Дапытваюць студэнтаў, журналістаў, давераных асобаў

Будынак КДБ у Менску.

У ліку падазроных па крымінальнай справе аб падзеях 19 сьнежня — нямала студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (ЭГУ). Да прыкладу, цяпер у Віцебску на допыты ў КДБ выклікаюць трэцякурсьніцу Ганну, хоць яна ў дзень акцыі пратэсту знаходзілася за межамі Беларусі.



ВІЦЕБШЧЫНА


Судзіць журналіста будуць паводле скаргі дзяржаўнага ідэоляга


На працягу апошняга месяца глыбоцкія міліцыянты пільна цікавіліся асобай Кастуся Шыталя — журналіста незалежнага сайту westki.info. Ён піша матэрыялы на палітычныя тэмы, у дзень выбараў 19 сьнежня быў назіральнікам на адным з выбарчых участкаў у Глыбокім, а пасьля менскіх падзеяў адсочваў лёсы затрыманых і арыштаваных землякоў, пра якіх таксама зьмяшчаў матэрыялы на сайце.

Не падазраючы за сабой аніякае віны, Кастусь Шыталь сам накіраваўся ў пастарунак, бо міліцыянты спачатку некалькі разоў яму тэлефанавалі, а потым пачалі шукаць па сваяках, сябрах ды знаёмых:

«Я пайшоў, і мяне апыталі, што я рабіў у якасьці назіральніка на выбарчым участку і што я бачыў. А пасьля завезьлі ў Глыбоцкі райвыканкам да спадарыні Алены Зібаравай, якая ў час выбараў была старшынёй раённай выбарчай камісіі, і юрысконсульт райвыканкаму склала на мяне пратакол за адміністрацыйнае правапарушэньне — парушэньне артыкула 13 выбарчага заканадаўства».

Як высьветлілася, адна з назіральніц ад «Беларускага саюзу жанчын», супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму Марыя Мацулевіч напісала на Кастуся Шыталя скаргу ў пракуратуру. Нібыта ён 15 сьнежня, парушаючы правы і абавязкі назіральніка, распытваў навучэнца мясцовага прафэсійнага ліцэю, ці па сваёй волі той прыйшоў галасаваць датэрмінова. Таксама назіральніца скардзілася, што Кастусь Шыталь разьмяшчае ў інтэрнэце інфармацыю пра выбары, якую яна лічыць непраўдзівай.

Паводле Шыталя, супрацоўніца райвыканкаму, відавочна, мела на ўвазе артыкул «Незалежны назіральнік пабачыў, як фальшавалі вынікі выбараў у Глыбокім».

Я ж сам бачыў, як адбываліся маніпуляцыі зь бюлетэнямі.
«Я ж сам бачыў, як адбываліся маніпуляцыі зь бюлетэнямі — як браліся стосы бюлетэняў за розных кандыдатаў, зьверху клалі пару бюлетэняў за Лукашэнку і так несьлі старшыні камісіі. І я пра гэта напісаў».

У пракуратуры вырашылі, што супраць журналіста-назіральніка варта распачаць адміністрацыйную справу паводле артыкула 9.10 (парушэньне выбарчага заканадаўства). Суд над Кастусём Шыталем мае адбыцца 3 сакавіка.

Віцебская ўправа КДБ шукае сьведак нават за мяжой


Віцебская ўправа КДБ працягвае пошук сьведкаў падзеяў 19 сьнежня. Але ў поле зроку спэцслужбы пачалі трапляць людзі, якія ня маюць ніякага дачыненьня да акцыі пратэсту. 20-гадовая Ганна, студэнтка-трэцякурсьніца ЭГУ, распавяла, як яе запрасіў на размову супрацоўнік КДБ:

«Ён патэлефанаваў, сказаў, што я мушу прыйсьці ці то на апытаньне, ці проста зь ім паразмаўляць. Сказаў: „Ня бойцеся, нічога страшнага!“ 19 сьнежня я была ў Вільні. Можа, КДБ цікавіць нешта менавіта пра наш унівэрсытэт, ці ёсьць там непадпарадкаваньне ўладам, ці нешта такое».

Пасьля менскіх падзеяў 19 сьнежня студэнтаў ЭГУ дапытвалі масава. На думку віцебскай студэнткі, супрацоўнкі КДБ імкнуцца высьветліць падрабязнасьці пра тамтэйшых моладзевых актывістаў.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Шклоўскі аддзел КДБ турбуе давераных асобаў Уладзімера Някляева

Былога сябра ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева зь Бялынічаў Мікалая Мяцеліцу дапыталі ў Шклоўскім міжраённым аддзеле КДБ. Актывіста выклікалі позвай як сьведку ў справе масавых беспарадкаў у Менску 19 сьнежня.

Мікалай Мяцеліца ня быў удзельнікам акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці. Падчас перадвыбарчай кампаніі ён актыўна агітаваў у Бялыніцкім раёне за кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Зьбіраў подпісы ў яго падтрымку. Гэтым, як сьцьвярджае актывіст, і цікавіліся камітэтчыкі:

«Дапытвалі па факце ўзбуджэньня крымінальнай справы аб масавых беспарадках, як яны гэта матывавалі. Спрабавалі даведацца: адкуль я атрымліваў газэты? Хто прывозіў палатку? Хто перадаваў мне дыскі? Ці фінансавалася гэтая справа? Якія матывы ў мяне былі — за грошы ўдзельнічаць ці як ідэйны? Тонка спрабавалі хоць нейкую інфармацыю вывудзіць пра брата. Мяркую, што гэта была асноўная мэта».

У кватэры Мікалая Мяцеліцы камітэтчыкі на пачатку студзеня праводзілі ператрус. Забралі сыстэмны блёк кампутара і электронныя носьбіты інфармацыі. Празь месяц аддалі.

Алег Мяцеліца
Брат спадара Мікалая Алег Мяцеліца быў даверанай асобай Някляева. Пасьля разгону акцыі пратэсту зьехаў за мяжу, баючыся арышту. Цяпер знаходзіцца ў Вільні. Ён адзін са стваральнікаў Беларускага бюро грамадзкага і палітычнага прадстаўніцтва ў Літоўскай Рэспубліцы. Допыт брата й ператрусы ў кватэрах лічыць пацьверджаньнем таго, што вяртаньне на Радзіму адкладаецца надоўга:

«Я шчасьлівы, што гэтыя выбары сталі першымі, калі я ня сеў і змог трапіць на Плошчу. Сесьці — гэта самае простае. Сеў — ты герой і ў прынцыпе нічога ня можаш рабіць. Мы разумеем тут, што чым мы будзем больш актыўныя тут, тым актыўней будуць цікавяцца намі на Беларусі», — зазначае Алег Мяцеліца.

Як кажа Мікалай Мяцеліца, цікавіліся камітэтчыкі і даверанай асобай Някляева са Шклоўскага раёну Пятром Мігурскім. З усіх давернікаў апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, якія засталіся ў Беларусі, толькі яго яшчэ не выклікалі ў КДБ. Месяц таму ён быў вымушаны звольніцца з магілёўскага ўнівэрсытэту харчаваньня. Цяпер не выключае, што атрымае позву ў КДБ. Гаворыць Пётар Мігурскі:

«Салдафонства, якое прысутнічае ў працы спэцслужбаў, кажа пра слабасьць гэтай улады. Яны маглі б казыраць маёй пэрсонай перад Захадам: „Давераная асоба Някляева, чалавек, які займаецца палітыкай не на баку цяперашняй улады і працуе ў дзяржаўнай структуры. Пра якія парушэньні дэмакратыі гаворка?“. Як паказваюць апошнія падзеі на Блізкім Усходзе, колькасьць самалётаў — гэта не паказьнік сілы ўлады».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Зь вязьнем «амэрыканкі» адвакат не сустракалася ад моманту прад’яўленьня яму абвінавачаньня

Алесь Кіркевіч
Маці Алеся Кіркевіча спадарыня Ларыса паведаміла «Свабодзе», што яе сына ўжо амаль месяц трымаюць у «амэрыканцы», а сьледчых дзеяньняў зь ім не праводзяць.

Гэтымі днямі спадарыня Ларыса атрымала адразу два лісты ад сына. Найбольш яе турбуе ягонае здароўе, бо раней Алесь пісаў і прасіў даслаць яму лекі для лячэньня хваробы сэрца.

Кіркевіч: «Піша, што сэрца пакуль супакоілася і не турбуе яго. Праўда, нічога ня піша пра тое, ці атрымаў лекі. Але ягоныя лісты датаваныя 17 і 20 лютага, то, магчыма, яшчэ не атрымаў».

Пытаюся ў спадарыні Ларысы — што піша сын пра тое, як праходзіць дзень у камэры?

Кіркевіч: «Ён піша, што займаецца самаадукацыяй: выпісаў самавучак нямецкай мовы, дадаткова хоча яшчэ займацца ангельскай мовай. Просіць, каб далі каталёг выпісаць кнігі праз пошту. Ён гэта можа зрабіць, бо на ягоным рахунку ёсьць грошы».

Спадарыня Ларыса кажа, што шанцаў спаткацца з сынам у яе няма, бо ў гэтым адмаўлялі родным усіх вязьняў «амэрыканкі».

Па словах маці, пасьля таго як трэцяга лютага Алесю прад’явілі абвінавачаньне, зь ім ніводнага разу не сустрэлася ягоная адвакатка.

Кіркевіч: «З трэцяга лютага адвакат ні разу ў яго не была. Мне сказала, што толькі на гэтым тыдні плянуе займацца ягонай справай. Але ніякіх дадатковых зьвестак адвакат не атрымала.

«Мэта ўлады — трымаць актыўных людзей у ганебных умовах»

Праваабаронца Віктар Сазонаў кажа, што ў адносінах да палітычных вязьняў гэта ўжо сталая практыка. Зь яго слоў, ставіцца мэта як найболей пратрымаць самых актыўных людзей у ганебных умовах за кратамі:

«Па вялікім рахунку, у гэтай справе толку няма, няма відавочнай віны, там няма чаго і дасьледаваць. І гэта так і ёсьць, па-першае. А па-другое, там увогуле існуюць праблемы з наведваньнем адвакатамі вязьняў: то трэба нейкую чаргу адседзець, то яшчэ нешта. А згодна з заканадаўствам адвакат мае права на сустрэчу са сваім падабаронным у любы дзень і ў любы час».

Алесь Кіркевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ у якасьці падазронага паводле ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу — актыўны ўдзел у масавых беспарадках. Раней ён ужо адбываў у Менску 10-суткавы арышт за ўдзел у акцыі салідарнасьці 24 сьнежня ля турмы на завулку Акрэсьціна ў Менску.