Арышты, галадоўкі, сьлёзы бацькоў і дзяцей

Сьпісы затрыманых і асуджаных за акцыю пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 і 20 сьнежня працягваюць папаўняць імёны актывістаў апазыцыі з рэгіёнаў. Супрацоўнікі міліцыі і КДБ круглыя суткі цікуюць за іхнімі кватэрамі, многіх затрымліваюць і адвозяць у суды.

ГОМЕЛЬ


Галадаюць асуджаныя Юрась Захаранка, Юры Клімовіч, Валер Сьляпухін

Юры Клімовіч
Пакараныя арыштамі Юры Клімовіч, Юрась Захаранка й Валер Сьляпухін — давераныя асобы былых кандыдатаў у прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага, Мікалая Статкевіча і Ўладзімера Някляева — абвясьцілі галадоўку. Цяпер яны ў Гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Іх схапілі на вуліцах у розных месцах гораду нібыта за лаянку: спадара Клімовіча — 18 сьнежня, Захаранку й Сьляпухіна — 19 сьнежня, у асноўны дзень галасаваньня.

Усіх трох адразу ж адвезьлі ў міліцыю, а пасьля — у ізалятар. І ўжо ў панядзелак, 20 сьнежня, таемна даставілі ў суды, дзе на падставе міліцэйскіх пратаколаў пакаралі нібыта за дробнае хуліганства адміністрацыйнымі арыштамі.

Я плачу і ня ведаю, каму гэты прысуд — сыну ці мне…
Гаворыць Галіна Германаўна, маці арыштаванага на 12 сутак Валера Сьляпухіна:

«Я ўчора даведалася: аказваецца, яны абвясьцілі галадоўку. У таго, хто дзяжурыў у ізалятары, я пыталася: «Чаму ж вы ежу не бераце? Усе кажуць, што можна ежу перадаваць». А мне ў адказ: «Яны абвясьцілі галадоўку, яны ежу не спажываюць».

Спадарыня Галіна абураецца дзеяньнямі ўладаў ды такімі выбарамі:

«У многіх гарадах хлапцоў пахапалі. Я не разумею, што гэта за выбары?! Як так можна — нідзе такога няма! Ні ва Ўкраіне, ні ў Расеі. У мяне хлопец — мая правая рука, гэта залаты сын. У іх штаб ля танка на пляцы Паўстаньня, ён выйшаў — яго пад рукі і павялі. Я плачу: я ня ведаю, каму далі 12 сутак, яму ці мне…».

Жонка арыштаванага Юрася Захаранкі, былога афіцэра-дэсантніка, даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча, лічыць, што арышт мужа на 12 сутак — гэта ў нейкім сэнсе лепш, чым магло б быць:

Юрась Захаранка
«У гэтай сытуацыі — гэта найлепшы зыход, які толькі можна ўявіць. Калі б ён даехаў да Менску, сытуацыя была б непрадказальная. Ён бы Статкевіча ня кінуў — я ведаю дакладна. Ён быў бы побач. Думаю, што яго б там арыштавалі».

Юрася Захаранку міліцыянты схапілі 19 сьнежня а палове на шостую раніцы, калі ён выйшаў з дому, каб дабрацца да вакзалу і ехаць у Менск.

Дачка грамадзкага актывіста спадарыня Кацярына тлумачыць, чаму міліцыянты схапілі бацьку:

«Мне падаецца, што мой бацька зь ліку тых людзей, за якімі ідуць. Калі прыбіраюць людзей, за якімі могуць пайсьці іншыя — тыя, хто маўчыць, ня мае прыроднай сьмеласьці, але хацеў бы сказаць, — яны й застаюцца на месцы і нікуды ня рухаюцца. Таму й прыбіраюць такіх людзей, як мой бацька, на пэрыяд падобных кампаніяў — дзеля таго, каб меней было актывістаў».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Затрыманьні і прысуды працягваюцца

У другой палове дня 22 сьнежня суд Маскоўскага раёну Берасьця асудзіў трох затрыманых сябраў БХД па пяць сутак арышту. Юрку Бакуру і Андрусю Шарэнду інкрымінавалі брыдкаслоўе, а Зьмітру Шурхаю — непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі.

Днём раней у Менску быў асуджаны на 13 сутак Марат Несьцярэнка. Актывіста АГП затрымалі на Плошчы ў Менску. Яго маці Сьвятлана Несьцярэнка кажа, што напачатку нічога ня ведала пра лёс свайго сына:

«Праваабаронцы запатрабавалі, каб былі складзены сьпісы. Сувязі ж ніякай няма. Учора ніякіх перадач не прымалі. Марат знаходзіцца на Акрэсьціна».

Маці затрыманага перакананая, што акцыя была мірная. Спадарыня Сьвятлана кажа, што станоўча ставіцца да грамадзка-палітычнай пазыцыі і дзейнасьці сына, праўда, перажываньняў вельмі шмат:

«Яго затрымалі, калі ён ратаваў дзяўчыну ў натоўпе. Яе зьбівалі міліцыянты. Яна ўпала, у натоўпе яе маглі затаптаць. Мой сын ужо зьбіраўся сыходзіць з Плошчы. Гэта была цалкам мірная акцыя. І вось калі Марат пачаў ратаваць гэтую дзяўчыну, я нават ня ведаю, хто яна і адкуль, яго і затрымалі».

Лукашэнка помсьціць за свой страх.
Жонка затрыманага ўначы ў Берасьці Андрэя Шарэнды Паліна кажа, што затрыманьні ў Менску і цяпер у рэгіёнах сьведчаць пра перапалох уладаў:

«Лукашэнка жудасна спалохаўся. Цяпер ён помсьціць за гэта. Акрамя гэтага, можна тлумачыць гэта і псыхічнымі асаблівасьцямі гэтай асобы».

Сям’я Шарэнды аднадушная што да палітычных поглядаў.

Сьвятлана Несьцярэнка ня верыць, што агучаныя вынікі галасаваньня сапраўдныя. Менавіта каб адцягнуць увагу ад фальсыфікацый, і патрэбны быў такі брутальны разгон:

«Некаму патрэбны быў разгон. Для кагосьці гэта выгадна. Усе правакацыі былі заплянаваныя. Ніводзін мой знаёмы, ніхто з тых, каго я ведаю, не галасаваў за дзейную ўладу. А паводле ЦВК чамусьці атрымалася ледзь не 80%».

ВІЦЕБШЧЫНА


Грошы на штрафы зьбіраюць студэнты

Аштрафаванай на 1 мільён 50 тысяч за ўдзел у акцыі 19 сьнежня Вераніцы Сташулёнак зь Мёраў сабралі грошы на штраф яе аднагрупнікі зь філфаку БДУ, дзе яна цяпер вучыцца. Да ініцыятывы студэнтаў далучыліся і выкладчыкі. Афіцыйнай рэакцыі кіраўніцтва навучальнай установы на затрыманьні студэнтаў пакуль няма, кажа выкладчык філялягічнага факультэту Сяргей Сматрычэнка:

«Ніякай афіцыйнай рэакцыі не было. А з боку студэнтаў і некаторых выкладчыкаў салідарнасьць моцная. У нас чацьвёра дзяўчат затрымалі зь філфаку, і Вераніка Сташулёнак — адзіная, каго выпусьцілі са штрафам. Студэнты адразу стварылі суполку „vkontakte“ для падтрымкі, для збору грошай. І на дадзены момант у мяне на руках 2 мільёны 56 тысяч. Гэта значыць, што штраф Веранікі мы ўжо можам сплаціць, і, натуральна, яшчэ знойдзем, каго падтрымаць».

Сябры кажуць, што Вераніка перажыла вялікі стрэс. А студэнцкая падтрымка стала распаўсюджанай зьявай, кажа студэнтка ЭГУ Кацярына Сьцяпанава зь Віцебску. Зь Веранікай Сташулёнак яны знаёмыя са школьных гадоў:

«Вераніка Сташулёнак — дужа мініятурная дзяўчынка, і нават страшна ўявіць, што міліцыянты маглі яе зьбіваць! Яна зь Мёраў — зь невялікага мястэчка пад Віцебскам, у яе небагатая сям’я, і гэта проста выдатна, што аднакурсьнікі сабралі ёй грошы на штраф».

Студэнты ЭГУ таксама зьбіраюць дапамогу для затрыманых і асуджаных:

«Іх 12, шасьцёра ўжо асуджаныя. Далі ім па 15 сутак, адной толькі дзяўчыне — 10. У многіх затрыманых — дужа сур’ёзныя траўмы. Мы зьбіраем для іх рэчы і пішам лісты падтрымкі. Таксама ў фае ЭГУ вісіць сьпіс затрыманых, на сьценах — партрэты затрыманых з подпісамі накшталт „Трымайцеся, мы з вамі“. І вісіць бел-чырвона-белы сьцяжок з чорнай стужкай».

Паўлу Севярынцу пішуць з Рыгі, Ташкенту і Швэцыі

Пра падтрымку нават з-за межаў Беларусі распавядае Кастусь Севярынец, бацька Паўла Севярынца, які цяпер за кратамі і якому пагражае 15 гадоў турмы паводле абвінавачаньня ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі:
Нікому ня ўдасца паставіць нас на калені. Бо мы на сваёй зямлі, мы беларусы…

«Тут тэлефануюць людзі, падтрымліваюць, і грошы нават прапаноўвалі. А калі я сваю старонку ў «Одноклассниках» зрабіў беларускамоўнай, то пачалі пісаць з Рыгі, з Ташкенту, са Швэцыі нават. Пішуць :"Трымайцеся, мы з вамі!". А пра Паўла не чуваць пакуль нічога. Старэйшая дачка Анюта насіла яму перадачу, дык не ўзялі. Затое там было БТ, і здымалі, як яны несьлі тую перадачу".

Маці Паўла Севярынца спадарыня Тацяна цяпер у Менску. Здарылася так, што 18 сьнежня яна пахавала сваю старэнькую матулю, а 19-га за краты трапіў сын. У Віцебск яна прыедзе, калі нешта стане вядома пра Паўла. А Кастусь Севярынец, які не паехаў на Плошчу, бо ня так даўно перанёс шырокі інфаркт, пра затрыманьне сына кажа так:

«Хачу сказаць гэтым сьледчым, што мой сын ніколі не насіў з сабой «заточку» і ніколі не трымаў сякеру пад крысом. І я ганаруся сваім сынам — за тое, што ён мае прынцыпы і нічога не баіцца. Я па стане здароўя ня мог там быць, але хачу сказаць гэтым мужным хлопцам, калі яны мяне чуюць, — і кандыдатам у прэзыдэнты, і начальнікам іхных штабоў, якія зараз сядзяць у «амэрыканцы», — што я побач зь імі, маё сэрца там. Нікому ня ўдасца паставіць нас на калені. Бо мы на сваёй зямлі, мы беларусы, а таму: «Жыве Беларусь!».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Сыну ў садку сказалі, што яго тата ў турме…»

Родныя і блізкія затрыманых удзельнікаў менскіх падзеяў на Плошчы з Гарадзеншчыны — на баку сваіх блізкіх, а некаторыя нават зьбіраюцца калядныя і навагоднія сьвяты сустрэць пад мурамі ізалятара на Акрэсьціна.

Юры Істомін
Юры Істомін, кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП, асуджаны на 13 сутак. У Горадні ў яго жывуць бацькі, жонка і двое малых дзетак. Жонка Алена зараз моцна хворая і практычна ня можа гаварыць. Яна сказала толькі, што ёй дапамагаюць родныя і сябры.

Мама Юры Істоміна, спадарыня Тамара, водзіць старэйшага ўнука на трэніроўкі і ў садок. Яна цалкам на баку свайго сына Юры, лічыць, што мірных дэманстрантаў разагналі незаконна, і ўвогуле яна за тое, каб людзі мелі магчымасьць свабодна выказваць свае думкі і патрабаваньні.

Істоміна: «Я наагул лічу, што чалавек павінен на пасадзе прэзыдэнта быць ня болей за два тэрміны. Таму што іначай у яго ўзьнікаюць царскія замашкі і непрадказальныя дзеяньні. Таму і атрымліваецца, што нідзе нічога ня можаш сказаць, усе зьвязаныя кантрактамі, баяцца гаварыць і выходзіць пратэставаць».

Спадарыня Тамара кажа, што ганарыцца сваім сынам, які не баіцца адстойваць свае перакананьні. Праўда, яе вельмі палохае ягоная будучыня і будучыня ягоных дзяцей. Яе да сьлёз уразіла пытаньне старэйшага ўнука:

Істоміна: «Учора ён мне сказаў, што тату ў турму пасадзілі — так яму сказалі ў садку. Я яму кажу, што ён у камандзіроўцы, а дзіця пытаецца — калі тата прыедзе, якія падарункі пакладзе пад ялінку?».

Іван Бедка са Слоніма — пэнсіянэр, ён асуджаны на 15 сутак і адбывае пакараньне ў Жодзіне. Ягоны малодшы сын Зьміцер на плошчы ня быў, але хоча задаць уладам пытаньне — за што арыштоўвалі людзей? Ён глядзеў празь БелСАТ трансьляцыю ўсю ноч і лічыць што пагром Дома ўраду ўчынілі правакатары.

Сам Зьміцер ня ўдзельнічае ў актыўнай палітычнай дзейнасьці, але тату свайго разумее і кажа, што пасьля гэтых падзеяў яшчэ болей ганарыцца ім.
Я сустрэну Новы год там, дзе затрымалі маю дачку.

Бедка: «Таму што ён адстойвае і сябе, і іншых людзей. За гэта ён, я ведаю дакладна, нічога ня мае. І я колькі разоў у яго пытаўся — навошта гэта табе? А ён адказвае — гэта ня толькі мне, а ўсім людзям патрэбна, вам, унукам…».

Дачка гарадзенкі Ніны Крапівінай, Надзея, асуджаная на 15 сутак. Яна вучыцца на гістарычным факультэце ў Любліне. Надзея перакананая, што людзі мірна прыйшлі на плошчу не граміць, а толькі падтрымаць сваіх кандыдатаў, і маюць на гэта поўнае права.

Спадарыня Ніна кажа, што ейная дачка ніколі не крычала б брыдкіх лёзунгаў і не граміла б дзяржаўных будынкаў. Маці добра ведае, што выхавала дачку як чалавека сумленнага, які мае грамадзянскую пазыцыю, і ў гэтым цалкам яе падтрымлівае.

Спадарыня Ніна таксама кажа, што ёй дапамагаюць родныя і сябры дачкі, а яшчэ яна кажа, што вырашыла адзначыць сьвяты, якія набліжаюцца, побач з дачкой.

Крапівіна: «У мяне ёсьць добрыя сябры, якія запрасілі ў госьці, але я вырашыла, што адзначу гэтыя сьвяты там, дзе затрымалі маю дачку. Я буду проста стаяць там, каб быць побач».