WikiLeaks: Гандаль закладнікамі па-беларуску

Брытанская газэта The Telegraph, са спасылкай на WikiLeaks, апублікавала тэкст дэпэшы з амэрыканскай амбасады ў Лёндане 21 жніўня 2008 году, зь якой вынікае, што Менск за вызваленьне палітычных вязьняў Сяргея Парсюкевіча, Андрэя Кіма і Аляксандра Казуліна запатрабаваў ад Захаду "важнага сыгналу аб паляпшэньні клімату".

Паводле амэрыканскіх дыпляматаў, Зоя Калантай, намесьніца сталага прадстаўніка Беларусі пры ААН, перадала на сустрэчы з прадстаўніком МЗС Вялікабрытаніі Дэйвідам Бэндарам просьбу аб дапамозе ў арганізацыі беларускага інвэстыцыйнага форуму ў Лёндане ў лістападзе 2008.

"Калантай мела на ўвазе канкрэтную паслугу. Беларускі ўрад арганізуе інвэстыцыйны форум у Лёндане 18-19 лістапада і хоча, каб у ім узяў удзел і выступіў з прамовай прэм'ер-міністар. Калантай прасіла Бэндара пасадзейнічаць у атрыманьні візы для прэм’ер-міністра, а таксама аб дапамозе ў лягістыцы і захадах бясьпекі. Бэндар сказаў, што брытанскі ўрад разважыць гэтую просьбу, але даў Калантай зразумець, што адказ будзе залежаць ад паводзінаў яе ўраду, у прыватнасьці, ад таго, як ён паставіцца да назіральнікаў АБСЭ на выбарах 28 верасьня," – напісалі амэрыканскія дыпляматы ў дэпэшы Дзярждэпартамэнту ў Вашынгтоне.

Згаданы форум адбыўся ў Лёндане 18 лістапада 2008 году.