Аксана Спрынчан — пра журботна-аптымістычныя калядныя творы беларускай літаратуры

Аксана Спрынчан

«У турме наш Паўлючок!» — кажа гаспадар сямейнікам, што чакаюць хлопца з гораду да каляднага стала. Гэтая гісторыя, апісаная Якубам Коласам сто гадоў таму, сталася рэальнасьцю для сотняў беларускіх сем’яў, чыіх родзічаў улада кінула пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у турмы за адно толькі жаданьне свабоднага выбару свайго лёсу. Аксана Спрынчан — пра журботна-аптымістычныя калядныя творы беларускай літаратуры.

АЛЕСЬ ГАРУН. МАЕ КОЛЯДЫ. У кн.: ВЫБРАНЫЯ ТВОРЫ. МЕНСК, «БЕЛАРУСКІ КНІГАЗБОР», 2003


Прадчуваньне Калядаў — заўжды сьвяточнае. А вось самі Каляды ў беларусаў вельмі часта з сумам, растаньнем, сьмерцю і ўсё адно верай у цуд — цуд нацыянальнага адраджэньня, цуд абуджэньня нацыянальнай сьвядомасьці.

Такі цуд здарыўся ў паэме «Мае Коляды» Алеся Гаруна. І хоць яна выдадзеная ў 1920 годзе ў Вільні пад псэўданімам А. Сумны, насамрэч якраз вельмі жыцьцесьцьвярджальная. Напісаная гэта паэма неўзабаве пасьля Калядаў 13 студзеня 1905 года і ёсьць першым вядомым творам пісьменьніка. Гісторыя абуджэньня нацыянальнай сьвядомасьці ў беларускага вясковага хлапчука, якога запрасіў на сьвята багаты сябрук, падаецца нечаканай. Але ж у кожнага беларуса свой раман зь беларускасьцю, і калі б ён ні адбыўся — гэта сьвята Нараджэньня.

ЯКУБ КОЛАС. КАЛЯДНЫ ВЕЧАР. У кн. ЗБОР ТВОРАЎ У 14 Т. Т. 4. МЕНСК, «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 1973


Каляды — чаканьне цуду Божага нараджэньня. А сям’я Тараса чакае і аднаго са сваіх сямейнікаў — Паўлюка, які апошні год вучыцца ў горадзе. Па яго — бацькаў гонар — перад Куцьцёю выправіўся сам гаспадар. Гаспадыня, дзядзька Андрэй і дзеці рыхтуюцца да сустрэчы Паўлюка, каб разам сустрэць сьвята. Нарэшце дзьверы адчыніліся і на парозе зьявіўся адзін Тарас: «У турме наш Паўлючок!»

Гэта беларуская калядная гісторыя пачатку 20 стагодзьдзя. Але, на жаль, яна шматкроць паўтараецца і ў пачатку 21-га. Якуб Колас у сваім апавяданьні нічога не апавядае пра падзеі, што адбываюцца ў краіне. Ня буду апавядаць і я. У турму трапляла і трапляе моладзь, дзякуючы якой — моладзі, канечне, а не вязьніцы, калісьці адбудзецца цуд Беларусі. Не заўжды, на жаль, каляднае сьвята можа стацца сямейным.

ЛЮДМІЛА РУБЛЕЎСКАЯ. ЦЕНІ ЗАБЫТАГА КАРНАВАЛУ. У кн.: СЭРЦА МАРМУРОВАГА АНЁЛУ. «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 2003


Стасункі дзьвюх сем’яў раскрываюцца ў калядным творы Людмілы Рублеўскай з нізкі «Шляхецкія апавяданьні». Гэта гісторыя каханьня, адна палавінка якога замерзла ў калядным сьнезе ў ноч шыкоўнага карнавалу, што ладзіўся сям’ёй другой палавінкі. Выпадкова закаханыя пачулі размову бацькоў Настасьсі пра падзеі дваццацігадовай даўніны, калі бацька Стася, пан палкоўнік, катаваў паўстанцаў, сярод якіх быў бацька Настасьсі. І нават маёнтак, у якім цяпер жыве Стась, аказваецца, належаў продкам Настасьсі. Студэнт 1-га курса мэдыцынскага ўнівэрсытэту, разумны і таленавіты хлопец, даведаўшыся жахлівую праўду пра свайго бацьку, кінуўся ў сьцюдзёную калядную ноч…

Бацькоў не абіраюць. Абіраюць каханых. Але кожнаму Бацьку варта падумаць, пагатоў у калядную ноч.

УЛАДЗІМЕР КАРАТКЕВІЧ. КАЛЯДНАЯ РАПСОДЫЯ. У ЗБОРЫ ТВОРАЎ У 8 Т. Т.2. МЕНСК, «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 1988


Рапсодыі ўласьцівае чаргаваньне рознахарактарных эпізодаў на народна-песенным матэрыяле. У «Каляднай рапсодыі» Уладзімера Караткевіча самотны мужчына напярэдадні Калядаў едзе ў пустым вагоне і ўзгадвае дзьве гісторыі свайго жыцьця: вясковыя Каляды з Аленай і гарадзкія Каляды з Марынай. Выпадак перашкодзіў шчасьцю з Аленай, але і сам Мікола Ласевіч не знайшоў у сабе моцы змагацца за сваё каханьне. Перажыўшы той стан, «калі сэрца нібы стаяла ў глотцы», ён сустракае на Каляды жанчыну, у якой таксама «жыцьцё не задалося». І адбываецца ціхі Калядны цуд. Галоўны герой разумее, што няма дарогі назад, а толькі — новыя Каляды — нараджэньне-перараджэньне. І праз увесь твор праходзяць народныя песьні, якія зьбіраў галоўны герой, якія сьпяваў Караткевіч.

Вось-вось, здаецца, зойдуць у тваю хату калядоўнікі, і Караткевіч, трымаючы ў руках калядную зорку, засьпявае:

Ходзіць-паходзіць месяц па небе,
Кліча-пакліча зоры з сабою.
Ускінутыя да зор абліччы, урачыстыя вочы!


ЯНКА КУПАЛА. НА КУЦЬЦЮ. У кн. ЯНКА КУПАЛА. ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ. МЕНСК, «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА», 1993


Глыбокі філёзаф і патрыёт Беларусі Янка Купала абраў калядны вечар часам дзеяньня сваёй умоўна-фантастычнай паэмы «На куцьцю». Месца дзеяньня — старое замчышча, на якім адбываецца княскі баль. Князь хоча даведацца, як жывуць нашчадкі, і выпраўляе трох ганцоў. Зь іхных аповядаў ён робіць выснову, што «ня умруць ужо яны». Маналёг князя ў 9-м разьдзеле — гэта гімн адраджэньню Бацькаўшчыны:

Ня умруць, ня умруць ужо яны,
Раз хочуць сонца, славы, песьні;
Заб’юць ім зычныя званы
Прабудным звонам напрадвесьні.
Сваёй забранай старане,
Скаванай мучаніцы-княжне,
Ўзьнясуць пасад на кургане
На панаваньне недасяжне.

Добра было б скончыць «Каляднае пяцікніжжа» гэтымі радкамі, але ці варта забывацца, нават у калядны вечар, што шлях да адраджэньня няпросты? Таму і ў апошнім, 12-м разьдзеле, паэмы Янкі Купалы зьяўляецца вобраз замчышча-пусткі.

Адно хочацца дадаць, што ў тым самым нумары «Нашай нівы» ад 22.12.1911, дзе ўпершыню была надрукаваная паэма, зьмешчаны і абразок Вацлава Ластоўскага «Хрыстос нарадзіўся!», а ў ім такія словы: «І для цябе, мой родны краю, засьвяціла зорка адраджэньня, як калісь над убогай будкай у Галілеі…А калі б расьпялі і замучылі тваё простае слова, то яно ня умрэ вечнай сьмерцю, але ізноў уваскрэсьне; гэта памятай Беларускі Народ!»