Прэм'ер Літвы папярэджвае пра гонку ў будаваньні АЭС

Андрус Кубілюс

На думку прэм'ер-міністра Літвы Андруса Кубілюса, нядобра, што новыя атамныя электрастанцыі ў рэгіёне будуюць "навыперадкі".

"Будаўніцтва АЭС паводле прынцыпу "як мага хутчэй" асабліва ў сьвятле апошніх падзей у Японіі, няправільна. Я веру, што гэта ўсьведамляе ня толькі наша суседка - беларуская ўлада, якая часам досыць дзіўна разумее міжнародныя, сусьветныя працэсы. Але што гэта ўсьвядомяць і суседзі-расейцы, якія інвэстуюць і гатовыя пастаўляць тэхналёгіі для Беларускай АЭС, і пры гэтым плянуюць будаваць АЭС у Калінінградзкай вобласьці ", - сказаў Кубілюс у інтэрвію літоўскаму радыё Žinių radijаs.

Андрус Кубілюс сказаў, што цяперашняя гонка павінна спыніцца:

"Асноўнае патрабаваньне павінна быць не хто хутчэй, а хто бясьпечней пабудуе АЭС, калі іх яшчэ плянуюць будаваць. Гэтае пытаньне мы маем намер паднімаць ва ўсёй яго сур'ёзнасьці. Думаю, што ў нас будзе нямала саюзьнікаў у міжнародных арганізацыях, бо, як паказваюць нашы спробы весьці двухбаковы дыялёг з суседзямі, калі паднімаюцца пытаньні навакольнага асяродзьдзя і наогул бясьпекі, яны не прыводзяць да вынікаў", - сказаў Кубілюс.


МЗС Літвы занепакоены праектам беларускай АЭС


У красавіку адбудзецца канфэрэнцыя па пераглядзе Канвэнцыі аб ядзернай бясьпецы, на якой Літва самым строгім чынам уздыме пытаньні аб адпаведнасьці праектаў атамнай энэргетыкі Беларусі і Калінінграду міжнародным патрабаваньням бясьпекі.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай Міністэрствам замежных спраў Літвы.

"З 2009 году МЗС Літвы сумесна з адпаведнымі ведамствамі, адказнымі за ядзерную і радыяцыйную бясьпеку і пытаньні экалёгіі, імкнецца запэўніць бясьпеку і бясьпечную адлегласьць ад сталіцы Літвы плянаванага ў Беларусі праекту атамнай энэргетыкі. Для гэтага былі выкарыстаныя і ў далейшым будуць выкарыстоўвацца ўсе магчымыя міжнародныя сродкі, міжнародныя форумы і двухбаковыя кантакты. Прымаючы ўдзел у працэсе ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, прадугледжаным у канвэнцыі Эспа, МЗС Літвы ўздымаў пытаньні аб неабгрунтаваным выбары пляцоўкі для будаўніцтва і іншыя пытаньні магчымага ўзьдзеяньня на Літву", гаворыцца ў заяве.

Літоўскі бок атрымаў і прааналізаваў прадстаўлены Беларусьсю першасны дакумэнт аб ацэнцы ўзьдзеяньня праекту АЭС на навакольнае асяродзьдзе.

"Літоўскія ўстановы не знайшлі ў ім істотнай інфармацыі пра магчымы ўплыў праекту на Літву, а таксама пра крытэры выбару пляцоўкі. Таму Літва прадставіла Беларусі шмат дадатковых пытаньняў. Адказы на іх дагэтуль не атрыманыя. Хоць Беларусь заяўляе, што нібыта прайшлі публічныя слуханьні праекту ў Літве, у сувязі зь недахопам неабходнай інфармацыі аб праекце Літва прытрымліваецца пазыцыі, што публічныя слуханьні не былі праведзеныя. Таму Літва пасьлядоўна патрабуе дапоўніць дакумэнт аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе важнай для Літвы інфармацыяй і тады арганізаваць публічныя слуханьні. А пасьля гэтага — двухбаковыя кансультацыі", гаворыцца ў заяве.

МЗС Літвы ня лічыць працэс ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе завершаным. Пра тое, што атрыманая дагэтуль інфармацыя не задавальняе Літву, літоўскі МЗС ня раз інфармаваў нотамі АБСЭ і сакратарыят Канвэнцыі Эспа.

Літоўскі МЗС "пасьлядоўна засяроджваў і засяроджвае ўвагу міжнароднай грамадзкасьці на разьвіцьці ў Беларусі праекту атамнай энэргетыкі, які не адпавядае міжнародным стандартам бясьпекі". З ініцыятывы Літвы гэтае пытаньне стала часткай парадку дня ядзернай бясьпекі ЭЗ і пазыцыі Эўрапейскай камісіі.

МЗС будзе надалей выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі, каб запэўніць бясьпеку атамных праектаў, якія разьвіваюцца па суседзтве зь Літвой, і будзе імкнуцца мінімізаваць іх узьдзеяньне на літоўскае грамадзтва.