Алег Воўчак супраць прымусовай дактыляскапіі

Алег Воўчак

Праваабаронца Алег Воўчак намераны зьвярнуцца ў суд у зьвязку з патрабаваньнямі супрацоўнікаў міліцыі прайсьці працэдуру дактыляскапіі.

26 студзеня праз тэлефон яму чарговы раз прапанавалі здаць адбіткі пальцаў. Праваабаронца адмовіўся. З гэтай нагоды ён паведаміў наступнае:

«Абавязковая дзяржаўная дактыляскапічная рэгістрацыя праводзіцца ў адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам № 565 ад 2004 году: форма дактыляскапічнай карты, форма даведкі аб праходжаньні дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі, а таксама патрабаваньні да фармаваньня, вядзеньня і захоўваньня гэтай інфармацыі рэгулюе МУС па ўзгадненьні з КДБ, Службай бясьпекі і Апэратыўна-аналітычным цэнтрам пры прэзыдэнце. Для атрыманьня адбіткаў пальцаў у ваеннаабавязаных міліцыя павінна ўзгадніць працэдуру зь Міністэрствам абароны. Аднак пакуль няма ні інструкцыі, ні палажэньня, а таксама даручэньня ад Мінабароны да МУС браць адбіткі пальцаў».

Як паведаміў Алег Воўчак, ён не знайшоў у афіцыйнай юрыдычнай базе сьведчаньняў таго, што дакумэнты для правядзеньня працэдуры дактыляскапіі прайшлі ўзгадненьне. Незразумелы і парадак захоўваньня дактакартаў і доступу да іх.
Зьмены закону аб дактыляскапіі, у выніку якога кожны ваеннаабавязаны мусіць здаць адбіткі пальцаў рук, супярэчыць прынцыпам законнасьці, канфідэнцыйнасьці і гуманізму.


«Няма палажэньня, якое б вызначала выразны парадак захоўваньня і атрыманьня доступу да гэтай інфармацыі ня толькі для праваахоўных органаў, але і для саміх грамадзян, у якіх бралі адбіткі пальцаў. А зьмены закону аб дактыляскапіі, у выніку якога кожны ваеннаабавязаны мусіць здаць адбіткі пальцаў рук, супярэчыць прынцыпам законнасьці, канфідэнцыйнасьці і гуманізму, замацаваным артыкуламі 23, 25, 26, 27, 28 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», — падкрэсьліў Алег Воўчак.

Праваабаронца таксама зазначыў, што ў законе прадугледжана права абскардзіць дзеяньні па прымусовай дактыляскапіі ў судзе, чым ён і мае намер заняцца: «Закон прадугледжвае, што грамадзянін можа адмовіцца ад здаваньня адбіткаў пальцаў рук, але якой-колечы адказнасьці за такую адмову ня вызначана», паведамляе БелаПАН.