Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі: за і супраць


На наступным тыдні Эўропа і Злучаныя Штаты мусяць вызначыцца са сваім адказам на пасьлявыбарчую сытуацыю ў Беларусі. 31 студзеня міністры замежных спраў краінаў Эўразьвязу павінны разгледзець прапановы рэзалюцыі, прынятай 20 студзеня на сэсіі Эўрапарлямэнту ў Страсбуры. Ці ўхваляюць самі беларусы тактыку санкцый?

Грамадзкая актывістка, назіральніца на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году Валянціна Сьвяцкая вельмі спадзяецца на тое, што папярэдні тэкст рэзалюцыі, ухвалены дэпутатамі Эўрапарлямэнту 20 студзеня, ня зьведае асаблівых зьменаў і ў наступны панядзелак.

На перакананьне Сьвяцкай, у цяперашніх умовах супраць беларускага рэжыму неабходна ўжываць як мага шырэйшыя абмежавальныя захады. Пра гэтым засьцярогі – маўляў, пацерпяць простыя грамадзяне краіны – яна адмятае:


"Цалкам падтрымліваю ўсё тое, што было адзначана ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту. Увогуле, трэба сказаць, што такіх жорсткіх дакумэнтаў яшчэ ніколі не прымалі ў адносінах да Беларусі. Усё гэта мэтазгодна а): таму што санкцыі ў першую чаргу тычацца не Беларусі і беларусаў, гэта тычыцца менавіта асобы Лукашэнкі; б): калі 31-га будзе падтрыманы ў першую чаргу эканамічны блёк прынятай рэзалюцыі, то гэта будзе вельмі моцны крок краінаў Эўразьвязу ў падтрымку таго, каб насамрэч дэмакратыя рухалася ў Беларусь. Іншымі крокамі дыктатара на месца паставіць немагчыма.

І калі некаторыя палітыкі выступаюць і кажуць, што гэта вельмі жорстка і г.д, яшчэ раз падкрэсьліваю: гэта жорстка, але не ў адносінах да Беларусі і беларусаў. Таму што ўвесь час, калі ўлады атрымлівалі крэдыты і дапамогі ад МВФ, ад Эўрапейскага банка рэканструкцыі і разьвіцьця – усё гэта вельмі апасрэдавана тычылася саміх беларусаў. Бо ўсё гэта асядала зусім на іншых рахунках і зусім у іншых праектах, якія менавіта да грамадзянаў Беларусі ніякага дачыненьня ня мелі. Таму людзі ад гэтых санкцый не пацярпяць. Яны шмат больш пакутуюць ад таго, што тут зараз усталявалася".

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі гэтаксама ўхваляе тактыку шырокіх санкцый у адносінах да вышэйшых асобаў краіны. Але пры гэтым лічыць, што крокі павінны быць адрэгуляваныя такім чынам, каб выключыць усялякі нэгатыўны ўплыў на беларускае грамадзтва:

"Я абсалютны прыхільнік такога падыходу з боку эўрапейскіх інстытутаў да беларускіх уладаў. Таму што іншага падыходу сёньняшнія ўлады, як мне падаецца, на жаль, не разумеюць. Дый, магчыма, народ неяк пасьля гэтага акрыяе, "празрэе". Перадусім, у тым, што жыць трэба ў ХХІ стагодзьдзі ўжо зусім па-другому.

Але праўда і тое, што санкцыі павінны быць такія, каб не зашчамляліся інтарэсы самога народа. Ёсьць правільныя прапановы адносна таго, што менавіта такі падыход быў бы самы прымальны для Беларусі – каб у выніку гэтых санкцый шмат не страціў менавіта просты беларускі люд. Таму ёсьць і шырокія санкцыі, але яны таксама могуць быць адрэгуляваныя гэтакім чынам, каб пры гэтым не пацярпелі звычайныя грамадзяне краіны".
XS
SM
MD
LG