Злотнікаў: прадпрыемствы ня змогуць набываць абсталяваньне

Нацыянальны банк

Урад і Нацбанк Беларусі прынялі сумесную пастанову аб разьліках па імпарце некаторых тавараў, у адпаведнасьці зь якой забаронена набыцьцё замежнай валюты на ўнутраным рынку пры імпарце абсталяваньня коштам ад 50 тысяч эўра.

Пра гэта паведамляе ўпраўленьне інфармацыі Нацбанку.

Гэтая мера накіравана на абмежаваньне попыту на замежную валюту з боку суб’ектаў гаспадараньня-рэзыдэнтаў, якія рэалізуюць буйныя інвэстыцыйныя праекты.

Імпартаваць абсталяваньне коштам ад 50 тысяч эўра можна за кошт зьнешніх крэдытаў і валютных крэдытаў банкаў-рэзыдэнтаў, якія заключаны на тэрмін ня менш за адзін год.

У Нацбанку адзначаюць, што гэтая мера часовая і будзе дзейнічаць да 1 сакавіка 2012 году.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 25 лютага 2011 году на нарадзе з новым складам ураду, паведамляе Нацбанк, «зьвярнуў увагу на неабходнасьць больш ашчаднага выкарыстаньня суб’ектамі гаспадараньня замежнай валюты, асабліва тымі прадпрыемствамі, якія ня маюць уласнай валютнай выручкі».

Леанід Злотнікаў
Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, гэтае рашэньне зьвязанае з тым, што ў Нацбанку мала валюты і ён «ня хоча, каб прадпрыемствы забіралі гэтую валюту на тое, каб купляць за мяжой нейкае абсталяваньне. Ён ня супраць таго, каб гэтыя прадпрыемствы пазычалі гэтую валюту там, дзе яны яе знойдуць».

Паводле Злотнікава, можа скласьціся сытуацыя, калі прадпрыемства, каб аддаць валютны доўг, павінна будзе рабіць новы доўг, нават маючы шмат беларускіх рублёў.

«Нацбанк зусім простымі мэтадамі намагаецца кіраваць складанай эканомікай. З гэтага нічога ня выйдзе. Купіць прадпрыемства валюту, каб набыць абсталяваньне, нешта добрае зробіць, а валюты не атрымае, каб аплаціць даўгі. Гэтае прадпрыемства будзе мець шмат грошай у беларускіх рублях, але ня зможа разьлічыцца са сваімі крэдыторамі. Проста Нацбанк уводзіць абмежаваньне на канвэртавальнасьць беларускага рубля або замежнай валюты на беларускіх рынках. Гэта можа мець непрадказальныя вынікі. Гэта можа прывесьці да таго, што ня будзе абнаўляцца вытворчая база прадпрыемстваў. Яны ня змогуць купляць абсталяваньне».