Томас Мэлія: Мэта санкцыяў - кропкавыя захады супраць чыноўнікаў

Томас Мэлія

Мэтай санкцый да Беларусі зьяўляюцца кропкавыя захады супраць чыноўнікаў.

Пра гэта заявіў намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Томас Мэлія 23 студзеня ў Менску на сустрэчы з кіраўніцтвам Беларускай асацыяцыі журналістаў, перадае БелаПАН.

На сустрэчы абмяркоўваліся пытаньні свабоды слова ў Беларусі і сытуацыя з недзяржаўнымі СМІ.

"Томас Меліа даў зразумець, што ён мае намер данесьці да беларускага кіраўніцтва пазыцыю ЗША: падзеі ў Беларусі 19 сьнежня і пасьля гэтай даты для ЗША зусім непрымальныя", — сказаў намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Аляксандраў.

Мэлія адзначыў, што яго візыт зьяўляецца ня толькі рабочым, але і дэманстрацыяй салідарнасьці зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю.

Як паведаміла БелаПАН кіраўнік БАЖ Жанна Літвіна, падчас гутаркі Меліа заявіў, што ЗША гатовы да шырокага супрацоўніцтва з Беларусьсю ў тым выпадку, калі ў краіне будуць захоўвацца правы чалавека.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных паведаміў Інтэрфаксу, што 22 студзеня ў МЗС "па ініцыятыве амэрыканскага боку адбылася сустрэча на ўзроўні начальнікаў упраўленьняў Амэрыкі і гуманітарнага супрацоўніцтва".

Паводле Савіных, "закраналіся ўсе пытаньні бягучага стану і пэрспэктыў двухбаковых дачыненьняў".

23 студзеня Томас Мэлія наведаў нядзельнае служэньне ў менскай поўнаэвангельскай царкве "Новае жыцьцё", паведаміў БелаПАН юрыст суполкі Сяргей Луканін.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША, якога суправаджаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, у гутарцы са старэйшым пастарам абшчыны Вячаславам Ганчарэнкам дэталёва цікавіўся сытуацыяй вакол царквы і заявіў, што знаходзіцца ў Менску па даручэньні дзяржсакратара Хілары Клінтан, якая ўважліва адсочвае сытуацыю ў Беларусі, асабліва пасьля падзеяў 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці.

Меліа выказаў надзею, што ў Беларусі наступіць час, калі людзі змогуць свабодна наведваць любыя цэрквы і свабода сумленьня будзе не толькі дэкляравацца, але стане рэальнасцю.

Візыт Томаса Мэліі будзе доўжыцца да 25 студзеня. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнта ЗША мае намер заклікаць афіцыйны Менск да неадкладнага вызваленьня ўсіх арыштаваных. Мэлія плянуе сустрэцца з сем'ямі зьняволеных, прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі, НДА, Міністэрства замежных спраў Беларусі і місій краін Эўразьвяза.

Злучаныя Штаты Амэрыкі падтрымалі рэзалюцыю Эўрапарлямэнта аб неадкладным увядзеньні санкцый у дачыненьні да кіраўніцтва Беларусі ў сувязі зь яго рэакцыяй на выступленьні апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.