Валярына Кустава — пра пяць любімых кніг Уладзімера Някляева

Валярына Кустава
Колькі месяцаў таму — здаецца, нагода лунала ў паветры! — было вырашана вылучыць на Нобэлеўскую прэмію ад беларускай літаратуры Ўладзімера Някляева. Было вырашага для намінаваньня найперш заняцца перакладамі прозы паэта. Бясспрэчна, такія аповесьці як «Вяртаньне Веры» з «Цэнтру Эўропы» ёсьць далёка ня стратаю для нашай літаратуры, а драма «Армагендон» папросту непараўнальная (бо няма з чым і параўнаць), варта ўспомніць і бліскучую публіцыстыку (прыкладам, нарыс «Шлях» пра лёс Янкі Купалы) Уладзімера Пракопавіча, каб зразумець, што ўсё яно, у прынцыпе, вартае, але… Але як ні круці — Някляеў найперш паэт, паэт ва ўсім, што ён робіць, што рабіў, што палёсіць яшчэ яму зрабіць… І ў прозе, і ў жыцьці, і ў палітыцы, і ў каханьні… І жыве ён паводле самім жа напісанага: «А вершы пішуць, як жывуць, як дыхаюць, як паміраюць…». У цяперашніх варунках не праміну дадаць: дай Божа — каб усё ж, як пішаш, жыць

Паэты павінны чытаць вершы: будзь тое плошчы ці хаты, канцэртныя залі, фэстывальныя пляцоўкі ці ўнівэрсытэты ды бібліятэкі… Паэты павінны бачыць нябёсы… А такой магчымасьці ва Ўладзімера Някляева, як бы ён сказаў, — цяперака нямашака. Але менавіта таму і менавіта цяпер Някляеў зрабіўся большым за сябе самога. Цяпер ужо (як некалі напісаў Леанід Дранько-Майсюк у сваім «Паэтаграфічным рамане» пра паэта) ён сымбалічны тым, што — Някляеў.

У нас няма магчымасьці паціснуць яму руку, абняць і сказаць, як любім і сумуем, то зробім хаця б тое, што можам: пачытаем, падумаем пра яго. Памолімся вершамі.

ПРОШЧА. Вершы, паэмы.

Менск, «Крыніца», «Мастацкая літаратура», 1996

Першая з найлепшых кніг Някляева. Магчыма, камусьці пашанцавала так, як мне: і гэта была першая яго кніга, якую выпала прачытаць. «Прошча» пабачыла сьвет больш чым празь 10 гадоў пасьля папярэдняга зборніка вершаў і паэм «Наскрозь». Някляеў заўжды пісаў няшмат, не сьпяшаўся пісаць. І не памыліўся ў гэтым. Кніга зараджаная неверагоднай энэргетыкай, як і сама Прошча (якая і дала назоў зборніку), — згодна з ўяўленьнямі вернікаў, месца (камень, крыніца), надзеленае надзвычайнай сілай. Невыпадкова «Прошча» была ўганараваная Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы. Менавіта «Прошчаю» Уладзімер Някляеў трывала і назаўжды засьведчыў сваё месца ў беларускай літаратуры. І, канечне ж, знакавым творам усяе кнігі станецца аднайменная паэма, што вырашыць (падкажа) шмат якія крокі Паэта і на цяпер, і на пасьля:

Пазбыўшы нябыт, ты з’явіўся на сьвет,
Каб сьвету зьдзівіцца.
Калі ты званар ці калі ты паэт,
Жыві на званіцы.

Няхай на зямлі хоць патоп, хоць пажар,
Хоць ліха ды войны,
Калі ты паэт ці калі ты званар,
Ты лішні, ты вольны.

ТАК.

Менск, Выдавец В.Хурсік, 2004

Пасьля «Прошчы» (так і карціць вымавіць — Плошчы) Някляеў мог ужо больш нічога і не пісаць, каб застацца. Але напісаў «Так». Рыгор Барадулін у анатацыі да кнігі назваў яе спробай позірку па той бок вечнасьці. Вечнасьці паэта і вечнасьці чалавека… Па той бок сябе самога. Так і ёсьць. «Так, як напісана, я і жыў. І быць так і таму, як напісана, з усёй маёй біяграфіяй, з усім маім жыцьцём…» — напісаў ў «Замест Прадмовы», Аўтабіяграфіі для прыёму ў беларусы Някляеў.

Усім на волю Бог дае іспыт —
І не займець збавеньня ад іспыту:
Адзін раз воля — калі ты зь нябыту,
Другі раз воля — калі ты ў нябыт.

Так і выпала. Кніга сталася часткай ягонай паэтаграфіі, а мо і шырэй. У кнігу, апроч вершаў (створаных за пяць гадоў жыцьця ў замежжы — Польшчы і Фінляндыі), увайшлі і дзьве найвыдатнейшыя паэмы беларускай літаратуры мяжы стагодзьдзяў — «Ложак для пчалы» і «Паланэз», пачатак апошняга цяпер вядомы ці не кожнаму беларускамоўнаму беларусу (у тым ліку і дзякуючы Зьмітру Вайцюшкевічу):

Бывай, Яблонская, бывай!
Прабегла восень па фальварку —
І графіка такая ў парку,
Хоць парк у раму забірай…

Бывай, Яблонская, бывай!

ВЫБРАНЫЯ ТВОРы.

Менск, «Кнігазбор», 2010

Аднатомавік ня толькі пра жыцьцё ў вершах і паэзію ў жыцьці, але і пра людзей, зь якімі запомнілася сутыкацца паэту. Асаблівай знаходкаю для чытача бачацца менавіта дзёньнікавыя запісы (1969 — 2009 гадоў). Нават гісторыя нашага начнога ліставаньня, зь якога нарадзілася мая «Калыханка для Бога» і перад якім паўсталі ягоныя «Церні» — трапіла на старонкі кнігі. Кожнаму будзе чым зьдзівіцца тут: хтосьці падзівіцца, знайшоўшы ў кнізе тэксты ўжо амаль народных, але ўсё яшчэ аўтарскіх «Гуляць дык гуляць», «Янка Купала», «Раз ды разок», «Белае віно і чырвонае», хтосьці падзівіцца самому ўспрыняцьцю жыцьця дый жыцьцю Някляева — а падзівіцца тут ёсьць на што…

Ува ўсім, што ёсьць, было і будзе —
Ані ў чым цябе магло ня быць.
Цуды ўсе ў адным-адзіным цудзе:
У неверагодным цудзе
Жыць.

КОН. Вершы двух стагодзьдзяў.

Менск, «Лімарыус», 2010

Мне пашчасьціла прыкласьці руку да рэдагаваньня некалькіх тэкстаў з кнігі — ды так, каб аўтар прыняў праўкі. А ўсё ад таго, што паэзія яго — наканаваная. Такі ў яго паэзіі лёс (ці «ня лёс» — як любіць паўтараць Някляеў) — зьдзяйсьняецца яна, спраўджваецца, прабіраецца ў жыцьцё, з жыцьця забраная. Ад самага пачатку і да самага канца — лёсіцца…

Калі пісаць, дык толькі так пісаць,
Як бліскавіцу доўжыць бліскавіцай,
Як зь вены ў вену кроў пераліваць…
Пісаць, як спавядацца і маліцца.

ПАЭМЫ.

Менск, «Лімарыус», 2010

Паэмы Някляева — ці не найбольшы ягоны літаратурны набытак. У жанры паэмы Някляеву сярод сучасьнікаў няма роўных. Ён унікальны ў гэтым жанры. І толькі яму можна і трэба было выдаваць кнігу з такой назвай, бо яна была чаканай і жаданай. Яго паэмы пра галоўнае нашае, беларускае, чалавечае: «Зона», «Прошча», «Саракавіны» , «Паланэз», «Вялікдзень»… Здаецца, што кожная апошняя — найлепшая. Ды з’яўляецца наступная, і наступная…

Але вяршыняй над вяршынямі ёсьць эпічная і адначасна экзістэнцыйная паэма «Ложак для Пчалы» — двухсьветавая някляеўская «Калевала», малаверагодная, але настолькі сапраўдная, бо шчырая. Ад таго ён ёсьць і будзе, наш Някляеў.

Душа мая пяяла: быў!..
Любіў на сьвеце.