«Улада адбірае грошы, якія раней дадала пэнсіянэрам»

Ад сёньня ў Беларусі пачаў дзейнічаць указ Аляксандра Лукашэнкі аб свабодным цэнаўтварэньні. Дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў на большасьць тавараў і паслуг скасавана. Пад кантролем засталіся толькі кошты некаторых сацыяльна значных тавараў і паслуг.

Як гэта паўплывала на цэньнікі ў крамах і на рынках? Як адрэагавалі людзі? Пра гэта даведваліся ў аўторак рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды». Яны таксама выслухоўвалі меркаваньні прадаўцоў і пакупнікоў.

ГАРАДЕНШЧЫНА


На гарадзенскім рынку.
Людзі ўпэўненыя, што такі нецывілізаваны гандаль на рынку будзе квітнець, бо тут таньней.
Найбольш людзей хвалюе падаражэньне харчовых тавараў.
Даражэе і бытавая хімія.
«Даражэе ўсё — нічога ў ранейшай цане не застаецца»

Прадаўцы і пакупнікі на рынках і ў крамах Горадні прызнаюцца, што ня могуць уцяміць сытуацыю з ростам цэнаў на прадукты. Людзі кажуць, што ўжо ня могуць дазволіць сабе нармальнае харчаваньне, і пры гэтым перакананыя, што рост цэнаў ня спыніцца.

Спадар: «Даражэе ўсё, усё літаральна, нічога ў ранейшай цане не застаецца. Паглядзіце, зь сёньняшняга дня ўсе віды камунальных падвысілі, усе харчы падаражэлі, ніводзін не застаўся па той самай цане. А яшчэ ж увялі свабодныя цэны…».

Карэспандэнт: «Як думаеце, што будзе са свабоднымі цэнамі?».

Спадар: «Бяда для людзей будзе».

Карэспандэнт: «Чаму вы так кажаце?».

Спадар: «Таму што я сам ахвяра такой палітыкі…».

Спадарыня: «Во, на тым тыдні цыбуля каштавала яшчэ 1800 рублёў, а сёньня ўжо 2200».

Іншая спадарыня: «Усё падаражэла, і нашмат, цяпер такога няма, каб не даражэла. Малочныя прадукты падаражэлі, пакет кефіру ўжо тры тысячы рублёў каштуе. Агародніна… Во, бульба — 2800 ужо самая танная. А пару дзён была ў нашай краме па 2000 рублёў , потым прыходжу — 2300, а сёньня гляджу — 2800».

Яшчэ адна спадарыня: «Вось так і жывём. Прыйшла, узяла гэтай здохлай ялавічыны і думаю, што зь ёю рабіць… А яшчэ за кватэру трэба, а лекі якія дарагія…».

Спадар: «Не пасьпяваеш за цэнамі сачыць…».

Карэспандэнт: «Падаражэньне якіх прадуктаў найбольш вас хвалюе?

Спадар: «Грэчка, цукар… Цукар, напэўна, на 30 працэнтаў падаражэў ці нават на 50, я не даю рады запомніць цэны, бо яны так хутка зьмяняюцца. Грэчка наагул зашкальвае, то па 10, то па 12, то па 16 тысяч… Мяса вельмі моцна даражэе, асабліва сьвініна і шынка добрая, вэнджаная…».

Карэспандэнт: «Як мяркуеце: чаму так цэны растуць?»

Старэйшы спадар: «Думаю, прэзыдэнт хоча адабраць усе тыя грошы, што пэнсіянэрам дабавіў — я так думаю…».

Пытаюся ў маладзейшага мужчыны — ці дастаткова яму заробленых грошай, каб забясьпечыць сям’ю ў цяперашніх умовах?

Маладзейшы спадар: «Гэта ўсё ненармальна тое, як мы жывём. Мы ж сабе нічога дазволіць ня можам, хіба што калі на сьвята. А чалавек павінен жыць спакойна, не задумвацца пра гэта. Мы ж не ямо ніякіх далікатэсаў кожны дзень. І на алькаголь я ня трачу, бо ён мне не патрэбны. Адну бутэльку шампанскага на сьвята я куплю. То няхай бы гэта даражэла замест прадуктаў».


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Каб цана зьменшылася — ня памятаю такога»

У Берасьці багата цэньнікаў у крамах сёньня памянялася. Павелічэньне закранула цэны на шмат якія тавары. Найбольшую заклапочанасьць гэта выклікае ў пэнсіянэраў.

У буйной краме «Космас» у Берасьці з раніцы зьмяніліся цэньнікі на малочную прадукцыю. Прадавачка кажа, што хіба толькі малако засталося за ранейшую цану:

«Вельмі шмат тавараў ад сёньняшняга дня падаражэла. Так, напрыклад, малочная прадукцыя стала ад сёньня даражэйшая, за выключэньнем малака. А вось цэньнікі на сьмятану сёньня ўжо зьмененыя».

Пакупнікі ў краме прызвычаіліся да таго, што цэны павялічваюцца. Праўда, найбольшае абурэньне выклікае павелічэньне коштаў на цукар і грэчку:

«Вядома, кожны месяц цэны павялічваюцца. Нават ужо прывыкаеш да гэтага. А яшчэ невядома, што будзе заўтра. Цукар, напрыклад, за месяц два разы даражэў».

Павелічэньне цэнаў у крамах на 10-20 рублёў амаль незаўважнае для пакупнікоў. А прадаўцы кажуць:

«Цэны растуць кожны дзень на 10-20 рублёў. Ня памятаю нават такога, каб на нешта цана ўпала, толькі наадварот. Жахліва, што грэчка каштуе па 16 тысячаў за кіляграм. А цукар наагул за месяц даражэў два разы. А так увогуле — кожны дзень цэны растуць на 10 рублёў».

Найбольш павелічэньне цэнаў адбілася на пэнсіянэрах:

«Нам цяпер усё стала вельмі дорага. Калі раней за 20 тысяч рублёў можна было прыйсьці ў краму і набыць найбольш неабходныя рэчы, то цяпер у гэтую суму немагчыма ўкласьціся. Кожны дзень цэньнікі зьмяняюцца, кажуць людзі».

ВІЦЕБШЧЫНА


«Дзякуй Богу, што я вэгетарыянка»

Cпадарыня Людміла і спадарыня Зоя жывуць побач у райцэнтры Шуміліна. Абедзьве выправіліся ў краму, каб паглядзець, ці вырасьлі кошты на прадукты пасьля ўказу № 72 пра лібэралізацыю цэн.

Спадарыня Зоя кажа, што на ўсялякі выпадак асноўныя прадукты харчаваньня набыла яшчэ ўчора:

«Я ўсе асноўнае купіла яшчэ ўчора, атрымаўшы аванс. А сёньня — толькі хлеб. А як там будзе наперадзе? І дагэтуль дзень пры дні, гэтак нібыта ненавязьліва, усе паўзло ўверх: сёньня малачко на 100 рублёў падаражэла, учора хлеб на 150… Калі гэтыя цэны адпусьцілі, дык хочацца сказаць адно: дзякуй Богу, што я вэгетарыянка! Мне, відаць,будзе прасьцей!»

Лісьце будуць жэрці, але ня стануць пратэставаць.
Спадарыня Людміла адзначае, што зьменаў на цэньніках пакуль што няма — завезеныя раней харчы прадаюцца па ранейшых цэнах. Настрой у пакупнікоў спакойны, бо нічога добрага ад любых дзяржаўных распараджэньняў яны й не чакаюць:

«Усе гэта ўспрымаюць як неабходнасьць. Усе да гэтага неяк гатовыя, усе гэтага й чакалі, усе ведалі — што пасьля выбараў цэны будуць расьці. Ні для кога гэта не навіна. Во толькі калі б гарэлка падаражэла раптоўна — тады б, можа, крычалі… Усё адно будуць цярпець! Як у Карэі той — лісьце будуць жэрці, але ня стануць пратэставаць. Нашы — будуць маўчаць».

«Хочаш танную бульбу — трымай уласны гарод!»

Паводле ўказу № 72 цэны на моцны алькаголь застануцца пад кантролем дзяржавы. А вось, да прыкладу, цэны на гародніну будзе вызначаць той, хто яе вырасьціў.

Але гэта зусім не азначае, што «адпушчаныя» цэны прынясуць прыбыткі вытворцам, разважае аршанскі фэрмэр Адам Сапежка:

«Рынак дыктуе цэны! Гэта значыць, калі людзі будуць купляць, дык і я ня супраць цэны падняць! А калі ня будуць, дык давядзецца самому есьці сваю прадукцыю! Так што ня выгадаеш… Вось тую самую грэчку можна пачаць прадаваць і па 50 тысяч за кілё, але ж ты яе купляць ня будзеш, будзеш есьці нешта іншае».

На думку спадара Сапежкі, мала проста «адпусьціць» цэны, каб з прыбыткам былі і вытворцы, і гандляры, і пакупнікі ні на кога ня мелі крыўды.

«Памятаю, прыяжджалі ды нас фэрмэры з Галяндыі недзе ў 1994-м годзе. Яны распавядалі: „Мы зьбіраемся — вытворцы прадукцыі, тыя, хто яе закупляе, і тыя, хто прадае. І разам дамаўляемся, якія будуць цэны на яблыкі ці на нейкую гародніну. Каб кожны меў сваю выгаду“… Я ж не пераскочу тую мяжу попыту, якая існуе! Можна й узьвінціць цэны, але што гэта дасьць? Будуць закупляць тавары за мяжой, дзе цэны больш стабільныя. Ну, а калі хочаш зусім танную бульбу — значыць, трымай гарод!»

Аршанскі фэрмэр лічыць, што ўказ № 72 зробіць жыцьцё беларусаў цяжэйшым: шмат каму сапраўды давядзецца выжываць за кошт уласнай гаспадаркі, калі цэны будуць штучна завышацца.

Пракамэнтаваць думку віцебскага фэрмэра Адама Сапежкі «Свабода» папрасіла дырэктара дэпартамэнту цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі Ігара Фаміна. Чыноўнік ад камэнтароў адмовіўся: спаслаўся на тое, што міністэрства рыхтуе адмысловы брыфінг.

Да ўказу № 72 распрацаваны дадатак № 1. Гэта — пералік тавараў (працаў, паслуг), цэны (тарыфы) на якія рэгулююцца Саветам міністраў і дзяржаўнымі арганізацыямі.