Уладзімер Арлоў: На Каляды заўсёды хочацца цуду

Уладзімер Арлоў

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Чатыры месяцы вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка гучалі ў эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла». Сёньня — інтэрвію з Уладзімерам Арловым.
«Свабода»: Уладзімер, Вы выкарыстоўвалі пытаньні, якія, пераважна, прыходзілі вам падчас сустрэчаў. А можаце назваць тры самыя запамінальныя сустрэчы?

Арлоў: Паспрабую, хоць вы паставілі складанае пытаньне: вылучыць тры з тысячы — усё роўна як выбраць у сваёй бібліятэцы, дзе ўсе кнігі патрэбныя, тры самыя-самыя.

За лічаныя дні да прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году мы з бардам Зьмітром Бартосікам павінны былі выступаць у Радашкавічах. Яшчэ з нашага «Фольксвагену» ўбачылі, што дзьверы Дома культуры — пад аховаю людзей у цывільным і ў форме. Вакол разгублена тоўпілася сотні паўтары местачкоўцаў.

«Канцэрту ня будзет! Пажарная інспэкцыя запрышчает!», — радасна і з пачуцьцём выкананага абавязку абвясьціў міліцыянт з зорачкамі на пагонах. «Калі ўжо яна вас усіх пазапрышчает?! — нечакана азваўся нейкі ўпэўнены барытон. — Канцэрт будзе! Запрашаю на маю сялібу!»

Сяліба аказалася грунтоўным двухпавярховым катэджам. У доме ўсе зьмясьціцца не маглі, і мы вырашылі выступаць з гаўбца. Публіка маляўніча разьмясьцілася ўнізе на крэслах і проста на траве. Над лесам сядала падобнае да вялізнай ягады шыпшыны сонца. Пахла сьвежым сенам, а з дому тонка цягнула добрай парфумай. Я сарваў воплескі чытаньнем эсэ пра незалежнасьць. Зьміцер таксама быў на ўздыме. Калі мы спусьціліся да народу, сымпатычная жвавая бабулька падаравала кожнаму па букету вяргіняў і весела паведаміла, што ў канцы вуліцы стаіць аўто з чатырма нетутэйшымі мужчынамі. "І ўсе ў гарнітурах!«— радасна падсумавала добраахвотная выведніца.

Другая сустрэча зноў выклікае на вуснах міжвольную ўсьмешку.

Гадоў сем таму мы са Зьмітром ехалі на выступ перад удзельнікамі моладзевай агітацыйнай экспэдыцыі, якая ішла палескімі дарогамі зь Берасьця да Пінску. У Драгічыне нас арыштавалі. У Бартосіка забралі правы кіроўцы і гітару, якую таварыш маёр з двума падначаленымі разглядаў, быццам замаскаваную бомбу. Затым надышла мая чарга. «Дзе пражываеце?» — «У Менску». — «Чым занімаіціся?» — «Пішу кнігі». — «Вот сідзелі бы і пісалі. С какой цэльлю прыбылі ў Драгічын? Прад’явіце дакументы!».

Я прад’явіў сваю новую кніжку «Сны імпэратара», дзе быў здымак і біяграфічная даведка. Міліцыянт засьцярожліва ўзяў яе, чамусьці патрос, магчыма, чакаючы, што зараз адтуль пасыплюцца даляры, і сурова зазначыў, што гэта не дакумэнт.

Гадзіна цягнулася за гадзінай. Афіцэрская ахова, што бясконца вяла зь некім тэлефонныя перамовы, поўніла нас самапавагаю. Часам мы пранікаліся нечым накшталт павагі і да саміх цэрбэраў, бо яны не сканфіскавалі нашыя мабільнікі і не забаранялі адказваць на званкі, да якіх, натапырыўшы вушы , прыслухоўваліся. Урэшце акурат тое і прынесла паратунак. Пачуўшы назву вёскі, каля якой нас ужо чакалі пры вогнішчы ўдзельнікі экспэдыцыі, хлопцы ў форме ажно падскочылі. «Гарадзец! Гарадзец! — як дзеці цешыліся яны. — Дык гэта ж Кобрынскі раён!»
А кнігу сваю падпішыце на памяць, — папрасіў маёр. — Памясьцім у музей райаддзела.

Арыштанты адразу атрымалі вольную. «А кнігу сваю падпішыце на памяць, — папрасіў маёр. — Памясьцім у музей райаддзела».

На поплаве каля Гарадца неверагодна смачна пахла кашай з дымком і тушанінай, але мы мудра адмовіліся ад вячэры й пачалі выступаць. З хвіліны на хвіліну чакаўся варанок з Кобрына…

Трэцяя сустрэча адбылася падчас Дзён беларускай літаратуры ў Заходнім Бэрліне неўзабаве пасьля таго, як ляснуўся іхні мур, а ўсьлед за ім і ўся жалезная заслона.

Сярод слухачоў у зале была немаладая, багата і з густам апранутая кабета, якая зьнячэўку паднялася і ўзрушана загаварыла па-беларуску. Так я пазнаёміўся з фраў Гэдвіг Ноак, якую ў менскім дзявоцтве клікалі Ядзьвігай Рымашэўскай. У хуткім часе я на тыдзень зрабіўся госьцем ейнага велізарнага дома, дзе — упершыню трапіўшы з нашай тагачаснай нішчымніцы на Захад — пачуваўся, быццам хлопчык зь фільму «Генэралы пясчаных кар’ераў», якога дрэнныя сябры засылаюць у выбраны для нападу асабняк у якасьці выведніка-наводчыка.

Калі ўжо зайшла гаворка пра аналёгіі з кінэматографу, згадаю і «Начнога парт’е». У юную Ядзьвігу таксама закахаўся эсэсаўскі афіцэр, але, адрозна ад кінагероя, ён не дарыў ёй на Каляды адрэзаных галоваў, а выратаваў зь лягера і ўрэшце стаў ейным мужам, за што быў выгнаны са службы і апынуўся пад каўпаком гестапа. Працяг можна знайсьці ў маім эсэ «Няхай жывуць гановэрскія вароны!»

«Свабода»: Вядома, творчы працэс — справа далікатная, і ў сваёй перадачы вы закраналі некаторыя нюансы. А вось ці здаралася так, што нейкі твар, убачаны на сустрэчы, потым пераўтвараўся ў пэрсанажа?

Арлоў: Па сутнасьці, гаворачы пра тую незабыўную бэрлінскую сустрэчу, я пачаў ужо адказваць і на гэтае пытаньне.

У Воршы жыве надзвычай калярытны й глухі, як Бэтховэн, дзядуля, што заўсёды ня проста прыходзіць на мае выступы, але абавязкова цягне для пісьменьніка Арлова вялізную сумку зь яблыкамі, сочывам, сваім малаком, ладным кавалкам бел-чырвона-белага сала, сушаным глогам і яшчэ немаведама чым. Карацей, народ любіць сваіх творцаў і ня дасьць ім загінуць галоднай сьмерцю.

Ну як такога чытача не зрабіць пэрсанажам?

А гераіню апавяданьня «Тры мужы спадарыні Дамінікі», своеасаблівую ліцьвінскую гетэру часоў Сьцяпана Батуры, я ўгледзеў у залі на адной з сустрэчаў у Полацку.

«Свабода»: Ці наводзілі пытаньні чытачоў на якую-небудзь творчую ідэю, ці дапамагалі нарадзіцца нейкаму сюжэтнаму павароту?

Арлоў: У мяне такое здараецца часта. Відаць, якраз таму я і пагаджаюся на бясконцыя вандроўкі.

Вось вам пара прыкладаў.

На прэзэнтацыю дзіцячай кніжкі «Адкуль наш род» прыходзіць маладая мама з сынам, якога завуць Стафанам. Натхніўшыся імем малога, я зычу яму ў аўтографе ніколі не забываць свой род, бо іначай дзядзька Арлоў надае па срацы. Маці амаль што з абурэньнем кажа, што тое знакамітае месца ў хлопчыка можа быць спакойным. Ён ведае радавод ужо сёньня. Бо яны — нашчадкі аднаго з кіраўнікоў вызвольнага паўстаньня 1794 году Стафана Грабоўскага, у гонар якога і назвалі сына. А аповеду пра таго, першага Стафана ў маёй кніжцы чамусьці няма…

У новым выданьні, якое мае выйсьці ў 2011 годзе, ён ужо ёсьць.

Цяпер прыклад зь іншага гістарычнага пэрыяду.

Прадпрымальнік задае пытаньне наступнага зьместу: як бы я дзейнічаў, каб на замову прывёз фуру-рэфрыжэратар беларускага масла расейскім братам і мяне замест яго, прадпрымальніка, пасадзілі ў той самы рэфрыжэратар, каб добра падумаў ды скінуў цану. Істотная дэталь: у кішэні ў ахвяры братняй дружбы, на шчасьце, знаходзіцца пісталет…

Урэшце менавіта вашы, дарагія слухачы і чытачы, пытаньні і нарадзілі ідэю перадачы «Пакуль ляціць страла», якая, я спадзяюся, некалі перарасьце ў кнігу.

«Свабода»: Часам даводзіцца чуць, што гісторыя — занадта вузкая і малацікавая для шырокай аўдыторыі тэма, што трэба думаць пра будучыню, што «ў карэце мінулага далёка не заедзеш». Што б вы адказалі на гэта?

Арлоў: Я, напэўна, адказаў бы маім улюбёным выслоўем францускага гісторыка Жуля Мішле пра тое, што гісторыя — гэта ўваскрашэньне.

Сказана нібыта адмыслова для нас, беларусаў.

Уваскрашаючы падзеі і асобаў далёкай даўніны, мы і самі ўваскрасаем як народ ня толькі з эўрапейскай гісторыяй, але і зь непазьбежнай эўрапейскай будучыняй.

Без гістарычнай памяці нельга ўявіць і нацыянальнай ідэі, і самой нацыі. Цяперашняя ўлада цудоўна гэта разумее і таму рэдагуе гісторыю, імкнучыся зьвесьці яе да «лініі Сталіна» і велічных дасягненьняў апошніх гадоў — так бы мовіць, да «лініі Лукашэнкі».

У нашым грамадзтве, перадусім у ягонай незалежнай дэмакратычнай частцы, гістарычная літаратура ў розных яе ўвасабленьнях па-ранейшаму запатрабаваная.
Беларусы ня хочуць такой «гісторыі». У нашым грамадзтве, перадусім у ягонай незалежнай дэмакратычнай частцы, гістарычная літаратура ў розных яе ўвасабленьнях па-ранейшаму запатрабаваная. Ведаю з уласнага досьведу.

Я граю на некалькіх фартэпіянах — пішу вершы, эсэ, гістарычную і сучасную прозу… Найбольшую колькасьць замоваў і водгукаў традыцыйна атрымліваюць менавіта кнігі гістарычнага жанру, і апошнім часам — найперш эсэ, напісаныя на падставе рэальных фактаў і дакумэнтаў.

Прычына мне бачыцца ў тым, што чытач хоча ўпэўніцца: Караткевіч, Тарасаў, Іпатава, Дайнека і прымкнулы да іх Арлоў свае раманы і аповесьці ня высмакталі зь языка. Чытач хоча аўтэнтычнай ілюстрацыі, фрагмэнту хронікі, вялікакняскага прывілею… Адсюль посьпех «Таямніцаў полацкай гісторыі» альбо «Краіны Беларусі».

«Свабода»: У наступным годзе перадача прагучыць у новым фармаце. Пра што вы хацелі б распавесьці нашым слухачам і чытачам сайту?

Арлоў: Відаць, трэба патлумачыць, што перадача захавае назву. Яна зробіцца штотыднёвай, але павялічыць аб’ём. У зьмесьце кардынальных зьменаў не адбудзецца, апрача таго, што прыярытэтам стануць пытаньні, зьвязаныя з гісторыяй — як далёкай, так і найноўшай. Чатыры прамінулыя месяцы паказалі, што пытаньні такога кшталту выклікаюць найбольшую цікавасьць. Яшчэ адно пацьвярджэньне ўвагі да гісторыі, пра што мы ўжо казалі.

На пачатку новага году паспрабую адказаць на самыя новыя пытаньні.

Прафэсар Алег Ціханенка хоча пачуць маю думку пра ўяўленьне свабоды «па-расейску». Памятаеце словы газманаўскай песьні: «Офицеры, россияне, пусть свобода воссияет…» Зь якой прычыны іхнія афіцэры выступаюць нейкімі гарантамі свабоды? З айчыннай гісторыі мы ведаем адваротнае.

Побач на маім стале пытаньні пра тое, якія правы мелі жанчыны ў Вялікім Княстве Літоўскім, і пра межы паўстаньня 1863 году.

А вось чытачка сайту «Свабоды» цікавіцца, ці вяртаюцца гістарычныя падзеі накшталт бумэрангу. Арыгінальнае пытаньне, над якім цікава будзе паразважаць разам з вамі, паважаныя слухачы і чытачы. Маю на ўвазе вашыя камэнтары.

Да разьдзелу найноўшай гісторыі я залічыў бы пытаньне пра наваполацкае літаратурнае аб’яднаньне «Крыніцы», якое ў 1980-я гады выконвала ролю значна большую, чым шараговая рэгіянальная літсуполка.

«Свабода»: І апошняе — напярэдадні Калядаў і Новага году ці не прыгадваецца вам нешта, што магло б пасаваць пад ялінку?

Арлоў: На Каляды заўсёды хочацца цуду. Мы ўсе марылі пра яго 19 сьнежня. Па дарозе ад пляцу Каліноўскага да пляцу Незалежнасьці быў момант, калі здалося, што цуд можа здарыцца. Але толькі здалося.

Нельга сьпячы хлеба, пакуль цеста не падышло.
Як казала бабуля Аўгіньня: нельга сьпячы хлеба, пакуль цеста не падышло.

У мяне дагэтуль стаіць уваччу паплямлены крывёю менскі сьнег…

Не забывайма пра тых, да каго Каляды і Новы год прыйдуць у няволі. Што мы можам зрабіць для іх? Прыйсьці зь перадачамі да вязьніцы. Прынесьці падарункі разам са словамі падтрымкі родным і блізкім зьняволеных. Зладзіць ля турэмных сьценаў фаервэрк. Падрыхтаваць кожнаму па-каляднаму вясёлую сустрэчу на парозе волі…

А я — калі вы раптам маеце магчымасьць слухаць «Свабоду» — найперш для вас, тых, хто зараз за кратамі, распавяду некалькі калядных гісторыяў з уласнага жыцьця.

Мне два гады зь невялікім хвосьцікам. У таты на працы — сьвяточная ялінка. Мама трымае мяне на руках, паказваючы навагоднія цацкі: гірлянды са шкляных пацерак, зіхоткія шары, мядзьведзікаў і лісічак. Але найбольш мне падабаецца ватны бусьлік з вострай, ды нястрашнай, дзюбай. Улучыўшы момант, я хапаю яго за цыбатыя ногі і — колькі змогі — заціскаю іх у кулачок. Я ведаю, што ў мяне бусьліку будзе лепей, чым на ялінцы. Ён ня будзе вісець там, дзе яго пачапілі, а зможа вольна лётаць і, калі захоча, наогул паляціць да іншых бусьлікаў. Мае пальчыкі нікому не ўдаецца расьціснуць, і дадому мы вяртаемся разам з бусьлікам.

Я зычу вам упартасьці!

Мне дзесяць гадоў. У школьным калідоры я міжволі чую размову піянэрважатых: на навагоднім ранішніку найлепшы падарунак з самымі смачнымі цукеркамі атрымае той, хто раскажа альфабэт задам наперад. Паколькі ніхто гэтага, вядома, ня зробіць, падарунак яны падзеляць міжсобку. Я цэлы вечар вучу альфабэт ад «я» да «а» і назаўтра выйграю падарунак.

Зычу вам шанцунку!

Мне трынаццаць. У нас ужо ня ранішнік, а — упершыню — навагодняя вечарына. Я першы раз цалуюся зь дзяўчынкай. Дэбют адбываецца ў школьным гардэробе.. Аднаклясьніца зусім ня супраць і, здаецца, яна ўжо не дэбютантка. Але я памятаю настаўленьне другагодніка Васі: калі цалуеш, трэба яшчэ абавязкова схапіць за цыцкі. Мяне перапаўняе страх, зьмяшаны з адвагаю. Вось яны! Яшчэ ня цыцкі, але ўжо цыцачкі — востранькія, салодкія нават на дотык. Мая абраньніца нібыта спрабуе вырвацца, я не адпускаю, і падчас валтузьні на нас перакульваецца вешалка. Аднак пад лявінаю палітонаў і футэрак, сярод мокрых валёнкаў з галёшамі мы не адпускаем адно аднаго і зноў пачынаем цалавацца.

Зычу вам каханьня!

Да сустрэчы ў Новым годзе і — на Свабодзе!