Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Чацьвёрты дзень

4 траўня суд Партызанскага раёну Менску працягваў разгляд крымінальнай справы супраць удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году Андрэя Саньнікава, Ільлі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Ўладзімера Яроменка.

Суды за Плошчу


17:50 Абвешчаны перапынак да 10.00 5 траўня.

17:30 Абвінаваўца працягвае чытаць тамы справы. Ужо прачытаны 4-ты і 5-ты. Пераходзіць да 6-га.

16:07 Сярод іншых матэрыялаў суд разглядае характарыстыкі на падсудных зь СІЗА.

16:04
Судзьдзя паведаміла, што ўсе DVD-дыскі з фатаграфіямі і відэа будуць дасьледаваныя судом пазьней, калі ў залі ўсталююць вялікі экран.

16:02
Абвінаваўца зачытвае дакумэнты: пратаколы агляду прадметаў, ператрусаў, вывучэньня відэа.

15:50
Допыт сьведкаў на сёньня скончаны. Суд вырашыў зьмяніць парадак разгляду матэрыялаў справы і прыступіў да вывучэньня пісьмовых матэрыялаў.

Судзьдзя зрабіла заўвагу дзяўчыне ў чорнай хустцы за здымку ў часе працэсу, тая адказала, што робіць з мабільніка трансьляцыю ў Twitter. На гэта судзьдзя нічым не запярэчыла.

15:20
Калі падсудным далі магчымасьць задаць сьведку пытаньне, Саньнікаў, не паварочваючыся да Раманчука тварам, сказаў: «Пытаньняў да сьведкі, які актыўна ўдзельнічаў у тым, каб мая жонка апынулася ў турме, у мяне няма».

15:00 Наступны сьведка — былы кандыдат на прэзыдэнта Яраслаў Раманчук.

Саньнікаў
у часе допыту Раманчука адвярнуўся ад яго. Дэманстратыўна.

Кажа, што каардынацыі зь іншымі кандыдатамі ў яго не было, рабілі сваю партыйную кампанію.

Саньнікаў прапаноўваў зьняцца «пад яго» ў канцы кастрычніка гэта была сяброўская размова. Такая ж прапанова была ад Някляева, кажа Раманчук.

«Я заклікаў людзей на Плошчу, прэзыдэнцкая кампанія ў краіне — гэта сьвята, таму я і заклікаў выбарнікаў сабрацца на Плошчы. Такія ж заклікі рабіліся і іншымі кандыдатамі».

Абвінаваўца: Дзе гэты дыялёг меў адбыцца?

Раманчук: У такіх выпадках звычайна маюць на ўвазе ня плошчу, а пляцоўку кшталту Канстытуцыйнай рады, якая ўлічвала б усе думкі ў грамадзтве. Апазыцыйныя кандыдаты канкрэтнае месца не абмяркоўвалі.

14:02
14:50 Наступны сьведка — намесьніца кіраўніка «Маладога фронту» Наста Палажанка. Яна абвінавачаная за Плошчу. Дае паказаньні па-беларуску.

Кажа, што позву на гэты працэс ёй накіравалі як «абвінавачанай».

Палажанка распавядае пра інцыдэнт зь біцьцём шыбаў. Паводле яе словаў, пачыналі біць шкло 1-2 чалавекі, яны ёй невядомыя, на іх дзеяньні міліцыянты не рэагавалі, іх і не арыштавалі: «Яны падышлі, ударылі і адышлі». «Гэта працягвалася доўга. Дзіўна, што першых не адцясьнілі адразу, а дазволілі сабрацца ля ганку будынка».

Палажанка распавядае пра атмасфэру: «Гэта былі мірныя людзі, і яны адчувалі сьвята. І праўда, гэта было сьвята надзеі, што наступны дзень стане іншым».

«Глупа ўсё гэта называць масавымі беспарадкамі. Вельмі прыкра тое, што людзі невіноўныя садзяцца на такія вялікія тэрміны гэта вельмі страшна… Ніхто ня верыць у масавыя беспарадкі, як і ў працэнты Лукашэнкі».

14:00 Працэс адноўлены.

12:40 У судзе абвешчаны перапынак да 14.00.

У суд зьявіўся былы кандыдат на прэзыдэнта Яраслаў Раманчук. Ён будзе сьведчыць у судзе пасьля перапынку. Сваякі Саньнікава сустрэлі Раманчука ня надта прыхільна.

Раманчук папрасіў прабачэньня ў Бяльзацкай.


Таксама пасьля перапынку на пытаньні суду адкажа намесьніца кіраўніка «Маладога фронту» Наста Палажанка.

12.25
Рымашэўскі заявіў суду: «Калі б не падзеі 19 сьнежня, мінулыя прэзыдэнцкія выбары былі б прызнаныя Эўропай па факце. Гэты судовы працэс лічыцца палітычным, які і іншыя па падзеях на Плошчы. Магчыма, варта было б абмежавацца адміністратыўнай адказнасьцю для тых, хто біў дзьверы, гэта было б лепш для нас усіх. Прашу пракурора і судзьдзю гэта ўлічыць».

12.20 Адвакаты падрабязна дапытваюць Рымашэўскага.
Ён зазначыў, што падрабязна ўсё распавёў, і папрасіў спыніць допыт. Судзьдзя заявіла, што пытаньні не здымаюцца. Допыт працягваецца.

11.55
Саньнікаў і іншыя падсудныя пытаньняў да сьведкі Рымашэўскага ня маюць.

11.03
—11.48 Наступны сьведка — былы кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі.

Рымашэўскі адказвае на пытаньні судзьдзі па-беларуску.

Рымашэўскі кажа, што ўдзельнічаў у перадвыбарчай кампаніі, быў на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасьці.

«Мы спрабавалі каардынаваць сваю дзейнасьць зь іншымі кандыдатамі, заклікалі да супольнай працы. Многія з нас мелі аднолькавыя погляды на тое, што ў краіне павінна быць дэмакратыя. Нашыя погляды супадалі. Што да каардынацыі Плошчы, то з Саньнікавым у нас на гэты конт не было сустрэч і каардынацыі», кажа Рымашэўскі.

Рымашэўскі прызнаў, што ён заклікаў на Плошчу, зьбіраў сваіх актывістаў 19 сьнежня ля чыгуначнага вакзалу разам зь ім пайшло каля тысячы чалавек. «Мы казалі, што шэсьце нашае мірнае, і калі ёсьць п’яныя альбо калі хто мае якія рэчы, якія б маглі выклікаць падазрэньне міліцыі, то будзем такіх перадаваць супрацоўнікам органаў унутраных спраў. І аднаго п’янага мы перадалі міліцыі», кажа ён.

«Калі мы жывем не ў таталітарнай дзяржаве, дзе за іншадумства могуць расстраляць ці кінуць у турму, то мы маем права выказаць нязгоду з вынікам выбараў».

«На Кастрычніцкай плошчы былі прапановы пайсьці да Адміністрацыі прэзыдэнта і ўзяць яе ў ланцуг, каб не дапусьціць там нападу і біцьця шыбаў. Але зь якой прычыны людзі зьмянілі кірунак руху і пайшлі на плошчу Незалежнасьці, я ня ведаю. Тыя ж, хто прарваў першы ланцуг міліцыі на Кастрычніцкай плошчы і пайшлі на праспэкт, не былі з маёй каманды. І, наколькі я ведаю, не з каманд іншых кандыдатаў. І іх цяпер ня судзяць, ні ў гэтым працэсе, ні ў іншых».

«Агульнага пляну Плошчы не было. На плошчу мы прыйшлі толькі з дамоўленасьцю вырашыць на месцы, што рабіць далей. Было 7 дэмакратычных кандыдатаў, і ніхто зь іх асобна кіраваць мітынгам ня мог».

Рымашэўскі зазначыў, што ў часе руху калёны заклікаў ДАІ вызваліць частку праспэкту для руху людзей, але людзі ўжо былі на праезнай частцы, рух машынаў і так спыніўся.

Рымашэўскі кажа, што на плошчы Незалежнасьці людзей удалося пераканаць сысьці з праезнай часткі. Чыя на Плошчы была аўдыёапаратура, ён ня ведае.

Тое, што далей адбылося на плошчы Незалежнасьці, Рымашэўскі апісаў так: «Пасьля кароткага мітынгу прагучаў заклік ісьці да Дома ўраду з патрабаваньнем перамоваў. Сам па сабе такі заклік мог скончыцца мірна, як гэта было 24 кастрычніка. Я не ішоў першым, і, падыйшоўшы, пачуў звон шкла, і празь некалькі хвілінаў я паспрабаваў спыніць гэта. Я спыняў людзей, але адзін гэта зрабіць ня здолеў. Тады я паспрабаваў сабраць людзей і выставіць ланцуг. Гэта ўжо амаль удалося, але ў гэты момант выйшаў спэцназ. Пасьля таго як спэцназ разагнаў людзей ад Дома ўраду, я выйшаў на трыбуну і заявіў, што гэта правакацыя, і заклікаў людзей не паддавацца і здаваць пагромшчыкаў міліцыі».

Рымашэўскі пазнаў Мірзаянава і сказаў, што той паводзіў сябе неагрэсіўна і дапамагаў яму бараніць дзьверы Дома ўраду ад пагромшчыкаў.

Рымашэўскі кажа, што спрабаваў заклікаць да перамоў са спэцназам, пераконваў міліцыянта Яўсеева ня біць людзей, «але мяне ня слухалі».

«Мы разумелі, што для нас былі небясьпечныя радыкальныя заклікі, таму мы мелі адзіную пазыцыю, заклікалі не паддавацца на правакацыю. Казалі гэта адзін за другім: і я, і Саньнікаў. Калі б мы гэтага не рабілі, то наступствы маглі быць нашмат горшымі. Ахвяраў 19 сьнежня было б нашмат больш».

«Калі правакатары пачалі біць шыбы, быў агульны стан разгубленасьці», сьцьвярджае Рымашэўскі.

«Калі людзі пасьля зьяўленьня спэцназу адбеглі ад ганку Дома ўраду, я застаўся, наіўна спадзеючыся паразмаўляць з камандзірамі. Але адзін малады супрацоўнік спэцназу пачаў мяне біць дубінкай, так што я пачаў губляць прытомнасьць. Гэта здымаў на відэа апэратар КДБ».

11:00
«Пасьля разгону спэцназам дэманстрантаў я ня бачыў на асфальце на плошчы Незалежнасьці ніякіх прадметаў, якія можна было б выкарыстоўваць як зброю», заявіў сьведка Новік. Пасьля завяршэньня допыту ў судзе канвой яго вывеў з залі.

10:25 Сьведка Новік кажа, што ня бачыў спробаў прарыву міліцэйскіх кардонаў і збройнага супраціву дэманстрантаў міліцыі. Асуджаны за Плошчу Новікаў кажа, што сам пад уплывам натоўпу некалькі разоў ударыў рукамі і нагамі па шчытах, якія загароджвалі ўваход у Дом ураду, ня маючы пры гэтым ніякіх практычных намераў. Пазьней ён аб гэтым шкадаваў.

10:18
«Ні падчас шэсьця, ні падчас мітынгу ніякіх масавых беспарадкаў не было, людзі нічога не грамілі», заявіў сьведка Дзьмітры Новік.

Пракурор спытаў: «Ці чулі вы на плошчы пра стварэньне ўраду народнага даверу ці неабходнасьць правядзеньня перамоваў?». Новікаў адказаў: «Я чуў некалькі фразаў аб тым, што будзем чакаць прадстаўнікоў дзейнай улады, каб выказаць сваю незадаволенасьць выбарамі».

«Ніякіх прапаноў аб тым, што натоўп павінен быў ісьці на плошчу Незалежнасьці, я ня чуў. Ніхто зь мітынгоўцаў шкло ў Доме ўраду ня біў. Андрэй Саньнікаў ішоў у Дом ураду, каб падаць пэтыцыю аб несумленнасьці выбраў. Ніякіх заклікаў штурмаваць будынак не было, але з натоўпу выскачыла некалькі правакатараў, якія пачалі ламаць дзьверы, кандыдаты на прэзыдэнта спрабавалі іх спыніць».

Сьведка кажа, што бачыў у руках Саньнікава аркуш фармату А4.

10:05
Допыт сьведкі Дзьмітрыя Новіка, які адбывае пакараньне за Плошчу. Яго прывялі ў кайданках і робе. Новік кажа, што прыйшоў на мітынг 19-га сьнежня, бо лічыў, што выбары былі сфальшаваныя: «Сумленьне мне не дазволіла сядзець дома на печы».

10:02
Працэс адноўлены. У залі сваякі падсудных, замежныя дыпляматы, аднакурсьнікі Фёдара Мірзаянава, курсанты міліцэйскай вучэльні. У якасьці сьведак заяўленыя Яраслаў Раманчук, Наста Палажанка, Віталь Рымашэўскі.

Сьведка Раманчук не зьявіўся паведаміла сакратар суду.

Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым і Яроменкам. Дзень першы
Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым і Яроменкам. Дзень другі
Суд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Трэці дзень

Абвінавачаныя па справе:


• Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў
Ільля Васілевіч
Алег Гнедчык
Фёдар Мірзаянаў
Уладзімер Яроменак

Адвакаты:

• Саньнікава — Варвашэвіч, Кавалеўская,
• Васілевіча — Белая,
• Мірзаянава, Гнедчыка — Іванова.

Справу разглядае судзьдзя Натальля Чацьвертакова.

Дзяржаўны абвінаваўца — Загорскі.

Уладзімер Яроменак

Уладзімер Яроменак
Нарадзіўся ў Мёрах. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. На момант арышту быў студэнтам 2 курсу.

Сябра «Маладога Фронту». Удзельнік Плошчы-2010. Затрыманы супрацоўнікамі спэцслужбаў 20 сьнежня 2010 г. пасьля пікету салідарнасьці з палітзьняволенымі насупраць Дома ўраду.

За гэта быў асуджаны на 15 сутак арышту, які ён адбыў у Жодзінскім СІЗА. Па выхадзе адтуль быў выкліканы ў якасьці сьведкі на допыт у КДБ, які скончыўся 7-сутачным арыштам на Акрэсьціна.

28 студзеня арыштаваны ў трэці раз, цяпер ужо як падазраваны па справе аб масавых беспарадках. Знаходзіцца пад вартай у турме КДБ. Абвінавачваецца па крымінальным артыкуле «Масавыя беспарадкі».

Ільля Васілевіч

Ільля Васілевіч
Нарадзіўся ў 1991 годзе Баранавічах.

Паступіў у Менскі палітэхнічны каледж. Выдатна вучыўся, быў старастам групы.

Ільля адседзеў 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня і быў адпушчаны дадому. Яму паведамілі, што адміністрацыя Менскага палітэхнічнага каледжа выключае яго з навучальнай установы.

5 студзеня малады чалавек быў запрошаны ў адміністрацыю каледжа для падпісаньня адпаведных папер, але ў навучальнай установе Ільлю чакалі супрацоўнікі КДБ, якія затрымалі маладога чалавека для правядзеньня сьледчых дзеяньняў па крымінальнай справе.

Алег Гнедчык

Алег Гнедчык
Нарадзіўся ў 1986 годзе. Сябра «Маладога фронту».

У 2003—2005 гг. затрымліваўся праваахоўнымі органамі і караўся адміністратыўнымі арыштамі. У ліпені 2003 г. яшчэ непаўнагадовым быў затрыманы за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў «МФ» у Менску.

У 2006 г. быў асуджаны на 12 сутак арышту за ўдзел у намётавым мястэчку.
Затрыманы 6 студзеня. Да 9 студзеня знаходзіўся пад вартай і быў адпушчаны. 25 сакавіка вылучанае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Утрымліваецца ў турме на вуліцы Валадарскага.

Фёдар Мірзаянаў

Фёдар Мірзаянаў
Нарадзіўся у 1990 годзе ў Баранавічах. У 2008 г. паступіў на факультэт мэнэджмэнту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «эканамічная кібэрнэтыка».

Падчас выбарчай кампаніі быў у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука.

Пасьля падзеяў 19 сьнежня адбыў 15 сутак адміністратыўнага арышту ў сьледчым ізалятары Жодзіна.

Пасьля арышту 25 студзеня 2011 г. яму было высунутае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых быспадарках. Утрымліваецца ў ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.