Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без шэнгенскай візы ён абыдзецца. А без хакею?


Камітэт міжнародных спраў Эўрапейскага парлямэнту заклікаў увесьці санкцыі супраць беларускага рэжыму. Пра гэта ж заявіла высокая прадстаўніца Эўразьвязу Катрын Эштан. Нават прэм’ер-міністар Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі, які традыцыйна ўстрымліваецца ад крытыкі Аляксандра Лукашэнкі, гэтым разам выказаўся за жорсткую рэакцыю. Што думаюць пра магчымыя санкцыі ў Беларусі?

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных сёньня ў размове са «Свабодай» згадаў, што канчатковае рашэньне па Беларусі будзе прынятае міністрамі замежных спраў краін Эўразьвязу 31 студзеня. А пра цяперашнія дыскусіі афіцыйны прадстаўнік МЗС выказаўся так:

«Гэта папярэдні разгляд. Мы, натуральна, вельмі ўважліва сочым за гэтым працэсам. Але камэнтаваць яго ня будзем. А будзем чакаць прыняцьця канчатковых рашэньняў».

Палітолягі зьвяртаюць увагу, што пры абмеркаваньні беларускага пытаньня ўзьнікаюць прапановы пайсьці далей за традыцыйныя візавыя абмежаваньні для беларускіх чыноўнікаў. Згадваецца, напрыклад, увядзеньне эканамічных санкцый, забарона беларускім спартоўцам удзельнічаць у Алімпіядах, усясьветных чэмпіянатах і кубках.

Эканаміст Леанід Заіка лічыць: самым моцным ударам у эканамічнай сфэры стала б адмова краін Эўразьвязу ад закупу беларускіх нафтапрадуктаў:

«Калі паглядзець на стан гандлю Беларусі з Эўразьвязам, то сутнасьць яго ў продажы эўрапейцам нафтапрадуктаў з расейскай нафты. Гэта — самае галоўнае. Таму што гэта — 40% беларускага экспарту. Усё астатняе — драбяза. І калі ўвядуць такую забарону, уласна кажучы, нават не забарону, а рэкамэндацыю, то гэта выкліча стан шоку».

Спадар Заіка кажа: пры такіх санкцыях Беларусь можа страціць дзясяткі мільярдаў даляраў. Але наколькі гэта рэальна, пытаюся ў суразмоўцы:

Ці змогуць у Эўропе на гэта пайсьці? У мяне такое падазрэньне, што не.
«Ці змогуць у Эўропе на гэта пайсьці? У мяне такое падазрэньне, што не. Надта ж шмат зарабляюць і эўрапейцы, і азіяты, і беларусы на гэтых зьдзелках».

А наколькі рэальнай выглядае пагроза пераносу зь Беларусі ў іншую краіну хакейнага чэмпіянату сьвету-2014? Падобны выпадак быў у 1992 годзе, калі эўрапейскі футбольны чэмпіянат перанесьлі зь Югаславіі ў Данію, згадвае спартыўны аглядальнік Руслан Бацянкоў:

«Калі праводзяцца выбары арганізатара чэмпіянату сьвету па хакеі, заўжды ёсьць некалькі кандыдатур. І калі Беларусь будзе адлучана ад правядзеньня чэмпіянату сьвету 2014 году, абавязкова знойдуцца дзьве-тры краіны, якія будуць згодныя і нават шчасьлівыя правесьці яго ў сябе».

Магчымыя спартовыя санкцыі сталі б вельмі адчувальнымі, упэўнены Руслан Бацянкоў:

«Гэта будзе вельмі цяжкі ўдар па іміджы Беларусі, па яе кіраўніку, які, дарэчы, зьяўляецца прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Па сваёй адчувальнасьці гэтыя санкцыі могуць стаць мацнейшымі за эканамічныя. Бо гэта і грошы, і прэстыж. І калі такое адбудзецца, Беларусь у галіне спорту будзе адкінутая на гады назад. Лукашэнка неаднаразова казаў, што спартоўцы робяць для іміджу Беларусі болей за дыпляматаў. І ў гэтым ён меў рацыю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG