Кандыдаты дамаўляюцца пра супольную плошчу

Кандыдаты ў прэзыдэнты працягваюць сустрэчы з выбарцамі ў рэгіёнах: Рыгор Кастусёў — у Вялейцы, Уладзімер Някляеў — у Віцебску, Віталь Рымашэўскі — у Баранавічах і Кобрыне, Андрэй Саньнікаў — у Магілёве, Мікола Статкевіч — у Жодзіне.

Чацьвёра кандыдатаў — Рыгор Кастусёў, Яраслаў Раманчук, Мікола Статкевіч і Алесь Міхалевіч — узялі ўдзел у форуме прадпрымальнікаў «Праграма „Пэрспэктыва“ — пасланьне бізнэсу для будучага прэзыдэнта Беларусі». Гаворачы пра рэакцыю прадпрымальніцкага актыву, спадар Статкевіч адзначыў:

«Яны ўсё разумеюць і гатовыя быць на плошчы. Я сказаў, што нічога не магу ім абяцаць зараз, бо выбараў няма, спусьцімся на зямлю. І, гледзячы па рэакцыі залі, яны гэта ўсё разумеюць. І мы пачалі размаўляць, як даехаць на плошчу».

Учора шэраг кандыдатаў і іхніх давераных асобаў правялі нараду адносна сустрэчы з выбарцамі на Кастрычніцкай плошчы 19 сьнежня. Спадар Статкевіч паведаміў пра яе вынікі:

«Павінна быць агульная стратэгія на плошчы, створаны камітэт з тых кандыдатаў, усіх ці амаль усіх, якія запрашалі на плошчу. Ён будзе прымаць рашэньні па яе фармаце, правядзеньні і гэтак далей. Выканаўцам прынятых рашэньняў даручана быць мне».
Павінна быць агульная стратэгія на плошчы, створаны камітэт з тых кандыдатаў, усіх ці амаль усіх, якія запрашалі на плошчу.


Паводле Віталя Рымашэўскага, шэраг кандыдатаў будуць супольна рыхтаваць плошчу і плянуюць правесьці прэсавую канфэрэнцыю 16 сьнежня. Пакуль няма адказаў са штабоў Андрэя Саньнікава і Ўладзімера Някляева. Спадар Рымашэўскі адзначыў, што дэталёвыя пляны будуць вядомыя толькі на плошчы:

«Напрыклад, наш штаб будзе ісьці арганізавана, мы хавацца ня будзем. Мы зьбіраемся на вакзале ў 19:00, і мы пойдзем ад вакзалу, і да 20:00 мы будзем на плошчы. Прапанавалі іншым штабам зь іншых куткоў гораду, яны будуць па-свойму вырашаць. Папярэдне мы правялі перамовы з БНФ, мы будзем разам. Пакуль ёсьць прынцыповая дамоўленасьць, што разам фармуем ахову, дружыну, што мы разам выступаем на плошчы і супольна арганізуем. Калі ня будзе аднаго-двух кандыдатаў — гэта ня страшна».

Уладзімер Някляеў пацьвердзіў, што прыйдзе на плошчу. Ён адзначыў, што мае папярэднія дамоўленасьці пра супольныя дзеяньні з тымі кандыдатамі, якія могуць нешта вырашыць і каго будуць слухаць. Спадар Някляеў прапанаваў кандыдатам падпісаць супольны зварот да Цэнтравыбаркаму аб тым, што «з-за нелегітымнасьці Аляксандар Лукашэнка ня мае права ўдзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдата».

«Ніхто не чакае, што ЦВК здыме Лукашэнку з выбараў. ЦВК — гэта частка адміністрацыі прэзыдэнта Лукашэнкі. І чакаць, што частка адміністрацыі пойдзе супраць вышэйшай адміністрацыі, тым больш галоўнага ў адміністрацыі, не даводзіцца. Але мы зьбіраем у адно доказы, па якіх выбары можна лічыць сфальсыфікаванымі, а значыць — непрызнанымі. Нам неабходна дамагчыся непрызнаньня гэтых выбараў — што, як паказвае навакольнае палітычнае блізкае да нас жыцьцё, расейскае ды эўразьвязаўскае, усё менш рэальна».

Паводле спадара Някляева, з гэтай заявы павінна вынікаць, хто зьяўляецца насамрэч дэмакратычным кандыдатам, а хто ня супраць садзейнічаць Лукашэнку.

Віктар Цярэшчанка сказаў, што пакуль ня вызначыўся, ці падпісваць гэтую заяву ў ЦВК. Аднак ён сказаў, што 19 сьнежня таксама прыйдзе на плошчу.