Старыя кампутары вяртаюць, новыя — забіраюць

Аддзелы КДБ і міліцыі працягваюць перасьлед грамадзкіх актывістаў, якія знаходзіліся 19 сьнежня мінулага году на плошчы Незалежнасьці ў Менску альбо падазраюцца ва ўскоснай датычнасьці да тых падзеяў.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Я бачыла тых, хто разьбіваў вокны. Гэта былі не дэманстранты»

Крысьціна Шацікава
У Магілёве ў сераду супрацоўнікі ваеннай контравыведкі працягвалі дапытваць актывістак грамадзянскай кампаніі «Наш дом» — Крысьціну Шацікаву й Марыю Вайнову.

На першыя допыты Крысьціну Шацікаву пачалі выклікаць яшчэ 15 сакавіка. Тады, як сьцьвярджае Крысьціна, яе дапытвалі цягам чатырох гадзін контравыведнікі Павал Травулька ды Максім Мешчаракоў. Яны высьвятлялі, што Шацікава бачыла 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці, куды прыйшла адною зь першых:

«Я бачыла першая тых, хто разьбіваў вокны. Гэта былі не дэманстранты. На сёньняшні дзень сьледчыя правялі экспэрымэнт ля магілёўскага Дома саветаў, які вельмі падобны да менскага Дома ўраду. Пра падрабязнасьці я казаць не магу, бо падпісала расьпіску аб неразгалошваньні. Адзінае, што магу сказаць: я паказала тое, што расказвала», — паведаміла Крысьціна Шацікава.

Як кажа актывістка, контравыведнікам яна перадала ўласныя фатаздымкі, на якіх зафіксаваныя людзі, якія таксама маглі бачыць, хто выломваў дзьверы й выбіваў вокны ў Доме ўраду 19 сьнежня.

На допыт у сераду разам з Крысьцінай выклікалі яе сяброўку Марыю Вайнову.

Дэмакратычныя актывісты з Бабруйску просяць «Міжнародную амністыю» зьвярнуць увагу на зьняволенага журналіста Яўгена Васьковіча.

Яўген Васьковіч
Рада дэмакратычных сілаў Бабруйску зьвярнулася да праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя», каб тая ўзяла пад кантроль расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць журналіста й актывіста стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Яўгена Васьковіча. Ад 17 студзеня ён утрымліваецца ў бабруйскай турме паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве.

15 сакавіка ў сюжэце па Беларускім тэлебачаньні Яўген Васьковіч прызнаўся, што леташняй восеньню кінуў бутэльку з запальнай вадкасьцю ў будынак бабруйскага КДБ і пашкодзіў дзьверы.

«Мы не выключаем, што Васьковіча змусілі так сказаць», — зазначае каардынатарка БХД па Магілёўшчыне Таісія Кабанчук:

«Мы й самі адсочваем і ня можам зразумець у гэтай справе, што ж адбываецца. Таму вырашылі, каб і яны таксама ведалі й сачылі. Гэта ж наш чалавек. Пасьля заяваў Міхалевіча мы таксама можам меркаваць, што на яго неяк узьдзейнічалі і змусілі прызнацца ў гэтым учынку».

Яўгена Васьковіча арыштавалі 17 студзеня. Напярэдадні ён удзельнічаў у Магілёве ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. Актывіст — удзельнік Плошчы. Адседзеў за яе дванаццаць сутак арышту. На допыце ў КДБ, як ён заяўляў, настаяў, каб у пратаколе запісалі, што ён і надалей будзе ўдзельнічаць у мірных акцыях пратэсту.

ВІЦЕБШЧЫНА


Доўгі суд актывіста супраць чыноўніцы

Віктакр Калесьнік
У сераду суд Полацку і Полацкага раёну зноў разглядаў скаргу грамадзкага актывіста Віктара Калесьніка. Спадар Калесьнік спрабаваў абскардзіць забарону на правядзеньне акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі, вынесеную гарвыканкамам.

Намесьніца старшыні Натальля Ганебная ў афіцыйнай адмове актывісту напісала, што «19 снежня ў Менску адбылася неканстытуцыйная акцыя, і таму гарвыканкам ня можа дазволіць ніякіх праяваў салідарнасьці з затрыманымі ўдзельнікамі».

Віктар Калесьнік лічыць, што спадарыня Ганебная парушыла артыкулы 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, пазбавіўшы полацкіх актывістаў права на правядзеньне мірных сходаў і свабоду выказваньня ўласных меркаваньняў, і таму падаў скаргу ў суд:

«Першае пасяджэньне было 9 сакавіка, потым суд перанесьлі на 10, а потым — на 16 сакавіка. Мэта мая — дамагчыся свабоды на выказваньне ўласных меркаваньняў для кожнага грамадзяніна».

Судзьдзя Тацяна Субоціна не задаволіла скаргу актывіста. Намесьніца старшыні гарвыканкаму Натальля Ганебная падчас судовага пасяджэньня заявіла, што акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі была забаронена не па палтітычных прычынах, а таму, што актывіст-заяўнік не дамовіўся з адпаведнымі служюамі наконт забесьпячэньня аховы правапарадку і медычнага абслугоўваньня падчас масавага мерапрыемства.

У чацьвер, 17 сакавіка, — зноў судовы разгляд адміністрацыйнай справы Барыса Хамайды.

Адразу дзьве судовыя позвы атрымаў віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда. Суд Чыгуначнага раёну будзе паўторна разглядаць пратаколы затрыманьня апазыцыянэра, які некалькі разоў выходзіў у цэнтар гораду зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Судзьдзі Алена Цыганкова і Алена Грабянчук не знайшлі ў дзеяньнях спадара Хамайды складу правапарушэньня. Аднак кіраўніцтва райаддзелу міліцыі Чыгуначнага раёну абскардзіла гэтыя рашэньні ў абласным судзе. Цяпер абедзьве адміністрацыйныя справы будуць разьбірацца зноў, але іншым судзьдзём, кажа спадар Хамайда:

Немагчыма ў асобным горадзе перамагчы ў судзе, калі ва ўсёй краіне беззаконьне.
«17 сакавіка будзе зноў тая справа, адмененая, якую разьбірала судзьдзя Цыганкова. Цяпер яе будзе разьбіраць судзьдзя Шыкароў. І другую адмененую справу 23 сакавіка таксама будзе разьбіраць Шыкароў. Гэта той судзьдзя, які нядаўна па аналягічнай справе аштрафаваў мяне на 30 базавых велічынь… Я ж разумею, што немагчыма ў асобным горадзе перамагчы на падставе закону, калі ва ўсёй краіне прававое беззаконьне».

Барыс Хамайда не спадзяецца на спрыяльныя для сябе рашэньні судзьдзі Ўладзіслава Шыкарова, але кажа, што ўсё адно гатовы працягваць абвешчаную ім акцыю «2011 год — год нацыянальнага сьцяга», якую прысьвяціў 20-м угодкам незалежнасьці беларускай дзяржавы.

Барыс Хамайда на сваім месцы ля «сіняга дому».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Старыя кампутары — вяртаюць, новыя — забіраюць


Сёньня ў Рэчыцкім райаддзеле міліцыі кіраўніку абласной арганізацыі Партыі БНФ Вaлеру Пуціцкаму паведамілі, што ён можа забраць сыстэмны блёк кампутара, прынтар, брашуры, дыскі зь песьнямі й музыкай, якія былі адабраныя міліцыянтамі ў траўні мінулага году падчас масавага ператрусу актывістаў кампаніі «Гавары праўду». Прыйдзе, маўляў, зь Менску вопіс адабранага — і забірай.

Аддала міліцыя асабісты кампутар і кампутар дзяцей рэчыцкаму актывісту прадпрымальніцкага руху, каардынатару кампаніі «Гавары праўду» Алегу Шабетніку. У яго таксама забралі тэхніку летась у траўні падчас ператрусу, прычым ня з офісу, як у Пуціцкага, а з прыватнага дома.

Пуціцкі: «Вяртаюць старыя кампутары, а забіраюць новыя. Офіс наш учора нібыта бандыты абрабавалі. Канфіскавалі яшчэ кампутары. Дзьверы ў хату на цьвікі забітыя — замкі выламаныя, а дзьверы забітыя на цьвікі».
Наш офіс нібы бандыты абрабавалі.


15 сакавіка ў грамадзкай прыёмнай у Рэчыцы, якая месьціцца ў прыватным доме, невядомыя ўзламалі дзьверы, праніклі ў сярэдзіну й забралі сыстэмны блёк кампутара, прынтар і ўласны ноўтбук Пуціцкага.

Актывіст мяркуе, што, хутчэй за ўсё, у прыёмнай пабываў зь мясцовымі чэкістамі ўчастковы інспэктар Каралькоў, які ўранку праз тэлефон патрабаваў ад Пуціцкага тэрміновай сустрэчы.

Таксама напярэдадні супрацоўнікі Гомельскай управы КДБ правялі ператрус у сябра Партыі БНФ зь вёскі Перасьвятое Рэчыцкага раёну Алега Карбалевіча. У ягоным доме мае юрыдычны адрас рэчыцкая суполка БНФ:

«Забралі тры брашуры, мініятурную камэру відэаназіраньня — валялася ў мяне, сын з Масквы прывёз. Забралі сыстэмны блёк кампутара. Рызограф у мяне стаяў — забралі. Я дакладна ня ведаю, але думаю, што яны нейкім чынам праведалі пра рызограф і дзеля яго адмыслова прыяжджалі».

Правялі ператрус чэкісты і ў прыватным доме бацькі прадпрымальніцы Сьвятланы Пятроўскай, якая мае там рэгістрацыю. На прэзыдэнцкіх выбарах Сьвятлана працавала ў камандзе Ўладзімера Някляева.

Спачатку супрацоўнікі УКДБ тэлефанавалі спадарыні Пятроўскай на працу і зьбіраліся прыехаць «для сур’ёзнай размовы». Але не прыехалі. І ўжо вечарам Сьвятлана даведалася, што ператрус быў зроблены ў доме бацькі безь яе ўдзелу:

«Брат пытаўся ў іх: на якой падставе ўсё гэта робіцца, што вы хочаце й што будзе зь сястрой? Яны адказалі: калі былі грашовыя пераводы з-за мяжы, то будзе тэрмін зьняволеньня. Калі знойдуць нейкія паперы супраць улады альбо сьведчаньні нейкага ўдзелу, то будзе штраф. Як яны сказалі, зьвязалася ня з тымі людзьмі. Нітачка цягнецца з 19 сьнежня».

Сьвятлана Пятроўская кажа, што ў доме бацькі чэкісты нічога не забралі.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Супрацоўнікі КДБ за месяц двойчы дапыталі актывіста

Баранавіцкага актывіста Яраслава Грышчэню цягам месяца супрацоўнікі КДБ дапыталі два разы. Першы допыт тычыўся працы юнака ў ініцыятыўнай групе Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, другі — дзейнасьці ў «Маладым фронце».

Яраславу Грышчэню супрацоўнікі КДБ патэлефанавалі на мабільны нумар і сказалі, што чакаюць яго на допыт у мясцовую ўправу. Яраслаў прыйсьці адмовіўся, сказаўшы, што ён у Менску. Неўзабаве да яго пазванілі сьледчыя ўжо Менскага КДБ:
Сьледчыя КДБ на гэты раз задавалі канкрэтныя пытаньні, кшталту: ты ведаеш — распавядай. Можна казаць, што быў нават ціск.

«На гэты раз мяне выклікалі не па позьве. Пазванілі з Баранавічаў і сказалі, што чакаюць мяне на допыт. Я адказаў, што зараз знаходжуся ў Менску і проста фізычна не магу прыйсьці да іх. Пасьля гэтай размовы літаральна праз паўгадзіны патэлефанавалі зь Менску і сказалі, што на суботу жадаюць мяне запрасіць. Я адказаў, што ў суботу не змагу, тады мне паведамілі, што чакаюць на аўторак. Я папрасіў позву, але яны сказалі, што ня могуць выпісаць яе, бо я ня маю ў Менску рэгістрацыі. Пазьней я вырашыў, што пайду».

Допыт у КДБ зацягнуўся амаль на чатыры з паловай гадзіны. Зь Яраслава ўзялі падпіску аб неразгалошваньні:

«Я зьявіўся ва ўправе КДБ недзе а 10 гадзіне раніцы, а выйшаў адтуль пасьля 14. Сьледчыя КДБ на гэты раз задавалі канкрэтныя пытаньні, кшталту: ты ведаеш — распавядай. Можна казаць, што быў нават ціск. Асноўнае, што іх цікавіла, — дзейнасьць у „Маладым фронце“. Такім чынам, за месяц мяне дапыталі два разы».

Мая Абромчык
А вось Мая Абромчык, студэнтка гістарычнага факультэту БДУ, да гэтага часу не атрымала адказу з пракуратуры на сваю скаргу. Яшчэ два месяцы таму яна напісала скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў АМАПу, якія жорстка зьбілі яе 19 сьнежня падчас разгону Плошчы, зламалі ёй нагу. Мая мяркуе, што справа магла б быць хутка распачата і даведзена да канца, бо прозьвішчы амапаўцаў фігуруюць у пратаколе — гэта Мазайла і Якаўлеў.

Мая Абромчык: «У пракуратуры мне паабяцалі, што цягам бягучага тыдня дадуць адказ на маю скаргу. Але прайшла ўжо палова тыдня. Няма ніякага адказу. На жаль, мне складана камэнтаваць, чаму справа так замаруджваецца, бо я ня ведаю спэцыфікі працы пракуратуры, але, магчыма, што і наўмысна зацягваюць. Але не магу дакладна сказаць, бо не валодаю інфармацыяй».