Анонс: “Дрэва” варыянтаў для Эўразьвязу

Якое рашэньне наконт санкцыяў адносна Беларусі прыме Эўразьвяз? Як яно паўплывае на сытуацыю ў Беларусі: ўлады вызваляць ці памілуюць усіх палітзьняволеных, некаторых, нікога? Якія варыянты магчымай палітыкі Эўразьвязу? Які лёс чакае беларускую грамадзянскую супольнасьць?

Над гэтымі пытаньнямі ў “Праскім акцэнце” разважаюць шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі і нямецкі палітоляг Марцін Шон.

Перадачу слухайце ў нядзелю, 30 студзеня, ў 18 гадзінаў.
А зараз прапануем вам фрагмэнты перадачы.



Калінкіна:
Эўразьвяз ня можа абмежавацца палітычнымі заявамі... Ёсьць досьвед эфэктыўных санкцый адносна Беларусі, быў час, калі дзякуючы санкцыям у нас не было палітычных зьняволеных... Вызваленьня палітвязьняў санкцыямі дамагчыся можна... Дзяржаўная прапаганда скажа, што ўсе каяліся, Філарэт прасіў і ў імя згоды ў краіне Аляксандар Рыгоравіч даў дазвол іх выпусьціць пад хатні арышт пры ўмове, што яны зьедуць з краіны

Сіліцкі:
У свой час да санкцый супраць Паўднёваафрыканскай рэспублікі далучыўся ўвесь сьвет. Тут і палова сьвету не далучыцца... Яшчэ да сярэдзіны гэтага году пачнуцца размовы пра тое, што санкцыі не працуюць... Пытаньне пра выбары ўжо пахаванае. Ужо для аднаўленьня дыялёгу ўмова – толькі вызваленьне палітвязьняў. Як бы гэта ні было прыкра, але выбары яму ўжо амаль даравалі.

Шон:
Галоўнай праблемай пры прыняцьці рашэньня аб санкцыях будзе эфэктыўнасьць... Вялікіх эканамічных магчымасьцяў ціску на рэжым я не бачу... У лёгіцы самога Лукашэнкі саступіць зараз – гэта згубіць твар... Вызваленьне палітвязьняў – гэта ў прынцыпе прымальная ўмова для Лукашэнкі, але не менавіта зараз... Ёсьць абурэньне ў Эўразьвязе, ў Нямеччыне, але тут іншая палітычная культура.