Ні дня бяз допытаў

Будынак КДБ ў Менску

Моладзевыя актывісты, якія ў рэгіёнах удзельнічалі ў выбарчай кампаніі на баку апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, атрымліваюць выклікі на допыты ў КДБ і міліцыю. Тыя ж службы дапытваюць удзельнікаў як мітынгу пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня, так і апошніх мясцовых акцыяў салідарнасьці з палітвязьнямі.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«У КДБ запалохваюць: мы ўсё пра вас ведаем…»

На Гарадзеншчыне працягваюцца допыты актывістаў. У КДБ і міліцыю працягваюць выклікаць і тых, чые мабільныя тэлефоны былі зафіксаваныя на Плошчы падчас падзеяў 19 сьнежня.

Гарадзенскі прадпрымальнік Сяргей Ліс браў удзел у выбарчай кампаніі Ўладзімера Някляева: стаяў у пікетах, распаўсюджваў улёткі, агітаваў. Днямі яго выклікалі ў КДБ. Трое супрацоўнікаў, са слоў Ліса, задавалі пытаньні, казалі, што ён быў заўважаны падчас агітацыі за Ўладзімера Някляева, вазіў на машыне някляеўскія сьцяжкі.

Сяргей Ліс адказваў ім, што сапраўды ўдзельнічаў у агітацыі, але ніякіх законаў не парушаў. Тым ня менш супрацоўнікі КДБ яго папярэдзілі.

Ліс: «Яны мне нагадалі, што я займаюся бізнэсам. Я адказаў, што мая радня мае сямейны бізнэс, і я працую ў бацькі. Тады яны мяне папярэдзілі, што зь бізнэсам могуць быць і непрыемнасьці».

Сяргей Ліс разам з бацькам займаецца перавозкамі пасажыраў. Зь яго слоў, сам ён не спалохаўся выкліку ў КДБ, але заўважае, што асадак застаўся непрыемны.

Ліс: «Яны ж патэлефанавалі да бацькоў, калі мяне шукалі, і мама перахвалявалася. Вядома, ёй было непрыемна, што нібыта я займаюся нейкай супрацьзаконнай дзейнасьцю. Хоць я насамрэч нічога супрацьзаконнага не зрабіў».

Смаргонскаму актывісту Ўладзімеру Шульжыцкаму патэлефанавалі з аднаго зь менскіх пастарункаў і праз тэлефон запрасілі на размову, патлумачыўшы гэта тым, што ягоны нумар мабільнага тэлефона быў зафіксаваны 19 сьнежня ўвечары на Плошчы.

Уладзімеру Шульжыцкаму давялося тлумачыць міліцыянту, што ён даваў ужо тлумачэньні і адбыў пакараньне. Аднак міліцыянт яму адказаў, што, магчыма, яго выклічуць у пастарунак па месцы жыхарства.

Уладзімер Шульжыцкі кажа, што такім чынам улады хочуць як мага больш запалохаць людзей:

«Хутчэй за ўсё, такім чынам усіх, хто там быў, проста палохаюць. Такая акцыя запалохваньня са мною ўжо ня першы раз. Я мяркую, што яны робяць гэта дзеля таго, каб людзі папросту баяліся і надалей не хадзілі на Плошчу. Спэцыяльна ствараецца такая атмасфэра: маўляў, мы ўсё пра вас ведаем».

ВІЦЕБШЧЫНА


Спачатку — абшукалі, потым — дапыталі, цяпер — яшчэ й аштрафавалі

Наваполацкі актывіст Віктар Калесьнік, які падчас выбарчай кампаніі быў даверанай асобай Андрэя Саньнікава, 19 студзеня быў затрыманы падчас акцыі салідарнасьці. Разам зь яшчэ адным актывістам, Аляксандрам Калінцавым, яны выставілі насупраць мясцовага гарвыканкаму вялікі транспарант са словамі «Свабоду зьняволеным!» і партрэтамі вязьняў СІЗА КДБ.

Абодвух затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Мінулую ноч актывісты правялі ў Наваполацкім ізалятары часовага ўтрыманьня, а 20-га студзеня іх судзілі за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Разьбіраў справу спадароў Калінцава і Калесьніка сам старшыня Наваполацкага гарсуду Пётар Ляўчонак.

Актывіст Віктар Калесьнік, якога суд прызнаў арганізатарам несанкцыянаванай акцыі і аштрафаваў на 700 тысяч рублёў, кажа, што такія наступствы былі прадказальныя:

«Матыў у нас быў адзін, абсалютна просты — данесьці да грамадзкасьці, у тым ліку ў Наваполацку, што ёсьць людзі, якія незаконна ўтрымліваюцца ў менскім КДБ, што ў краіне парушаюцца правы людзей. І кожны сумленны чалавек, я мяркую, проста абавязаны ўсімі даступнымі сродкамі расказваць іншым пра тое, што адбываецца».
Кожны сумленны чалавек, я мяркую, проста абавязаны ўсімі даступнымі сродкамі расказваць іншым пра тое, што адбываецца.


На думку Аляксандра Калінцава, другога ўдзельніка акцыі, якога затрымалі ўпершыню і пакаралі штрафам у памеры 70 тысяч рублёў, транспарант быў добра відаць з вакна старшыні гарвыканкаму. Можа, якраз таму затрыманьнем актывістаў кіраваў намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Дзьмітрый Маісеенка.

Наваполацкія мінакі, якія вялізны пяцімэтровы транспарант заўважалі здалёк, міліцыянтаў асуджалі, а ўдзельнікаў акцыі падтрымлівалі. Распавядае адзін зь відавочцаў, спадар Аляксей:

«Калі шчыра, то скажу так: мэтраў за 100, каля бліжэйшай крамы, людзі перамаўляліся паміж сабой: «Глядзіце, што робіць міліцыя!» Уяўляеце? Значыцца, людзі бачылі гэта ўсе зь вялікай адлегласьці, чалавек 20–30 мінімум. І выказваліся пра акцыю станоўча: «Паглядзіце, гэтыя хлопцы нічога не баяцца!»

Удзельнік акцыі Віктар Калесьнік, у якога супрацоўнікі КДБ ужо правялі ператрус і забралі два кампутары, а таксама дапыталі ў Наваполацкім райаддзеле, кажа, што час баяцца прайшоў — а надышоў час дзеяньняў.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Прапанавалі прыйсьці па канфіскаванае, але пачалі допыт

Цягам сутак у Берасьцейскім КДБ дапыталі трох чалавек. Калі сябра БХД і сябра БАЖ супрацоўнікі КДБ выклікалі позвамі, то Паліне Панасюк-Шарэндзе прапанавалі прыйсьці па свае рэчы, якія былі забраныя падчас ператрусу, і сказалі, што жадаюць яе дапытаць.

Паліна Панасюк-Шарэнда кажа, што ёй патэлефанавалі на хатні нумар і прапанавалі прыйсьці ва ўправу КДБ для таго, каб забраць рэчы, якія супрацоўнікі спэцслужбаў падчас ператрусаў узялі з сабой для вывучэньня. У Паліны тады забралі кампутар, мабільны тэлефон, лічбавы фотаапарат і дыск. Але калі яна зьявілася ў КДБ, супрацоўнік сказаў, што мае намер яе дапытаць:

«Мяне сустракаў сьледчы Дзяніс Дзёмін. Ён сказаў, што, паколькі я прыйшла, то ён мае права паралельна з гэтым правесьці і допыт. Я сказала, што прыйшла па рэчы і ні пра якія допыты не хачу чуць. Тады супрацоўнік КДБ сказаў, што тут на месцы ўручыць мне позву. Калі я адмоўлюся яе ўзяць, то мяне «вылавяць і даставяць у КДБ у горадзе».

Паліна адмовілася браць позву і адказваць на якія-колечы пытаньні сьледчага КДБ. Візыт ва ўправу зацягнуўся на паўтары гадзіны:

«Я сказала сьледчаму, што парушэньнем закону зьяўляецца фальсыфікацыя выбараў. Таму ўсе паказаньні і сьведчаньні я буду даваць міжнароднаму трыбуналу па расьсьледаваньні злачынстваў лукашызму. Допытам я гэта не прызнаю, а лічу гэта самаўпраўствам».
Усе паказаньні і сьведчаньні я буду даваць міжнароднаму трыбуналу па расьсьледаваньні злачынстваў лукашызму.


Паліне ў выніку аддалі толькі мабільны тэлефон і лічбавы фотаапарат. Кампутар і дыск засталіся для далейшага вывучэньня.

Сябра БАЖ Андрэя Любенчука выклікалі сёньня раніцай на размову. Візыт у КДБ быў нядоўгі. Андрэй кажа, што правёў там каля 15-20 хвілін:

«Супрацоўнік КДБ пачаў з таго, што нібыта ёсьць падстава думаць, што 19 сьнежня я быў у Менску. Таму для сьледчага было цікава, як я ацэньваю падзеі на Плошчы. Я сказаў, што не прымаў удзелу ў выбарах, нават не хадзіў галасаваць. Таму нічога не магу сьведчыць».

Напрыканцы размовы сьледчы КДБ запытаўся «не для пратаколу», ці быў Андрэй на Плошчы і ці прымаў удзел у мітынгу:

«Ён задаў мне пытаньне, сказаўшы, што адказ будзе нібы паміж намі, зусім не для пратаколу: ці быў я на Плошчы? Я адказаў, што паколькі ў іх ёсьць падставы так меркаваць, то яны маюць права так думаць. Але маё права — адмова сьведчыць супраць самога сябе».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Вядзецца барацьба з іншадумцамі

Сёньня ў Жлобіне ў аддзел КДБ выклікалі на допыт кіраўніка раённай арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Валера Рыбчанку. У позьве напісалі, што спадара Рыбчанку выклікаюць як сьведку ў справе масавых беспарадкаў у Менску.

Да гэтага чэкісты правялі ператрус у кватэры актывіста й сканфіскавалі сыстэмны блёк кампутара, ксэракс, запісныя кніжкі, нататкі з прафсаюзных сэмінараў, паперы, датычныя назіраньня за выбарамі, прававыя брашуры, тэлефонную SIM-карту.
Злачынстваў жа ў краіне няма, дык яны ня ведаюць, чым заняцца.


Заўважнай стала і новая акалічнасьць. Пасьля ператрусаў і выклікаў у КДБ гомельскім актывістам выбарчай кампаніі альтэрнатыўных кандыдатаў пачалі тэлефанаваць на мабільныя тэлефоны невядомыя асобы й называцца супрацоўнікамі міліцыі зь Менску. Яны таксама спрабуюць запрасіць актывістаў на размовы. У прыватнасьці, прадстаўніку беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў з Гомелю Яўгену Якавенку тэлефанаваў нехта Сяргей Новікаў, які называў сябе супрацоўнікам Ленінскага РАУСу сталіцы.

Якавенка: «Маё меркаваньне, што ім няма чым заняцца. Злачынстваў жа ў краіне няма, дык яны ня ведаюць, чым заняцца. Міліцыі ў краіне шмат, і яны будуць зараз 50 тысячам чалавек, што былі на плошчы, тэлефанаваць, шукаць. Я ў іх пытаўся: „Вы будзе ўсіх абтэлефаноўваць?“ Ён кажа: „Усіх!“ Можа, усю Беларусь наагул — дзевяць з паловай мільёнаў? Насамрэч цяжка сказаць, калі сур’ёзна. Проста няма чым заняцца людзям. Працягваецца беспрэцэдэнтны ціск».

Мазырскі актывіст БХД Алесь Кавальчук, у чыім доме мясцовыя чэкісты два дні таму правялі ператрус, лічыць, што ўлады баяцца распаўсюду ў краіне іншадумства. Таму й лютуюць ужо другі месяц пасьля выбараў:

«Улады баяцца іншадумцаў — проста баяцца іншадумцаў. Таму ёсьць у іх, можа, мэта ці яшчэ што — на запалохваньне людзей. Каб людзі не маглі й не хацелі думаць па-іншаму».