Праваабаронцы, грамадзкія дзеячы, палітыкі, а таксама родныя зьняволеных камэнтуюць жорсткі прысуд маладафронтаўцам Зьмітру Дашкевічу і Эдуарду Лобаву.
Дашкевічу - 2 гады агульнага рэжыму. Лобаву - 4 гады ўзмоцненага рэжыму
Наста Палажанка: За напад на іх яны яшчэ мусяць несьці пакараньне
Адна зь лідэраў зарэгістраванага ў Чэхіі "Маладога фронту" Наста Палажанка сама зараз знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. Вось што яна кажа пра прысуд паплечнікам-маладафронтаўцам:
"Безумоўна, я лічу абсурдным гэты прысуд. Паколькі працэс быў адкрыты, кожны, хто меў жаданьне, мог дакладна пабачаць, што працэс шыты белымі ніткамі, што справа хлусьлівая, што сьведкі пацьвярджаюць абсалютна ўсё тое, што казалі нашы хлопцы — што іх утрымоўвалі, што іх зьбівалі, што ім не давалі падняцца. Атрымліваецца, што за напад на іх яны яшчэ мусяць несьці пакараньне. Канечне, горка ад усёй гэтай сытуацыі, але я спадзяюся, што хлопцы выйдуць на волю значна раней. Я ў гэта веру, і мы будзем дзеля гэтага працаваць".
Тацяна Шапуцька: Асабліва я перажываю за Эдуарда Лобава
Адна зь лідэраў "Маладога фронту" Тацяна Шапуцька кажа, што для яе прысуды Дашкевічу і Лобаву падаюцца нечакана жорсткімі:
"Калі ўчора пракурор заявіў пра перакваліфікацыю артыкула ў мякчэйшы, мы чакалі, што гэта стане сьведчаньнем таго, што хлопцаў, можа, адпусьцяць альбо дадуць нейкую "хімію", але не зьняволеньне. І таму сёньняшнія прысуды вельмі расчаравалі і нас, і, я думаю, хлопцаў. Асабліва я перажываю за Эдуарда Лобава — ён значна маладзейшы за Зьмітра, ня быў ніколі ў турме, і яму адразу — такі строгі прысуд. Але я веру, што Эдуард натхніцца прыкладам Зьмітра, яго мінулага зьняволеньня . І яны хутка выйдуць ня зломленымі, а такімі ж моцнымі, якія яны зараз".
Марыя Савушкіна: У турме павінны сядзець іншыя
Праваабаронца і журналістка Марыя Савушкіна сачыла за працэсам над Дашкевічам і Лобавым два дні.
"Я абураная несправядлівасьцю. Тыя, хто павінен сядзець у турме, яны зараз на свабодзе. А тых, хто любіць радзіму, хто змагаецца за свабоду, хто сумленны, садзяць у турмы. Гэта несправядліва. Але думаю, што хутка ўсё памяняецца".
Ганна Шапуцька: Гэтыя ахвяры ня будуць дарэмнымі
Маці актывісткі "Маладога фронту" Тацьцяны Шапуцькі Ганна пасьля выраку Дашкевічу і Лобаву выйшла з судовай залі ў сьлязах:
"Ні за што хлопцаў пасадзілі… Я разумею, што гэта ахвяры дзеля нашай будучыні, дзеля нашай свабоды, і што яны ня будуць дарэмнымі. Мы кожны дзень ходзім каля Чырвонага касьцёла маліцца за нашых палітзьняволеных. Я ведаю, якая гэта фашыстоўская сыстэма, мы ж змагаемся зь ёю… Але кожны раз нельга зьмірыцца, што так беспадстаўна людзей кідаюць за краты. Гэта зьдзек з правасудзьдзя і зьдзек зь беларусаў".
Пастар Бокун: Адказных за несправядлівасьць чакае геенна вогненная
Антоні Бокун —пастар пратэстанцкай царквы "Ян Прадвесьнік", да якой належыць Зьміцер Дашкевіч. Пастар перакананы, што той як вернік ня мог кагосьці ўдарыць, асабліва ў тых умовах, якія былі 18 сьнежня 2010 году.
Прысуд Дашкевічу пастар Бокун назваў "абсалютнай несправядлівасьцю":
"Несправядлівасьць караецца двума шляхамі. Па-першае, у гэтым жыцьці, па-другое, у жыцьці вечным. Той чалавек, які робіць несправядлівасьць, ён прыносіць пракляцьце і ў сваё жыцьцё, і ў жыцьцё сваіх родных, блізкіх. Увогуле, там, дзе адбываецца несправядлівасьць, туды прыходзіць Божы суд. І па-другое, тых людзей, якія робяць несправядлівасьць, як сказаў Ісус Хрыстос, чакае геенна вогненная".
Юры Яубоўскі: "Ганаруся сваім сынам"
Айчым асуджанага Эдуарда Лобава Юры Якубоўскі заявіў, што ў сям'і заўсёды падтрымлівалі сына і ягоныя перакананьні:
"Мы зь ім цалкам салідарныя і з усімі іншымі актывістамі апазыцыі. Тая сваволя, якая творыцца ў Беларусі, недапушчальная. Я ганаруся сваім сынам, цяпер мы маем падтрымку і ад нашых сяброў, і ад суседзяў".
Спадар Якубоўскі кажа, што несправядлівы прысуд для іх ня стаў нечаканасьцю:
"Эдзік ня першы, усе гэтага чакалі. Тут нічога дзіўнага няма. Усё гэта было бачна ад пачатку, які будзе вырак. Усё гэта нішто іншае, як палітычная расправа — адхілілі ўсе хадайніцтвы, нікога слухаць не захацелі".
Так званым пацярпелым Юры Якубоўскі сказаў бы наступнае:
"Будуць яны жыць з гэтым усё жыцьцё. Няхай, калі яны абралі такі шлях, хай ідуць. Але як яны будуць глядзець сваім дзецям у вочы?".
Вячаслаў Дашкевіч: "Мой сын — глыбока веруючы чалавек"
Тое, што судзьдзя Алена Шылько "дала" Вячаславу Дашкевічу на адзін год меней, чым патрабаваў пракурор, бацька палітвязьня Вячаслаў Дашкевіч ацаніў пазытыўна:
"Год таксама шмат значыць. Значыцца, што ў судзьдзі нарэшце прачнулася нейкая кропелька сумленьня. Але і 2 гады — гэта шмат. Прытым ні за што. Ім мала было, каб мой сын быў палітычным вязьнем, яны захацелі зрабіць яго крымінальнікам. Які зь яго крымінальнік і хуліган? Ён мухі не пакрыўдзіць, ён глыбока веруючы чалавек, а біцьцё, па Бібліі, — вялікі грэх. Ён ня можа ні на кога ўзьняць руку, хіба толькі ў абарону".
Марына Лобава: Разьлічваю на ціск Эўразьвязу
Маці Эдуарда Лобава Марына пасьля жорсткага прысуду яе сыну заявіла, што перш за ўсё спадзяецца на падтрымку міжнароднай супольнасьці.
"Я маю надзею на дапамогу Эўразьвязу, што ён учыніць нейкае ўзьдзеяньне і наставіць на розум нашую ўладу, і ўрэшце рэшт усе палітычныя вязьні будуць адпушчаныя, у тым ліку і мой сын".
Сёньняшні прысуд яе сыну — 4 гады турмы ўзмоцненага рэжыму — стаўся для яго моцным ударам, перакананая Марына Лобава:
"Ён, нягледзячы ні на што, спадзяваўся, што наш суд вынесе справядлівы вырак, што калі чалавек невінаваты, то суд яго абароніць. І ён да апошняга спадзяваўся, што ён давядзе сваю невінаватасьць на судзе… На гэтым працэсе ніхто не даказаў, што ён зрабіў удар ці іншыя супрацьпраўныя дзеяньні. Доказаў не было, былі толькі словы так званых пацярпелых, на падставе якіх і быў вынесены гэты прысуд".
Праваабаронца Людміла Гразнова: Рэжым выходзіць зь сябе
"Гэта не прысуд, гэта ня суд, гэта не правасудзьдзе, а гэта палітычны загад, прычым яшчэ невядома чый... Таму што я так мяркую, што ў нашай краіне ўжо нехта іншы робіць такую цёмную справу. Гэта, канечне, запалохваньне грамадзтва, запалохваньне грамадзянскай супольнасьці, простых людзей. Гэта толькі сьведчыць пра тое, што рэжым губляе ўпэўненасьць, ён губляе падмурак, на якім стаіць, ён выходзіць зь сябе. І я мяркую, што гэта пачатак канца".
Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч: гэта палітычныя рэпрэсіі пры наяўнасьці ў краіне залежнага суду
"Безумоўна, хоць гэтая крымінальная справа і стаіць асобна ад справаў 19 сьнежня, тут мы таксама бачым палітычны перасьлед, як і ў справах тых, хто праходзіць па "масавых беспарадках". Тое, што мы бачылі і чулі ў судзе, не даказвае віны Дашкевіча і Лобава. Відавочна, што яны сталі ахвярамі правакацыі, якая была ўчынена ў адносінах да іх 18 сьнежня. У дачыненьні да іх спэцслужбы ўжылі сваю клясычную тактыку, і была спроба прэвэнтыўнага затрыманьня, каб не дапусьціць іх актыўнага ўдзелу ў мірнай акцыі 19-га. І затым вырашылі перафармуляваць і "прыдумаць" крымінальную справу, якой насамрэч не было, і вось так жорстка пакараць гэтых моладзевых актывістаў, што, канечне, выклікае асуджэньне. Яшчэ раз падкрэсьліваю: гэта палітычныя рэпрэсіі пры наяўнасьці ў краіне залежнага суду, які становіцца проста адным з ланцугоў гэтых рэпрэсій".
Стэфановіч: гэта зьвязана з падзеямі 19 сьнежня
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч назваў прысуд Зьміцеру Дашкевічу і Эдуарду Лобаву палітычным. Паводле Стэфановіча, тое, што адбылося нельга разглядаць у адрыве ад падзеяў 19 сьнежня.
"Дашкевіча спрабавалі затрымаць перад 19-ым некалькі разоў. Бачна, што ўлады выкарыстоўвалі розныя мэтады для яго прэвэнтыўнай ізаляцыі. А тут выкарысталі сродак вельмі падобны да таго, што было зроблена адносна Алеся Пушкіна. Былі падасланыя нейкія цьмяныя асобы, якія справакавалі бойку. І пасьля гэта маладафронтаўцы адразу ж былі затрыманыя міліцыяй. Таму гэта было зроблена невыпадкова і за гэтым тырчаць вушы нашых спэцслужбаў. Гэта намі ацэньваецца як палітычная справа. Адназначна. Гэта правакацыя, якая была інсцыянаваная адносна Дашкевіча, бо яны апасаліся, што ён і актывісты Маладога фронту возьмуць актыўны ўдзел у падзеях 19 сьнежня".