Упрошваюць. Прымушаюць. Запалохваюць

Мабільная рэкляма за Лукашэнку ў Берасьці.

Працу незалежных назіральнікаў у многіх рэгіёнах абмяжоўваюць кіраўнікі ўчастковых камісіяў. На ўчастках для галасаваньня часам адбываюцца сваркі і нават прымяняецца фізычная сіла супраць незалежных назіральнікаў. Адначасна адміністрацыі дзяржаўных установаў ды прадпрыемстваў узмацняюць ціск на падначаленых, каб прымусіць іх галасаваць датэрмінова. Пра гэтыя ды іншыя падзеі выбарчай кампаніі інфармуюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Адкуль бяруцца на ўчастках «мёртвыя душы»?

Гомельскія назіральнікі сутыкнуліся з такой зьявай: яны фіксуюць на выбарчых участках адну колькасьць выбарцаў — а камісіі падаюць іншыя лічбы, нашмат большыя.

Апавядае назіральнік ад кампаніі «За справядлівыя выбары» Васіль Пакаташкін, які зь іншымі актывістамі стала вядзе назіраньне на ўчастку № 9 у Навабеліцкім раёне абласнога цэнтру:

«Першы дзень: 53 бюлетэні апусьцілі выбарцы, камісія налічыла 86. Другі дзень: мы налічылі 123, камісія налічыла 176».

Назіральнік кажа, што трэці дзень датэрміновага галасаваньня быў асабліва адметным:

«Дзень быў наагул фэнамэнальным. На ўчастак прыйшлі 65 выбарцаў: 43 — з раніцы і 22 — пад вечар. Камісія паставіла ў пратаколе 136. І замест 241 выбарца за першыя тры дні нібыта пабывала 398. Хутка „мёртвых душ“ прыйдзе болей, чымсьці жывых. Для чаго гэта робіцца? Толькі, каб укінуць пасьля бюлетэні, я так разумею. Колькі бракуе, тое будзе дакінута».

Адзін з рэгіянальных каардынатараў кампаніі «За справядлівыя выбары», старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў паведаміў, што заўважна болей студэнцтва галасуе датэрмінова:

«Наперадзе ідуць тыя ўчасткі, на тэрыторыі якіх знаходзяцца студэнцкія інтэрнаты. Гэта 49-ы ўчастак у Савецкім раёне, 42-гі — у Чыгуначным раёне, 22-гі — у Цэнтральным. Там ужо больш за 30 адсоткаў тых, хто прагаласаваў. Студэнты ідуць, галасуюць. І калі пытаньні задаюць назіральнікі, яны адказваюць: „Нас праінструктавалі, каб мы назіральнікам нічога не казалі“. Так было, у прыватнасьці, на 42-м участку Чыгуначнага раёну, дзе знаходзіцца інтэрнат мэдунівэрсытэту».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Чыноўнікі запалохваюць выбарцаў

На самым буйным прадпрыемстве Магілёва «Хімвалакно» працаўнікоў прымушаюць галасаваць датэрмінова. Назіральнікі заяўляюць пра масавыя выпадкі прымусу да датэрміновага галасаваньня.

Пра перадвыбарчую сытуацыю на «Хімвалакне» працаўнікі аднаго з цэхаў расказалі назіральніку Генадзю Фадзееву. Зь ягонага пераказу вынікае, што загад галасаваць датэрмінова агучваюць начальнікі зьменаў ад імя свайго кіраўніцтва. Начальнікі зьменаў абавязаны выяўляць тых, хто не прагаласаваў:

«Гэтую праверку яны рабілі сёньня раніцай на „пяціхвілінцы“. Абвяшчаюць людзям і прычыны датэрміновага галасаваньня — гэта робіцца нібыта дзеля таго, каб пазьбегнуць масавага наведваньня ўчасткаў, а таксама выключыць у выпадку тэрарыстычных актаў магчымасьць вялікай колькасьці пацярпелых».

Працаўнікі пацьвярджаюць словы назіральніка. Адна спадарыня паведаміла:

«Мы нават запісалі гэта на тэлефонны дыктафон. Кажуць, назавіце прозьвішчы тых, хто прагаласаваў датэрмінова. І заносяць гэта ў сьпіс. Што зь ім будуць рабіць далей, я ня ведаю. Бальшыня людзей не прагаласавала, тады начальніца кажа: „Што вы хочаце, каб на эшафот пайшла?“. У мяне гэта ўсё запісана».
Бальшыня людзей не прагаласавала, тады начальніца кажа: „Што вы хочаце, каб на эшафот пайшла?“


Запіс спадарыня даваць адмаўляецца, бо баіцца перасьледу.

Майстар аднаго з цэхаў, ад імя якога начальнікі зьменаў даводзілі працаўнікам загад аб датэрміновым галасаваньні, заяўляе, што такога патрабаваньня не было:

«Ніхто нікога не адпраўляе. Глупствы вы кажаце. У нас усе ходзяць добраахвотна. Калі чалавек ня зможа ў нядзелю, то можа загадзя датэрмінова прагаласаваць. Ну, а калі зможа, няхай прыйдзе, як на сьвята. Буфэты будуць, музыка будзе, ансамблі будуць».

Тым часам датычна агучваньня фактаў аб вялікай колькасьці выбарцаў, якія прагаласавалі датэрмінова, старшыня 122-га участку пісьмова папярэдзіў назіральніцу Беларускага Хэльсынскага камітэту. Пра гэта паведаміў праваабаронца Ўладзімер Краўчанка.

«У раёне гэтага ўчастку знаходзяцца некалькі інтэрнатаў, а таксама ўстанова выкананьня пакараньня адкрытага тыпу. Калёнамі па пяцьдзясят чалавек прыводзілі. На 61-м участку, там знаходзіцца інтэрнат каледжу мастацтваў. Адміністрацыя навучальнай установы прымушае менавіта датэрмінова галасаваць. Высьвятляюць, хто не прайшоў галасаваньне».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Камісіі не ідуць на кампраміс з назіральнікамі

Назіральнікі за выбарчым працэсам на Гарадзеншчыне зьвярталіся са шматлікімі прапановамі, просьбамі да старшыняў участковых камісій, каб зрабіць выбары больш празрыстымі, але камісіі не прымаюць ніякіх прапаноў.

На ўчастку № 5 у Горадні, які месьціцца ў Гуманітарным каледжы, чалец камісіі Алена Зюзь, якая зьяўляецца сябрам АГП, прапанавала на паседжаньні камісіі перад датэрміновым галасаваньнем, паставіць свой подпіс на ўсіх бюлетэнях, якія плянуецца выкарыстаць на датэрміновым галасаваньні.

Яна абгрунтавала сваю прапанову тым, што зьяўляецца сябрам апазыцыйнай партыі, і гэта дасьць дадатковы козыр, каб потым пры падліку бюлетэняў не было ніякіх інсынуацый адносна фальсыфікацыі выбараў. Аднак ёй наадрэз было заяўлена, што ў гэтым сэнсу няма.

На наступным паседжаньні камісіі спадарыня Зюзь запрапанавала дадаткова апячатаць скрыню для датэрміновага галасаваньня паперкай на якой будзе стаяць яе подпіс. Сябры камісіі ўспрынялі гэта ў штыкі.

Зюзь: «Гэта не прайшло, маўляў, вы нас крыўдзіце сваім недаверам. Што вас падштурхнула ў нашых паводзінах да такіх прапаноў, чым вы лепшая за нас?.. У нас потым запытаюцца: чаму толькі вашы подпісы паўсюль і г.д. Такія вось былі мне аргумэнты».
Вы нас крыўдзіце сваім недаверам…


Алена Зюзь кажа, што яшчэ ў суботу на чарговым паседжаньні камісіі будзе спрабаваць адстаяць гэтую прапанову, каб усё ж дадаткова апячатаць скрыню з папярэднім галасаваньнем на ноч з суботы на нядзелю.

Назіральнік ад БХК Раман Юргель распавядае, што ўчора і сёньня яны перадалі старшыням 16 выбарчых участкаў свае прапановы адносна падліку галасоў:

«Сябры камісіі пры падліку галасоў стаяць да назіральнікаў сьпінамі — і нічога не відаць, што яны там робяць. А мы вось былі на выбарах у Расеі і ва Ўкраіне. Там узьнімаюць кожны бюлетэнь асобна, агучваюць за каго і кладуць у асобны стос. Мы прапануем такую працэдуру. А то так, як лічаць у нас, і яшчэ назіральнікі сядзяць за 5 мэтраў, — не відаць ніякага падліку».

Раман Юргель кажа, што пакуль ніякай рэакцыі з боку старшынь камісій на іх прапановы няма. У Слоніме адзін з каардынатараў па назіраньні Іван Шэга распавядае, што ўлады імкнуцца зрабіць паказальнымі тыя выбарчыя ўчасткі, дзе сядзяць іх назіральнікі, а там дзе іх няма колькасьць прагаласаваўшых датэрмінова ў некалькі разоў большая:

«А, да прыкладу, учора нам перадалі зьвесткі, што ў Жыровічах групу студэнтаў загналі на ўчастак датэрмінова прагаласаваць. Яшчэ на адным участку прымусам прывялі жаўнераў галасаваць».

Гарадзенскі каардынатар назіральнікаў Юры Істомін зьвяртае ўвагу на тое, што колькасьць тых, хто ўдзельнічае ў датэрміновым галасаваньні расьце з кожным днём, а ў камісіях, дзе ёсьць прадстаўнікі апазыцыі, іх імкнуцца ўсялякім чынам адхіляць ад працэсу галасаваньня:

«Думаю, усе яны рыхтуюцца да фальсыфікацый, нашых прадстаўнікоў не дапусьцяць, каб яны недзе ставілі свае подпісы. А пасьля выбараў, маўляў, пішыце скаргі ў ЦВК».

ВІЦЕБШЧЫНА


Для «правільнага» галасаваньня чыноўнікі прыдумалі шаблён

Са скаргай у пракуратуру Чыгуначнага раёну Віцебску зьвярнуўся незалежны назіральнік Аляксей Кірылаў. Супраць яго ўчыніў бойку намесьнік старшыні выбарчага ўчастку.

Спадар Кірылаў зафіксаваў парушэньне — датычна таго, што бюлетэні для галасаваньня выдаюцца выбарцам яшчэ да адкрыцьця выбарчага ўчастку. Гэта выклікала абурэньне чальцоў камісіі, распавядае назіральнік:

«Зафіксаваў парушэньне і пайшоў падаваць у камісію. Уся камісія накінулася на мяне, маўляў, нахабнік, сумленьня ў цябе няма. Я хацеў усё гэта сфатаграфаваць, зьняць на відэа. І тут намесьнік старшыні пачаў хапаць мяне за рукі, спрабаваў выхапіць мабільны тэлефон, штурхаў мяне, гузік у куртцы выдраў. І яшчэ спрабаваў выштурхаць мяне з участку».

Аляксей Кірылаў распавёў, што дзяжурны міліцыянт штораз пагражае не пусьціць яго ў памяшканьне. Хлопец пайшоў у назіральнікі ўпершыню і кажа, што перажыў сапраўдны стрэс ад такога стаўленьня з боку камісіі.

На ўчастках назіраецца прымусовае датэрміновае галасаваньне. Прычым ня толькі ў абласным цэнтры, але і ў рэгіёнах. Вось якія факты і лічбы апоўдні 17 сьнежня прыводзіць адзін з чальцоў выбарчай камісіі ўчастку № 15 у аграгарадку Амбросавічы Шумілінскага раёну:
У кабінках вісіць узор запаўненьня, які адпавядае па форме выбарчаму бюлетэню. Насупраць другога па ліку кандыдата па прозьвішчы „Лаенка“ стаіць „птушачка“.

«У першы дзень галасаваньня было толькі 5 чалавек. 16-га — ужо 22. Цяпер 17-га — а ўжо прагаласавалі 32 чалавекі. Тут выдаюць заробак. Выдаюць яго якраз насупраць участку. Таму хто атрымаў — адразу галасаваць. Ну недарма ж так робіцца, праўда? А каб прыцягнуць людзей пабольш. І адна жанчына тут абуралася: «Мне з самага ранку тэлефануюць і тэлефануюць, каб ішла галасаваць». Абуралася проста перад камісіяй, што, маўляў, гоняць — так і казала. Так што ўсё ідзе «па нарастаючай».

Праваабаронцы адзначаюць, што выбарцаў Віцебшчыны дужа своеасаблівым чынам інструктуюць, як трэба галасаваць. Пра ўзоры бюлетэняў, якія давялося ўбачыць на 34-м і 35-м участках у Першамайскім раёне Віцебску, распавёў праваабаронца Павал Левінаў:

«У кабінках вісіць узор запаўненьня, які адпавядае па форме выбарчаму бюлетэню. Насупраць другога па ліку кандыдата па прозьвішчы „Лаенка“ стаіць „птушачка“. На гэтых выбарах дзейны прэзыдэнт якраз ідзе другім у сьпісе. І калі пажылыя людзі пытаюцца, як правільна адзначыць, ім кажуць: „Узор запаўненьня — у кабінцы“. Такія ўзоры запаўненьня старшыні камісій атрымалі ў Першамайскай раённай выбарчай камісіі».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Аўтамабіль з агітацыяй за Лукашэнку стаіць на берасьцейскай плошчы, дзе стаянка забаронена.


Прагаласаваў датэрмінова — нататнік і асадка ў падарунак

Студэнты, ваенныя, міліцыя, пэнсіянэры ў Берасьці галасуюць датэрмінова. Паводле назіральнікаў і сьведкаў, прыйсьці на ўчасткі іх прымушае кіраўніцтва і адміністрацыя.

Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін адзначае, што прымус з боку чыноўнікаў датэрмінова галасаваць існуе кожныя выбары:

«На добрай палове ўчасткаў пераважна галасуюць студэнты, пэнсіянэры, потым міліцыя і ваенныя. Напрыклад, на 118-м участку было атрымана каля 300 дадатковых бюлетэняў. Вайскоўцаў з чатырох кропак супрацьпаветранай абароны зьбіраюцца прывезьці ў Берасьце, дзе яны будуць галасаваць».

Паводле праваабаронцы, датэрмінова цяпер актыўна галасуюць служачыя мытні. Словы праваабаронцы пацьвярджае і Ганна Канюс, прадстаўніца Берасьцейскага БХК:

«З усіх без выключэньня ўчасткаў да нас прыходзіць інфармацыя пра тое, што зьбіраюць студэнтаў, навучэнцаў каледжаў і прымушаюць у абавязковым парадку прагаласаваць датэрмінова. Прыходзяць на ўчасткі людзі ў форме і просяць адзначыць на паперы, што яны прагаласавалі. Практычна на кожным участку такое адбываецца».

Паводле Ўладзімера Вялічкіна, мелі месца спробы адміністрацыі інтэрнатаў на ўчастках праверыць, як галасавалі людзі з інтэрнатаў:

«На 31-м і 4-м участках для галасаваньня зьяўляліся кіраўнікі інтэрнатаў і кіраўнікі навучальных установаў і спрабавалі паглядзець, хто зь іх падапечных прагаласаваў. Праўда, не заўсёды гэта атрымліваецца. На 4-м участку прысутнічалі прадстаўнікі АБСЭ. Але спроба была зроблена».

Студэнты навучальных установаў сьведчаць пра прымус прыйсьці на ўчасткі і прагаласаваць датэрмінова, кажа студэнт дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя А.С. Пушкіна:

«Ня ведаю наконт усіх інтэрнатаў унівэрсытэту, але вось у нас на Рэчыцы знаёмая распавядала, што з самай раніцы па пакоях ходзіць выхавацелька і патрабуе, каб студэнты пайшлі галасаваць. Прычым многія атрымліваюць своеасаблівыя падарункі за гэта: нататнік і асадку з выявамі Берасьця або ўнівэрсытэта».

Незалежных назіральнікаў на ўчастках сябры камісій успрымаюць даволі нэгатыўна, адзначае Ўладзімер Вялічкін. На ўчастку нумар 4 назіральніка не дапусьцілі прысутнічаць падчас апячатваньня скрыні. На іншым участку назіральніку ня далі сфатаграфаваць скрыню:

«Адна з назіральніц на 15 участку спрабавала сфатаграфаваць пячатку з скрыні. Але нехта з камісіі нават штурхнуў яе, каб яна гэтага не зрабіла. У сваю чаргу старшыня камісіі адзначыла, што безь яе дазволу ніхто ня зможа тут нешта рабіць на ўчастку».

На наступны дзень пячатка на скрыні — зусім іншая.