супрацоўнік ДАІ кажа, што памятае падзеі 19 сьнежня. Знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы. Спачатку ланцуг стаяў ад вуліцы Леніна да плошчы, потым бліжэй да вуліцы Энгельса. Задача стаяла не выпускаць людзей на праезную частку. Людзі стаялі бліжэй да Палаца прафсаюзаў. Грымела музыка. Памятае, як падышлі кандыдаты, вялі дыялёг з начальнікам ДАІ. Ён быў у форменным абмундзіраваньні супрацоўніка міліцыі.

12.02 Хадайніцтва пра сустрэчы з дочкамі адхілілі.

Някляеў хадайнічае, каб выклікалі ў суд сьведкамі Анатоля Куляшова і Аляксандра Лукашэнку як людзей, якія кіравалі апэрацыяй на плошчы. Абвінаваўца – “супраць”. Адвакат Букштынаў – “за”.

11.28 Адвакат Лабоха
мяркуе, што нельга адмаўляць Някляеву ў праве далучыць да матэрыялаў справы ягоную скаргу ў Вярхоўны суд, бо гэта ягоная форма абароны ад абвінавачаньня.

Адвакат Букштынаў нагадаў пастанову Вярхоўнага суду ад 2001 году, што ўсе матэрыялы, сабраныя бокам абароны, трэба далучыць.

Судзьдзя пайшла ў дарадчы пакой прымаць рашэньне наконт хадайніцтваў.

11.25 Адвакат Букштынаў
нагадаў, што ў пастанове пра хатні арышт Някляева дазваляліся ягоныя сустрэчы з блізкімі сваякамі. "Гэта асобы, якія ахоўваюць Някляева, не дазваляюць яму сустрэч з дочкамі", – таму Букштынаў падтрымаў гэтае хадайніцтва.

Адвакат Тамара Сідарэнка таксама падтрымала хадайніцтвы.

11.20
Пытаюцца меркаваньня бакоў пра хадайніцтвы. Абвінаваўца супраць таго, каб далучалася скарга ў Вярхоўны суд адносна выбараў. Ён таксама супраць спатканьняў са сваякамі.

11.15
Някляеў мае і асабістае хадайніцтва: адносна сустрэчаў са сваякамі, у прыватнасьці, з дочкамі. "Я ня бачыў некалькі месяцаў сваіх дачок і прашу суд дазволіць мне спатканьне зь імі як самымі блізкімі".

11.02
—11.20 Адвакат Сідарэнка пытаецца, ці быў дырэктарат у кампаніі "Гавары праўду"? Някляеў кажа, што такога не было.

Ці да вас зьвярталіся падчас інцыдэнту з аўтамабілем, што трэба праверыць?

Някляеў
кажа, што не. Яго нават не спыталі, хто ён, і не глядзелі ў пасьведчаньне.

Толькі 29 студзеня, калі Някляеў ужо быў пад хатнім арыштам, ён даведаўся, што адбылося з аўтамабілем.

Някляеў
распавёў, што яго ўдарылі двойчы.

“Я стаяў і крычаў: ня біце людзей. І ў гэты момант на мяне напалі. Я гэтага не чакаў. Ніхто з тых людзей, хто ішоў са мной, не выказваў ніякай агрэсіі”.

Сідарэнка:
Ці распрацоўваліся пляны па інфармацыйным і фінансавым забесьпячэньні незаконных дзеяньняў?

Някляеў адказвае, што нічога такога не было. А за мяжой яны абмяркоўвалі свае праблемы на адкрытых паседжаньнях, бо ўнутры краіны гэта немагчыма было зрабіць. І ніякая замежная арганізацыя, паводле Някляева, ім не дапамагала.

Судзьдзя: А хто распрацаваў вашу праграму?

Някляеў: Штаб, але я цалкам згодны што трэба пераразьмеркаваць уладу ў краіне, бо выканаўчая ўлада "падгрэбла ўсё".

Асноўнае, сказаў Някляеў, трэба вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году і потым рэфармаваць краіну. Эканоміку краіны немагчыма разьвіваць бяз гэтых рэформаў.

Судзьдзя: У тым праекце абмяркоўвалі Плошчу?

Някляеў: Не, гэта была стратэгія.

Пытаньні скончыліся, Някляеў зьвярнуўся з хадайніцтвам, каб суд далучыў да матэрыялаў справы скаргу, што выбары прайшлі незаконна. Да скаргі далучаюцца факты і тлумачэньні.

10.50—11.01 Адвакат Букштынаў пачынае задаваць пытаньні.

Што канкрэтна было ў звароце ў пракуратуру?

Някляеў
кажа, што ў першую чаргу было патрабаваньне вызваліць лідэра "Маладога фронту". Яны хацелі запрасіць генэральнага пракурора выйсьці на плошчу. Яны хацелі запрасіць прадстаўнікоў улады да дыялёгу.

Букштынаў задае ўдакладняльныя пытаньні: у якасьці каго яны хацелі бачыць генпракурора ці прадстаўнікоў пракуратуры?

Някляеў адказвае, што як прадстаўнікоў улады.

Адвакат пытаецца пра артыкул 36: Чаму Някляеў лічыць, што скрайне неабходна было заклікаць людзей на плошчу?

Някляеў тлумачыць, што краіна зараз у самай складанай сытуацыі за ўсе часы незалежнасьці. Калі мы не патушым агонь несправядлівых выбараў, то пажар, раздзьмуты гэтым, можа спаліць усю краіну.

10.01—
10.49 Някляеў адказвае на пытаньні дзяржаўнага абвінаваўцы.

Пракурор пытаецца: навошта Някляеў заклікаў народ на плошчу?

Някляеў адказвае, што выбары былі недэмакратычнымі і плошча была адзіным варыянтам. А тэкст папярэджаньня ён пабачыў толькі ў матэрыялах крымінальнай справы.

Пракурор пытаецца пра агітацыйную прадукцыю. Някляеў кажа, што пад гэта выдаткоўваліся грошы дзяржавай, але мізэрна мала. Яны дамагліся, каб дазволілі ў заканадаўстве, каб грамадзяне маглі выдаткаваць грошы. І кампанія Някляева скарыстала гэту магчымасьць.

Пракурор пытаецца, ці думаў Някляеў пра разьвіцьцё падзеяў?


Някляеў кажа, што так. Калі ён пабачыў каток на Кастрычніцкай, тое, што плошча перагароджаная шчытом, яго гэта вельмі занепакоіла – ён думаў пра бясьпеку людзей.

Пракурор пытаецца: ці абмяркоўвалася ідэя, куды можна запрашаць людзей?

Някляеў кажа, што так. Плошча Свабоды не падыходзіла, бліжэй за ўсё – менавіта плошча Незалежнасьці.

Ён зьбіраўся правесьці на Кастрычніцкай плошчы толькі мірны мітынг. А рэзалюцыю, якую меркавалася прыняць на мітынгу, плянавалі перадаць уладам. Але падкрэсьлівае, што Плошча меркавалася быць кіраванаю – для гэтага і везьлі гукаўзмацняльную апаратуру.

Кажа, што перш за ўсё думалі пра бясьпеку. Стварылі дружыну, “якую разагнаў "Алмаз". Ён асабіста тэлефанаваў у МУС.

Пракурор пытаецца: заклікаючы людзей на плошчу, Някляеў уяўляў, якая колькасьць людзей можа прыйсьці на плошчу?

Някляеў кажа, што нашы грамадзяне паслухмяныя, яны не зьбіраліся нікому нанесьці шкоду. Пра "Макдональдз" кажа, што наўрад ці туды магла зайсьці вялікая колькасьць людзей.

Пракурор пытаецца пра падзеі 19 сьнежня.

Някляеў а 14 гадзіне прагаласаваў. Потым ён хадзіў у Генпракуратуру разам зь іншымі кандыдатамі. Яны грукалі гадзіну, каб у іх узялі законныя патрабаваньні.

Пасьля пракуратуры Някляеў паехаў у свой штаб. Там ён рыхтаваў рэзалюцыю, якую павінны былі прыняць на плошчы пра недэмакратычнасьць выбараў. Потым яны выйшлі на вуліцу Калектарную.

Выскоквае машына ДАІ. Капітан накінуўся на Някляева – маўляў, мы павінны праверыць мікрааўтобус. Някляеў палез у кішэню, каб дастаць пасьведчаньне кандыдата ў прэзыдэнты. “Тут у цэнтры Менску ў сьвяточны дзень пачалася вайна. На кандыдата ў прэзыдэнты накідваюцца, зьбіваюць яго, карэспандэнтаў, дзяўчат – вось што павінна разглядацца ў судзе”. Ён спрабаваў падняцца, таму што адчуваў адказнасьць за людзей, якіх заклікаў на плошчу.

Потым страціў прытомнасьць. Калі прыехала хуткая дапамога і ён ачуняў, спрабаваў асэнсаваць, што адбылося. Ён ня мог зразумець.

Дактары мяняюць дыягназ – за гадзіну цяжкая чэрапна-мазгавая траўма стала лёгкай.

“З рэанімацыі выхопліваюць людзей! Кандыдата ў прэзыдэнты голага цягнуць на мароз!”

Пракурор пытаецца, якая колькасьць людзей са штабу рушыла на плошчу.

Някляеў кажа, што з карэспандэнтамі было чалавек 7075. Яны ж былі не на пахаваньні – гучалі лёзунгі кшталту "Жыве Беларусь!".

Што да машыны з гукаўзмацняльнай апаратурай, Някляеў разумеў, што некаму было выгадна, каб апаратуры на плошчы не было. У мікрааўтобусе былі людзі.

Ён зноў узгадвае, што не раз яго затрымлівалі і даглядалі машыны, дзе ён ехаў. То быццам бы машына ўгнаная, то яшчэ што-небудзь.

Пракурор пытаецца, ці бачыў Някляеў, што перад ім былі супрацоўнікі міліцыі. Някляеў кажа, што ведаў – яны былі ў чорным, адзін быў капітанам. Някляеў ім тлумачыў, што яны ствараюць прэцэдэнт – парушаюць правы кандыдата ў прэзыдэнты.

10.00 Працэс распачаўся.

9.55
Прыйшлі Наста Палажанка і палітык Лявон Баршчэўскі.

9.50
У судовай залі зьявіўся Аляксандар Фядута, якога шпіталізавалі зь мінулага паседжаньня. Таксама ўжо ў залі Вазьняк, Дзьмітрыеў і Рымашэўскі. Някляева прывялі трое міліцыянтаў. За працэсам назіраюць прадстаўнікі АБСЭ.

Папярэдняе паседжаньне 6 траўня скончылася тым, што Аляксандру Фядуту стала кепска ў залі суду і яго шпіталізавалі. Да гэта ў судзе выступілі Някляеў, Дзьмітрыеў, Палажанка, Рымашэўскі.

Судзьдзя – Жукоўская;
Абвінаваўца — Кажэўнікаў;
Адвакаты: Атаманчук, Лабоха, Пятровіч, Савіч, Сідарэнка, Букштынаў.

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Першы дзень

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Другі дзень

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі
Нарадзіўся ў Менску 3 сакавіка 1975 году. Жанаты, выхоўвае дачку. Інжынэр-будаўнік, у 1997 г. скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт.

У 2002—2004 гг. сябра прэзыдыюму Беларускай нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых грамадзкіх арганізацый "Рада". Адзін з кіраўнікоў кампаніі "Ў абарону свабоды сумленьня і веравызнаньня ў Беларусі". Кіраўнік менскай арганізацыі стваранай Партыі БХД, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні гэтай партыі.

Адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 г. Падчас акцыі 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці зьбіты спэцназам. Затрыманы падчас разгону акцыі, зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны па арт. 293 КК. З 31 сьнежня 2010 г. — пад падпіскай аб нявыезьдзе.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармуляванае на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Аляксандр Фядута

Аляксандр Фядута
Журналіст, кандыдат філялягічных навук, грамадзкі актывіст. У 1994 годзе быў сябрам перадвыбарнага штабу А. Лукашэнкі, пасьля перамогі якога стаў начальнікам упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта. З 1995 году перайшоў у апазыцыю.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявалі на ч.1 арт.342 КК РБ — "арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

8 красавіка адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.

Наста Палажанка

Наста Палажанка
Намесьніца старшыні "Маладога Фронту". Наста нарадзілася 2 жніўня 1990 году ў Менску. З 1997 па 2008 гг. вучылася ў 73-й менскай школе. З 2008 г. — студэнтка факультэту філязофіі і палітычных навук Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Пасьля акцыі на Плошчы Насту арыштавалі дома ў 3 гадзіны 20 хвілінаў ночы. Захоп 20-гадовай дзяўчыны ажыцьцяўляўся сіламі пятнаццаці супрацоўнікаў КДБ. Наста абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх.

17 лютага вечарам адпушчана пад падпіску аб нявыезьдзе.

8 сакавіка стала першай беларускай, якая атрымала Міжнародную жаночую прэмію за мужнасьць. Узнагароду ўручала дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў
Кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 г. Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 году ў Смаргоні.

У 2010 г. ініцыяваў стварэньне грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", якой улады пазьней адмовілі ў рэгістрацыі.

19 сьнежня быў зьбіты да непрытомнасьці ў цэнтры Менску па шляху на мірную акцыю пратэсту. З чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Празь некалькі гадзінаў быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спэцслужбаў.

Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле "Масавыя беспарадкі". З моманту зьбіцьця 19 сьнежня да пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанёс чатыры гіпэртанічныя крызы і ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам.

17 лютага агульны сход ПЭН-цэнтру прыняў рашэньне вылучыць яго на Нобэлеўскую прэмію.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў
Нарадзіўся 17 траўня 1981 года ў Менску. Вучыўся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце на факультэце філязофіі. У 2000-2001 гг. служыў у войску. З 2001 г. – сябра АГП.

Быў затрыманы сярод іншых актывістаў 18 траўня 2010 г., калі ўлады спрабавалі разагнаць грамадзянскую кампанію “Гавары праўду”, у якой Андрэй браў удзел.

У 2005-2009 гг. меў свой бізнэс, зьяўляўся дырэктарам кансалтынгавай кампаніі.

Кіраваў штабам кандыдата на прэзыдэнты Ўладзіміра Някляева. Затрыманы ў ноч на 20 сьнежня пасьля акцыі пратэсту ў цэнтры Менска, абвінавачаны паводле артыкулу – “масавыя беспарадкі”. 3 студзеня 2011 г. выпушчаны зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. 30 сакавіка абвінавачваньне перафармулявана – “арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх”.

Сяргей Вазьняк

Сяргей Вазьняк
Нарадзіўся 14 красавіка 1962 г. Галоўны рэдактар газэты "Товарищ", грамадзкі актывіст, сябра Праўленьня ГА "БАЖ". Быў адным з арганізатараў стварэньня Партыі камуністаў Беларусі, у 2009 годзе перайменаванай у Беларускую партыю аб’яднаных левых "Справядлівы сьвет".

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. працаваў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму выставілі абвінавачаньне па крымінальнай справе — "масавыя беспарадкі".

Ад 29 сьнежня мера стрыманьня зьменена на падпіску аб нявыезьдзе.

30 сакавіка 2011 г. абвінавачаньне перафармулявана на "арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх".