Мясьніковіч паедзе па расейскую нафту

Міхаіл Мясьніковіч

Пастаўкі ў Беларусь бязмытнай расейскай нафты, якія спыненыя ад 1 студзеня гэтага году, пакуль не аднавіліся. У дачыненьнях паміж афіцыйным Менскам і Крамлём захоўваецца зацішша. Тым часам расейскія мэдыі паведамляюць пра «жорсткія паліцэйскія рэпрэсіі» ў Менску супраць апазыцыі.

Паводле прэсавай службы беларускага ўраду, прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч на гэтым тыдні наведае з працоўным візытам Расею, «каб сустрэцца са старшынёй расейскага ўраду Ўладзімерам Пуціным». Пра канкрэтную дату візыту і яго праграму пакуль не паведамляецца. Аднак назіральнікі адзначаюць, што асноўнай тэмай перамоваў стануць менавіта пастаўкі нафты.

Нафтавыя перамовы, якія вяліся на мінулым тыдні, пакуль не прынесьлі канкрэтных вынікаў, і пастаўкі не адноўленыя. Прадстаўнік «Роснефти» на ўмовах ананімнасьці паведаміў карэспандэнту «Свабоды», што кампанія робіць усё магчымае, каб аднавіць пастаўкі:

«Наша кампанія знаходзіцца ў стане перамоваў зь беларускімі партнэрамі пра цану паставак нашай нафты і перапрацоўкі яе на беларускіх НПЗ».

Там не выключаюць, што пытаньне мае даволі сур’ёзную палітычную падаплёку. Бо перамовы заходзяць у тупік, а непадпісаньне дамоваў аб пастаўках у суседнюю краіну ў такіх сур’ёзных аб’ёмах — амаль 1 мільён тон нафты ў квартал — «гэта даволі сур’ёзная рэч». І гэта тое, што ўжо рана ці позна «можа перайсьці ў кампэтэнцыю палітыкаў».

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка пакуль ніяк не выказваўся адносна спыненьня паставак расейскай нафты ў Беларусь. А беларускія НПЗ рапартуюць, што працуюць на поўную магутнасьць.

Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што цяперашняя спрэчка мае эканамічны характар: расейцы не пагаджаюцца з тым, што беларускі бок падвышае кошты транзыту, і патрабуюць падвышэньня цэнаў на сваю нафту.

Яны збудавалі свой нафтаправод у абход Беларусі і зараз яны проста так саступаць ня будуць.
«Можна прагназаваць, што Расея заняла больш жорсткую пазыцыю ў пытаньнях прапампоўваньня нафты, яе паставак, бо яны збудавалі свой нафтаправод у абход Беларусі і зараз яны проста так саступаць ня будуць. Урэшце рэшт яны павінны знайсьці кампраміс, бо не такія ўжо тут вялікія грошы па транзыце, каб было такое процістаяньне».

Пакуль у Крамлі маўчаць, расейскія мэдыі працягваюць жорстка крытыкаваць афіцыйны Менск. Першы расейскі тэлеканал паведаміў, што падвядзеньне вынікаў выбараў у Беларусі «выяўляецца ў жорсткіх паліцэйскіх рэпрэсіях супраць апазыцыі, перасьледзе журналістаў і ў выкрываньні змовы Расеі супраць беларускай дэмакратыі». Канал нагадвае, што Захад рыхтуецца да санкцыяў супраць рэжыму і «ў Лукашэнкі ёсьць два тыдні на тое, каб падумаць і адпусьціць палітычных закладнікаў».

Дырэктар інстытуту СНД Канстанцін Затулін, аднак, ня бачыць прычын, каб Расея ў стасунках зь Беларусьсю «плялася ў хвасьце краінаў Захаду і ўводзіла санкцыі адносна Беларусі — сябра Мытнага саюзу з Расеяй».

«У Расеі, безумоўна, можа быць свая думка пра палітычны працэс у Беларусі, палітычны рэжым, які за апошнія гады ўстаяўся ў Беларусі. Нам, відавочна, ня ўсё падабаецца ў паводзінах уладаў Беларусі. Але санкцыі закранаюць не асабіста Лукашэнку ці іншых, а закранаюць Беларусь у цэлым».

Расейскі «Коммерсант» цытуе палітыка Вольгу Абрамаву, якая мяркуе, што Масква скарыстае сытуацыю, калі заходні вэктар для Менску зачыняецца, для таго, каб загнаць Лукашэнку ў вузкі калідор. І яму давядзецца адказваць за ўсе крыўды, якія ён нарабіў Крамлю цягам двух гадоў.